«Беларускі гістарычны агляд». Том 17. Снежань 2010

Беларускі гістарычны агляд 17

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Аляксеем Ластоўскім.

Наўрад ці «Беларускі гістарычны агляд» патрабуе адмысловай прэзентацыі. Часопіс выходзіць з 1994 года і ўжо даўно заслужыў вельмі станоўчую рэпутацыю як адно з лепшых (а можа і найлепшае) гістарычнае выданне ў нашай краіне. Застаецца толькі здзіўляцца ўпартасці Генадзя Сагановіча, які цягне за сабою «БГА» на працягу 17 год.

Зараз у руках я трымаю том 17, датаваны снежнем 2010 года, хоць насамрэч ён выйшаў увесну 2011 г. Але галоўная тут усё ж сімвалічная прывязка да 2010 года, які ўсім запомніўся маштабнымі святкаваннямі 600-годдзя перамогі пад Грунвальдам. А паколькі менавіта Генадзь Сагановіч апошнім часам актыўна займаецца «Вялікай Вайной» паміж Тэўтонскім ордэнам і саюзнымі польска-літоўскімі войскамі, пра што сведчаць яго апошнія публікацыі, то няма нічога дзіўнага, што юбілей гэтай падзеі стаў цэнтральнай тэмай прадстаўленага тому.

«Грунвальдскі» блок разгляданага часопісу прэзентуе досыць скептычны погляд на пераўтварэнне гістарычнай падзеі ў ключавое «месца памяці» не толькі (і не столькі) беларусаў, але і многіх суседніх народаў. Шведска-нямецкі гісторык Свен Экдаль у сваім артыкуле дае магчымасць азнаёміцца са змененай перспектывай успрыняцця бітвы, бо дае агляд сітуацыі ў Тэўтонскім ордэне напярэдадні бітвы і катастрафічных наступстваў паразы для рыцарскага ордэну. Цікава, што пры гэтым пазначаюцца і тыя хібы ўсталяванай гістарыяграфічнай рэканструкцыі бітвы, якія даўно ігнаруюцца: напрыклад, той момант, што да гэтага часу дакладна не лакалізавана само месца падзеі.

У нейкім сэнсе працягвае гэтую перспектыву яшчэ адзін нямецкі даследчык Уда Арнольд. Праўда, яго артыкул канцэнтруецца пераважна на тым, як успрымалася бітва пад Танэнбергам / Грунвальдам у апошнія два стагоддзі ў Польшчы і Нямеччыне. З тых часоў, як Прусія пачала актыўна сімвалічна выкарыстоўваць ордэнскую спадчыну пасля выгнання Напалеона (калі сам існы яшчэ ордэн быў цалкам пазбаўлены нават прэтэнзіяў на прускія землі), пачынаецца актыўная палітычная эксплуатацыя гэтага мінулага – як Прускай дзяржавай, так і палякамі. Сама ж бітва пад Танэнбергам для прускага ўслаўлення ордэнскага мінулага была нязручнай тэмай, і Уда Арнольд дэманструе самыя розныя стратэгіі прыўлашчання гэтай падзеі. Для палякаў жа бітва пад Грунвальдам на стагоддзі сталася сімвалам пераможнага духу над немцамі, з якімі цягнуліся цяжкія і крывавыя канфлікты. І толькі апошнім часам гэта падзея ператварылася, па словах Арнольда, у «своеасаблівую фальклорна-відовішчную з’яву».

Далейшы артыкул польскага даследчыка Славаміра Юзвяка прэзэнтуе ўжо досыць стандартны гістарыяграфічны падыход і канцэнтруецца на лёсе ваеннапалонных Нямецкага ордэна пасля бітвы пад Карановам 1410 г. (гэтая бітва застаецца практычна ў цені славутай перамогі). Але ўжо закранутую праблематыку сучаснага выкарыстання мінулага для палітычных патрэбаў працягвае Генадзь Сагановіч, які прысвяціў свой новы артыкул сімвалізацыі Грунвальда ў беларускім гістарычным наратыве. Цікава, што для пачынальнікаў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі (В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі, У. Ігнатоўскі) гэта была досыць маргінальная падзея, і толькі палітычная кан’юнктура пазнейшага часу, звязаная з уваскрашэннем панславісцкіх ідэяў і запатрабаваннем на антыгерманскую рыторыку, прывялі да паступовага пашырэння цікавасці да перамогі пад Грунвальдам і да далейшай палітычнай маніпуляцыі гэтай падзеяй. Пры гэтым і ў незалежнай Беларусі ацэнкі Грунвальдскай бітвы шмат у чым успадкоўваюць тыя схемы інтэрпрэтацыі, якія былі распрацаваныя ў савецкія часы – з панславісцкай рыторыкай і адлюстраваннем адвечнай агрэсіі немцаў на Ўсход.

Пасля гэтага тэматычнага блоку можна азнаёміцца з расшыфроўкай публічнай лекцыі, якую прачытаў у Менску 19 траўня 2010 г. славуты (і зараз надзвычай папулярны не толькі ў акадэмічным асяродку) амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр. У прынцыпе, гэтую лекцыю можна палічыць запрашэннем да прачытання кнігі Снайдэра «Рэканструкцыя нацый», якая была выдадзеная БГА ў мінулым годзе ў перакладзе на беларускую мову. Сам Снайдэр нічога надзвычайнага ў сваёй лекцыі не прамаўляе, але падкрэслівае тыя істотныя моманты (напрыклад, наўпроставы ўплыў імперскай палітыкі на нацыяфарміраванне), якія яшчэ пакуль чакаюць падрабязнай распрацоўкі з боку беларускіх гісторыкаў.

У нейкай ступені з гэтай задачай пераклікаецца наступны артыкул Галіны Туміловіч, дзе разбіраецца палітыка Расійскай імперыі адносна шляхецкага саслоўя ў перыяд 1795 – 1863 гг. Пры гэтым даследчыца найбольш цікавіцца лёсам дробнай шляхты, якая была сапраўднай «косткай у горле» для імперскіх уладаў – адкуль і паўстаюць разнастайныя спробы «разбораў» шляхты.

Вельмі цікавы матэрыял прэзэнтуе Алена Маркава, якая даследавала падручнікі БССР 1920-х гг. (у першую чаргу па гісторыі і геаграфіі), і на гэтай падставе прааналізавала тую новую мадэль беларускай ідэнтычнасці, якая ўзнікала на скрыжаванні нацыяналістычнага і сацыялістычнага светапогляду. У падручніках 1920-х гг., на погляд даследчыцы, закладваўся падмурак для новай нацыянальнай ідэнтычнасці, дзе важным складнікам было супрацьпастаўленне іншым, якія персаніфікаваліся пераважна як рускія. Гэты артыкул падкрэслівае значнасць дадзенага перыяду для фармавання беларускай нацыі, што часам застаецца незаўважаным.

Агульныя праблемы функцыянавання і развіцця беларускай гістарыяграфіі закранаюцца ў анкетным апытанні БГА сярод беларускіх гісторыкаў. Тут, канешне, можна заўважыць відавочную пераемнасць з форумам у №12 (2007) часопіса «Україна Модерна», дзе таксама абмяркоўваліся стандарты айчыннай гістарычнай навукі з яўным прыцэлам у бок ВАК. Але закранутыя ў анкетаванні балючыя пытанні паказваюць, што стан беларускай гістарыяграфіі (хоць і значна лепшы ў параўнанні з сацыяльнымі навукамі) патрабуе інавацыйных зменаў, праўда, надзейных рэцэптаў для паляпшэння стану ніхто пакуль прапанаваць не можа. Відавочна, што ліквідацыя ненавіснага ВАКу не прынясе ніякай карысці, калі толькі не будзе прапанавана працэдура замены яго на больш якасны і надзейны альтэрнатыўны інстытут.

Як заўсёды, «Беларускі гістарычны агляд» вылучаецца значным блокам рэцэнзій, закрываючы тым самым велізарную дзірку з рэцэнзаваннем, якая існуе ў беларускай афіцыйнай гістарыяграфіі, дзе напісанне рэцэнзіі – гэта рэдкі і выключна дэкаратыўны акт. Сярод блоку рэцэнзій варта адзначыць разгорнутую і досыць эмацыйную рэцэнзію Уладзіміра Бажанава на «Параўнальную паліталогію» Уладзіміра Роўды. Таксама сярод разгледжаных кніг асаблівую ўвагу прыцягвае грунтоўная манаграфія польскай даследчыцы Дароты Міхалюк пра Беларускую Народную Рэспубліку.

З гэтага нумару ў часопісе адкрываецца і новая рубрыка, дзе анатуюцца артыкулы на гістарычныя тэмы ў розных беларускіх навуковых выданнях, што дае выдатную магчымасць адсочваць гістарычныя публікацыі. Працу аглядальніка Яўгена Глінскага відавочна палягчае скарачэнне колькасці профільных часопісаў, якое адбылося ў параўнанні з 1990-мі гадамі, пра што ўсім іншым даводзіцца толькі шкадаваць. Але праца зроблена сапраўды грунтоўна, і будзем спадзявацца, што гэтая ініцыятыва будзе працягнутая.

Закончваецца 17 том на крыху сумнай ноце – некралогамі ў гонар выбітных гісторыкаў: Юліуша Бардаха, Уладзіміра Ісаенка і Павела Лойкі. На вялікі жаль, і 2011 год стаў не лепшым – гэтым летам адыйшло ў той свет таксама шмат слаўных людзей, у тым ліку і маладых, якія маглі б яшчэ шмат плённа працаваць.
Але жыццё наша працягваецца, і будзем спадзявацца, што яно і надалей будзе суправаджацца свежымі тамамі «Беларускага гістарычнага агляду».

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...