Публічная дыскусія “Як зараз пісаць гісторыю сваёй краіны?” (25 мая, 18.30, гатэль Crowne Plaza)

У межах VІ-й Мінскай канферэнцыі Інстытута “Палітычная сфера”  пад назвай “Эвалюцыя ці дэвальвацыя: праблема дэмакратычнага парадку ва Усходняй Еўропе(25-27 мая) запрашаем наведаць 25 мая публічную дыскусію “Як зараз пісаць гісторыю сваёй краіны?”. Месца правядзення – гатэль Crowne Plaza (вул. Кірава, 13), пачатак дыскусіі – 18.30. Уваход вольны, запрашаюцца ўсе ахвотныя!

 

Праблема адлюстравання мінулага сваёй супольнасці пранізвае гісторыю ад пачаткаў існавання. Яшчэ “бацьку гісторыі” Герадота абвінавачвалі ў тым, што ён няправільна апісваў гісторыю элінаў, бо паказваў іх дрэнныя ўчынкі. Ці мы мусім рабіць з мінулага падставу для нацыянальнага гонару, ці мы будзем шукаць найперш гераічныя дзеі, засяроджвацца на велічы продкаў, выбудоўваць повязь часоў з сучаснай нацыяй? Ці важней усё ж займацца крытычнай рэканструкцыяй, улічваць складанасці і супярэчлівасці, засяроджвацца на розных формах супольнасцей?

Для Беларусі, як і для большасці краін Усходняй Еўропы, гісторыя стала ледзь не асноўным інструментам нацыянальнага будаўніцтва, але ці не шкодзіць гэтай самой гісторыі як навуковай дысцыпліне? Ці не вядзе гэта да ізаляцыі ад сусветнай навукі, якая базуецца на крытычным падыходзе, і да адпаведнай навуковай і метадалагічнай дэградацыі? Зараз, калі ў нашым рэгіёне ўзмацніліся хваляванні і турботы наконт існавання ўласнай дзяржаўнасці, гісторыя яшчэ больш набывае набывае палітычнае значэнне. Знайсці баланс паміж патрыятычным і крытычным вымярэннем становіцца ўсё больш складаней. Але можа ён усё ж магчымы? Шукаць яго будуць у супольным абмеркаванні выбітныя гісторыкі з Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі.

 

Удзельнікі дыскусіі:

Лукаш Адамскі – доктар гісторыі, намеснік дырэктара Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення (Польшча)

Валянцін Голубеў – доктар гістарычных навук, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Беларусь)

Русціс Камунтавічус – доктар гісторыі, дырэктар Інстытута ВКЛ, Універсітэт Вітаўта Вялікага (Літва)

Іван Курылла – доктар гістарычных навук, Еўрапейскі ўніверсітэт у Санкт-Пецярбурзе (Расія)

 

Мадэратар дыскусіі – Аляксей Ластоўскі, кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута “Палітычная сфера” (Беларусь – Літва).

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...