Другі Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі – 28-30 верасня, 2012. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 чэрвеня 2012 года

Галоўная акадэмічная падзея года:

Другі Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі

28-30 верасня, 2012  

Паважанае спадарства,

Кансорцыум беларускіх і літоўскіх арганізацый пад эгідай Універсітэта Вітаўта Вялікага (Літва) і Інстытута “Палітычная сфера” (Беларусь) аб’яўляе пра збор індывідуальных заявак для ўдзелу ў Другім Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які мае адбыцца 28-30 верасня 2012 года (Коўна, Літва).

У мерапрыемстве плануецца ўдзел каля двухсот спецыялістаў з розных краін свету, якія займаюцца даследаваннем Беларусі і рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Кангрэс прадугледжвае ўдзел даследчыкаў у галінах сацыяльных і гуманітарных навук. Акрамя гэтага ў межах Кангрэса плануецца абмеркаванне праблем рэгіянальнага развіцця, стасункаў Беларусі з іншымі краінамі і арганізацыя актуальных навуковых і грамадскіх дыскусій. Папярэднюю тэматычную структуру Кангрэса і дысцыплінарныя прыярытэты глядзіце ніжэй.

Больш падрабязную інфармацыю пра канцэпцыю, арганізатараў і партнёраў можна знайсці на вэб-сайце Кангрэса: www.icbs.lt.

Асноўнымі працоўнымі мовамі Кангрэса з’яўляюцца: беларуская, англійская (на гэтыя мовы будзе ажыццяўляцца сінхронны пераклад пленарных і сумесных пасяджэнняў). Дадатковымі мовамі камунікацыі з’яўляюцца: руская, польская і літоўская. Дакладчыкі могуць прадстаўляць тэзісы і рабіць даклады на беларускай, англійскай, літоўскай, польскай і рускай мовах.

Удзельнікі Кангрэса будуць мець магчымасць надрукаваць матэрыялы сваіх выступаў у выглядзе тэзісаў альбо асобных артыкулаў.

Для ўдзелу ў Кангрэсе неабходна:

1) Запоўніць анкету: http://palityka.org/machform/view.php?id=10

2) Запампаваць тэзісы выступу – да 400 слоў на любой працоўнай мове.

3) Пры патрэбе ў кампенсацыі выдаткаў на транспарт і пражыванне – запоўніць адпаведныя формы.

Усе дадатковыя пытанні і інфармацыю дасылайце, калі ласка, на адрас: [email protected].

Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 чэрвеня 2012 года.

Арганізатары і партнёры Кангрэса: Універсітэт Вітаўта Вялікага (Літва), Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Беларусь), Інстытут Вялікага княства Літоўскага (Літва), Міжнародны Кансорцыум “ЕўраБеларусь” (Беларусь), Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (Беларусь), Інтэрнэт-часопіс “Новая Еўропа” (Беларусь), Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы пры Варшаўскім Універсітэце (Польшча), Агенцыя гуманітарных тэхналогій (Беларусь), Цэнтр сацыяльных інавацый (Беларусь), Сайт экспертнай супольнасці “Наше мнение” (Беларусь), Няўрадавая арганізацыя “Цэнтр усходняй палітыкі” (Літва), Часопіс “Arche” (Беларусь), Інтэрнэт-часопіс “BelarusDigest” (Вялікабрытанія).

  

Паварот да Беларусі: ідэі, метады, канцэпцыі.

Папярэдняя тэматычная структура Кангрэса

 (на аснове ўхваленых калектыўных заявак і прапаноў)

Гісторыя:

(сацыяльная гісторыя, палітычная гісторыя, эканамічная гісторыя) 

1. Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, сістэма кіравання, заканадаўства, міжнародныя стасункі.

2. Lingua i natio: праблема этнічнасці ў Сярэднявеччы і Раннім Новым часе (казус Вялікага Княства Літоўскага).

3. Мадэрнізацыя, індустрыялізацыя і палітычныя пераўтварэнні: Беларусь ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Гуманістыка:

(даследаванне мастацтва, літаратуры, багаслоўскай думкі, біблеістыка)

4. Сучасная беларуская культура: арт-рынак, арт-менеджмент і арт-практыкі.

5. Сучаснае беларускае мастацтва: дыскурс, тэорыя, практыка.

6. Беларускі кінематограф: рэінтэрпрэтацыі “савецкага” і праблемы постсавецкага перыяду.

7. Беларуская літаратура: пераклад, выданне, даследаванне.

8. Беларуская Біблія: праблемы і перспектывы навуковага перакладу.

9. Багаслоўская думка: гістарычны і сацыяльны кантэкст, даследчая праблематыка і перспектывы развіцця.

Сацыяльныя дысцыпліны:

(палітычная навука, палітэканомія, міжнародныя адносіны, еўрапейскія даследаванні) 

10. Інстытуты беларускай палітыкі, 1990-2012.

11. Беларусь у сістэме міжнародных адносін і двухбаковых стасункаў.

12. Еўрапейскія даследаванні ў беларускім кантэксце.

13. Беларусь: выклікі эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі.

Эканоміка:  

14. Праблемы трансфармацыі эканомікі Беларусі.

Міждысцыплінарныя накірункі:

(палітыка памяці, сучасная гісторыя, сацыяльная і палітычная тэорыя, урбаністыка, рэлігіязнаўства, гендэрныя даследаванні)

15. Разнастайнасці (пост)камунізму ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе.

16. Сацыяльная і гуманітарная веда: змена даследчых парадыгм.

17. Горад, урбанізацыя, гараджане: мінулае і сучаснасць (гістарычная урбаністыка).

18. Беларускае рэлігіязнаўства: вынікі дваццацігадовай гісторыі і перспектывы развіцця.

19. Гендэрныя палітыкі і практыкі ў Беларусі.

20. Асэнсаванне досведу гендэрных даследаванняў у Беларусі: паміж лакальнай ведай і “гендэрным канонам”.

Накірункі, арыентаваныя на практычныя праблемы:

21. Рэфармаванне беларускай сістэмы адукацыі: практыка і канцэптуальнае забеспячэнне.

22. Даследаванні грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...