Мінулае ў кіпцюрах палітыкі: паміж «чыстай навукай» і русіфікацыяй

Баженова, Анна (2014). Историки Императорского Варшавского университета 1869-1915: просвещение, наука, политика. Люблин: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 408 с.

Агляд падрыхтаваў Андрэй Ціхаміраў

 

Мінулае адукацыйных установаў з’яўляецца не толькі прадметам зацікаўленасці спецыялістаў па гісторыі асветы. Розныя тыпы гэтых установаў – ад пачатковых школаў да універсітэтаў – гэта своеасаблівыя люстэркі кожнай эпохі. У 2016 годзе святкуецца 200-годдзе Варшаўскага універсітэта, які не толькі паўплываў на польскія землі ў ХІХ-ХХ ст., але таксама быў важным адукацыйным і культурным асяродкам для беларускіх, украінскіх і літоўскіх губерняў у перыяд Расійскай імперыі.

 

Кніга Ганны Бажэнавай, украінскай даследчыцы, якая працуе ў Польшчы, звяртае ўвагу чытачоў на працу гісторыкаў Варшаўскага універсітэта ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Польская гістарыяграфія доўгі час практычна не даследавала гэты перыяд развіцця універсітэта, лічачы яго “страчаным” для польскай гістарычнай навукі. Толькі ў апошнія гады “царскі перыяд” стаўся прадметам уважлівага вывучэння і пераасэнсавання сярод польскіх навукоўцаў (Schiller, 2008). Таксама расійская гістарыяграфія за апошнія дзесяцігоддзі зрабіла вялікі крок у гэтым накірунку (Лаптева, 2005).

 

Праца Ганны Бажэнавай складаецца з уводзінаў, трох вялікіх раздзелаў, высноваў і прадмовы праф. Міраслава Філіповіча. Аўтарка выкарыстала вялікі корпус друкаваных і архіўных крыніцаў са сховішчаў Польшчы, Расіі і Украіны і ўлічыла не менш аб’ёмную літаратуру прадмета. Важна таксама і тое, што аўтарка намагалася пераасэнсаваць працу Імператарскага Варшаўскага універсітэта (ІВУ) з улікам розных гістарыяграфічных традыцыяў і старалася сканцэнтравацца перадусім на навучальным і навуковым працэсе. Пры заснаванні ІВУ расійскія ўлады ставілі русіфікацыйныя мэты на першы план, але не гледзячы на гэта універсітэт выконваў не толькі гэтыя задачы і не заўсёды быў толькі правадніком выключна русіфікатарскіх ідэяў.

 

Аўтарка вельмі ўважліва прасачыла біяграфіі гісторыкаў, якія працавалі ў ІВУ і дакранулася да дэталяў кожнай асабістай гісторыі. Выкарыстанне ў кнізе багатага візуальнага матэрыялу (галоўным чынам партрэтаў і фотаздымкаў выкладчыкаў) не толькі ўзбагаціла кнігу, але дазваляе чытачу ўявіць апісаныя постаці, а таксама паглядзець на іх праз стагоддзе. Выкарыстанне візуальных крыніцаў робіць кнігу вельмі прываблівай, а працу выдавецтва на эстэтычнаму афармленню можна смела назваць узорнай.

 

Міраслаў Філіповіч ў прадмове зазначыў складанасць польска-расійскіх адносінаў і своеасаблівы сімвалізм таго, што аўтаркай гэтай кнігі з’яўляецца украінка, а сама кніга выходзіць у 2014 годзе. Я б да гэтага таксама дадаў і тое, што гісторыя ІВУ тычыцца не толькі польска-расійскіх адносінаў. Сярод вучоных універсітэта былі ўраджэнцы ўсіх тагачасных «заходніх губерняў», таму яго гісторыя, цесна звязаная з украінскімі і беларускімі землямі.

 

Ва ўводзінах апісваюцца галоўныя этапы фармавання Варшаўскага універсітэта – адкрыцця ў 1816 годзе імператарам Аляксандрам І, закрыццё ў 1831 годзе Мікалаем І, аднаўленне ў 1862 г. Аляксандрам ІІ, пераўтварэнне ў 1869 годзе ў расійскамоўную ўстанову. Таксама вельмі падрабязна разгледжана гістарыяграфія пытання і корпус крыніцаў.

 

Першы раздзел “Імператарскі Варшаўскі універсітэт: свой – для расійцаў, чужы – для палякаў” складаецца з двух параграфаў, у першым з якіх прасочваецца гісторыя стварэння ІВУ на фоне расійскага акадэмічнага асяродка. Аўтарка не толькі падрабязна разглядае ўмовы дзейнасці універсітэта ў 1862-1869 гадах (пад назвай Галоўнай школы (Szkoła Główna), але таксама звяртаецца да праблемаў азначэння працэсаў русіфікацыі. Таксама прасочваюцца этапы развіцця ІВУ з 1869 года і адрозненні яго ад іншых універсітэтаў Расійскай імперыі. Варта таксама звярнуць увагу на апісанне байкоту універсітэта польскімі студэнтамі падчас рэвалюцыі 1905 года і закрыццё ІВУ, дыскусіі пасля 1907 года пра яго будучыню (прапановы паланізацыі ці нават пераводу ў іншыя гарады). Аўтарка не абмінула працэс эвакуацыі 1914 года і аднаўленне ІВУ ў Растове-на-Доне ў 1915 годзе.

 

Другі параграф радзела прысвечаны структуры гісторыка-філалагічнага факультэта. Г. Бажэнава звяртае ўвагу на адрозненні ў структуры факультэта ў параўнанні з іншымі універсітэтамі імперыі, напрыклад, адсутнасць асобнай кафедры гісторыі Польшчы (што між іншым прапаноўвалася нават расійскімі гісторыкамі). Таксама аўтарка прааналізавала этнічны склад прафесуры і студэнтаў ІВУ. Варта адзначыць, што не гледзячы на вялікую колькасць выкладчыкаў частыя кадравыя змены былі самай вялікай праблемай факультэту.

 

Другі раздзел кнігі – “Гісторыкі ІВУ: выкладанне дысцыпліны” складаецца з чатырох параграфаў. Першы параграф – “Прасапаграфічны партрэт” напэўна быў дастаткова складаным для напісання. Аўтарка звяртае ўвагу не толькі на асабовы склад двух кафедраў (расійскай гісторыі і ўсеагульнай гісторыі), але таксама піша пра выкладчыкаў іншых кафедраў (галоўным чынам юрыдычнага факультэта і філалагічнага аддзялення), якія працавалі на гістарычным аддзяленні па сумяшчальніцтве ці выкладалі гістарычныя дысцыпліны на іншых кафедрах.

 

Аўтарка азначыла такія моманты як перыяд службы ва ўніверсітэце, палітычную арыентацыю, структуру кафедраў, рэдкасць прыват-дацэнтаў ва ІВУ ў адрозненні ад іншых імперскіх універсітэтаў. Г. Бажэнава таксама падкрэсліла, што большасць выкладчыкаў факультэта была праваслаўнага веравызнання, паходзіла з “паўднёва-заходніх” (украінскіх) губерняў і была выпускнікамі кіеўскага універсітэта св. Уладзіміра і пецярбургскіх вышэйшых школаў. ІВУ прыцягваў выкладчыкаў перадусім блізкасцю да мяжы і магчымасцю хуткай акадэмічнай кар’еры, а таксама шэрагам сацыяльных прывілеяў (напрыклад, выхад на пенсію), непасрэдна звязаных з палітыкай русіфікацыі.

 

Другі параграф гэтага раздзела прысвечаны навучальным праграмам гістарычнага аддзялення. Цікава, што структура навучальнага працэсу ў ІВУ не адрознівалася ад Галоўнай школы. Таксама падрабязна пералічваюцца прадметы розных курсаў, сярод іх таксама такія як “Гісторыя Заходняй Расіі і Вялікага княства Літоўскага” (у розныя перыяды), што напэўна павінна звярнуць увагу іншых даследчыкаў.

 

Трэці параграф “Выкладанне на кафедрах расійскай і ўсеагульнай гісторыі: ад праграмаў да практыкі” звяртае ўвагу на практычны бок выкладання. Сярод выкладчыкаў таксама згадваюцца тыя, хто выкладаў розныя курсы па гісторыі ВКЛ і “Заходняй Расіі”: напрыклад, першы прафесар кафедры расійскай гісторыі Адрыян Капылоў (выкладаў адпаведны курс ў 1870/1871 навучальным годзе), Мікалай Барсаў (чытаў шэраг курсаў па гэтай тэме ў 1870-1880-я гады), Іван Філевіч (у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.). З Іванам Філевічам і шэрагам іншых прафесараў (у тым ліку Яўхімам Карскім) быў звязаны байкот лекцыяў студэнтамі ў 1897 г. пасля таго, як прафесары падпісалі вітальную тэлеграму на адкрыццё помніка графа М. Мураўёва ў Вільні. Таксама падрабязна разглядаецца выкладчыцкая дзейнасць на кафедры ўсеагульнай гісторыі, дзе працавалі Юзаф Кавалеўскі (выдатны арыенталіст і ўраджэнец Вялікай Бераставіцы ў сённяшняй Гродзенскай вобласці), Адольф Павінскі, Мікалай Карэеў і шэраг іншых.

 

Чацвёрты параграф раздзела «Гістарычныя дысцыпліны на іншых кафедрах» прысвечаны актыўнаму супрацоўніцтву гісторыкаў з прадстаўнікамі філалагічнага аддзялення і юрыдычнага факультэта. Гістарычныя даследаванні праводзіліся на кафедрах грэчаскай, рымскай славеснасці, славянскай філалогіі, параўнальнай граматыкі славянскіх і іншых роднасных моваў. Гісторыя антычнасці актыўна вывучалася на адпаведных кафедрах (сярод навукоўцаў варта вылучыць Яна Вольфрама, Ігнацыя Касовіча, Оскара Базінэра), славянская гісторыя – супрацоўнікамі кафедры славянскай філалогіі (Вікенцій Макушаў, Уладзімір Францаў, Аляксандр Пагодзін). Важным адрозненнем ІВУ ад іншых універсітэтаў было і тое, што толькі там з 1884 года існавала асобная кафедра гісторыі славянскіх заканадаўстваў (хаця згодна з універсітэцкім статутам яна павінна была быць у кожным універсітэце). Супрацоўнік гэтай кафедры Іанікій Маліноўскі таксама выкладаў курс “Гісторыі Заходняй Русі”.

 

Трэці раздзел “Навукова-даследчая дзейнасць гісторыкаў ІВУ” (самая вялікая частка кнігі па аб’ёме) складаецца з пяці параграфаў. Першы параграф распавядае пра росквіт расійскай гістарыяграфіі ў другой палове ХІХ ст. на фоне ліберальных рэформаў Аляксандра ІІ. Аўтарка таксама падкрэслівае спецыфіку ІВУ і разглядае праблему ягонай “другаснасці” сярод іншых універсітэтаў імперыі, паказвае развіццё навуковых таварыстваў у Варшаве і элементы супрацоўніцтва паміж расійскімі і польскімі навукоўцамі.

 

У другім параграфе “Гісторыя Расіі ў працах варшаўскіх вучоных” падрабязна разглядаюцца навуковыя дасягненні і акадэмічная кар’ера гісторыкаў не толькі адпаведнай кафедры, а таксама іншых структурных аддзелаў універсітэта. Аўтарка звярнула ўвагу не толькі на вышэй згаданых Мікалая Барсава і Івана Філевіча, а таксама на Рыгора Пісарэўскага, Дзмітрыя Цвятаева, Івана Казлоўскага ці Дзмітрыя Самаквасава. Фёдар Леантовіч зрабіў бліскучую кар’еру ў ІВУ перадусім як гісторык права ВКЛ і выдаўца першага тому Літоўскай Метрыкі, а ягоны вучань Фёдар Тараноўскі займаўся гісторыяй магдэбургскага права гарадоў ВКЛ.

 

Трэці параграф “Працы па гісторыі Польшчы” тычыцца таксама даследаванняў па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай у розныя перыяды. Аўтарка падкрэслівае канфліктны характар польска-расійскіх адносінаў, на якія паўплывалі паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гадоў і тое, што ў другой палове ХІХ ст. склалася стабільная нарацыя пра польскую гісторыю ў расійскай гістарыяграфіі. Гэтая нарацыя значна ўплывала на тагачасную рэчаіснасць і на палітычную практыку ў дачыненні да “Прывіслінскага краю” і “заходніх губерняў”.

 

Важнай тэмай даследавання ў ІВУ была Рэфармацыя ў Польшчы, крызіс і падзелы Рэчы Паспалітай ў канцы XVIII ст., гісторыя польскай літаратуры ХІХ ст. Найбольш яскравай постаццю быў Мікалай Карэеў (працаваў у ІВУ з 1879 па 1885 год), які большасць працаў па польскай праблематыцы напісаў у Варшаве, вывучыў польскую мову і выказваў ліберальныя погляды на “польскае пытанне”. Апрача вельмі падрабязнага аналізу поглядаў Карэева, аўтарка звяртаецца да працаў прадстаўнікоў выразна антыпольскага “лагеру” – Вікенція Макушава, Платона Кулакоўскага, Івана Філевіча, Антона Будзіловіча, падкрэсліваючы тое, што яны былі ўраджэнцамі “заходніх губерняў” і нават мелі польскае паходжанне. Сярод выразных прыхільнікаў расійска-польскага паразумення вылучаліся Аляксандр Пагодзін (прафесар кафедры славянскай філалогіі) – даследчык гісторыі ХІХ ст. і Уладзімір Францаў (студэнт, стыпендыянт і прафесар ІВУ), які вывучаў польскае славяназнаўства.

 

Чацвёрты параграф “Даследаванні па ўсеагульнай гісторыі” прысвечаны самым розным аспектам даследавання гісторыі антычнасці, заходнееўрапейскага сярэднявечча і новага часу, а таксама гісторыі славянскіх народаў. Гісторыя антычнасці ў ІВУ апісаная вельмі падрабязна (апрача ўжо згаданых вышэй даследчыкаў Г. Бажэнава звяртаецца да дзейнасці Івана Цвятаева, Сяргея Вехава, Аляксандра Прыдзіка і даследчыка літоўскай міфалогіі Антона Мяржынскага). Сярэднявечча актыўна вывучалі Дзмітрый Петрушэўскі і Мікалай Карэеў, а таксама гісторык англійскага права Васіль Александрэнка.

 

Дастаткова падрабязна апісаныя даследаванні ў галіне гістарычнай славістыкі. Аўтаркай узгадваюцца Вікенцій Макушаў, Канстанцін Грот і Іосіф Первольф (тут заўважны выразны ўплыў працаў расійскай даследчыцы Людмілы Лапцевай). На маю думку менавіта ў гэтым параграфе варта было б дадаць прынамсі невялікі аналіз навуковай дзейнасці Яўхіма Карскага і Антона Будзіловіча падчас іх працы ў ІВУ. Яны не былі ўласна гісторыкамі, але шчыльна займаліся гісторыяй мовы і літаратуры. Яўхім Карскі ўзгадваецца ў працы рэдка, а менавіта ў Варшаве ён напісаў і выдаў першыя тамы “Беларусаў” (Янковяк, 2010). Антону Будзіловічу надаецца крыху больш увагі (Курстак, 2010). Магчыма паўплывала на гэта пэўная цяжкасць доступу да сучасных даследаванняў беларускіх навукоўцаў, а магчыма і апора на расійскую гістарыяграфічную нарацыю, якая выключае беларусістыку і украіністыку з гістарычнай славістыкі і вывучае яе ў межах расійскай гісторыі і філалогіі. Магчыма, што з пункту гледжання гістарызму такі падыход апраўданы, але чаму напрыклад даследаванні гісторыі сербаў апісваюцца ў “замежнай” славістыцы, а гісторыя ВКЛ – у расійскай гісторыі?

 

Пяты параграф “Міжнародныя сувязі” прысвечаны розным формам кантактаў і супрацоўніцтва з замежнымі даследчыкамі і інстытуцыямі. Аўтарка апісвае замежныя камандзіроўкі (перадусім у Нямеччыну, Аўстра-Венгрыю, Швейцарыю, Вялікабрытанію, Францыю і іншыя краіны), удзел у міжнародных кангрэсах і з’ездах гісторыкаў, святкаванні юбілеяў, пераклады замежных аўтараў на расійскую мову.

 

У высновах Г. Бажэнава падкрэслівае спецыфічнасць “расійскага універсітэта” на польскіх землях, вельмі складаны суплёт урадавых інтэнцыяў і рэальных магчымасцей выкладчыцкага калектыву ў справе русіфікацыі і адукацыйнай місіі, і піша, што “жыццё ў Варшаве не змяняла поглядаў на палякаў, а толькі садзейнічала або радыкалізацыі, або лібералізацыі”.

 

Кніга Ганны Бажэнавай несумненна з’яўляецца прыкладам грунтоўнага гістарычнага даследавання. Аўтарка намагалася вывучаць мінулае пазбягаючы спрошчаных ацэнак і ўлічваючы самыя розныя погляды на праблему. Беларускаму чытачу кніга будзе цікавая не толькі таму, што частка навукоўцаў Імператарскага Варшаўскага універсітэта была звязаная з беларускімі землямі ці вывучала гісторыю Вялікага княства Літоўскага, але ў сувязі з праблемай палітычнага выкарыстання адукацыі і суіснавання розных культурных традыцый у адной геаграфічнай прасторы.

 

Літаратура, якая згадвацца ў аглядзе

Курстак, Юрий Иосифович (2010). История славянства в творчестве А. С. Будиловича (1846-1908). Автореф. к.и.н. Гродно.

Лаптева, Людмила Павловна (2005). История славяноведения в России в ХІХ веке. Москва.

Янковяк, Міраслаў (2010). «Прафэсар Яўхім Карскі – рэктар Імпэратарскага Варшаўскага унівэрсытэта», ARCHE, № 4, : 298-308.

Schiller, Joanna (2008). Universitas rossica: koncepcja uniwersytetu rosyjskiego 1863-1917. Warszawa.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...