Анаталь Трафімчык (2010). Пра нашу і вашу гісторыю. Баранавічы, БГА ГА “ТБМ імя Францішка Скарыны”, 144 с.
Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч.
На першы погляд няпроста напісаць рэцэнзію або нават невялікі водгук пра кнігу, якая сама з’яўляецца зборнікам рэцэнзій на цэлы шэраг цікавых выданняў па гістарычнай тэматыцы. Але толькі не ў выпадку з кнігай, якая належыць пяру Анатоля Трафімчыка. Усё ж такі Трафімчык– яшчэ і паэт, а паэты застаюцца паэтамі ў любой справе.
Нам вельмі не хапае кніг, якія расказвалі бы пра гісторыю даступна, у фармаце дыялогу з чытачом і ў якіх уздымаліся бы праблемы, у той або іншай ступені актуальныя для кожнага з нас – гістарычны шлях нашай краіны, нашыя сувязі з суседзямі, актуальныя дэмаграфічныя і сацыяльныя праблемы, разгледжаныя праз прызму гісторыі. Тут згадваецца выдатны зборнік нарысаў сучаснага украінскага гісторыка Яраслава Грыцака «Жыццё, смерць і іншыя непрыемнасці» (Грицак, 2008) і мне падаецца, што нешта падобнае на беларускім матэрыяле мог бы стварыць менавіта Анатоль Трафімчык.
Зборнік «Пра нашу і вашу гісторыю» – гэта таксама своеасаблівая форма дыялогу, праўда не столькі з чытачамі, колькі з аўтарамі рэцэнзаваных А. Трафімчыкам кніг. Усяго ў кнізе змешчаны трынаццаць тэкстаў, адзінаццаць з якіх з’яўляюцца рэцэнзіямі на кнігі беларускіх, польскіх, расійскіх і ўкраінскіх даследчыкаў. Таксама ў выданне патрапіў аўтарскі нарыс аб значэнні экзаэтноніма «маскаль» у беларускім дыскурсе, які, хаця і досыць змястоўны сам па сабе, але з агульнай падборкі рэцэнзій усё ж выбіваецца.
Яшчэ адзін тэкст таксама кантрастуе з агульнай канцэпцыяй: дваццацістаронкавы пераклад раздзела кнігі аднаго з правадыроў украінскіх радыкальных нацыяналістаў Дз. Карчынскага «Вайна ў натоўпе», прысвечаны ўдзелу ўкраінцаў у мінскіх падзеях вясны-восені 1996 года. Гэты досыць вядомы тэкст цікавы нештодзённымі назіраннямі і агульнай высновай Карчынскага аб тым, што беларуская апазіцыя церпіць паразу за паразай таму, што «адзіны рэвалюцыянер у Беларусі – гэта сам Лукашэнка». Няясна, як дастасаваць гэтую выснову да кантэксту здарэнняў наступных пятнаццаці-дваццаці год, аднак да рэалій 1996 г. яе хіба цалкам можна прыкласці.
Усе рэцэнзаваныя аўтарам кнігі выдадзены ў 2001–2008 гг. Значная частка рэцэнзій прысвечана агульным выкладанням гісторыі нашых суседзяў у еўрапейскім кантэксце («Україна 1991 – 2007» Георгія Кас’янава, «Еўропа паміж Усходам і Захадам» Нораман Дэвіса, «Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа») (Касьянов, 2008; Davis, 2007; Нарыс гісторыі…, 2006). Гэтыя рэцэнзіі могуць быць цікавыя беларускаму чытачу, які часцей за ўсё надзіва не абазнаны ў гісторыі нашых суседзяў–палякаў і ўкраінцаў (таксама як, дарэчы, і літоўцаў з латышамі). Тым больш, што А. Трафімчык, заглыбляючыся ў, здавался б, зусім філасофска-гістарычныя матэрыі, накшталт паняцця «гістарычная справядлівасць», не забываецца асэнсоўваць іх у дачыненні да беларусаў.
Найбольш крытычнай выглядае хіба рэцэнзія на кнігу Брыгадзіна і Ладысева «Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 – 1939 гг.)» (Брыгадзін, Ладысеў, 2003). А. Трафімчык, спасылаючыся на тэксты аўтараў кнігі, напісаныя ў апошняй чвэрці ХХ ст., паказвае эвалюцыю аўтараў самой кнігі ад адназначнага ўсхвалення савецкага перыяду беларускай гісторыі да больш крытычнага яго ўспрымання.
Некалькі рэцэнзій прысвечаны працам, у якіх закранаюцца розныя аспекты нашай супольнай з суседзямі гісторыі ў кнігах «На раздарожжы» Анатоля Вялікага і «Савецкая акупацыя Беласточчыны» Сляшыньскага (Вялікі, 2005; Śleszyński, 2001).
Аўтар з прыемнасцю адзначае, што ў многіх тэмах беларуская гістарыяграфія за апошнія гады зрабіла сапраўдны прарыў, аднак па-ранейшаму працягвае адставаць ад сваіх суседзяў. Гэта небяспечна і недаравальна, паколькі нават у дэмакратычных дзяржавах гісторык працягвае працаваць у кантэксце нацыябудавання і падтрымання нацыянальных мітаў, і ў выпадку адсутнасці сваёй гісторыі «гэтую гісторыю за нас напішуць нашыя суседзі». Трафімчык кажа гэта, гаворачы пра адсутнасць у нас глыбокіх даследаванняў заходнебеларускай мінуўшчыны 1921–1939 гг.
Сваю зацікаўленасць асобай Тадэвуша Касцюшкі аўтар дэманструе дзвюмя рэцэнзіямі на працы Пятра Міцнэра (Mitzner, 2002) і Леанiда Несцярчука (Несцярчук, 2006). Касцюшка цікавіць А. Трафімчыка не толькі і не столькі як рэальная асоба, колькі як своеасаблівы міт, які адыграў важнейшую ролю ў фарміраванні не толькі польскага, але і беларускага патрыятызму другой паловы 19 – пачатку 20 ст.
Кожная рэцэнзія або водгук на навуковую манаграфію або зборнік дакументаў – выключна няпростая і, трэба сказаць, вельмі суб’ектыўная праца. Заўсёды няпроста вылучыць галоўнае, самае важнае, каб даць магчымасць іншаму прыняць рашэнне – чытаць рэцэнзаванае выданне або не, разглядаць яго як сур’ёзны ўнёсак ў даследванне актуальных праблем гістарыяграфіі або не. Думаю, што Анатоль Трафімчык з гэтай задачай справіўся цалкам добра.
Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе
1. Ярослав Грицак (2008). Життя, смерть та інші неприємності. Київ: «Грані-Т».
2. Касьянов Г (2008). Україна 1991–2007: нариси новітньої історії. Київ: Наш час.
3. Davies N (2007). Europa między Wschodem a Zachodem. Kraków: Wydawnictwo «Znak».
4. Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х–ХХІ стст (2006). Варшава: Demart Sp. z o.o.
5. Брыгадзін. П, Ладысеў. Ул (2003). Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917–1939 гг.). Мінск: БДУ.
6. Вялікі А. Ф (2005). На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944–1946). Мінск: БДПУ імя М. Танка ‒ НА РБ.
7. Śleszyński. W (2001). Okupacja sowiecka na Białostocczyznie w latach 1939–1941. Propaganda i indoktrynacja. Białystok: Agencja Wydawnicza Benkowski, Białystockie Towarzystwo Naukowe.
8. Mitzner P (2002). Teatr Tadeusza Kościuszki. Postać Naczelnika w teatrze 1803–1994. Warszawa: Wydawnictwo Uniwersytetu Kardynała Stefana Wyszyńskiego.
9. Несцярчук Л. М (2006). Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка: Вяртанне героя на радзіму. Брэст.