Міты і сымбалізм польскага дня незалежнасці

Біскупскі_BiskupskiBiskupski M. B. B (2012). Independence Day. Myth, Symbol, and the Creation of Modern Poland. Oxford: Oxford University Press, XVI+200 p.

Агляд падрыхтавала Любоў Козік. 

Святкаванне Дня незалежнасці (11 лістапада) ў Польшчы ў апошнія гады мае выразна палітычную афарбоўку, аднак стаўленне да яго адлюстроўвае існаванне пэўнага падзелу ў сучасным польскім грамадстве. Пры гэтым галоўныя разыходжанні праяўляюцца не ў тым, які дзень лічыць днём незалежнасці, а ў стаўленні да самога свята і разуменні незалежнасці, ці нават глыбей – нацыянальнай ідэнтычнасці. Каб зразумець іх вытокі неабходна зазірнуць у польскае мінулае, паглядзець на гісторыю з’яўлення свята і яго ўсведамленне ў грамадстве на розных этапах развіцця. Такую спробу прадпрыняў Мечыслаў Біскупскі (Mieczysław Biskupski), які прадставіў свае назіранні і высновы ў кнізе «Дзень незалежнасці. Міт, сымбаль і стварэнне сучаснай Польшчы».

Аўтар цягам дзесяці раздзелаў разглядае тэму, выкарыстоўваючы праблемна-храналагічны прынцып, і вылучае чатыры перыяды ва ўспрыняцці Дня незалежнасці: міжваенныя гады, Другая сусветнай вайна, пасляваеннае (1945-1989 гг.) і дэмакратычнае развіццё Польшчы. У міжваенным перыядзе ён засяроджвае ўвагу на з’яўленні Дня незалежнасці і яго ўспрыманні падчас парламенцкай дэмакратыі (1918-1926 гг.), станаўлення і канстытуцыйнага замацавання рэжыму «санацыі» (1926-1935 гг.) і апошнія перадваенныя гады. Аналізуючы пасляваенную гісторыю Польшчы, аўтар разглядае стаўленне да Дня незалежнасці афіцыйных улад і іх апанентаў. Завяршаецца даследаванне вызначэннем функцыі Дня незалежнасці ў Трэцяй Рэспубліцы.

У прадмове да выдання Біскупскі зазначае, што не заўсёды на працягу апошняга стагоддзя Дзень незалежнасці Польшчы адзначаўся 11 лістапада. Тым не менш, гэты дзень, разам са звязанымі з ім сымбалямі і традыцыямі, заслугоўвае ўвагі даследчыкаў. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Як цяжка не пагадзіцца і з заўвагай аўтара, што ў Польшчы гэта дзень, калі прыгадваюць нацыянальную мартыралогію, а таму свята атрымоўваецца вельмі стрыманым і нават змрочным (Х).

Уводзіны аўтар прысвячае вызначэнню мітаў і сымбаляў Дня незалежнасці. Перш за ўсё ён звяртае ўвагу на міт салдата і пакутніка, вытокі якога знаходзіць у паўстанні 1794 г. і дзейнасці польскіх легіёнаў на баку Напалеона. Біскупскі заўважае, што пад уплывам ідэй рамантызму ваенныя подзвігі 1794-1831 гг. пачалі міталагізавацца і хутка сталі кампанентам нацыянальнай традыцыі (2).

У апошняй трэці XIX ст. пад уздзеяннем сацыяльна-эканамічных і палітычных пераўтварэнняў на змену паўстанцкай традыцыі прыйшла «арганічная праца» (як польская версія пазітывізму), якая дазволіла захаваць нацыянальную традыцыю перад новымі выклікамі часу. Аднак і тут сітуацыя не была адназначнай. Напрыканцы XIX ст. зноў было ўзнята пытанне аб магчымасці ўзброенага выступу. У гэтай сувязі паўстанне 1863-1864 гг. пачалі разглядаць не як нацыянальную катастрофу, а як досвед па мабілізацыі грамадства і вайсковай тактыцы. Такім чынам наступіў новы этап ва ўзвялічванні польскай мартыралогіі.

Яшчэ адным мітам, цесна звязаным з вайсковай традыцыяй, з’яўляецца мартыралагічнае разуменне польскай гісторыі: «Польшча як ахвяра жорсткасці гісторыі і польскія патрыёты як самаахвярныя пакутнікі» (3). Сведчаннем гэтага, на думку Біскупскага, з’яўляюцца як пэўныя мастацкія і літаратурныя творы, так і культ Тадэўша Касцюшкі, якога многія ўспрымалі як сымбаль узброенага паўстання.

Такім чынам напачатку XX ст. у польскім грамадстве замацаваліся легенды і сімвалы, якія сталі маральным абгрунтаваннем актыўных дзеянняў часткі палітыкаў. У першую чаргу гаворка ідзе пра Ю. Пілсудскага, які ажывіў паўстанцкі міт (4) і паспрабаваў спалучыць яго з сацыялістычнымі ідэямі. Практычнай праявай дзеянняў у гэтым напрамку стала стварэнне ў 1908 г. падпольнага Саюза узброенай барацьбы, а потым Польскай вайсковай арганізацыі і Польскіх легіёнаў, якія, на думку Біскупскага, ад самога пачатку былі моцна міталагізаваныя. Іх сымбалізацыя значна перавышае іх рэальнае значэнне (10-16, 18-21), на што, дарэчы, звяртае ўвагу і расійскі даследчык Генадзь Матвееў (Матвеев, 2008: 86-88).

Трэба адзначыць, што не адзін Пілсудскі намагаўся «мілітарызаваць палітыку». Падобныя захады рабілі і нацыянальныя дэмакраты (эндэкі) на чале з Раманам Дмоўскім (Roman Dmowski), пра што не так часта згадвалася ў гісторыі Польшчы ХХ стагоддзя (Польша в ХХ веке…, 2012). Прычыны апошняга Біскупскі бачыць у барацьбе двух палітыкаў і іх супрацьлеглых поглядах па тэрытарыяльных, нацыянальных і іншых пытаннях.

Апісваючы выбар даты Дня незалежнасці, аўтар адзначае, што ў розныя часы існавала да 17 прапаноў, заснаваных на ідэалагічных прэферэнцыях розных палітычных сіл. Пра неадназначнасць сітуацыі сведчыць і той факт, што тэлеграма Пілсудскага да вядучых краін свету з інфармацыяй аб стварэнні незалежнай Польскай рэспублікі не змяшчала даты ўзнікнення новай дзяржавы, а яе аўтар падпісаўся як «галоўнакамандуючы польскай арміі» (30).

11 лістапада не адразу было абрана ў якасці Дня незалежнасці. Прычынай гэтага былі ў першую чаргу палітычныя і ідэалагічныя разыходжанні паміж Пілсудскім і яго прыхільнікамі, з аднога боку, і Дмоўскім і саюзнікамі эндэкаў з другога. У гэтай сувязі аўтар падрабязна апісвае працэс інстытуцыялізацыі свята, стаўленне да яго нацыянальных меншасцей, праявы ў публічным дыскурсе і адзначае, што нават адзначэнне 10 гадавіны незалежнай Польскай рэспублікі вызначалася існаваннем двух узаемна выключаючых наратываў і спаборніцтвам двух мітаў.

Асаблівасцю Дня незалежнасці ў міжваенны перыяд была цесная сувязь з вобразам Пілсудскага. Сведчаннем гэтага выступаў абавязковы вайсковы парад пад час афіцыйных урачыстасцей. Такім чынам падкрэслівалася, што Пілсудскі і армія стаялі як у вытокаў польскай незалежнасці, так і на яе ахове. Пасля смерці маршала ў 1935 г. у цэрэмонію святкавання былі ўнесены пэўныя змены. Фактычна 11 лістапада стала днём Пілсудскага, а сам факт набыцця незалежнасці на яго фоне адыйшоў на другі план.

Прааналізаваўшы сітуацыю вакол Дня незалежнасці ў гады Другой сусветнай вайны, Біскупскі заўважыў, што немцы традыцыйна арыштоўвалі даваенных польскіх грамадскіх і палітычных дзеячаў напярэдадні 11 лістапада. Становішча на тэрыторыі, якая адыйшла да СССР, аўтару ўвогуле невядома (ён згадвае, што інфармацыя носіць настолькі фрагментарны характар, што цяжка зрабіць якую-небудзь выснову). А тут, дарэчы, было б цікава высветліць, ці адбіваліся ў 1940 г. перамены ў савецкай палітыцы па польскім пытанні на стаўленне ўлад да падзей 11 лістапада 1918 г.? Ці сапраўды, як згадвае Біскупскі, толькі ў 1943 г. была першая спроба надаць новае гучанне святкаванню Дня незалежнасці (108)?

Не менш складаным было стаўленне да падзей 11 лістапада 1918 г. у эміграцыйных колах. На пазіцыю ўрада ў эміграцыі вялікі ўплыў аказала палітычная барацьба: супрацьстаянне ў міжваенны перыяд Пілсудскага і Уладзіслава Сікорскага (у гады вайны старшыня кабінета міністраў) і крытыка апошнім рэжыму санацыі. Вынікам гэтага стаў падзел эмігранцкага асяроддзя па пытанні святкавання Дня незалежнасці. Біскупскі заўважае, што яшчэ да прыходу камуністаў да ўлады ў Польшчы Сікорскі паспрабаваў разбурыць легенду Пілсудскага і звязанага з ім свята: ён прыняў рашэнне, што агульнанацыянальнага ўзроўню заслугоўвае толькі 3 мая – Дзень польскай канстытуцыі (114).

У цэлым жа заканчэнне вайны не азначала спыненне спрэчак вакол 11 лістапада і ролі Пілсудскага. Для пілсудчыкаў Дзень незалежнасці быў цесна звязаны з іх ідэйным лідарам, у той час як правыя сілы імкнуліся паказаць уплыў некалькі фактараў на набыццё Польшчай незалежнасці і звесці ролю маршала да мінімуму.

У пасляваеннай Польшчы месца для святкавання 11 лістапада не было. Дзяржаўным святам стала 22 ліпеня 1944 г. – абвяшчэнне пракамуністычнага Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Што датычыцца даваеннага Дня незалежнасці, то яго цесна звязалі з Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Расіі і абвяшчэннем народнага урада Ігнацыем Дашынскім (Ignacy Daszyński) (гэта адбылося ў Любліне 7 лістапада 1918 г.). Існаванне міжваеннай Польскай рэспублікі падвяргалася жорсткай крытыцы, а асоба Пілсудскага калі і згадвалася (што было вельмі рэдка), то негатыўна.

Аўтар заўважае, што з 1956 г. у афіцыйным дыскурсе ПНР сталі назірацца перамены ў дачыненні да падзей 11 лістапада 1918 г. і Пілсудкага, але яны не насілі сістэмны характар. Толькі 11 лістапада 1978 г. у Польшчы адбылося масавае святкаванне Дня незалежнасці, якое, праўда, было неафіцыйным.

Згадваючы меркаванне канадскага даследчыка Адама Бромке (Adam Bromke), што польская гісторыя гэта дыялектычная барацьба рэалізму з ідэалізмам, Біскупскі адзначае, што ў апазіцыйных колах ПНР 11 лістапада было скрайне ідэалізаваным святам. І гэта пры тым, што лідары «Салідарнасці» адмаўляліся ад паўстанцкай традыцыі ідэаліста Пілсудскага і хутчэй карысталіся метадамі рэалістаў эндэкаў (136).

11 лістапада як Дзень незалежнасці Польскай рэспублікі быў адноўлены 11 лютага 1989 г. (157) і такім чынам праз 50 гадоў зноў набыў дзяржаўны статус. Адначасова з палітычнымі рэформамі назіралася прызнанне месцаў памяці, звязаных з міжваеннай Польшчай, і змянялася ідэйнае абгрунтаванне свята. Калі ў 1990 г. гаварылася пераважна пра перамогу над бальшавікамі, то ў наступныя гады адбывалася «паглыбленне» ў гісторыю: вяртанне культу Пілсудскага і легіёнаў, паўстанцкай традыцыі. Паралельна з гэтым назіралася фарміраванне скрайне правымі сіламі («зноў народжанай эндэцыяй») альтэрнатыўнага бачання гісторыі. Такім чынам, з цягам часу характэрнай рысай свята стала яго палітызаванасць.

У заключэнні Біскупскі адзначае, што як сімвал 11 лістапада можа шмат сказаць пра сучасную польскую свядомасць. Перш за ўсё, свята сведчыць пра існаванне незалежнай Польшчы, за якую змагаўся Пілсудскі. З яго асобай цесна звязаны легенда і міт польскіх легіёнаў, якія сталі адлюстраваннем паўстанцкай традыцыі ў польскім грамадстве. Пры гэтым Пілсудскі меў і мае арэол пераможцы, які самааддана змагаўся за аднаўленне сваёй дзяржавы. Крыху горычы святу надае той факт, што ўзніклая ў 1918 г. Польшча была толькі часткай вялікай Рэчы Паспалітай, аб якой марылі палякі, у сувязі з чым Дзень незалежнасці мае нотку настальгіі па страчанай велічы.

Можна пагадзіцца з Біскупскім у тым, што ў сучаснай Польшчы 11 лістапада адпавядае шматлікім жаданням польскага духа: перамогі, гераізму, шчаслівай будучыні, рамантычнага мінулага і пазбаўлення ад прыкрых момантаў у ім. А больш за ўсё свята падкрэслівае, што палякі не падобныя да іншых народаў Усходняй Еўропы. Такім чынам, Дзень незалежнасці для іх – гэта дзень, калі задумляешся пра гонар і трагедыю свайго народа (178).

Падсумоўваючы, варта адзначыць нестандартны падыход Біскупскага да разгляданых падзей. У яго працы акрамя заяўленых у назве міфаў і сімвалаў можна знайсці элементы гісторыі паўсядзённасці, апісанне месцаў памяці, гістарычнай палітыкі, калектыўнай свядомасці і шмат іншага. Кніга дазваляе паглядзець на добра вядомыя факты польскай гісторыі з новых пазіцый і гэтая акалічнасць можа натхніць даследчыкаў на пошукі невядомага ў здавалася б добра вядомым. Прычым, як у гісторыі Польшчы, так і іншых краін.

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

1. Матвеев, Геннадий (2008). Пилсудский. (Жизнь замечательных людей: ЖЗЛ. Вып. 1331). М.: «Молодая гвардия».

2. Польша в ХХ веке. Очерки политической истории (2012). М.: ИНДРИК.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...