Разам, але амаль асобна

scan_pic0002 Іван Монолатій (2010), Разом, але майже окремо. Взаємодія етнополітичних акторів на західноукраїнських землях у 1867—1914 рр. Івано-Франківськ, Лілея-НВ, -763 с.

Агляд падрыхтаваны палітолагам, культуролагам, выкладчыкам дэпартамента паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня, Літоўская Рэспубліка) Уладзіславам Івановым.

_______________________________________________________________________________________

“Гэтая імперыя мае загінуць. (…) Усе народы створаць свае гнюсныя маленькія дзяржаўкі, і нават габрэі абвесцяць свайго караля ў Палесціне. (…) Цяперашні час толькі і прагне стварыць незалежныя нацыянальныя дзяржавы! Больш ніхто цяпер ня верыць у бога. Людзі ня ідуць больш у цэрквы. Яны ідуць да нацыянальных супольнасцяў”.

Ё. Рот, Марш Радзецкага.

Цікава, што першыя ўражанні і асацыяцыі пасля азнаямлення з манаграфіяй амаль ніяк не звязаныя з асноўным сюжэтам кнігі. Мяне як даследніка не столькі зацікавіў дэталёвы аналіз стасункаў паміж этнічнымі супольнасцямі Заходняй Украіны, колькі выразная паралель з рэгіёнам, моцна звязаным з гісторыя беларусаў – Віленшчына. Менавіта гэты аспект можа прывабіць беларускага чытача, паралелі вымалёўваюцца няўмольна.

Зразумела, што падобнае даследаванне здаўна чакае Віленскі край з яе цікавымі і няпростымі ўзаемадачыненні паміж беларусамі, палякамі, літоўцамі, габрэямі, расейцамі і іншымі. Як і Заходняя Украіна, Віленшчына з’яўляецца складаным скрыжаваннем культурных і рэлігійных шляхоў, яшчэ адной еўрапейскай зонай сутыкнення і ўзаемапранікнення этнічных і канфесійных супольнасцяў. Такіх зонаў ня так шмат на ўсходнім зломе Еўропы. Украінскае даследаванне сталася надзвычай цвярозым, што, няма сумневу, мусіць узяць на ўзбраенне будучы аўтар этнапалітычнага вывучэння Віленшчыны.

Але вернемся да самой кнігі. Адносна малады ўкраінскі даследнік, доктар філасофіі і палітычных навук, Іван Маналацій ўвасабляе новую генерацыю ўкраінскіх навукоўцаў, якія не задавольваюцца вузкім бачаннем праблемы. І такая тэндэнцыя зразумелая: папярэднікі назапасілі дастаткова матэрыялу рознага кшталту, таму настаў час крытычнага разгляду і тэарэтычнага абагульнення здабыткаў ХХ – пач. ХХІ ст.

З заўважнай грунтоўнасцю Маналіцій падыходзіць да далікатнай тэмы і досыць упэўнена перабірае вузлавыя праблемы, якія знітоўвалі ўкраінцаў з палякамі, немцамі, габрэямі і іншымі супольнасцямі Дунайскай імперыі ХІХ- пач. ХХ стст. Адной з перавагаў працы можна лічыць тое, што даследчык паставіў цэнтр увагі не ўкраінцаў, але рэгіён ва ўсё яго разнастайнасці. Пры гэтым, аўтар спрабуе спалучыць розныя дысцыпліны: палітычная навука, сацыялогія, гісторыя.

Чаму 1867-1914? Аўтар пачынае даследаванне з 1867 году, калі абвешчаныя ў 1848 годзе прынцыпы аўстрыйскай канстытуцыйнай манархіі набылі сваю сапраўдную сілу. Менавіта ў 1867 годзе, у выніку гэтак званага аўстра-вугорскага пагаднення ці кампрамісу, Дунайская манархія стала дуалістычнай – Аўстра-Вугорскай – і адмовілася ад практыкі цэнтралізаванага абсалютызму. Галіччына і Букавіна пераўтварыліся ў аўтаномныя адзінкі. Народы Дунайскай імперыі зведалі ўнікальны палітычны досвед – парламенцкая манархія, “вялікая эмансіпацыя”, дэмакратычныя свабоды, права развіваць свае мовы і сістэму адукацыі, ствараць партыі і рухі.

Пасля 1867 году Вена не навязвала аўтарытарнай ідэалогіі сваім гетэрагенным рэгіёнам, а прапаноўвала ім своеасаблівую альтэрнатыву, названую ў працы І. Маналація аўстраляялізмам, або аўстраляяльнасьцю. Падыход засноўваўся на вернасці і адданасці дому Габсбургаў, за што манархія забяспечвала пэўную аўтаномію ўсіх прысутных на палітычнай сцэне груповак. Мела месца “дамова”, “кантракт” паміж Венай і правінцыямі, паміж Габсбургамі і ўсімі значнымі этнічнымі і нацыянальнымі супольнасцямі імперыі.

Варта падкрэсліць, што не толькі хрысціяне карысталіся правамі, але і габрэі з караімамі. Нічога падобнага да зоны аселасці Расейскай імперыі ў Аўтра-Вугоршчыне не існавала. Нацыянальнае і палітычнае развіццё украінцаў, якія жылі за Габсбургамі, было адносна вольным і не сутыкалася з перашкодамі што да прызнання статуса мовы, легальнай дзейнасці рухаў і партыяў. Нават ва ўмовах канфрантацыі ўкраінцаў з палякамі (асноўны канфлікты вузел рэгіёну ў гэты перыяд) заходнія украінцы існавалі ў кантэксце еўрапейскіх правіл і працэдур.

З пачаткам Першай сусветнай вайны, якая паклала канец існаванню дуалістычнай манархіі, завяршыўся і эксперымент канстытуцыйнай манархіі. Зрэшты, аўтар даводзіць, што гэты цікавы і карысны досвед заходніх украінцаў стаўся надзвычай плённым для далейшага развіцця ўкраінскай дзяржаўнасці.

Інтарэс да нацыянальных стасункаў заходнеўкраінскім рэгіёне абумоўлены безупыннай актуалізацыяй этнічнай тэмы. Нават касмапалітычныя тэндэнцыі ўнутры ЕС пакуль мала заўважныя на тле палітыкі культурнай дыферэнцыяцыі і захавання культурнай і этнічнай разнастайнасці. У пэўнае ступені тагачасная этнічная карціна можа быць перанесенае і на сучаснае грамадства Украіны, прынамсі аўтар спрабуе зрабіць адпаведныя гістарычныя параўнанні, адкінуўшы цяжар шматузроўневага каланіялізму рэгіёна – аўстрыйскі, польскі, савецкі…

“Разам, але амаль асобна” – гэта формула на думку аўтара, хоць і пазычаная з амерыканскай юрыдычнай практыцы, тым ня менш, цудоўна падкрэслівае этнапалітычную спецыфіку нацыянальнай палітыкі Вены. Усе этнанацыі заходнеўкраінскага рэгіёну Імперыі існавалі і ўзаемадзейнічалі пры прынцыповым захаванні ўласнае тоеснасці. Пры гэтым этнанацыянальныя супольнасці захоўвалі свае межы, што вызначаліся іх структурай і інтарэсамі.

Акрамя іншага аўтар цікава ілюструе пераход ад рэлігійнай да этнічнай (нацыянальнай) ідэнтыфікацыі на прыкладзе тагачаснай мастацкай літаратуры (аўстрыйскай, польскай і ўкраінскай). Зварот аўтара да літаратуразнаўства пры разглядзе этнапалітычнай сітуацыі Заходняй Украіны, а шырэй і ўсёй Дунайскай імперыі, падаецца сапраўды значным унёскам у праблематыку. Так, многія няўлоўныя нюансы адносінаў украінцаў з габрэямі, палякамі і аўстра-немцамі выразна вымалёўваюцца якраз не праз палітычны ці гістарычны аналіз, а дзякуючы разгляду твораў І. Франко, В. Кабылянскай, В. Стэфаніка, Ё. Рота ды іншых.

Даследнік разглядае этнапалітычнае развіццё Дунайскай імперыі, пераважна, праз прызму інтэракцыянізму. Мінусам падыходу з’яўляецца засяроджанасць на мікра-ўзроўні. Таму інтэракцыянізм у версіі Івана Маналація выглядае дастаткова кансерватыўным, непахісным і часам штучным канструктам. Таксама крытычна можна паставіцца да матэматычнага аналізу этнічных груп. Вядзецца пра выкарыстанне такіх крыху параметраў, як “энергія этнасу”, “самабытнасць” і падобнае.

Зрэшты, варта спыніцца на разглядзе асноўных вынікаў даследавання. Досыць ліберальная і адкрытая палітыка Вены да розных нацыянальных групаў імперыі спрыяла досыць памяркоўным дачыненням. У выніку ўсе супольнасці рэгіёну пазбеглі сацыяльнай і культурнай ізаляцыі. Не зважаючы на базавую адрознасць ад хрысціянскага насельніцтва, ані габрэйскае ані караімскае насельніцтва не былі выключаныя з грамадскага жыцця, застаючыся “іншымі сваімі”.

Пры гэтым, мяжа паміж нацыямі і групамі захоўвалася, як даводзіць аўтар, перадусім дзякуючы рэлігійнаму чынніку. Свой унёсак мела і эканамічная сітуацыя. У той час як, украінцы былі пазбаўленыя зямлі і доступу на рынак, палякі мелі больш магчымасцяў карыстацца зямельным фондам, а габрэі магчымасць развіваць гандаль. Такім чынам, канкурэнцыя ці барацьба за рэсурсы прывялі да радыкалізацыі украінцаў ды палякаў і дыскрэдытацыі супольнага жыцця пад апекай Вены.

“Разам, але амаль асобна” – манаграфія, якая хоць і прысвечана Заходняй Украіне насамрэч з’яўляецца цікавай для шырокага кола чытачоў, бо прэзентуе аналіз і тлумачэнні паразы мірных этнічных і культурных дачыненняў у Аўстра-Вугорскай імперыі. Праца гэта мае ня толькі гістарычны інтарэс, але можа быць цікавай для даследнікаў сучасных этнічных і палітычных працэсаў. Аўтар скіроўвае ўвагу на памылкі федэралізму ў мінулым і разважае над магчымымі мадэлямі развіцця Еўропы ХХІ-ага стагоддзя. Бо, як ні дзіўна, але еўраінтэграцыя часам прыводзіць да напаўнення формулы “разам, але амаль асобна” сучасным палітычным і культурным зместам.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...