Заслужанае вяртанне БІГіК

Заслужанае вяртанне БІГіК

Разуванава Ксенія Сяргееўна. Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры ў Заходняй Беларусі (1926-1936 гг.). Мінск: Беларуская навука. 2013. 247 с.

Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч

Манаграфія К. Разуванавай паўстала з яе кандыдацкай дысертацыі і складаецца з трох главаў. Кніга пачынаецца як і ўсе дысертацыі – з першага раздзела, прысвечанага гістарыяграфіі і крыніцам даследавання. Другі раздзел складае больш за 50% асноўнага тэкста кнігі і складаецца з шасці падраздзелаў. Назвы падраздзелаў сведчаць пра досыць незвычайны для постсавецкай беларускай гістарыяграфіі структурны падыход у даследаванні гісторыі ў дадзеным выпадку гісторыі Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры: “Гістарычныя ўмовы стварэння і дзейнасці”; “Храналагічныя рамкі дзейнасці, арганізацыйная структура і крыніцы фінансавання”; “Удзел у каааператыўным руху і гаспадарчым жыцці”; “Праца па пашырэнні адукацыі і асветы сярод беларусаў; выдавецкая дзейнасць”; “Праца па развіцці беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва”.

Першы раздзел, а гэта больш за 25 старонак тэкста, цалкам прысвечаны апісанню сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі. Тут можна знайсці звесткі і пра заробкі рабочых, і пра працу тайных агентаў польскай паліцыі, і пра аграрную рэформу. Тое, што сёння невядома чаму патрабуецца пры напісанні ў Беларусі кандыдацкіх дысертацый (быццам рэцэнзенты не ведаюць энцыклапедычных звестак пра міжваенную эпоху) можна было б цалкам спакойна выключыць з манаграфіі. Адзіныя звесткі, якія можна было б сэнсоўна правязаць да дзейнасці БІГіК – інфармацыя пра колькасць беларускага насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Але тут варта было б пакапацца глыбей, узняўшы праблему беларусаў-католікаў, паколькі менавіта ў каталіцкіх рэгіёнах збольшага адчыняліся гурткі Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

У наступных пяці падраздзелах другога раздзела К. Разуванава разгортвае перад чытачом шырокую панараму дзейнасці БІГіК. Выкарыстоўваючы галоўным чынам унутрыарганізацыйныя дакументы і матэрыялы перыядычнага друку, яна паказала як развіваўся БІГіК у прасторы і часе ад моманта заснавання ў 1926 г. і да забароны польскімі ўладамі ў 1936 годзе. З манаграфіі і дадаткаў можна цяпер больш-менш пэўна даведацца, колькі ў той ці іншы перыяд існавала гурткоў інстытута і дзе яны знаходзіліся. Відавочна, што 400 – 600 актывістаў інстытута, аб’яднаных у некалькі дзясяткаў гурткоў, хаця і не дацягвалі па колькасці сяброў да Таварыства беларускай школы, але задавалі тон культурнаму жыццю ў сваіх мясцовасцях.

БІГіК імкнуўся спрыяць разгортванню ў Заходняй Беларусі кааператыўнага руху. Па ўзоры ўкраінцаў, для якіх кааперацыя стала істотным фінансавым і арганізацыйным падпіткам іхняга нацыянальна-вызваленчага руху, лідары БІГіК, найперш Адольф Клімовіч, арганізоўвалі кааператыўныя курсы, выдавалі спецыяльныя часопісы і кнігі, чыталі лекцыі на вёсцы. З прапагандай кааперацыі шчыльна звязаная і выдавецкая дзейнасць БІГіК. Інстытут, карыстаючыся выдавецкай базай Друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні, якая была ўласнасцю беларускіх хадэкаў, выдаў шмат беларускамоўных кніг мастацкага і навукова-папулярнага зместу. К. Разуванава справядліва падкрэслівае, што хіба самае моцнае ў плане зместу заходнебеларускае літаратурна-грамадскае выданне–часопіс “Калоссе” – пачыналася менавіта як перыёдык БІГіКу.

Аўтар падрабязна расказвае пра спробы сяброў БІГіКу закласці беларускія школы. З раздзела “Праца па пашырэнні адукацыі і асветы сярод беларусаў” добра бачна, як цяжка было заснаваць ў Заходняй Беларусі беларускую школу і як няпроста было дапамагчы ёй выжыць. “Тэатральны” раздзел другой главы працягвае навуковыя пошукі Э. Мазько, дапоўнены новымі фактамі і высновамі. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым факце, што тэатр у першай палове ХХ ст. адыгрываў ролю вельмі істотнага фактара ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці народа, а нацыянальны тэатр быў важнай праявай мадэрнізацыі беларускага грамадства.

Усё сказанае К. Разуванавай у гэтай главе, пацвярджае выснову, агучаную ёй у заключэнні маганрафіі: “БІГіК як арганізацыя гаспдарчага і культурна-асветнага напрамку займаў важнае месца ў грамадскім жыцці Заходняй Беларусі і ўнёс значны ўклад у культурна-асветнае развіццё краю”.

Трэці раздзел манаграфіі ўмоўна паварочвае ўвагу чытача ад унутраных пытанняў жыцця БІГіКу да знешніх. Яе назва “Узаемаадносіны БІГіК з палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі ўстановамі”. У першых двух раздзелах трэцяй главы аўтар засяроджваецца на адносінах БІГіК уласна з БХД а таксама Беларускім сялянскім саюзам, Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, Таварыствам беларускай школы, Беларускім кааператыўным банкам і іншымі беларускімі (і не толькі) палітычнымі партыямі і гарадскімі арганізацыямі. Трэба сказаць, што структурны прынцып арганізацыі матэрыяла не пайшоў на карысць дадзенаму раздзелу, паколькі немагчыма на дзесяці-пятнаццаці старонках раскрыць усю эвалюцыю ўзаемаадносін унутры беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі за больш чым дзесяцігадовы перыяд.

У выніку змест падраздзелаў атрымаўся крыху статычным. Напрыклад, не паказаны прычыны пацяплення стаўлення КПЗБ і, адпаведна, ТБШ, да БХД і БІГіК у сярэдзіне 1930-х гг., няма згадак пра спробы сеймавых дэпутатаў фактычна пракамуністычнага Беларускага сялянска-работніцкага клуба “Змаганне” наладзіць культурную супрацу з беларускімі хадэкамі яшчэ ў канцы 1920-х гг. У сваю чаргу неабходна адзначыць вялікі аб’ём працы аўтара па выяўленні новых цікавых фактаў гісторыі БІГіК, напрыклад спробы паслаць групу беларускай моладзі на навучанне ў ЗША, якая, мяркуючы па ўсім, завершылася няўдала.

Трэці падраздзел трэцяга раздзела, прысвечаны асабоваму фактару ў дзейнасці БІГіК, можна назваць самым слабым у кнізе. Аўтар засяродзілася на біяграфіях вядомых дзеячаў-заснавальнікаў інстытута, такіх як Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адольф Клімовіч, Янка Шутовіч, Марыян Пецюкевіч. Няма спробы прааналізаваць сацыяльную структуру сяброў БІГіК, іх гендэрны склад а таксама прасачыць лёсы шэраговых вясковых актывістаў арганізацыі. Хаця, падаецца, што тут можна было б зрабіць вельмі цікавыя высновы. Цікавы прыклад тут – сям’я знакамітага беларускага паэта-камуніста Валянціна Таўлая, бацька якога Павел Таўлай узначальваў гурток БІГіК у Рудаўцы а мачаха Стэфанія Таўлай была настаўніцай прыватнай беларускай школы, якая фінансавалася інстытутам. Жанчыны складалі 20-25% сяброў БІГіК і нават узначальвалі гурткі, што было важным сведчаннем важнай ролі жанчыны ў станаўленні беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Кніга заканчваецца падборкай дакументаў па дзейнасці БІГіК (статутныя дакументы, праграмы лекцый і курсаў, арганізаваных БІГіК і інш.) і найбольш поўным спісам вядомых гурткоў БІГіК, які складзены аўтарам манаграфіі.

Засяродзімся на недахопах кнігі, як відавочных, так і на першы погляд незаўважных. У манаграфіі прысутнічаюць досыць нешматлікія памылкі, якія з’явіліся хутчэй за ўсё з-за элементарнай няўважлівасці. Напрыклад, вёску Шаўляны, дзе БІГіК заснаваў беларускую прыватную школу, аўтар называе Шаўляем (с.70). Таксама ў спісе польскамоўных выданняў (с.124) з сямі правільна напісаныя толькі два.

Кідаецца ў вочы недахоп у спісе выкарыстаных крыніц і літаратуры архіўных матэрыялаў з польскіх і літоўскіх архіваў. З польскіх архіваў згадваюцца толькі дакументы з Дзяржаўнага архіва ў Беластоку, якія можна адшукаць у сеціве. Між тым багата матэрыялаў па дзейнасці БІГіК можна знайсці ў некалькіх архівах Варшавы а таксама Вільні. У дадатак да ўсяго трэба прыгадаць, што прыкладна з 2013 г. у Дзяржаўным архіве Літвы можна апрацаваць сотні новых спраў, датычных да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху першай паловы ХХ ст. З’явіўся і новы фонд, прысвечаны БІГіК, дакументы з якога з’яўляюцца ўнутранай дакументацыяй арганізацыі і арганічна дапаўняюць фонд №880 Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у Мінску. Але новыя матэрыялы аўтар работы не магла прачытаць па аб’ектыўных прычынах, паколькі рэцэнзуемая манаграфія была надрукавана ў 2013 годзе.

Самай галоўнай заўвагай, якую хацелася б агучыць у дачыненні да аўтара манаграфіі, з’яўляецца яе відавочнае жаданне аддзяліць БІГіК ад БХД, усяляк падкрэсліць самастойнасць гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі. Чым выклікана гэтая тэндэнцыя – шчырай верай аўтара у абараняемы тэзіс, або проста жаданнем узняць значэнне даследуемай тэмы напярэдадні абароны кандыдацкай дысертацыі, сказаць цяжка. Па перакананню аўтара гэтай рэцэнзіі той факт, што БІГіК быў фактычна (а не фармальна) культурна-асветніцкім падраздзяеннем Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, ніяк не зніжае вартасць БІГіК і яго значэння ў гісторыі заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

У кожным выпадку кніга К. Разуванавай – важны крок наперад у вывучэнні гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Нарэшце належнае месца ў гісторыі па праву займаюць тыя арганізацыі і асобы, якія найбольш працавалі для Беларусі і яе будучыні. Вельмі хацелася б, каб такога кшталту даследаванні ў беларускай гістарыяграфіі станавіліся больш антрапалагічнымі, каб цэнтральная ўвага надавалася ролі асобы ў стварэнні такіх структур, паколькі ўдзел тых ці іншых людзей у дзейнасці беларускіх арганізацый у тую далёкую эпоху быў часцей за ўсё вынікам вельмі сур’ёзнай унутранай нацыянальнай і грамадскай эвалюцыі.

Літаратура, якая згадвацца ў аглядзе

 

  1. Герасімаў, Валерый. (1990). «Хто там, пад дуба, ЛіМ, 1 чэрв.
  2. Доктараў, Уладзімір. (1975). Пад гатычнымі скляпеннямі касцёлаў (Палітыка каталіцызму ў БССР). Мінск.
  3. Мазько, Эдуард (2003). Уплыў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на фармаванне культурнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі ў 20–30 гады ХХ ст. Автореф. к.и.н. Гродно.
  4. Сідарэвіч, Анатоль (1992). «Ксёндз Адам Станкевіч і яго справа: Да 100-годзьдзя з дня нараджэньня», Хрысьціянская думка, № 1, 20–34.
  5. Трацяк, Янка (1993). Роля беларускіх святароў у адраджэнні нацыянальнай культуры, у: Культура ў Рэспубліцы Беларусь: гісторыя, сучасны стан і перспектывы развіцця: Тэзісы дакладаў рэсп. Навук. Канф., Мінск, 26 студзеня 1993 г. Мінск.
  6. Moroz, Małgorzata. «Krynica» (2001). Ideołogia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. Białystok.
  7. Bergman, Aleksandra (1984). Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa.

 

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...