Matthew Frear (2018). Belarus under Lukashenka: Adaptive Authoritarianism
(BASEES/Routledge Series on Russian and East European Studies). – Routledge.
Агляд падрыхтаваў Іван Новік. Друкуецца з ласкавай згоды сайта “Абдзіраловіч“.
Беларусь гэта «недэмакратычная дзірка ў сэрцы Еўропы» – піша аўтар ва ўводзінах і дадае – «гэтая кніга імкнецца праліць святло ў гэтую дзірку» (1). Будзем лічыць, што Заратустра яго папярэдзіў аб небяспецы даўгога ўзірання ў бездані, і адкажам сустрэчным крытычным поглядам з глыбіняў самой «дзіркі».
Не ведаю: ці прынята сёння, у 2020 годзе, хваліць замежнага аўтара і англамоўны тэкст за адносна добрае валоданне беларускім матэрыялам – стан сусветнай «беларусаведы» усё яшчэ змушае жадаць лепшага, але і часы карыкатурных нататак пра апошнюю дыктатуру і цалкам неспадзяваную нацыю, відаць, ужо сыходзяць. Калі ж трэба, то з здавальненнем аддам належнае: кніга «Беларусь пад Лукашэнкам», за выняткам некаторых моўных і стылістычных эксцэсаў, кшталту цытаванага вышэй, уяўляе сабой глыбокае, задуменнае і пераважна нейтральнае ўнурэнне ў беларускую палітычную гісторыю апошніх трох дзесяцігоддзяў1.
Прапанавае нам люстра не дастаткова крывое, каб забыцца перад ім у амнезічным смеху, і наўрад ці зможа ўзяць на сябе частку віны за хібы айчыннага палітычнага твару. Беларускаму чытачу, які, падобна аўтару гэтых радкоў, адчуе пэўную ніякаватасць і няўтульнасць пад аналітычным поглядам Мэцью Фрэара, раджу вінаваціць у іх найперш айчынную палітычную сітуацыю, а не тэарэтычныя хібы ці недалікатнасць самога даследніка.
Без вагання парэкамендую кнігу для азнаямлення і цытавання ўсім замежным калегам, зацікаўленым у сённяшняй беларускай сітуацыі і найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. Айчыннаму чытачу, калі толькі не правабіў апошнія дзесяцігоддзі ў вежы са слановай косткі, чакаць ад «Беларусі пад Лукашэнкам» нейкіх адкрыццяў і цалкам новай інфармацыі не выпадае, але і для яго прачытанне будзе карысным, бо падчас яго зможа як узнавіць асноўныя падзеі найноўшай гісторыі, так і прыдбаць на яе цэласны, структураваны погляд, знайсці назвы і класіфікацыю для ўласных расчаравання і спадзеваў.
Схільнасць аўтара да некаторага ідыяматычнага лішку – ад той самай «недэмакратычнай дзіркі» да абавязковай «апошняй дыктатуры Еўропы» (1) – сведчыць не пра грэблівасць да беларускай сітуацыі, а, хутчэй, выдае шчырае захапленне своеасаблівага батаніка-палітолага ў руках якога апынулася надта дзіўная расліна, якая ніяк не хоча плішчыцца ва ўсё знаёмыя класіфікацыі. Усе гэтыя «дзюркі ў сэрцы» ёсць, паводле майго прачытання, заклік да калегаў звярнуць нарэшце ўвагу на анамалію і казус Беларусі. Але акурат тут, на мой погляд, і схаваўся галоўны хіб кнігі Мэцью Фрэару.
Магу толькі пагадзіцца з аўтарам у тым, што Беларусь (зрэшты, як і вялікая, калі не пераважная, частка іншых абʼектаў транзіталагічных доследаў) станоўка і навочна пярэчыць у сваёй гісторыка-палітычнай траекторыі пабудовам «кабінетных» палітолагаў. Біты і безальтэрнатыўны шлях ад аўтарытарызму да дэмакратыі і ліберальнай эканомікі аказаўся зусім не такім зваблівым і безальтэрнатыўным, як меркавалася шматлікімі тэарэтыкамі і як таго хацела беларуская інтэлігенцыя. «Выпадковы прэзідэнт» надзіва цешыцца задоўгім і трывушчым уладараннем (145). «Апошняя дыктатура», разам з бліжэйшымі і дальнімі суседзямі па Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе – для якіх нечакана зваблівым аказаўся шлях да «беларусіфікацыі» і, нават, «лукашэнкаізацыі» (145) – пасоўваецца з замыкальных пазіцый у «пачынальнікі»: «апошняя дыктатура» усе болей выглядае на «першую».
Дзеянні ўраду падаюцца хаатычнымі і нерацыянальнымі – калі разглядаем іх праз дыхатамію выбару між праеўрапейскі ці прарасейскім геапалітычным шляхам, між жорсткім дзяржаўным кантролем і ліберальна-рынкавым разняволеннем эканомікі, між шчыльнай інтэграцыяй з Расеяй і абаронай беларускага суверэнітэту. Незразумелыя для вонкавых сузіральнікаў кульбіты лукашэнкаўскага рэжыму праміж гэтых Сцылаў і Харыбдаў Мэцью Фрэар ізноў малюе метафарычным пэндзлям, як «гульню ў покер і шахматы адначасна, падчас хадзьбы па канаце нацягнутым па-над мінным полем» (151). Відавочна: калі разглядаць палітычную карʼеру Лукашэнка ў такой перспектыве, то ягонае ўтрыманне пры ўладзе на працягу чвэрці стагоддзя пачынае выглядаць увогуле невытлумачальнай энігмай.
Сёння тэорыя палітычнага транзіту знаходзіцца ў відавочным крызісе. Прынамсі таму, што сам транзіт адбываецца далёка не заўжды, не аўтаматычна і, пры гэтым, далёкі ад меркаванай трываласці. За адсутнасцю лепшых канцэпцый, транзітолагі змушаны вярнуцца да «палявой працы» і эмпірычнай дакладнасці. Наадмен прэскрыптыўныму пытанню «якім чынам мусіць адбывацца пераход да дэмакратычнай сістэмы?» прыходзіць дэскрэптыўнае: «што адбываецца ў палітычнай рэчаіснасці?» (3). Чорна-белы малюнак «таталітарызм і аўтарытарызм Versus дэмакратыя» пасунуты пяцідзесяцю адценнямі шэрага: аўтарытарызм папулісцкі, персаналісцкі, алігархічны і электаральны; султанізм; неапатрыманіялізм… Да гэтага класіфікацыйнага і тэрміналагічнага імпэту Мэцью Фрэар спяшаецца дадаць і свой персанальны ўнёсак: «адаптыўны аўтарытарызм». Уласна ў вынаходніцтве гэтай новай катэгорыі і бачыць аўтар «Беларусі пад Лукашэнкам» галоўны вынік і падагульненне свайго даследавання. Але, нягледзячы на філасофскі бэкграўнд, я зусім не схільны падзяляць з аўтарам ягоныя канцэптуальныя і тэрміналагічныя мітрэнгі.
Па-першае, сама пастаноўка пытання падаецца мне падазронай. Калі транзіталогія змушана вынаходзіць і называць усё новыя прыступкі, якія аддзяляюць нас ад нябёсаў нібы непазбежнай ліберальнай дэмакратыі, то гэта хутчэй сведчыць пра аднамернасць поглядаў, якія варта было б узбагаціць новымі метрыкамі.
Калі тэорыі аб хісткасці аўтарытарных рэжымаў пярэчыць іх непрадбачаная, але і відавочная трываласць (1) – а ў шэраг такіх палітычных «анамаліяў», на жаль, трапіла і наша Беларусь – то замест таго, каб вынаходзіць усё новыя тэрміналагічныя «латкі», кшталту «адаптыўнага аўтарытарызму», можа варта перагледзіць саму тэорыю: прызнаць, што і ў сучасным свеце існуюць іншыя «кропкі раўнавагі», апроч кансалідаванай ліберальнай дэмакратыі.
Па-другое, істотныя пярэчанні выклікае ў мяне і само тэрміналагічнае вынаходніцтва Мэцью Фрэара. Стварае паняцце «адаптыўнага аўтарытарызму» ad hoc – каб даць назву «казусу» Беларусі. Фактычна, экстенсіянал паняцце ўлучае толькі адну канкрэтную палітычную сістэму: не надта вялікае канцэптуальнае прырашчэнне і даробак не варты маштабнага «ламання крэслаў». Прагматыка і эўрыстыка ўвядзення гэтага паняцця досыць абмежаваныя, калі не сказаць не несамавітыя: Мэцью Фрэар знаходзіць у Беларусі прыкметы і электаральнага аўтарытарызму, і неапатрыманіялізму, і іншых «-ізмаў», і хоча, таму, скарыстаць у сваім тлумачэнні адразу некалькі адпаведных эўрыстыкаў. «Адаптыўны аўтарытарызм» тут – гэта найперш эўфемізм няведання, і сінонім пратэізму самога беларускага рэжыму. Лукашэнку, паводле аўтара, не ўласціва ні абмежаванасць у ідэалогіі, ні пераборлівасць у сродках: там, дзе не працуе ідэалагема «агульнаславянскага адзінства», падыдзе і адметны беларускі нацыяналізм, там, дзе збой дала пуга, можна выкарыстаць і пернік, і д.п. Перафразуючы Чэрчыля, Мэцью Фрэар называе Беларусь «парадоксам ахінутым у клішэ», і, працягваючы далей у дусе брытанскага прэмʼер-міністра, дадае, што разгадка крыецца ў асабістым інтарэсы самога Лукашэнкі (145).
Раз-пораз, Мэцью Фрэар засцерагае вонкавых назіральнікаў ад прыспешанага меркавання: калі беларускі рэжым кааптуе ў сваю рыторыку ці палітычную дзейнасць пэўныя элементы неаліберальнай эканомікі, грамадзянскага нацыяналізму, праеўрапейскіх сантыментаў, гэта зусім не сведчыць пра ягонае перараджэнне ці эвалюцыю ў бок большай дэмакратычнасці. З іншага боку, калі пераход да ліберальнай дэмакратыя покуль так і не адбыўся, гэта не азначае, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой застыглы і агістарычны феномен. Для яго характэрна свая адметная дынаміка, хоць і не дэматная ліберальнай дэмакратыі.
У сухой рэшце, калі прыбраць эўрыстыкі пазычаныя Мэцью Фрэарар ад іншых канцэпцый, ад яго «адаптыўнага аўтарытарызму» застаюцца толькі псіхалогія і адметны стыль кіравання дзейснага беларускага прэзідэнту, якога не абыходзяць асабліва сродкі, калі мэта – захаванне ўлады – застаецца той жа. Г. зн. сказаўшы «адаптыўны аўтарытарызм» Мэцью Фрэарар нічога не патлумачыў у беларускай сітуацыі на структурным, уласна паліталагічным узроўні.
У «Беларусі пад Лукашэнкам» нібы суседзяць пад адной вокладкай два аўтары: палітолаг-эмпірык, зацікаўлены ў беларускай канкрэтыцы, якому варта аддзячыць за пераканаўчы і паслядоўны сінтэтычны наратыў палітычнай гісторыі Беларусі, і своеасаблівы тразітолаг-схаласт, зацікаўлены ў выратаванні тэорыі транзіталогіі за кошт простага пашырэння яе слоўніка.
Болей цікавай і плённай у параўнанні з асноўнай («адаптыўны аўтарытарызм»), мне падалася іншая ідэя кнігі – якая праведзена, на жаль, толькі імпліцытна: тое, што вонкавымі сузіральнікамі, як і пераважнай большасцю ўнутраных палітычных актараў, успрымаецца як узаемна-выняткоўныя падыходы і дыхатамічны выбар: праеўрапейскі ці прарасейскі геапалітычны шлях, дзяржаўная ўласнасць ці рынкавая эканоміка, апора на «бюджэтнікаў» і сацыяльна неабароненыя станы ці хаўрус з сярэднім класам, рэпрэсіі ці палітычная лібералізацыя, інтэграцыя ў «Саюзную дзяржаву» ці абарона беларускага суверэнітэту (151) – для самога Лукашэнкі ўяўляе сабой «гульню з не нулявой сумай» (1). Гэта не столькі ірацыянальнае балансаванне ў хісткай пазіцыі, колькі досыць прагматычны і апартуністычны разлік, спроба прайсці між двух сілаў, абапіраючыся акурат на іх антаганістычную скіраванасць. Трываласць беларускага рэжыму палягае ў тым, што, падавалася б, мусіла, наадварот, палярызаваць і раскроіць беларускае грамадства: адкладзены выбар і лавіраванне па лініі, дзе рознаскіраваныя вектары гасяць адзін аднаго. Лукашэнкаўскі падыход да супярэчлівых ідэалогіяў і вонкавых геапалітычных уплываў Мэцью Фрэар характарызуе як «майстэрства здабыцця максімальных саступак (concession) наўзамен мінімальных абавязацельстваў (commitments)» (88) і «манетызацыю геапалітычнай лаяльнасці» (77). З гэтай нагоды ён нават цытуе беларускую прымаўку: «ласкавае цяля дзвюх матак ссе» (77).
Асобна адзначу можа і не самую значную, але для мяне персанальна вельмі сімпатычную дэталь кнігі: аўтар паслядоўна прытрымліваецца вылучна беларускіх формаў імёнаў і назваў: Aliaksandr Lukashenka, Mahileu. Нават: малодшы сын прэзідэнта названы Mykalay, а адміністратыўныя адзінка – voblast’. Як бачым, аўтар абраў варыянт траслітэрацыі, прыняты Бібліятэкай кангрэсу ЗША (11), хаця і згадвае пра існаванне сучаснага варыянту беларускай лацінкі, прынятага для перадачы геаграфічных назваў (якую Мэцью Фрэар, што праўда, блытае з традыцыйнай беларускай лацінкай (11)). Быўшы аматарам апошняга варыянту, мушу зазначыць, што, нягледзячы на ўхвалу з боку ААН, яго не жадаюць прытрымлівацца нават беларускія навуковыя часопісы, таму за такі выбар наўрад ці выпадае вінаваціць аўтара «Беларусі пад Лукашэнкам».
***
Кніга складаецца з дзевяці раздзелаў, г. зн. за вылічэннем уводзінаў і заключэння, на асноўную частку адведзена сем. Але, другі: «Адаптыўны аўтарытарызм: канцэптуальная аснова» таксама носіць прапедэўтычны характар, бо прысвечаны вызначэнням і акрэсленню тэарэтычнага каркаса.
Айчыннаму палітолагу я б параіў пазычыць адсюль паняцце і азначэнне неапатрыманіялізму, незадзейнічанага і, наколькі мне вядома, наагул амаль нязнанага ў беларускай навуцы. Канцэпт, ходкі сярод сучасных транзітолагаў, вылучае ягоная дадатная эўрыстыка: апроч уласна нарматыўнай характарыстыкі дзяржавы як «недэмакратычнай», неапатрыманіялізм апісвае і механіку самога ўладарання (15). Як і ва ўласна патрыманіялізме, для гэтага рэжыму характэрны персаналізацыя, прысабечванне інстытутаў дзяржавы, якая ператвараецца ў «вотчыну» кіраўніка. Апошняму дадзена ў такі спосаб распараджацца ў асабістых мэтах немалой часткай нацыянальнага матэрыяльнага багацця (20), якое выкарыстоўваецца, у тым ліку, і для кааптацыі персанальна-лаяльнай эліты. Неапатрыманіялізм ж назіраецца ў выпадку, калі ў неразрыўнае вязьмо зблытаны дзве асобныя логікі ўладарання: патрыманіяльная і легальна-рацыянальная ці бюракратычная (15). Пра неапатрыманіялізм варта казаць, калі ў прызначэнні высокапастаўленых службовых асоб іх асабістая лаяльнасць і адданасць кіраўніку дзяржавы пераважае перад усімі астатнімі фактарамі, у той час як ніжэйшыя кіроўныя і адміністрацыйныя пасады аддаюцца на падставе юрыдычна-рацыянальных прынцыпаў (15). Адметная павута патрон-кліенцкіх адносінаў асабістай лаяльнасці часцяком пашыраецца па-за ўрадавыя інстытуты і ўлучае ў патэрналісцкую логіку шырокія колы грамадства (15-16).
Адметныя прабелены легітымацыі, з якімі сутыкаюцца аўтарытарныя рэжымы ў сучасных варунках, змусілі даследнікаў таксама вылучыць іх адметны тып – так званы «электаральны аўтарытарызм». Апроч уласна імітацыі сумленнага электаральнага спаборніцтва сённяшнія недэмакратычныя ўрады выкарыстоўваюць для ўласнай легітымацыі таксама і сваю эфектыўнасць (effective performance) (17). Падтрыманне закону і парадку, сацыяльна-эканамічнай бяспекі і ахова «нацыянальных інтарэсаў» (19), на тле стыгматызацыі апанентаў як агентаў хаосу, гарантуюць кіроўнай эліце прынамсі частковую грамадзянскую падтрымку. Пры гэтым, як адзначае Мэцью Фрэар, успрыняцце рэжыму як эфектыўнага залежыць не столькі ад абʼектыўных фактараў, колькі ад чыннікаў ментальнасці і задзейнічанай ідэалогіі (19). Абедзве стратэгіі, па меркаванню аўтара, уласцівы і кіраванню Лукашэнкі.
Яшчэ адной характэрнай рысай кіравання Лукашэнкі аўтар лічыць адметны «кіраваны плюралізм» (23), ці «санкцыянаваную дзяржавай разнастайнасць» (24). Сучаснаму беларускага палітычнага рэжыму, пры ягонай ідэалагічнай друзласці, не ўласціва дыктаваць грамадству адзіную норму, ён імкнецца хутчэй зводзіць і абмяжоўваць праявы жыцця да адценняў знаёмага ландшафту (24).
Прыводзіць таксама Мэцью Фрэар і пяць асноўных прыкметаў кансалідаванай дэмакратыі: 1) вольныя і інклюзіўная канкурэнцыя, 2) самастойная судовая галіна ўлады, 3) рацыянальна-бюракратычныя нормы, 4) развітая грамадзянская супольнасць са свабодай асацыяцый, 5) рынкавая эканоміка (26). Адпаведна, для рэжыму Лукашэнкі ўласціва парушэнні ва ўсіх гэтых пяці галінах.
Трэці раздзел кнігі «Персаналізацыя ўлады пад Лукашэнкам: інстытуты» прысвечаны гісторыі персаніфікацыі інстытуту прэзідэнцтва і ягонага ператварэння ў асабісты рэсурс, таксама як і паступовага падпарадкавання Лукашэнкам іншых галінаў улады і дзяржаўных інстытутаў. Пры гэтым, паводле аўтара, былі задзейнічаныя тры асноўныя і паслядоўныя стратэгіі: абход, падпарадкаванне і прыўлашчванне (commandeering) (32). У якасці тактыкі «абыходу», да прыкладу, ён спасылаецца на ігнараванне дзейнасці і пастановаў Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйнага суда, іх дыскрэдытацыю ў вачах электарату і звяртанне паўз іх да «народу» праз механізмы рэферэндумаў.
Аўтар лічыць, што працэсы пераходу ўлады ў «адныя рукі» і пабудовы прэзідэнцкай «вертыкалі», пачаліся яшчэ да абрання Лукашэнкі на пост прэзідэнта, бо канстытуцыя 1994 была распрацавана ў інтарэсах постсавецкай наменклатуры, якая дэ факта дамінавала ў прыняцці палітычных рашэнняў (33) і збіралася замацаваць гэты статус яшчэ і дэ юрэ. Але момантам, калі рэжым Лукашэнкі папоўніў несамавіты шэраг постсавецкіх аўтакратыяў Мэцью Фрэар лічыць усё ж такі рэферэндум 1996 году.
Досыць падрабязна аўтар спыняецца на барацьбе за ўладу з Вярхоўным саветам, Саветам міністраў і Канстытуцыйным судом, з лакальнай адміністрацыяй і аналізуе паслядоўнасць апанавання беларускай эканомікай. У кнізе чытач знойдзе апісанне працэсаў і падзей, які прычыніліся да пераўтварэння Вярхоўнага савету ў Нацыянальны сход, калі ўсялякая палітычная актыўнасць беларускіх парламентарыяў была зведзена да тэхнічнай рутыны і парламент быў спрэс дэпалітазаваны, а былых дэпутатаў замянілі новыя «прагматычныя эксперты» без якой-небудзь відавочнай і ўцямнай ідэалагічнай арыентацыі (39).
Асобна спыняецца Мэцью Фрэар і на адметнасцях рэгіянальнай палітыкі: прызначэнне губернатараў «зверху», спецыфічныя траекторыі службовай карʼеры, калі павышэнне ў пасадзе мясцовага чыноўніка, амаль аўтаматычна азначае пераезд на новую мясцовасць, каб ніводны з іх не змог абапірацца на папулярнасць на лакальным узроўні, і ягоныя карʼера наўпрост залежала ад прэзідэнта.
У эканоміцы асноўная стратэгія Лукашэнкі, паводле аўтара, накіраваная на перадухіленне ўзнікнення ў беларускіх варунках стану незалежных ад дзяржавы і буйных алігархаў і абмежаванне ўплываў замежнага (пераважна расейскага) капіталу. Сягнуць адноснага багацця асобным бізнесменам дазволена наўзамен на бясспрэчную лаяльнасць, адсутнасць палітычных амбіцыяў і супрацу з рэжымам.
Чацвёрты раздзел «Персаналізацыя ўлады пад Лукашэнкам: эліты» прысвечаны дынаміцы патрыманіяльных і патрон-кліенцкіх адносінаў паміж Лукашэнкам і рознымі элітнымі групоўкамі. Сярод апошніх Мэцью Фрэар вылучае найперш «магілёўскую групу» і сілавікоў.
Ізноў жа, паводле думкі аўтара, практыка кіравання Беларуссю на падставе патрон-кліенцкіх адносінаў і адпаведнай патрыманіяльнай павуты папярэднічае прэзідэнцтву Лукашэнкі. Іх узнікненне ён адносіць да БССР 1960-ых і 70-ых і звязвае з уладай так званых «партызанскіх элітаў» (49).
Траекторыю эвалюцыі патрыманіяльнай павуты з прыходам да ўлады самога Лукашэнкі Мэцью Фрэар пракрэслівае па лініі: ад кааптацыі старой савецкай наменклатуры і чальцоў кабінету Кебіча (тут прыкладам выступае карʼера Мясніковіча), праз апору на «магілёўскую групу» (Іван Ціцянкоў і Галіна Жураўкова названыя ў якасці асноўных прадстаўнікоў) і сілавікоў (якіх персаніфікуе найперш Віктар Шэйман), да сучаснасці, дзе рэй вядуць тэхнакраты і «эканамічныя нацыяналісты» (да гэткіх Мэцью Фрэар залічвае Анатоля Тозіка, Сяргея Сідорскага, Уладзімера Сямашку і іншых).
Асобна спыняецца аўтар на «сілавіках»: асноўным апірышчы любога кансалідаванага аўтарытарызму, бо ж гэта яны даюць у рукі ўладзе не толькі інструмент брутальнага гвалту, але ж і кампрамат (53), неабходны для кантролю грамадства і элітаў. Адметнасць кааптацыі «сілавікоў» ва ўладную эліту лукашэнкаўскім рэжымам, Мэцью Фрэар бачыць у тым, што: а) пасля прыходу да ўлады, прэзідэнт прызначаў «замаў» на месцы былых кіраўнікоў, дбаючы, каб у сваёй карʼеры яны былі непасрэдна ўдзячныя яму, б) шмат хто з беларускіх «сілавікоў» паходзіць з не беларускіх земляў.
Паводле аўтара, для патрыманіяльных сецяў і патрон-кліенцкія адносінаў, якія ахапілі беларускае грамадства, характэрны ўстойлівасць і яны, нават, здатныя да пэўнай эвалюцыі без істотнага перафарматавання, бо, па-першае, дагэтуль яны былі ўзаемна выгодныя як для прэзідэнта, так і для шматлікіх груп з ім звязаных, па-другое, сама гетэрагеннасць элітных груп і цэнтрабежнасць, супярэчлівасць іх інтарэсаў патрабуе фігуры «нейтральнага» арбітру (59). Сваю ролю ў кансалідацыі сучаснага беларускага патрыманіялізму грае і тое, што ён спадкуе папярэдняй палітычнай традыцыі (наменклатурная ўлада, «партызанскія эліты»).
Нават з карупцыі, сінанімічнай для патрыманіяльных сетак, Лукашэнка здольны атрымліваць выгоды: час ад часу публічнае бэшчанне таго ці іншага чыноўніка дазваляе яму падтрымліваць рэпутацыю «антыэлітарыя», які дбае пра інтарэсы простага народу (59). Пры гэтым, паводле меркавання Мэцью Фрэара, самога Лукашэнку «не столькі непакоіць карупцыя як такая, колькі рызыка згубіць кантроль над фінансавай сферай» (52).
Варта ўвагі, на мой погляд, і заўвага аўтара: нягледзячы на тое, што сілавікоў могуць апісваць як прарасейскіх кансерватараў, а тэхнакратаў як празаходніх прыхільнікаў рэформаў, іх сапраўдная роля – не замінаць прэзідэнту ажыццяўляць ягоную ўласную палітычную стратэгію (60).
У Пятым раздзеле: «Кіруючы Беларуссю. Грамадскае спаборніцтва і адаптацыя палітыкі» асноўная ўвага аддадзеная ідэалагічным складнікам у кіраванні Лукашэнкі і «нефармальнаму сацыяльнаму кантракту». Мэцью Фрэар апісвае эвалюцыю прэзідэнцкай рыторыкі ад пачатковай харызматычнай дэмагогіі і папулізму, да патэрналізму і да, нарэшце, апеляцыі да прагматычнага рацыяналізму і ўпакоранага прыняцця (resigned acceptance). Пры гэтым, на ягоную думку, у крыніцы легітымацыі рэжыму ўваходзіць апроч уласна ідэалагічнага складніка і ягоная «эфектыўнасць»: г. зн. гісторыя больш-менш паспяховага давання рады сістэмным выклікам. У той жа час, гэтая прагматычная і канʼектурная эфектыўнасць прэзідэнцкага кіравання кароткатэрміновыя. Доўгатэрміновыя інтарэсы краіны могуць быць падтрыманыя, толькі ў выпадку супадзення з асноўнай задачай: захаванню Лукашэнкі пра ўладзе – а інакш прыносяцца ў ахвяру.
Аўтар пачынае з апісанню маладога Лукашэнкі, як харызматычнага дэмагогу з антыэлітарнай павесткай, якая забяспечыла яго прэзідэнцкай пасадай: спыняецца на агітацыі, якая падкрэслівала ягоную фізічную моц і спартыўны лад жыцця ў супрацьвагу старой наменклатуры, на апеляцыі да «простых людзей», увасобленай у знакамітым слогане, які ў перакладзе Мэцью Фрэара гучыць як «Glass of vodka and pork crackling».
Пасля абрання на прэзідэнцтва і кансалідацыі ўсёй улады ў сваіх руках, у Лукашэнкі зʼяўляецца яшчэ адзін рэсурс здабыцця шырокай падтрымкі: да адной восьмай ВУП дзяржавы выкарыстоўваецца на субсідыі, палітычна матываванае маніпуляванне заробкамі і пенсіямі, на кантроль коштаў. Такім чынам прэзідэнт знаходзіць падтрымку сярод колаў найменш сацыяльна і эканамічна абароненага насельніцтва. У 2001, 2008 і 2010 годзе можна назіраць своеасаблівыя «палітычныя бізнес-цыклы»: калі напярэдадні буйных палітычных падзей адбываецца аднаразовае падвышэнне заробкаў коштам далейшай інфляцыі. Апошняе такое ўмяшальніцтва ў эканоміку краіны ў 2010 зацягнула Беларусь у працяглы і сурʼёзны эканамічны крызіс. Пасля таго, гэты інструмент болей не выкарыстоўваўся.
Нарэшце завяршае гэтую траекторыю «ад харызматычнай дэмагогіі праз папулісцкі зварот да сацыяльна неабароненых групаў», апошні этап эвалюцыі рыторыкі рэжыму, на якім асноўная аргументацыя разлічана найперш на сярэднюю класу, якая заклікаецца да прагматызму і пакоры наўзамен на сацыяльна-эканамічная стабільнасць. Але гэты «сацыяльны кантракт» паміж беларускім грамадствам і лукашэнкаўскім рэжымам – пра які нямала кажуць і айчынныя палітолагі – усё ж, на думку Мэцью Фрэара, адрозніваецца істотнай асіметрыяй. Для беларускага соцыуму ўласціва надзвычай слабая гарызантальная інтэграцыя, як і адсутнасць незалежных прафсаюзаў і іншых інстытутаў прадстаўніцтва. Таму адзін з субʼектаў меркаванага і нефармальнага дагавора амаль пазбаўлены ўласна субʼектнасці (71).
Асобна аўтар «Беларусі пад Лукашэнка» спыняецца на ідэалагічных ваганняў рыторыкі прэзідэнта: з прыходам да ўлады Пуціна яе фокус усё болей змяшчаецца ад постсавецкай і ўсходнеславянскай ідэнтычнасці да ідэі беларускага суверэнітэту, як галоўнай каштоўнасці. Гэтую эвалюцыю Мэцью Фрэар звязвае ізноў жа з асабістымі разлікамі Лукашэнка. Пабачыўшы немагчымасць у новых варунках разлічваць на пасаду прэзідэнта «Саюзнай дзяржавы» ён вырашыў застацца «вялікай рыбай у невялікім вадаёме – незалежнай Беларусі, а не маленькай рыбай у вялікім» (81). Пачынаючы з новага тысячагоддзя змяняюцца і канатацыі звязаныя з Расеяй у дзяржаўных СМІ: тэрарызм, канфлікты ў Паўночным Каўказе і алігархі становяцца асноўнымі дамінантамі ў асвятленні падзей ва ўсходняй суседцы (82).
З 2003 года распачынаюцца таксама спробы ўвесці інстытут нацыянальнай ідэалогіі, якія аўтар ацэньвае як не надта ўдалыя: ў выніку была акрэслена прагматычная хаця і вельмі непаслядоўная і супярэчлівая праграма, якая спарбуе дыстанцыяваць Беларусь ад «горшых» аспектаў як Захаду, так і Расеі. У сухой рэшце спробаў дамарослых ідэалогаў засталіся толькі: моцны лідэр, цэнтральная роля дзяржавы ў грамадстве і эканоміцы (82).
Шосты раздзел: «Кіруючы Беларуссю. Дзяржаўны прымус і прэвентыўныя дэмакратыя«.
У гэтай частцы аўтар даследуе тэхнікі кантролю беларускага грамадства. Ён вылучае дзве асноўныя стратэгіі: пераслед і апярэджанне – прамыя рэпрэсіі і гвалт у адносінах апазіцыі і нейтралізацыя, спакладанне ўсіх магчымых выклікаў загадзя (87). У якасці прыкладаў прамога палітычнага гвалту прыведзены: знікненні апанентаў і журналістаў, гвалтоўныя разгоны пратэстаў, палітычна матываваны пераслед апанентаў рэжыму.
Да стратэгіі нейтралізацыя аднесены:
а) Уласна самі выбары: парламенцкія і прэзідэнцкія. Кожнага разу апазіцыя змушана сутыкацца з альтэрнатываю байкоту ці ўдзелу ў іх, што спараджае адпаведныя расколы, апроч таго, кантраляваны вынік выбараў таксама прачыняецца да фрустрацыі ў апазіцыйных шэрагах і іх дэлегітымізацыі ў вачах грамадства.
б) Справакаваныя ўладамі расколы апазіцыйных партый, стварэнне двайнікоў і асобных груповак. Выкарыстанне кантраляванай і «запісной» апазіцыі, кшталту партыі Гайдукевіча.
Сам падазрон, што сярод чальцоў апазіцыйных партыяў могуць быць людзі кантраляваныя дзяржавай ці нават тыя, хто наўпрост супрацоўнічае з урадам стварае асаблівую задушлівую атмасферу недаверу, падазрэнняў і сумневаў, якая таксама дэмаралізуе апанентаў прэзідэнта.
Сёмы і восьмы раздзелы кнігі адведзіны на аналіз беларускай апазіцыі.
Сёмы раздзел: «Выклік уладам: гульцы», аналізуе беларускую апазіцыю з пункту гледжання асноўных яе субʼектаў. Мэцью Фрэар досыць падрабязна спыняецца на марфалогіі апазіцыйнага поля Беларусі: разглядае гісторыю партыйнага руху, называючы найбольш заўважныя партыі і падзеі з імі звязаныя. Канчатковы падрахунак аўтара досыць несуцяшальны: беларускія апазіцыйныя партыі існуюць «у стылі картэляў» (110) і створаныя найперш з мэтаю захавання сваёй пазіцыі. Палітычнае жыццё амаль цалкам зведзена да кароткатэрміновых усплёскаў напярэдадні і падчас выбараў, а ў астатні час партыі нагадваюць хутчэй групы па інтарэсаў і гурткі палітычных дысідэнтаў, чымся сапраўдныя палітычныя рухі. Падчас наступу беларускай рэжыму на апазіцыйнае поле, ягонае роля амаль цалкам сціснулася да адзінай мэты – быць у апазіцыі.
Апроч уласна партый аналізуе Мэцью Фрэар і розныя беларускія НДА і грамадзянскія арганізацыі (асноўная ўвага аддадзеная гісторыі Хартыі 97, Еўрапейскай Беларусі, Руху за свабоду, Гавары праўду). Але пры тым, што ўсе грамадзянскія супольнасці, створаныя па-за прамым кантролем дзяржавы, зазнаюць пастаянны ціск з яе боку і вымушаны існаваць пад пастаяннай пагрозай, яны таксама вельмі хутка палітызуюцца і розніца паміж імі і ўласна апазіцыйнымі партыямі імкнецца да знікомай.
Восьмы раздзел: «Выклік уладам: тактыкі». Тут Мэцью Фрэар аналізуе асноўныя стратэгіі задзейнічаныя беларускай апазіцыяй. Тэма дае даследніку шмат нагодаў шчыраваць у зʼедлівай абʼектыўнасці.
Паводле «Беларусі пад Лукашэнкам», для беларускай апазіцыі былі ўласцівы тры асноўныя, паслядоўныя тактыкі: адмова прымаць змену абставінаў (непрыняцце вынікаў і самой легітымнасці рэферэндуму 1996 г., спробы стварыць паралельная афіцыйным дзяржаўныя структуры і правесці прэзідэнцкія выбары ў 1999г.); спробы працаваць у межах непаўнацэннай палітычнай сістэмы з надзеяй на яе змену; і «спаборная палітыка» (contentious politics).
Нягледзячы на тое, што адзінай пераможнай стратэгіяй здаецца абʼяднаць усе апазіцыйныя сілы, кожнага разу ўсе апазіцыйныя хаўрусы ў хуткім часе крышылася і разыходзілася па швах ідэалагічных і геапалітычных арыентацыі. Не меншае напружанне адчувалася і паміж палітыкай цэнтру і перыферыі: менскія падзеі і рашэнні адбываліся амаль у поўным ігнараванні рэгіянальных (129).
Кожныя папярэднія прэзідэнцкія выбары сканчаліся паразай і «аддачай» легітымнасці, але беларуская апазіцыя з зайздроснай упартасцю працягвае наступаць на тыя ж самыя граблі. Што нават горш, кожная разу электаральная кампанія пачыналася наноў, амаль без усялякай працы над папярэднімі памылкамі.
Паміж выбарамі беларуская апазіцыя бавілася надзеяй занадзіць на свой бок частку ці каго-небудзь з заўважных прадстаўнікоў кіроўнай эліты. Гэтая стратэгія-надзея таксама была дагэтуль паражэнчай. Заклік да лукашэнкаўскай наменклатура заставаўся без адказу, затое прывёў да расколінаў у стане самой апазіцыі, частка з якой расцаніла падобную тактыку як супрацу з рэжымам.
Не раз апаненты Лукашэнкі спрабавалі пераймаць каляровым рэвалюцыям у рэгіёне – але ж не ўлічвалі, па меркаванню Мэцью Фрэара, адметных варункаў Беларусі.
Без патэнцыйных унутраных крыніц фінансавання беларуская апазіцыя трапіла ў залежнасць ад вонкавых донараў. Дзейнасць апазіцыйных лідараў і партый не раз станавіліся нагодай для крытыкі, маўляў, яны засяроджаны на тых праектах, якія маюць найбольшы шанец атрымаць вонкавае фінансаванне, а не на тых, якія змогуць прынесці рэальную перамогу ўнутры Беларусі. Падобна таму, як генералы заўжды змагаюцца ў перадапошняй вайне – разважае Мэцью Фрэар – беларуская апазіцыя бяздумна імітавала апошнюю каляровую рэвалюцыю ў рэгіёне (136). Выйграць праз вулічны пратэст і намётавыя гарадкі пасля выбараў у Беларусі было немагчыма, покуль увесь перадэлектаральны тэрмін апазіцыяй не рабіла нічога дзеля злучэнню грамадства і ўмацаванню даверу. Таксама, сцвярджае аўтар, ігнаравалася задача выйграць падтрымку ад той частцы грамадства, якое не быўшы непасрэднымі прыхільнікамі Лукашэнкі, усё ж застаецца задаволена прадказальнымі і адносна ўстойлівымі варункамі жыцця.
Да «спаборнай палітыкі» аднесены такія палітычныя практыкі як байкот, дэманстрацыі, забастоўкі і нават патэнцыйная рэвалюцыя. Тут Мэцью Фрэар аналізуе такія традыцыйныя для беларускай апазіцыі падзеі палітычнага календару як Дзень волі і Чарнобыльскі шлях: ад першых буйных дэманстрацыяў да паступовай рутынізацыі і ператварэння ў ледзьве заўважныя маршы найбольш адданых прыхільнікаў. Апроч таго, разважае аўтар і пра нетрадыцыйныя, а падчас і наагул не звязаныя наўпрост з палітычнай апазіцыяй, падзеі, такія як маўклівыя пратэсты 2011 году, пратэсты супраць змены ў заканадаўства аб ПДВ і заканадаўстве аб прыёме на працу рабочых, і супраць падатку на дармаедаў («Anti-parasite tax», паводле перакладу аўтара).
- Відаць, тэрмін патрабуе ўдакладнення: увага Мэцью Фрэара, апроч невялікага адступлення ў «сівую даўніну» гісторыі ва ўводзінах і чарнавых накідаў палітычнай генеалогіі сённяшняй сітуацыі, сканцэнтравана на адцінку паміж 1994-2018 гг. Калі толькі гэта не праява маёй часавай недабачлівасці, то па выданню кнігі (2018 год), г.зн. за даляглядам бачнага аўтару, беларуская палітычная сістэма ізноў перайшла ў біфуркацыйны стан і чытачу будзе бракаваць аналізу найбольш цікавых яму апошніх падзей. ↩︎