Пра некаторых дэпутатаў незалежнасці…

05_pazniakСяргей Навумчык, Зянон Пазьняк (2010). Дэпутаты незалежнасьці. Варшава, Нью-Ёрк, Вільня: «Беларускія Ведамасьці», Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 304 с.

Агляд падрыхтаваны палітолагам Таццянай Чыжовай.

______________________________________________________________________________________

Кніга Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка «Дэпутаты незалежнасьці» прысвячаецца падзеям 1990–1991 гг., а дакладней – дзейнасці ў гэты перыяд апазіцыйнай фракцыі БНФ у складзе Вярхоўнага Савету БССР (Рэспублікі Беларусь) XII склікання. Як адзначылі самі аўтары, кнігу яны вырашылі выдаць з нагоды хуткага юбілею надання Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закону – 25 жніўня 2011 г.

Выданне збольшага складаецца з артыкулаў, апублікаваных у эмігранцкім выданні «Беларускія ведамасьці», а таксама тэкстаў, якія пабачылі свет у 2008–2010 гг. Яна не прэтэндуе на навуковае, гістарычнае ці палітычнае даследаванне, а ўяўляе з сябе хутчэй мемуары, суб’ектыўны погляд асобаў – непасрэдных удзельнікаў – на гістарычныя павароты ў былым савецкім і новым беларускім грамадстве. Менавіта з гэтага пункту гледжання кніга можа быць цікавай для даследчыка беларускай палітыкі.

Кніга складаецца з пятнаццаці частак прысвечаных дзейнасці дэпутацкай групы БНФ у беларускім парламенце, аўтарскай інтэрпрэтацыі палітычнага развіцця Беларусі ў першай палове 1990-х і пазней. Акрамя гэтага падаецца кароткі ўспамін-нарыс аўтараў пра кожнага з былых паплечнікаў, а таксама біяграфічная інфармацыя пра 27 дэпутатаў парламенцкай групы БНФ (с. 216–271). Выданне аздобленае даволі вялікай колькасцю ілюстрацыяў. Бальшыня фотаздымкаў шырока вядомая з прэсы 1990-х, але некаторыя ўзятыя з асабістага архіву і не публікаваліся раней.

Увогуле, не цяжка заўважыць, што ўвесь віхур насычаных і складаных падзеяў тых часоў у інтэрпрэтацыі абодвух аўтараў віецца вакол 27 дэпутатаў ад БНФ. Цягам усёй кнігі можна назіраць падкрэсліванне суб’ектыўнага аспекту падзеяў – актыўнай дзейнасці малой групы насуперак коснай большасці, да таго ж у неспрыяльных умовах: «Зазначу, што ў камуністычным Вярхоўным Савеце 12 скліканьня было 345 дэпутатаў, зь іх 27 – дэпутаты Апазыцыі БНФ. І пры гэтым мы йшлі пераможным шляхам. Гэта ўнікальны факт» (с. 16).

Большасць эпітэтаў, ужытая ў дачыненні фракцыі БНФ, закліканая прадэманстраваць «гераічны» момант: «У залі мора… – сотні чырвоных твараў, рашуча настроеных “навести порядок”, і наша няпоўная апазыцыйная трыццатка, якая паставіла задачу перамагчы гэтую арду» (с. 22). Гэта выклікае асацыяцыі з персанажамі гераічнага эпасу, дзе купка адважных і рашучых, дзякуючы сваім выдатным здольнасцям і ўнутранай арганізаванасці, перамагае нашмат мацнейшага і большага ворага. «Наша перавага была ў інтэлекце, у добрай адукацыі і эрудыцыі, ва ўменьні хутка думаць, правільна фармуляваць думкі і правільна іх выказваць; нарэшце – у лепшай арганізацыі і самадысцыпліне», – падкрэслівае Пазьняк (с. 60–61).

Асобныя рэплікі наўпрост адсылаюць да біблійнай легенды пра Давіда і Галіяфа: «Апазыцыйны Давід гатовы быў зьвярнуць горы. Лічу вялікім нашым тактычным дасягненьнем, што мы адразу, з ходу пачалі перамагаць, крушыць, блытаць, раскідваць гэтую намэнклятурную закасьнелую масу, не даючы ім апамятацца» (с. 69). Відавочна, што ў тых умовах БНФ насамрэч быў адзінай альтэрнатыўнай дзейснай уладзе палітычнай сілай, актыўнай і масавай на фоне іншых груповак. Таму словы аўтараў пра «авангард пераменаў» – збольшага апраўданыя. Але пры гэтым амаль цалкам ігнаруюцца вонкавыя фактары, ажно да простага адмаўлення іх ролі ў змене сітуацыі ў 1990–1991 гг.

Як і раней, падкрэсліваецца несамастойнасць беларуска-савецкай наменклатуры, адсутнасць у яе якой-колечы нацыянальнай свядомасці, а таксама згадваецца нядобрым словам яшчэ адзін вядомы ўдзельнік тых падзеяў – Станіслаў Шушкевіч. Яго абодва аўтары цягам амаль усёй кнігі адорваюць непрыемнымі эпітэтамі, бо лічаць здраднікам нацыянальных інтарэсаў на карысць наменклатурнай большасці.

Пазьняк таксама звяртаецца да разгляду больш блізкіх падзеяў. Аўтар бязлітасна крытыкуе аб’яднаную апазіцыю другой паловы 1990-х, якая, на ягоную думку, была ўтвораная супольнымі дзеяннямі «рэжыму (найперш КГБ), Масквы і палітыкі Эўразьвязу» (с. 171) насуперак абвешчанаму ў 1997 г. на V З’ездзе БНФ «на чале з Фронтам агульнабеларускага Вызвольнага руху супраць прамаскоўскага рэжыму і імпэрскай палітыкі Масквы» (с. 170). Прычым на чале гэтых разбуральных сілаў, на думку Пазьняка, стаяў «нямецкі разьведчык Ганс-Георг Вік» (с. 170).

Такая цалкам суб’ектывісцкая пазіцыя змушае ставіць пад сумнеў праўдзівасць шэрагу апісаных у кнізе момантаў, напрыклад: «…Апазыцыя БНФ выйграла барацьбу ў камуністычным савецкім парляманце за Незалежнасьць, за праўду пра Чарнобыль (якая пільна хавалася ад грамадзтва), за нацыянальнае войска, за нацыянальныя грошы, за заканадаўства незалежнай дзяржавы, за Беларускі сьцяг і гэрб Пагоня і ўвогуле – за дзяржаўнае існаваньне незалежнай Беларусі, спыніўшы пры гэтым дзейнасьць КПБ (КПСС). Меншыня спыніла дзейнасьць бальшыні!» (с. 59). Аўтары не адасабляюць тое, што было дасягнутае цалкам высілкамі парламенцкай апазіцыйнай групы, ад таго, чаму паспрыялі вонкавыя чыннікі ды што адбылося пад уплывам агульных тэндэнцыяў часу.

Выказванні кшталту «Красавік 1991 года адзначыўся масавымі пратэстамі рабочых Менска (арганізаваных БНФ, які меў свае суполкі на заводах) супраць антынароднай сацыяльнай палітыкі Масквы і КПСС (павышэньне цэнаў і т. п.)» (с. 21) – яшчэ больш падрываюць давер. Бо калі ў страйкамах і прысутнічалі прадстаўнікі БНФ, то гэта не азначае, што самыя масавыя ў гісторыі Беларусі пратэсты рабочых у красавіку 1991 г. былі непасрэдна «арганізаваныя БНФ», як сцвярджае аўтар.

Не менш пытанняў выклікае і заява наконт прэзідэнцкіх выбараў, згодна якой у «супроцьстаяньні Кебіч–БНФ савецкія выбаршчыкі, што былі ўжо супраць Кебіча, галасавалі б за БНФ (іншай альтэрнатывы не было). Калі ж у кампанію ўключыўся кандыдат з пазыцыяй пакараць Кебіча і абяцаньнем вярнуць усё, як было за СССР (бо пры Кебічы стала горай), то большая палова савецкага электарату перакінулася на бок савецкага кандыдата. Атрымалася, што Лукашэнка аўтаматычна пакарыстаўся вынікамі нашай працы» (с. 46). Цяжка запярэчыць таму, што першы прэзідэнт прыйшоў да ўлады на хвалі народнай нелюбові да Кебіча і ягонай наменклатурнай каманды, але сумнеўна, што такое стаўленне – вынік працы выключна БНФ, а не самога экс-прэм’ера.

Дарэчы, крытыкуючы вядомую тэзу пра тое, што незалежнасць звалілася на беларусаў знянацку, аўтары не толькі ўсяляк падкрэсліваюць уласную барацьбу на палітычным полі, але і сцвярджаюць, што іхная дзейнасць, як і ўсяго БНФ, «гэта заканамерны вынік змаганьня пакаленьняў беларусаў за Незалежнасьць» (с. 108). Не спыняючыся на гістарычнай пераемнасці БНР і Рэспублікі Беларусь, яны занураюцца ўглыб вякоў, да часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: падкрэсліваецца, што барацьба за незалежнасць вялася не менш за два стагоддзі, але нарэшце рэалізаваць гэтыя памкненні атрымалася толькі ў 1990–1991 гг.

Палітычныя мэты БНФ узору пачатку 1990-х застаюцца для аўтараў пазачасаваю канстантаю і не пераглядаюцца, а акцэнт у апісанні палітычнай (парламенцкай) барацьбы робіцца на тактычныя хады, псіхалагічныя прыёмы і хітрасці ў дачыненні парламенцкай большасці. Падрабязнасці гэтай барацьбы, апісаныя ў кнізе, утрымліваюць шмат цікавых і паказальных момантаў, нюансаў, якія можна знайсці толькі ў такога кшталту мемуарнай літаратуры.

Вялікую цікаўнасць могуць выклікаць таксама апісанне стасункаў апазіцыі БНФ са спікерам Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам і падрабязны расповед Сяргея Навумчыка пра тое, якую ролю адыгрываў Захад у станаўленні незалежнай дзяржавы. Адчуваецца моцная эмацыйная захопленасць аўтараў, якія нібыта з кожным словам успамінаў наноў перажываюць тыя падзеі. Але такая захопленасць пазбаўляе іх магчымасці зірнуць на падзеі дваццацігадовай даўніны з пазіцыяў сучаснасці. Складаецца ўражанне, што сучаснасць для іх засталася там – у першай палове 1990-х.

Поўную версію рэцэнзіі гл. Таццяна Чыжова. Пра некаторых дэпутатаў незалежнасці…// Палітычныя сфера № 15 с. 205-212

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...