Збор намінацый для Прэміі Кангрэса за лепшую публікацыю – 2016 (да 15.04.2016)

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра чарговы збор намінацый для Прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, якія былі надрукаваныя ў 2014-2015 гадах.

Прэмія па сацыяльна-палітычных навуках і па гісторыі надаецца пры фінансавай падтрымцы Беларускага дабрачыннага фонда (Лондан), па гуманітарных навуках – пры падтрымцы сям’і Кіпель (ЗША).

Таксама ў 2016 годзе адбудзецца ўзнагароджанне ганаровай Прэміі Кангрэса за лепшую манаграфію на беларускую тэматыку на польскай мове, надрукаваную за апошнія пяць год (2011-2015). Прэмія працягвае запачаткаваную ў 2015 годзе практыку вызначэння лепшых замежных аўтараў, што даследуюць Беларусію

Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковых даследаванняў.

Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.

Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 15 красавіка 2016 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут: premija_rules_2016.pdf.

Урачыстае наданне прэміі адбудзецца на Шостым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 7-9 кастрычніка 2016 года.

Намінацыі:

Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:

Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.

Гуманітарныя навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.

Гісторыя.

З 2014 праводзіцца асобны конкурс для манаграфій і артыкулаў.

З 2014 года Прэмія па гуманітарных навуках аб’ядналася з Прэміяй імя Зоры Кіпель, якая надавалася Паўночнаамерыканскай асацыяцыяй даследчыкаў Беларусі.

Лаўрэаты Прэміі 2013, 2014 і 2015 гадоў

Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.

Працэдура:

Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертных радаў, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін: cпіс экспертаў Прэміі Кангрэса

Для разгляду прымаюцца працы, якія былі надрукаваныя ў 2015 г., а таксама надрукаваныя ў 2014 г., калі гэтыя працы не былі намінаванымі падчас папярэдняга конкурсу. Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным, двума ці некалькімі аўтарамі (у выпадку калектыва аўтараў праца мусіць быць пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).

Ганаровая Прэмія Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшую публікацыю на беларускую тэматыку на польскай мове

У 2016 годзе падчас VI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі адбудзецца і ўзнагароджанне Ганаровай Прэміі Кангрэса за лепшую публікацыю на беларускую тэматыку на польскай мове. Гэта Прэмія працягвае традыцыю, запачаткаваную ў 2015 годзе, вылучэння лепшых беларусазнаўчых публікацый, створаных па-за межамі краіны. У мінулым годзе разглядаліся англамоўныя манаграфіі, і ганаровую Прэмію атрымала Маргарыта Бальмацэда (Margarita Balmaceda) за кнігу “Living the High Life in Minsk. Russian Energy Rents, Domestic Populism and BelarusImpending Crisis(CEU Press, 2014). Такая Прэмія мае мэтай адзначыць як найлепшыя працы, так і прыцягнуць да іх увагу беларускіх даследчыкаў. Дадзеная Прэмія носіць ганаровы характар і не прадугледжвае грашовага ўзнагароджання.

Адным з мацнейшых асяродкаў даследаванняў Беларусі з’яўляецца польская акадэмічная супольнасць, што патрабуе таксама і запачаткавання асобнай Прэміі, дзе будуць разглядацца навуковыя публікацыі на польскай мове. На конкурс у 2016 годзе прымаюцца манаграфіі (кнігі) на польскай мове, апублікаваныя ў 2011-2015 гадах, аўтары якіх не маюць беларускага паходжання і не звязаныя акадэмічнай кар’ерай з Беларуссю. Намінацыі можна дасылаць на адрас [email protected] да 15 красавіка 2016 года.

Экспертная рада створана з выбітных беларускіх даследчыкаў, якія карыстаюцца аўтарытэтам, як у Беларусі, так і ў Польшчы.

Спіс экспертаў

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...