Кепская гульня: расійска-беларускія адносіны ў 1991-2008 гг.

04_eberhardtAdam Eberhardt, Gra pozorów. Stosunki rosyjsko-białoruskie 1991 – 2008, Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, Warszawa 2008.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў Палітычная сфера, аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзянісам Мельянцовым.

______________________________________________________________________________________

Праца Адама Эберхарда, польскага палітолага, намесніка дырэктара Цэнтра ўсходніх даследаванняў, выдадзеная Польскім інстытутам міжнародных спраў, з’яўляецца навуковай манаграфіяй, падрыхтаванай на падставе доктарскай дысертацыі. Кніга складаецца з пяці частак, якія прысвечаны: 1) палітычным стасункам і варункам – свядомасць, мова, міжнародны кантэкст; 2) гандлёвыя адносіны; 3) спроба пабудовы валютнага саюза; 4) энергетычныя стасункі і іхнія перспектывы; 5) вайсковыя стасункі паміж Беларуссю і Расіяй.

Адам Эберхард прапануе сваю перыядызацыю беларуска-расійскіх стасункаў. Падчас першага перыяду – 1991-1994 гг. – дамінавалі працэсы распаду дачыненняў, якія склаліся у межах Савецкага саюзу. Уплыў Расіі на беларускія справы ў той час быў даволі нязначны, у прыватнасці расійская эліта рабіла стаўку на кандыдатуру Вячаслава Кебіча пад час выбараў, але насуперак гэтаму перамог А. Лукашэнка, які неўзабаве пачаў рабіць прарасійскія жэсты, і гэтыя жэсты былі заўважаныя ў Крамлі.

На другім этапе – 1995-1999 гг. – пачынае рэалізоўвацца інтэграцыйны праект, які быў неабходны як беларускаму боку для пераадолення эканамічнага крызісу, гэтак і расійскаму – ў прапагандысцкіх мэтах. Пасля гэтага, з прыходам да ўлады ў Расіі Ўладзіміра Пуціна ў 2000 годзе наступае пагаршэнне адносінаў і пераход інтэграцыйнага працэсу на новы ўзровень.

Заява Пуціна “аддзяленне мух ад катлет” і прапановы уваходжання Беларусі ў склад Расіі абласцямі пазначылі пераход інтэграцыйнай ініцыятыва ад Менска да Масквы. Расійскі прэзідэнт паступова адмаўляецца ад субсідавання беларускай эканомікі, імкнучыся перавесці адносіны на рынкавыя рэйкі. Такім чынам абмяжоўваецца сама ідэя Саюзнай дзяржавы, што, па словах аўтара, ня надта турбавала Пуціна.

Ацэньваючы беларуска-расійскія адносіны ў перыяд прэзідэнцтва Пуціна, Адам Эберхард падкрэслівае ягонае імкненне да пераадолення інерцыі і “рэалізацыі рэальных дзеянняў, накіраваных на падрыў уяўнай інтэграцыі”, а таксама прызнанне ім банкруцтва канцэпцыі двухбаковай палітычнай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы (ст. 79). Аднак гэта не азначае, што абедзве краіны не атрымлівалі выгодаў ад працэсу збліжэння. Высвятленню гэтых выгодаў прысвечаныя адмысловыя раздзелы – “Гандлёвыя стасункі” і “Валютныя стасункі”. Аўтар прыходзіць да высновы, што галоўнай выгодай для Беларусі ад інтэграцыі стала захаванне гаспадарчых сувязаў з Расіяй, і гэта дазволіла стабілізаваць нацыянальную эканоміку і, як следства, стабілізаваць палітычную сістэму. Расія ж атрымала, з большага, палітычныя дывідэнты. Валютная ж інтэграцыя пацярпела поўнае фіяска з-за нежадання Менска адмовіцца ад эмісіі ўласных грошай.

Аналізуючы энергетычныя стасункі, аўтар падкрэслівае выключную залежнасць Беларусі ад паставак расійскіх энерганосьбітаў. Паводле дадзеных Эберхарда, 85-87% энергіі, якую спажывае Беларусь, мае расійскае паходжанне. Але гэта дэманструе не толькі велізарную залежнасць Беларусі ад Расіі, але, як гэта не парадаксальна, сведчыць пра здольнасць Лукашэнкі захоўваць палітычную незалежнасць ад Масквы.

Даследуючы вайсковыя стасункі, аўтар прыходзіць да высновы, што ваенныя пытанні – гэта тая сфера адносінаў, якая з’яўляецца найбольш інтэграванай, якая прапагандай фармулявалася ў якасці важнага аргументу стварэння адзінай дзяржавы. Аднак, як мне падаецца, аўтар манаграфіі крыху перабольшвае ступень узаемапранікнення і залежнасці беларускіх узброеных сілаў ад Расіі. Гэта выдатна прадэманстравалі перамовы па стварэнні агульнай сістэмы супрацьпаветранай абароны і Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Але гэта адбылося ўжо па-за храналагічнымі межамі кнігі.

У рэшце рэшт аўтар прыходзіць да высновы, што расійска-беларуская інтэграцыя з’яўляецца ўяўнай, несапраўднай. Сама назва кнігі гаворыць пра стаўленне аўтара да прадмета даследавання – польскае “gra pozorów” можа перакладацца як “кепская гульня”, бачнасць, добрае аблічча пры дрэннай гульні. Ён падкрэслівае, што інстытуцыялізацыя адносінаў мела прапагандысцкае значэнне, замест пашырэння сфераў супрацоўніцтва яна вяла да дадатковых спрэчак пра кампетэнцыі; важнай з’яўлялася эфектнасць, а не эфектыўнасць. Стварэнне наднацыянальных органаў не азначала перадачу ім рэальных паўнамоцтваў, а вялікая колькасць узаемных абавязацельстваў так і засталася на паперы.

Даючы ацэнку манаграфіі Адама Эберхарда, трэба адзначыць, што гэтае даследаванне на сённяшні дзень з’яўляецца найбольш поўным і глыбокім аналізам беларуска-расійскіх адносінаў за перыяд пасля распаду СССР. Апрача гэтага, аўтар рабіць цікавы аналіз беларускага унутрыпалітычнага кантэксту, які ўплывае на прыняцце рашэнняў у сферы замежнай палітыкі. З недахопаў даследавання можна адзначыць імкненне да празмернай персаналізацыі беларуска-расійскіх стасункаў і тлумачэння пэўных з’яваў і фактаў характарам асабістых стасункаў Лукашэнкі і Пуціна. Гэта, на маю думку, крыху спрашчае багацце і шматграннасць адносінаў паміж дзвюма краінамі.

Дзяніс Мельянцоў

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...