Грамадзянская супольнасць у Беларусі: на шляху да актыўнай дэмакратыі

Ніхто не будзе спрачацца з тым, што Беларусь знаходзіцца зараз у цяжкім стане. Відавочна, сістэмны крызіс мае як крыніцы, так і наступствы ў стане грамадзянскай супольнасці. Самы элементарны крок пры аналізе сітуацыі – гэта звесці грамадзянскую супольнасць да сукупнасці недзяржаўных арганізацый, і ў чарговы раз паўтарыць звыклую рыторыку: ціск аўтарытарнага рэжыму, недахоп рэсурсаў і г.д. Але мае сэнс усё ж пашырыць рамкі разумення грамадзянскай супольнасці і ўключыць іншыя аспекты, як то пазітыўныя нормы і каштоўнасці супрацы і актывізму, а таксама наяўнасць публічнай сферы.

У такім пашыраным разуменні асноўныя цяжкасці для развіцця грамадзянскай супольнасці вынікаюць са значна больш глыбокіх і гістарычна ды сацыяльна ўгрунтаваных перадумоў.

Найперш, гэта стан сацыяльнага капіталу, які апроч усяго патрабуе і адпаведных навыкаў па фармаванню асацыяцый і адстойванню грамадзянскага этасу. На вялікі жаль, зараз на Беларусі мы маем справу з вельмі моцна атамізаваным грамадствам, дзе амаль цалкам разарваныя гарызантальныя сувязі, а давер мае вельмі моцна абмежаваную сферу выкарыстання (пераважна, у межах сям’і). Гістарычна склалася, што эліты, якія ў раннемадэрны час выступалі як асноўныя носьбіты грамадзянскіх каштоўнасцей, былі паланізаванымі і ў значнай ступені выключанымі з працэсаў фармавання беларускай нацыі. Гэта вымушае працаваць ад самага базісу – ад пачатковых ведаў і формаў супольнай працы, ад адраджэння лакальных супольнасцей і дабраахвотных асацыяцый.

Беларусь, якую мы зараз маем – гэта ў найбольшай ступені рэзультат камуністычнага эксперыменту са знішчанымі традыцыямі гарадской культуры і палітычнай самаарганізацыі. Уплыў савецкай спадчыны адчуваецца і не толькі на ўзроўні масавай свядомасці: праграмаванне і кантроль грамадзянскай супольнасці з боку дзяржавы, як тое адбывалася ў СССР, па-ранейшаму працягваецца і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Таму тое, што ў вонкавым разуменні паўстае як “грамадзянская супольнасць” – вельмі часта з’яўляецца штучным артэфактам, створаным уладнымі органамі. Гэта патрабуе пастаянных працэдур апазнавання і размежавання, аддзялення збожжа ад пустазелля.

Ужо ўзніклым формам арганізацыі да таго ж даводзіцца балансаваць паміж салідарнасцю і разнастайнасцю. Грамадзянская супольнасць мусіць рэпрэзэнтаваць увесь комплекс розных інтарэсаў і каштоўнасцей, групавых ідэнтычнасцей і сацыяльных рухаў. Ніводнае грамадства (у тым ліку і беларускае) не з’яўляецца гамагенным, яно не можа існаваць і развівацца без канфліктаў – але таксама і без працэдур іх вырашэння. Толькі вось той падвышаны ціск з боку беларускай дзяржавы, які і сапраўды існуе, вымушае да надзвычайнай ступені салідарнасці. І ў гэтым плане якраз існуе добры прыклад: Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці. І нас не павінны палохаць канфлікты і барацьба, якія там разгортваюцца, бо было б несправядліва і цынічна патрабаваць адзінадумства ад таго, што павінна якраз існаваць як месца для артыкуляцыі супярэчлівых інтарэсаў.

Парушаныя на працягу стагоддзяў сацыяльныя сувязі ў выніку мэтанакіраванай палітыкі Расійскай імперыі, а потым і СССР, ды памкненне беларускай улады да максімальнага кантролю над усім жыццём грамадства стварае ўмовы для гіператрафіраванай залежнасці ад знешняй падтрымкі. Мова ідзе не толькі пра абмежаваныя фінансавыя рэсурсы, гэта паўбяды. Фактычна грамадзянская супольнасць становіцца залежнай ад тых мэтаў і задачаў, якія ставяцца донарамі (натуральна, з вельмі абмежаваным разуменнем сітуацыі ў Беларусі). Часта значны сегмент грамадзянскай супольнасці не толькі падладжваецца пад рыторыку эўрапейскіх бюракратычных структур, але і папросту фармальна выконвае падрыхтаваныя звонку рэцэпты. Гэта вымушае тых, каго такая сітуацыя не задавальняе (а іх, на шчасце, таксама шмат), пастаянна змагацца за адстойванне ўласных інтарэсаў і візій дзейнасці, якія былі б сапраўды аўтэнтычнымі і кантэкстуалізаванымі.

Фарміруецца яшчэ адна вельмі небяспечная тэндэнцыя – палітызацыі грамадзянскай супольнасці. На вялікі жаль, яна вельмі часта ўспрымаецца выключна ў рэдукаванай версіі – як інструмент “змагання з аўтарытарным рэжымам”. Гэта ў значнай ступені абумоўлівае і сітуацыю з размеркаваннем рэсурсаў, а ў выніку вядзе да абвастрэння канфрантацыі з дзяржаўнымі органамі. Аднак, забываецца, што пры непазбежнай уключанасці грамадзянскай супольнасці ў актуальныя палітычныя працэсы, у ідэале яна мусіць быць трансцэндэнтнай у дачыненні да палітыкі. Ракіроўка ўладных персаналій мала што зменіць ў Беларусі, калі грамадства не будзе гатовым да актыўнай дэмакратыі, не будзе мець адпаведных каштоўнасцей і нормаў.

Пералічаныя вышэй формы інтэлектуальнай і арганізацыйнай залежнасці вынікаюць з недастатковага ўнутранага прадумвання і асэнсавання беларускай сітуацыі. Што такое Беларусь у Эўропе, што такое дэмакратыя ў Беларусі – гэта надзвычай складаныя пытанні, і спасылкі на працы эўрапейскіх мысляроў і дакументы еўраструктур наўрад ці можна лічыць задаваляльным адказам. Нездарма ўжо з дзесятак год у Беларусі віруе ідэя стварэння нацыянальнага ўніверсітэта, які б стаў сапраўднай пляцоўкай для развіцця публічнай сферы і інтэлектуальнай дзейнасці. У апошнія гады відавочны і істотны прагрэс у гэтым накірунку – я маю на ўвазе стварэнне Лятучага ўніверсітэта, які мае сур’ёзны патэнцыял для ператварэння ў асяродак рэфлексіі і праграмавання развіцця Беларусі. Эўропа і сама мае патрэбу ў крытычнай рэфлексіі не толькі ў сваім цэнтры, але і на франціры – дзе канвенцыйныя каштоўнасці і рэцэпты дзейнасці праходзяць праверку боем.

Звонку можа падацца, што Беларусь закансервавалася ў стане “апошняй дыктатуры ў Эўропе”, але гэта вельмі павярхоўны погляд. Тут ідзе цяжкая арганічная праца з боку грамадзянскай супольнасці, якая ўжо мае свае пазітыўныя наступствы. З боку Эўропы патрабуецца не столькі больш грошай, колькі жадання зразумець і ўспрыняць спецыфічнасць беларускага досведу.

Гэта аўтарская рэдакцыя артыкула, які ўпершыню быў апублікаваны на славацкай мове: Občianska spoločnosť sa v Bielorusku musi pripraviť na aktivnu demokraciu a na zdieľanie potrebnych hodnot // Pontis Newsletter. 2012. #1.

Аляксей Ластоўскі

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...