Інтэрв’ю Андрэя Казакевіча парталу “Новая Еўропа”

Андрэй Казакевіч: Беларускім навукоўцам трэба «гуляць на павышэнне»

Сёлета ўвосень адбудзецца ІІ Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Пра вынікі першага кангрэсу і стан гуманітарнай веды распавядае арганізатар форуму, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Сёлета ўвосень адбудзецца ІІ Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Пра вынікі першага кангрэсу і стан гуманітарнай веды гутараць з арганізатарам форуму, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам рэдактары «Новай Еўропы» Вольга Шпарага і Аляксей Братачкін.

Пасля першага кангрэсу зрабіліся відавочнымі асноўныя праблемы беларускай навукі

Вольга Шпарага: Летась у Каўнасе прайшоў І Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Што можна сказаць у цэлым пра сацыягуманітарную веду ў Беларусі і асноўныя трэнды яе развіцця?

Андрэй Казакевіч: Казаць пра цэласную карціну, напэўна, складана, хаця сам па сабе кангрэс выявіў даволі шмат цікавых тэндэнцыяў і дазваляе ацаніць стан сацыяльных і гуманітарных дысцыплін у нашай краіне. Калі казаць пра тэндэнцыі, то найперш заўважная ізаляванасць беларускай акадэмічнай супольнасці, яе дастаткова нізкая інтэграванасць у міжнародны кантэкст.

Відавочных праяваў ізаляванасці шмат. Напрыклад, нізкае валоданне замежнымі мовамі. Гэта добра адчувалася падчас працы ў шэрагу секцыяў на мінулым кангрэсе. Акрамя гэтага, недастатковае разуменне працэсаў і стандартаў нават суседніх краін: Літвы, Польшчы. І самае галоўнае – неразуменне, грэбаванне або свядомае адмаўленне міжнародных стандартаў акадэмічнае і даследчае дзейнасці. Відавочна, гэта ёсць праблемай, якую так ці інакш давядзецца вырашаць.

Аляксей Братачкін: Але ж пэўны дыялог падчас кангрэсу адбыўся – паміж беларусамі і замежнымі навукоўцамі, якія займаюцца даследаваннямі Беларусі? Ці можна гаварыць пра існаванне «беларусістыкі» і за межамі Беларусі

А.К.: Дыялог сапраўды адбыўся. Тыя, хто займаецца Беларуссю ў замежжы, – людзі больш-менш вядомыя. Яны зацікаўленыя ў тым, каб друкавацца ў Беларусі, падтрымліваць акадэмічныя кантакты. Іх ідэі і дасягненні збольшага вядомыя нашым даследчыкам. Ізаляцыя, пра якую я казаў вышэй, – гэта не столькі адсутнасць камунікацыі, але яе значнае скажэнне. Напрыклад да гэтага чаму застаецца праблема статусаў і стэрэатыпаў: «вышэйшасць» знешняга і «ніжэйшасць» мясцовага. Гэта асобная складаная тэма.

Наконт другой часткі пытання, то я б увогуле адыходзіў ад панятку «беларусістыка». У значнай ступені ён выглядае састарэлым, занадта «этнацэнтрычным» (з усімі перавагамі і недахопамі такога падыходу). Мне падаецца, што Беларусь-як-даследчая-праблема мусіць усё больш уключацца ў параўнальную перспектыву рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню. Таму ўласна і назва – «Кангрэс даследчыкаў Беларусі», а не «Кангрэс беларусістаў». Панятак беларусістыкі і беларускіх даследаванняў патрабуе пераасэнсавання ў новых умовах.

А.Б.: Своеасаблівую «ізаляцыю» беларускай веды можна пераадолець?

А.К.: Адзін з механізмаў вырашэння праблемы, як і ў іншых краінах, – гэта змена правілаў гульні і размеркавання статусаў у акадэмічнай супольнасці, а таксама інтэграцыя ў рэгіянальныя і міжнародныя праграмы і праекты. Гэта не будзе простым. Магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва для беларускіх даследчыкаў з розных прычынаў істотна абмежаваныя. Адносна нізкі знешні імідж беларускай сацыяльнай і гуманітарнай навукі (апраўданы ці не – гэта іншае пытанне), знешнепалітычная ізаляцыя краіны (і, як вынік, выключэнне ці абмежаванне ўдзелу ў асобных праграмах), недастатковае валоданне мовамі, нізкая мабільнасць, востры дэфіцыт прызнаных акадэмічных «зорак» і г. д. – гэта толькі некаторыя, найбольш відавочныя праблемы. Беларускім навукоўцам усё ж трэба «гуляць на павышэнне».

Чытаць цалкам>>>

Check Also

17.05 – Прэзентацыя кнігі Томаша Блашчака “Беларусы ў Літоўскай рэспубліцы. 1918-1940” (Арт-сядзіба, 20.00)

У межах VІI-й Мінскай канферэнцыі Інстытута “Палітычная сфера “Нацыянальны суверэнітэт (1918-2018): ідэя і палітычная практыка”  адбудзецца прэзентацыя ...

Яндекс.Метрика