Усеабдымнасць “Другога свету”

Ab Imperio. №3/2011

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Аляксеем Ластоўскім.

Той, хто ўважліва чытаў агляды на папярэднія нумары Ab Imperio, мусіць памятаць, што яны былі прысвечаны адзінай гадавой тэме – Другому свету, то бок спробам патлумачыць, у чым жа заключаюцца ўнікальнасць і спецыфічнасць увасаблення ўласнага варыянта мадэрнасці ў гэтым кутку свету, які для нас апазнаецца ў панаванні Расійскай імперыі, Савецкага Саюза ці наноў – Расіі.

Але дадзены нумар мае і ўласную падтэму “Час Другога свету: імперскія рэвалюцыі і контррэвалюцыі”, і рэдакцыя ставіла мэтай разгледзець тое, якім чынам,  з аднаго боку, рэалізуецца гістарычная перамнасць, а з іншага боку – што мы можым убачыць у кардынальных разрывах і спробах адмаўлення – якія істотныя рысы старага ладу і якія канстытутыўныя аспекты новага парадку.

Істотную частку нумара займае пераклад некалькіх частак з кнігі нямецкага гісторыка Юргена Остэрхамеля “Трансфармацыя свету. Гісторыя ХІХ стагоддзя”. Гэта хутчэй сінтэз вялізнай колькасці сучасных гістарыяграфічных прац, але сінтэз у сваёй найлепшай якасці – калі ўздымаюцца найбольш істотныя канцэптуальныя праблемы і прарывы, характэрныя для ўсяго масіву тэкстаў. Глыбока рэфлексіўна разглядаюцца праблемы перыядызацыі, еўропацэнтрызму, перавызначэння часу і прасторы. Таму чаканні лінейнага наратыву падзей аднаго стагоддзя будуць дарэмнымі, хутчэй гэты тэкст будзе цікавы гісторыкам-прафесіяналам, бо дае добрую арыентацыю ў полі даследаванняў ХІХ стагоддзя – і не толькі аднаго гэтага стагоддзя.

Уласна “гістарычная” частка часопіса пачынаецца з артыкула Даруса Сталюнаса, аўтара грунтоўнай манаграфіі па русіфікацыі на тэрыторыі Літвы і Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Новае даследаванне прысвечана праблеме тэрытарыяльнага ўладкавання Расійскай імперыі – наколькі і якім чынам туды пранікае этнанацыянальны прынцып? Сталюнас спыняецца на выпадку Аўгустоўскай/Сувалкскай губерніі, на якую выказвалі прэтэнзіі як польскія, так і літоўскія нацыянальныя сілы. Даследчыка ўсё ж найперш цікавіць рэканструкцыя логікі імперскіх уладаў, асноўнай крыніцай для яго стала дакументацыя генерал-губернатараў, вышэйшых імперскіх чыноўнікаў, якія па-рознаму глядзелі на сітуацыю ў падпарадкаванай ім мясцовасці і выкарыстоўвалі розныя стратэгіі легітымацыі сваіх патрабаванняў. Артыкул літоўскага гісторыка дэманструе, што этнанацыянальны прынцып, хоць быў і чужым для дынастычнай імперыі, усё больш настойліва прабіваўся ў рыторыку і логіку дзеянняў, таму нацыяналізацыя тэрытарыяльнага ўладкавання былой імперыі ў Савецкім Саюзе выглядае хутчэй прагматычным і абумоўленым крокам.

Шырокае распаўсюджванне этнічных і нацыянальных прынцыпаў у Савецкім Саюзе адбывалася не толькі ў сферы адміністрацыйнага падзелу, але і ў розных мясцовых палітыках – у тым ліку, у культурнай палітыцы. Але этнізацыя мусіла весці і да сутыкненняў і канфліктаў: асабліва на этнічна змяшаных тэрыторыях. Мэйхіл Фаўлер разглядае, якім чынам развіваліся ўкраінска-яўрэйскія ўзаемадачыненні ў развіцці тэатра. Аўтар хутчэй скептычна ставіцца да вынікаў гэтых узаемадзеянняў, і хоць пачынае артыкул з прыгожага міфа пра плённы дыялог культур, але закончвае яго сумнай высновай, што савецкія метады бюракратычнага кіравання культурай згодна этнічным крытэрам хутчэй вялі да знікнення гетэрагеннасці і паніжалі магчымасці для творчых інавацый.

“Юбілейнай” падзеі – распаду СССР – на гэты раз прысвечаны адмысловы форум. Найперш прапануюцца два “перыферыйныя” погляды на гэту падзею, якая істотна змяніла ход гісторыі ўсяго свету, але ў лакальнай перспектыве выглядала яна своеасабліва. Так, Сяргей Абашын разглядае тое, якое значэнне мела знікненне савецкай дзяржавы для краін Цэнтральнай Азіі, і што з імі адбылося за дваццаць год самастойнага развіцця. Аўтар імкнецца прадэманстраваць усю складанасць і разнастайнасць тых катэгорый, якія звычайна ўспрымаюцца простымі і ўсётлумачальнымі: “улада”, “нацыянальная дзяржава”, “нацыя”. І адпаведна агульная катэгорыя “постсавецкага” ці “посткамуністчнага” развіцця без адпаведнай кантэкстуалізацыі ў такой прызме можа патлумачыць яшчэ менш.

Венгерскі сацыёлаг Пал Тамаш спрабуе паказаць, якім чынам Савецкі Саюз успрымаўся ў краінах “сацыялістычнага блоку”, якія асноўныя стратэгіі выпрацоўваліся мясцовымі элітамі і інтэлектуламі, каб патлумачыць сваю залежнасць ад магутнага ўсходняга гегемона і наладзіць з ім практычнае ўзаемадзеянне. Што цікава, ён паказвае і ўсю тую структурную абмежаванасць сфармаванай у Цэнтральнай Еўропе веды, хоць менавіта прадстаўнікі гэтага рэгіёна сталі пасля распаду СССР найбольш запатрабаванымі экспертамі па “постсавецкай” прасторы.

Амерыканскі даследчык Дэвід Макдональд таксама спрабуе ўвесці новую перспектыву ў разгляд распаду СССР, але не перыферыйную, як гэта зрабілі папярэднія два аўтары, а больш паглыбленыю ў часе. Ён разглядае змены ва ўспрыняцці ідэі дзяржаўнасці ў Расіі яшчэ з пятроўскіх часоў, дзе дзяржава надзялялася дзвюмя супярэчлівымі функцыямі – ініцыятара і галоўнага суб’екта рэформаў па ўзору еўрапейскай мадэрнасці, і як гаранта захавання ўстойлівасці грамадства. На яго думку, гэта дыхатамічная мадэль прасочваецца на ўсім працягу існавання дзяржаўнасці, аж пакуль неасцярожнае выкарыстанне інавацыйнай мадэлі ў часе Перабудовы не прывяло да крушэння сацыяльнага парадку.

У “архіўнай” рубрыцы Алег Будніцкі спыняецца на тым, як у асяродку расійскай эміграцыі ў 1945 годзе была ўспрынятая перамога Савецкага Саюза ў вайне, якія ідэалагічныя і палітычныя расколы там ўзніклі з нагоды выпрацоўкі новага стаўлення да краіны-пераможцы. Невялікі ўступ суправаджаецца публікацыяй перапіскі паміж расійскімі палітычнымі эмігрантамі.

У часы Халоднай вайны вяртае артыкул амерыканскай даследчыцы Алайны Леман, дзе апісваюцца тое, як прадстаўнікі варожых блокаў (пераважна дыпламаты) успрымалі і апісвалі ўзніклыя дыстанцыі, якія катэгорыі і метафары яны выкарыстоўвалі для пабудовы дыскурса “сваіх” і “чужых”.

Нарэшце, у артыкуле Кірылы Анісімава разглядаецца тое, якім чынам у прозе вядомага расійскага літаратурнага класіка Івана Буніна адлюстроўваліся пытанні Расійскай імперыі, расійскай нацыі – і новаўзніклай савецкай дзяржавы. Даследчык выкарыстоўвае цікавую метафару “бібліятэкі”, каб паказаць горыч Буніна па разбурэнню і дэградацыі элітарнай культуры, яго контррэвалюцыйныя погляды, звязаныя с расчараваннем ў перамозе народнай масы, для якой “высокая культура” імперскага перыяду стала непатрэбным артэфактам мінулай эпохі.

Яшчэ адзін адмысловы форум прысвечаны абмеркаванню кнігі Веры Тольц пра стварэнне і развіццё (ад Расійскай імперыі да Савецкага Саюза) школы ўсходазнаўства ў Санкт-Пецярбургу. Трэба заўважыць, што на думку Штольц гэтыя даследчыкі ці не першымі ажыццявілі крытычную рэвізію расійскага імперыялізму, і такім чынам, іх можна лічыць ледзь не прадвеснікамі сучаснага посткаланіялізму. Водгукі рэцэнзентаў (М. Далбілаў, Сяргей Глебаў, Уладзімір Баброўнікаў) на гэту кнігу пераважна прыязныя, а само абмеркаванне раскрывае важныя аспекты функцыянавання і інстытуцыяналізацыі веды пра “іншых”.

І як заўсёды, у часопісе прысутнічае салідны блок рэцэнзій на новую літаратуру.

Але ўрэшце, калі падумаць, то абраная часопісам стратэгія – высвятлення адметнасці Другога свету – можа ўключаць у сябе абсалютна ўсе працэсы, якія разгортваліся на гэтай тэрыторыі. А калі нейкі канцэпт ахоплівае ўсё, то гэтым самым ён не здольны патлумачыць нічога. Але наўрад ці гэты скепсіс да ўжыванага тэрміну варта выкарыстоўваць да зместу часопіса, які напоўнены матэрыяламі на самым высокім прафесійным узроўні і знаёмства з імі ў любым выпадку будзе карысным і для беларускіх даследчыкаў.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика