Памяць пра Вялікую Айчынную вайну з лакальнай перспектывы (1944-1965)

Прэзэнтуем вашай увазе прэс-рэліз міжнароднага навуковага даследчага праекту, які будзе ажыццяўляцца пры ўдзеле Інстытута “Палітычная сфера”.

Другая сусветная вайна стала самай значнай падзеяй у гісторыі ХХ стагоддзя – эпахальнай, трагічнай, крывавай, яна радыкальным чынам змяніла ўяўленні пра чалавека і канфігурацыю сусветных сіл. У Савецкім Саюзе яна стала называцца Вялікай Айчыннай вайной, і дагэтуль у большасці незалежных рэспублік, якія ўтварыліся пасля распаду камуністычнай звышдзяржавы, гэта падзея ўспамінаецца менавіта так, як было заведзена ў савецкі час.

Здавалася б, так было і так будзе заўжды.

Але гістарычная памяць грамадства заўсёды фармуецца, змяняецца і вызначаецца плынню часу, дзяржаўнай палітыкай, успамінамі людзей.

У першыя паваенныя гады вайна не была далёкай падзеяй, пра які найлепшае ўяўленне можна атрымаць па мастацкіх фільмах. Горыч ад страт, цяжкі паваенны побыт, цяжкасці ўладкавання франтавікоў, тым больш інвалідаў вайны…

Трэба было ствараць памяць пра вайну, якая б аб’ядноўвала грамадства, дапамагала вырашаць канфлікты і спрыяла росту міжнароднага прэстыжу савецкай дзяржавы. А ў цяжкіх і крывавых перыпетыях ваенных гадоў было мноства тэм, якія было вельмі цяжка ўключыць у афіцыйны камуністычны канон: знішчэнне на акупаваных землях габрэйскага насельніцтва, сам досвед акупацыі часткі савецкай тэрыторыі, лёс ваеннапалонных, калабарацыя, нацыяналістычны супраціў.

Таму памяць пра вайну была цяжкай і праблематычнай – як для простых людзей, якія прайшлі праз нягоды і страты блізкіх, так і для ўлад. У брэжнеўскі час сфармаваўся манументальны і гераічны вобраз вайны – але для гэтага трэба было прайсці доўгі і цярністы шлях, пераадолець цяжкасці ў трактоўцы спрэчных момантаў і выпрацаваць агульнапрынятую і зручную мову разумення мінулага.

Менавіта пытанні фармавання і ўсталяванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну ў першыя паваенныя дзесяцігоддзі ляглі ў аснову даследавання, у якое залучаны даследнікі з трох краін – Аляксей Ластоўскі (Беларусь), Ірына Склокіна (Украіна), Раман Хандожка (Расія). Даследаванне ажыццяўляецца ў рамках праекта “Гістарычная майстэрня Еўропа” пры падтрымцы фонда “Памяць, адказнасць, будучыня”

Тры навукоўцы і тры гарады – Гародня, Харкаў і Растоў-на-Доне. Тры буйных абласных цэнтры, са сваёй багатай гісторыяй і культурай, адметнымі асаблівасцямі і… ўласным досведам ваеннага часу. Зрэшты, усе тры гарады аб’ядноўвае і тое, што падчас вайны яны былі акупаваны нямецкімі войскамі, хоць перыяд акупацыі доўжыўся розны час.

Мы часта думаем пра Савецкі Саюз як дзяржаву, дзе ўсё было маналітным і аднолькавым – ад адзежы і “Жыгулёўскага” піва да рускай мовы і камуністычнай ідэалогіі. Але калі прыгледзецца ўважліва, то за ўяўнай аднастайнасцю хаваецца мноства разнастайных варыянтаў увасаблення адзінай палітыкі, абумоўленых лакальнай спецыфікай, інтарэсамі мясцовай улады, становішчам рэгіёнаў і рэспублік у агульнасавецкай сістэме. Так і памяць пра вайну, асноўныя рамкі якой вызначаліся ў Маскве, на месцах мела свае адрозненні. Самы яркі прыклад – Беларусь, якая стала “партызанскай рэспублікай”, больш ніводная з рэспублік СССР не атрымала такога ганаровага статусу.

Таму і ў рамках дадзенага даследавання плануецца выявіць як агульную канву фармавання памяці пра вайну, якую можна было б прызнаць універсальнай для ўсяго Савецкага Саюзу, так і тыя адметныя рысы, якія можна было б прызнаць асаблівасцямі савецкіх рэспублік. Але таксама і асаблівасцямі саміх гарадоў – Гародні, Харкава і Растова-на-Доне.

Гісторыя кожнага з гэтых гарадоў добра апісана, тут працуе мноства выдатных гісторыкаў і краязнаўцаў, але даследаванні гарадской гісторыі маюць свае абмежаванні. У рамках будучага даследавання будзе выкарыстоўвацца агульная метадалогія для вывучэння трох гарадоў, што дазволіць правесці параўнанне, вылучыць унікальнае і агульнае. Назвы вуліц і пляцаў, газетныя публікацыі, музейныя экспазіцыі – усе гэтыя сродкі фармавання памяці пра вайну будуць вывучацца і параўноўвацца.

У кастрычніку 2012 года ў Гародні, Харкаве, Растове-на-Доне пройдуць прэзентацыі, дзе можна будзе азнаёміцца з вынікамі даследавання, задаць свае пытанні і паўдзельнічаць у абмеркаванні.

Калі ж у вас цяпер ёсць пытанні, пажаданні і рэкамендацыі, каштоўная інфармацыя, то можаце смела пісаць удзельнікам даследавання:

Аляксей Ластоўскі (Беларусь), [email protected]

Ірына Склокіна (Украіна), [email protected]

Раман Хандожка(Расія), [email protected]

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...