Романчук Я. Либерализм. Идеология счастливого человека. Киев: «К.И.С.» – 2010.
Агляд падрыхтаваны палітолагам Аляксандрам Шамякіным.
Кніга Яраслава Раманчука “Либерализм. Идеология счастливого человека” прэтэндуе на максімальна шырокае асвятленне тэматыкі, звязанай з лібералізмам, уключаючы філасофію і ідэалогію лібералізму, розныя формы інтэрвенцыянізму, як пагрозы для свабоды, лібералізацыю ў постсацыялістычных краінах, побытавыя праявы ліберальнай ідэі і шмат чаго яшчэ.
Адкрываючы кнігу спадара Раманчука, мы спачатку сутыкаемся з яго аўтабіяграфіяй, у якой аўтар апісвае асноўныя этапы свайго жыцця і некаторыя важныя дасягненні, сярод якіх – перайманне вопыту такіх вялікіх палітыкаў, як Маргарэт Тэтчэр і Гельмут Коль (с.4). Тут, канешне, ёсць што дадаць, але думаецца, што праз некалькі дзесяцігоддзяў ужо пажылым чалавекам спадар Раманчук дапіша сваю аўтабіяграфію і раскрые гэтае цікавае пытанне.
Паколькі кніга прысвечана лібералізму, то, зразумела, у ёй перадусім мусіць паўставаць тэма свабоды. Аўтар прапаноўвае тры канцэпцыі свабоды, хаця з філасофскага пункту гледжання іх дзве – свабода ў пазітыўным сэнсе і свабода ў негатыўным сэнсе. Да гэтых дзвюх канцэпцыяў свабоды аўтар дадае сваю трэцюю на аснове выказвання лаўрэята Нобелеўскай прэміі Джорджа Сціглера – “Свабода – гэта багацце” (с. 17), аднак, і гэта відавочна, дадзенае вызначэнне знаходзіцца зусім у іншай сэнсавай плоскасці.
Як вядома, класічны і неакласічны лібералізм угрунтаваныя менавіта на “негатыўнай” свабодзе, то бок свабодзе ад. Крытыкуючы “пазітыўную” свабоду і абараняючы “негатыўную” свабоду, аўтар старана абыходзіць называць гэтыя канцэпцыі сваімі навуковымі назвамі, каб не ствараць пэўных канатацыяў, за выключэннем толькі аднаго выпадку, дзе згадваецца “негатывісцкае” (с. 18) вызначэнне.
У сваёй кнізе Раманчук адасабляецца ад розных традыцыяў разумення паняцця “лібералізм”: “Мы выкарыстоўваем слова “ліберал” не так, як яно выкарыстоўваецца сёння ў палітычным лексіконе ЗША. Не так, як яго выкарыстоўваюць у многіх краінах Еўрапейскага Звязу… Ліберал у маім разуменні моцна адрозніваецца ад таго чалавека, якога часцяком называюць лібералам расейскія або ўкраінскія СМІ, эліты і простыя людзі” (с. 20). Калі ўсе вакол разумеюць пад лібералам не тое, што разумее Раманчук, тады ў чым розніца, і чаму Раманчук “адзін у полі воін”?
На самой справе аўтар вельмі моцна перабольшыў, за выключэннем амерыканскай традыцыі. Сапраўды, ў ЗША цяпер лібералізмам называецца ідэя, якая змясцілася ўлева ад класічнага лібералізму. Такая сітуацыя бярэ свае вытокі з пачатку ХХ ст., са з’яўлення так званага “новага” або “сацыяльнага” лібералізму. Што тычыцца еўрапейскай традыцыі, то тут тэрмін “лібералізм” ужываецца ў традыцыйным значэнні, другая справа, што сама ліберальная ідэя ў пэўнай ступені зазнала сацыяльныя ўплывы. І зусім дарма Раманчук адмахваецца ад постсавецкіх лібералаў, якія, па яго словах, на самой справе былі не лібераламі, а “пад сцягам лібералізму павялічвалі памер дзяржавы…, пераразмяркоўвалі дзяржаўныя актывы ва ўласнасць некалькіх групаў, парушалі права ўласнасці” (с. 20). Пры гэтым Раманчук забывае, што гэтыя ж людзі пісалі праграмы ў духу неакласічнага лібералізму, і з гэтымі людзьмі ды іх ідэйнымі пераемнікамі Раманчук і яго палітычныя саратнікі шчыльна супрацоўнічалі і супрацоўнічаюць.
Раманчук працягвае моду запісваць шатландскага мысляра і эканаміста XVIII ст. Адама Сміта ў класікі лібералізму (с. 30), што з’яўляецца пашыраным, але дастаткова спрэчным прыёмам, бо калі б Раманчук спытаў самога Сміта наконт лібералізму, то, відавочна, Адам Сміт не зразумеў бы пра што ідзе гаворка. Інакш кажучы, ці можна пераносіць аформленыя ідэалогіі на час і людзей, што папярэднічалі іх узнікненню?
У 2-й главе “Ворагі лібералізма. Воўкі ў авечай шкуры і без” сярод іншага аўтар высвятляе, што не з’яўляецца “сапраўдным” лібералізмам і аказваецца, што яго нідзе няма. Аўтар адзначае, што “ні адна краіна свету да гэтае пары не пайшла на тое, каб выдаліць дзяржаву з рынку грошай, з адукацыі, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, інфраструктурных і сеткавых сектараў” (с. 192).
Аўтар называе памылковымі ідэі, што: “нібы лібералізацыя прынесла глыбокія змены, якія і адлюстроўваюць сутнасць палітыкі і ідэалогіі правых” (с. 193). Раманчук, канешне, мае рацыю ў тым, што лібералізм як цэласная мадэль у сваёй класічнай форме так і не быў рэалізаваны нідзе, але ці варта тут зыходзіць з дактрынёрскіх пазіцыяў, бо палітыка эканамічнай лібералізацыі ўсё ж мела вялікія поспехі, асабліва падчас свайго чарговага ўздыму ў 1980-1990-я гады. Шкадаванне Раманчука наконт прысутнасці дзяржавы ў некаторых сферах сацыяльнага жыцця ў капіталістычных краінах падштурхоўвае да думкі, якая ўжо неаднаразова лезла ў галаву падчас чытання гэтае кнігі – думкі наконт ідэйных перакананняў спадара Раманчука, пра якія наўпрост ён не заяўляе, а менавіта пра лібертарыянства – андэграўнднае адгалінаванне ліберальнай ідэі, якое яшчэ называюць анарха-капіталізм.
Калі ўсё ж “сапраўдны” лібералізм нідзе ў свеце так і не ўвасоблены, тады саркастычна заўважым, што Раманчук прыдумаў недэрэчны дэвіз да сваёй кнігі – “Модно, умно, круто!”, бо вынікае са зместу кнігі, што лібералізм – гэта не так модна.
Аўтар адначасова спрабуе са старонак кнігі размаўляць на сур’ёзныя тэмы пра ідэі, палітэканомію і жартаваць на мове, якая зусім не пасуе для гэтага. Напрыклад, крытыкуючы брытанца Дж. Харкурта прыхільніка ідэі “трэцяга шляху” паміж лібералізмам і сацыялізмам, Раманчук параўноўвае яго падыход з паводзінамі персанажаў мультфільма “Шрэк” (с. 209).
Кніга выглядае як спроба выкласці ўсё, што Раманчук думае і ведае пра лібералізм і пра тое, што не датычыцца лібералізму, таму яна не з’яўляецца звязанай, у ёй губляюцца сэнсавыя лініі. Асабліва шмат такіх прэтэнзіяў да чацвёртай главы, якая называецца “Лібералізм – навука і мастацтва быць шчаслівым”. Гэта такая мешаніна ўсяго, пра што Раманчук пажадаў выказацца: пра незадаволенасць, якасць жыцця, задавальненні і асалоду, самасвядомасць, культуру, сэкс, слых, працу, сяброў і шмат яшчэ чаго. Відаць гэта ўсё непасрэдна звязана з дасягненнем шчасця па ліберальным рэцэпце аўтара, які, безумоўна, у гэтых сферах спецыяліст.
Вось як, напрыклад, аўтар піша пра сэкс (цытаванне на мове арыгіналу): “Один и тот же сексуальный акт может быть болезненным, пугающим, отвратительным, нейтральным, приятным, экстатическим в зависимости от того, как он связан с целью человека…. Можно сказать, что сексуальная стимуляция сама по себе приятна. Чтобы получить удовольствие от секса, надо быть здоровым и иметь желание. Особых навыков не требуется“ (с. 460). Відаць аўтар бачыць нейкую сувязь гэтай тэмы з індэксамі развіцця чалавечага патэнцыялу, дынамікай валавага ўнутранага прадукту, структурай гандлю і іншымі навуковымі паказальнікамі, якія ён разглядае ў першай главе.
Трэба адзначыць, што аўтар мае літаратурны талент, бо кніга напісана простай для ўспрымання мовай, на працягу ўсёй кнігі вытрыманы высокі эмацыйны запал, што дазваляе яе прачытаць, як гаворыцца, “запоем”, нягледзячы на дастаткова вялікі аб’ём.
Кніга “Либерализм. Идеология счастливого человека” з’яўляецца папулярнай апалагетыкай эканамічнага лібералізму. Аднак яна не падыдзе для тых чытачоў, якія жадаюць даведацца пра лібералізм, як адну з уплывовых ідэалогіяў сучаснасці. Для ўсіх зацікаўленых тэмай лібералізма кніга Раманчука можа быць цікавай магчыма асобнымі момантамі, ды і то без апошняй главы.