V Канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера”: “Нацыя пад час крызісу” (збор заявак – да 01.03.2016).

V-я Мінская канферэнцыя

Інстытута “Палітычная сфера”

Нацыя пад час крызісу

Нацыянальныя інтарэсы, ідэнтычнасць, нацыянальная ідэя ды гістарычная палітыка ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля 2008 года  

Дата правядзення: 13-14 траўня 2016 года

Заяўкі прымаюцца да 01.03.2016

Нацыі як сацыяльнай супольнасці не аднойчы прадказвалі хуткае знікненне. Адпаведныя прадказанні дыскутуюцца інтэлектуальнымі і палітычнымі асяродкамі не менш за стагоддзе, але пакуль гэтыя дыскусіі мелі вельмі абмежаванае праяўленне ў рэальнасці. Сусветны эканамічны крызіс, што пачаўся ў 2008 годзе, як падаецца, толькі павысіў сацыяльнае значэнне нацыянальных інстытутаў і элементаў культуры. Павышэнне ўвагі да тэмаў “патрыятызму”, “нацыі”, “культуры”, “нацыянальных інтарэсаў” і г.д. можна назіраць ад ЗША да Кітая; адначасова расце значэнне нацыянальных урадаў ды скептычнае стаўленне да праектаў еўрапейскай інтэграцыі. Не абмінаюць гэтыя працэсы і рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (ЦУЕ), значна змяняючы нутраную і знешнюю палітыку асобных краінаў, у тым ліку і Беларусі.

У пэўнай ступені бягучыя працэсы нагадваюць нацыянальнае ды этнічнае адраджэнне 1970-х, якое ахапіла як Захад, так і сацыялістычны блок, ды разгортвалася ва ўмовах эканамічнага спаду пасля буму 1950-х і 1960-х. Так ці інакш, шэраг сукупных фактараў спрыяе павышэнню значэння пытанняў нацыянальнае ідэнтычнасці, нацыянальнага інтарэсу, палітыкі памяці і гісторыі. Значэнне гэтых працэсаў у ЦУЕ яшчэ больш павысіў канфлікт Расіі з Украінай, ЕС і ЗША,  які стварыў новыя пагрозы для бяспекі ўсяго рэгіёну.

Ідэя канферэнцыі палягае ў спробе прааналізаваць развіццё нацыі як культурнай і палітычнай супольнасці пад уплывам эканамічнага крызісу і новых геапалітычных выклікаў. Якім жа чынам эканамічны і геапалітычны крызіс паўплываў на нацыі? Як змяняюцца працэсы нацыянальнага будаўніцтва, ідэнтычнасці, гістарычнай палітыкі і палітыкі памяці? У якім накірунку эвалюцыянуюць катэгорыі “нацыянальная ідэя”, “нацыянальныя інтарэсы”? Відавочна, што з 2008 года ў пазначанай сферы адбываюцца значныя змены, якія патрабуюць свайго асэнсавання, што важна не толькі з акадэмічнага, але і практычнага пункту гледжання, у тым ліку для прагназавання далейшага развіцця нацыянальных супольнасцяў і інстытутаў у ЦУЕ.

Плануецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел каля 40 навукоўцаў з Беларусі і краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Асноўныя тэмы для разгляду:

  1. Катэгорыя “нацыянальныя інтарэсы” і яе трансфармацыя ва ўмовах эканамічнага крызісу ды росту рэгіянальнай нестабільнасці.
  2. Патрыятызм і нацыяналізм: эвалюцыя ва ўмовах эканамічнага і геапалітычнага крызісу.
  3. Нацыянальная ідэя: трансфармацыя катэгорыі пасля 2008 года.
  4. Нацыянальная ідэнтычнасць, моўная і культурная палітыка ў Цэнтральна- Усходняй Еўропе пасля 2008 года.
  5. Правы і левы радыкалізм ды нацыянальная ідэя ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе пасля 2008 года.
  6. Гістарычная палітыка і палітыка памяці да і пасля крызісу 2008 года.
  7. Уплыў канфлікту Расіі з Украінай і Захадам на гістарычную палітыку і палітыку памяці ў рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Для падачы заяўкі на ўдзел у канферэнцыі запоўніце электронную форму рэгістрацыі.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...