Заснаванне Прэміі Кангрэса за лепшую публікацыю на польскай мове

У 2016 годзе падчас VI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ўпершыню адбудзецца ўзнагароджанне Ганаровай Прэміі Кангрэса за лепшую публікацыю на беларускую тэматыку на польскай мове. Гэта Прэмія працягвае традыцыю, запачаткаваную ў 2015 годзе, вылучэння лепшых беларусазнаўчых публікацый, створаных па-за межамі краіны. У мінулым годзе разглядаліся англамоўныя манаграфіі, і ганаровую Прэмію атрымала Маргарыта Бальмацэда (Margarita Balmaceda) за кнігу “Living the High Life in Minsk. Russian Energy Rents, Domestic Populism and Belarus’ Impending Crisis” (CEU Press, 2014). Такая Прэмія мае мэтай адзначыць як найлепшыя працы, так і прыцягнуць да іх увагу беларускіх даследчыкаў. Дадзеная Прэмія носіць ганаровы характар і не прадугледжвае грашовага ўзнагароджання.

Адным з мацнейшых асяродкаў даследаванняў Беларусі з’яўляецца польская акадэмічная супольнасць, што вымагае таксама і запачаткавання асобнай Прэміі, дзе будуць разглядацца навуковыя публікацыі на польскай мове.

Па словах Андрэя Казакевіча, старшыні Аргкамітэта Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, “Польшча мае развітую сістэму даследаванняў Беларусі. Магчыма лепшую, чым у любой іншай краіне, апроч самой Беларусі. Таму цалкам апраўдана, што пасля ўзнагароджання прэміі Кангрэса за лепшую англамоўную публікацыю ў мінулым годзе, у 2016 годзе эксперты будуць выбіраць лепшую кнігу, што выйшла друкам на польскай мове.

У значнасці польскамоўных прац для вывучэння Беларусі пагаджаецца і Алесь Пашкевіч, рэдактар часопіса “Arche”: Палякі і беларусы знітаваныя стагоддзямі супольнай гісторыі, таму няма нічога дзіўнага, што ў Польшчы, якая славіцца сваёй высокаразвітай гістарыяграфіяй, рэгулярна з’яўляюцца навуковыя даследаванні, непасрэдна звязаныя з Беларуссю і беларусамі. Можна без асаблівай рызыкі памыліцца ўпэўнена сцвярджаць, што менавіта польская мова на сённяшні дзень займае першае месца з усіх замежных моў, на якіх выходзяць манаграфіі і артыкулы на беларускую тэматыку. Прытым першынство гэтае – не толькі па агульнай колькасці выданняў, але і па ступені іх уплыву на сітуацыю з развіццём гістарычнай навукі ў самой Беларусі. Дзеля таго, на маю думку, адмысловая ўвага менавіта да польскамоўных выданняў, якая ўвасобілася ў заснаванні для іх асобнай Прэміі, цалкам апраўданая. І колькасна, і якасна гэтая частка замежнай беларусістыкі заслугоўвае вылучэння ў асобную катэгорыю”.

На конкурс у 2016 годзе прымаюцца манаграфіі (кнігі) на польскай мове, апублікаваныя ў 2011-2015 гадах, аўтары якіх не маюць беларускага паходжання (грамадзянства) і не звязаныя акадэмічнай кар’ерай з Беларуссю. Намінацыі можна дасылаць на адрас [email protected] да 15 красавіка 2016 года.

Экспертная рада створана з выбітных беларускіх даследчыкаў, якія карыстаюцца аўтарытэтам, як у Беларусі, так і ў Польшчы.

Спіс экспертаў

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...