Станіслаў Ліс-Блонскі (2012). Балахоўцы. Беласток – Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства – Інстытут беларусістыкі, 225 с.
Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы.
Падрыхтаваны гарадзенскімі гісторыкамі Андрэем Вашкевічам і Андрэем Чарнякевічам том успамінаў капітана польскай арміі Станіслава Ліс-Блонскага (Stanisław Lis-Błoński) пад назвай «Балахоўцы» сам па сабе з’яўляецца вялікай падзеяй. Ён асвятляе баявыя дзеянні группы, а пазней арміі, генерала Станіслава Булак-Балаховіча, постаць якога абрасла мітамі. Хацелася б, каб такія публікацыі былі хутчэй правілам, а не выключэннем, і–у добрым сэнсе–шараговай з’явай. Гэта крытычнае выданне адразу з некалькіх пунктаў гледжання: па-першае, таму, што яно важнае для далейшага вывучэння дастаткова шырокага кола праблем гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы ўцэлым, па-другое ж, з гледзішча якасці працы пры перакладзе тэксту і ўзроўня выкананага даследвання.
Тэкст успамінаў польскага афіцэра прыкамандыраванага да групы Булак-Балаховіча падзелены на тры часткі. Першая частка апісвае баявыя дзеянні групы генерала Балаховіча (афіцыйная назва для гэтых злучэнняў у польскай арміі) падчас Польска-Савецкай вайны ў ліпені-жніўні 1920 г. падчас адступлення палякаў на захад. Другая апісвае дзеянні групы падчас контрнаступлення палякаў у жніўні-верасні 1920 г. Трэцяя ж апісвае перыяд канца кастрычніка-снежня 1920 г., калі адбывалася падрыхтоўка і сам паход Булак-Балаховіча на занятыя бальшавікамі беларускія тэрыторыію, а яго група ўжо ўяўляла сабой сапраўдную армію.
Высокі прафесіяналізм укладальнікаў пацвярджаецца тым, што кніга дапоўенена некаторымі рапартамі і ўрыўкамі з іх, аўтарам якіх таксама быў Ліс-Блонскі. Яны датуюцца жніўнем-вераснем 1920 г. і дазваляюць супаставіць напісаныя паміж 1934 і 1938 гг. пасля выхада аўтара ў адстаўку успаміны з яго непасрэднымі назіраннямі ў 1920 г. Цікавымі з’яўляюцца і характарыстыкі афіцэраў злучэнняў Балаховіча, складеныя ІІ-м аддзелам Генеральнага штабу польскай арміі ў студзені 1921 г.
У дадатку змешчаны і адкрыты ліст генерала да польскага сойма, у якім ён бароніцца ад абвінавачваняў у яўрэйскіх пагромах і крытычных нападкаў супраць яго і дзеянні яго падначаленых падчас вайны з бальшавікамі. Каштоўнымі з’яўляюцца змешчаныя ў выданні фотаздымкі і фотарэпрадукцыі агітацыйных плакатаў часоў Польска-Савецкай вайны, улётак генерала, газетных артыкулаў прысвечаных яму.
Ацэнкі аўтара успамінаў канечне ж нельга ўспрымаць як адназначную праўду. Ён сам ніколі не быў прыняты польскім вайсковым асяроддзем і афіцэрскай кастай як роўны, бо яго кар’ерны шлях адрозніваўся ад большасці прафесіяналаў польскай арміі, якія служылі перад здабыццём Польшчай незалежнасці ў расійскіх ці аўстра-венгерскіх войсках. Тым не менш яго назіранні вельмі трапныя, каштоўныя і цікавыя. Стыль наратыву Ліс-Блонскага далёка не сухі і зусім не бедны на дэталі.
Яго асабістае стаўленне ва ўспамінах да генерала Балаховіча усё ж такі з большага пазітыўнае, што часам спалучаецца з мягкай крытыкай і здзіўленнем, як, напрыклад, неразуменне польскім афіцэрам бяздзеяння генерала, калі было патрэбна хуткае адступленне. Гэта кантрастуе з негатыўнымі ацэнкамі ў рапартах Ліс-Блонскага скіраваных ды польскага камандвання.
Нягледзячы на эпізадычную ідэалізацыю аўтарам на старонках успамінаў Булак-Балаховіч прадстае менавіта як постаць сатканая з супярэчнасцей, а не як маналітная фігура выключнага і пазбаўленага заган героя. Булак-Балаховіч быў чалавекам свайго часу, у які яго таленты і здольнасці былі запатрабаваны. Яны праявіліся досыць яскрава ў сітуацыі працяглага вайсковага канфлікту 1914-1921 гг. Бурапенне гэтага адначасова разбуральнага і стваральнага перыяду вынесла яго на паверхню і паставіла на пярэдні план гістарычных падзей. Гэта між іншым не магло не адбіцца і на псіхічным стане: Ліс-Блонскі ахарактарызаваў Балаховіча як не заўжды ўраўнаважанага чалавека.
Не адпавядае рэчаіснасці меркаванне пра Станіславе Булак-Балаховічу як «беларускім Махно» альбо «беларускім Скарападскім». Не быў ён падобны і на «таксічнага касмапаліта» барона Унгерна (Sunderland, 2005) ці на апантанага ідэяй германскай Балтыі генерала фон дэр Гольца. Такую складаную і шматгранную постаць як Булак-Балаховіч нельга адназначна ахарактарызаваць як беларускага нацыянальнага героя ці здрадніка інтарэсаў Расіі. Са свайго боку Ліс-Блонскі ахарактарызаваў яго таксама, як і яго брата Язэпа, як тых, хто «былі лаяльнымі грамадзянамі Польшчы і ўсю сваю будучыню звязвалі з яе развіццём і веліччу».
Паводле аўтара ўспамінаў, у сэнсе тактыкі генерал быў добра здольны да манеўранай мабільнай вайны. А вось абарончыя пазіцыйныя баі ўдаваліся яму горш. Ліс-Блонскі піша, што групу генерала Балаховіча «можна было назваць “лятучай дывізіяй”». Акрэсленая палітычная праграма прынамсі да паходу лістапада-снежня 1920 г. і нейкае стратэгічнае бачанне сябе ў будучыні апрача «біць бальшавікоў» у Балаховіча адсутнічала. Гэта аднак не сведчыла пра адсутнасць у яго амбіцыяў увогуле ці амбіцыяў беларускага лідэрства як і імкнення да самарэкламы. Генерал тым не менш стаў аб’ектам канкурэнцыі паміж рознымі палітычнымі групоўкамі і рознымі нацыянальнымі арыентацыямі, калі сутыкнуліся інтарэсы дзеячоў Беларускага палітычнага камітэта і Барыса Савінкава.
Цынічнае выказванне Пілсудскага на адрас Балаховіча аб змене ім нацыянальнай прыналежнасці было кінута ім ў размове з тым жа Савінкавым. Фраза апісвала генерала як чалавека, «які сёння рускі, заўтра паляк, паслязаўтра беларус, а яшчэ праз дзень – негр». Зрэшты, Пілсудскі, паводле меркавання ўкладальнікаў, і не збіраўся надаваць фарміраванням Балаховіча беларускай нацыянальнай афарбоўкі.
Федэралісцкія планы і неабходнасць ствраыць уздоўж усходняй мяжы Польшчы прыязня буферныя дзяржавы безумоўна былі важныя. Паразы лета 1920 г., якія падарвалі аўтарытэт Пілсудскага, і дамоўленасці ўвосень таго ж года ў Рызе нанеслі федэралісцкім планам сакрушальны ўдар (Borzęcki, 2008). Аднак у яго заставаліся яшчэ надзеі, і стаўка хутчэй на «трэцюю Раісю» Савінкава і Балаховіча аказалася больш важнай, чым стаўка толькі на апошняга. Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч ўказваюць і на некаторыя іншыя абставіны, якія прымушалі Пілсудскага больш давяраць Савінкаву, які баяўся канкурэнцыі беларусаў і пагардліва ставіўся да справы беларускай незалежнасці.
У частках Балаховіча на вясну-лета 1920 г. было шмат расійцаў (каля 40%), фінаў і шведаў (каля 10%)–жыхароў паўночнага захаду былой імперыі, але беларусы і украінцы, паводле ўкладальнікаў, складалі больш як па 20% салдат. Змена статуса атрада Балаховіча ў Асобны атрад арміі БНР наўрад ці садзейнічала глыбокай пераацэнкі Балаховічам самога сябе і яго салдат як адданых справе беларускай незалежнасці вайскоўцаў. Таксама хутка адбылася і ператварэнне атрада ў польскую вайсковую адзінку.
Мімікрыя такіх вайсковых злучэнняў часоў грамадзянскіх войнаў і змаганняў за незалежнасць маладых дзяржаў на руінах імперыі Раманавых у залежнасці ад абставінаў не была нейкім выключэннем. Германскі корпус ў Балтыі таксама дэманстраваў амаль аднамомантавую павярхоўную трансфармацыю немцаў у «рускіх» у 1919 г. (Liulevicius, 2000: 232-234).
Шмат было сярод балахоўцаў і палякаў-дэзертыраў і крымінальнікаў, якія праз свой удзел у баявых дзеяннях спадзяваліся схавацца ад адказнасці ці заслужыць прабачэнне. Укладальнікі аднак ставяць пад сумнеў тое, што увосень 1920 г. колькасць палякаў магла дасягнуць 30%. Тым не менш успаміны дапамагаюць лепш зразумець кантэкст удзелу палякаў у войнах за незалежнасць новых дзяржаў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі (Boruta, 2002).
Зрэшты эпізод, апісаны Ліс-Блонскім, калі балахоўцаў прынялі за чырвонармейцаў таксама дэманструе наколькі травестыя магла атрымаць вялікае значэнне ў жыцці ахопленага вайной грамадства. Палонныя чырвонаармейцы і казакі маглі станавіцца франтавымі салдатамі, што польскі капітан не без падстаў лічыў небяспечным. Некаторых афіцэраў групы Булак-Балаховіча Ліс-Блонскі наогул ацаніў як «прыгнятальнікаў Польшчы» ў мінулым.
Што ж тычыцца стаўлення Станіслава Ліс-Блонскага да беларусаў і іх незалежніцкіх памкненняў, то на гэту тэму аўтар успамінаў выказваецца ў 3-й частцы ў цэлым прыхільна. Беларускія фарміраванні ў складзе арміі Балаховіча пад камандаваннем Цімоха Хведашчэні спадабаліся Ліс-Блонскаму, які напісаў што «…Гэтая частка ў плане маралі і дысцыпліны рабіла вялікае ўражанне . Мела яна свой штандар і невялікі духавы аркестр. Падобных частак крыху пазней было яшчэ дзве. Аднак гэты першы батальён зрабіў на мяне найлепшае ўражанне. Ён нічым не адрозніваўся ад рэгулярных частак, астатнія жа выглядалі ўжо больш падобнымі да партызанаў».
Сярод шараговых салдат злучэнняў Балаховіча яму верылі і паважалі яго аўтарытэт, называючы «бацькам». Яму ж гэты зварот вельмі падабаўся. Для іх ён быў жорсткі, але справядлівы. Без шкадавання пазбаўляўся Балаховіч усіх тых, хто яму пярэчыў. Тых, хто яўна здраджваў, расстрэльваў асабіста. Харызматычнасць, ваенныя таленты і цвёрдасць генерала забяспечвалі яму вернасць прынамсі даволі значнай часткі яго групы.
Колькасны рост групы Балаховіча адбыўся напярэдадні паходу лістапада-снежня 1920 г. Яна вырасла да памераў арміі з прыблізна 700 чал. да 16-18 тыс. чал. Аднак такі колькасны рост меў негатыўныя аспекты, паколькі гэта зрабіла і без таго стракатыя злучэнні генерала патэнцыяльна менш дысцыплінаванымі і кіраванне імі больш складаным, што праявілася падчас паходу восені-зімы 1920 г.
У тэксце ўспамінаў у адрозненне ад рапартаў Ліс-Блонскі бярэцца апраўдваць бязлітаснасць у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, шырока распаўсюджаны антысемітызм і пагромы ўчыненыя балахоўцамі, выкарыстаўшы фразу «на вайне як на вайне». Для абялення і апраўдання дзеянняў частак Балаховіча ён прыводзіць прыклад яўрэйскага злучэння ў складзе яго групы – атрада паручніка Цэйтліна. Гэта быццам бы павінна было сведчыць на карысць таго, што балахоўцы прыязна ставіліся да яўрэйскага насельніцтва. Да таго ж, палонныя чырвонаармейцы-яўрэі разам з венграмі, латышамі і кітайцамі лічыліся пераважна ідэйнымі камуністамі, таму іх, як адзначаюць А. Вашкевіч і А. Чарнякевіч, як правіла чакаў расстрэл.
Вельмі цікавым з’яўляецца тое, што ўкладальнікі кнігі зрабілі спробу прымяніць метад альтэрнатыўнай гісторыі і паразважалі аб тым, як маглі б скласціся лёсы Беларусі, калі б Булак-Балаховіч замест паходу на Палессе ў лістападзе 1920 г. ударыў бы на Мінск і злучыў свае сілы са слуцкімі паўстанцамі. Гіпатэтычная магчымасць стварэння буфернай напаўнезалежнай беларускай дзяржавы ў выпадку поспеху паходу Балаховіча лістапада-снежня 1920 г. не была цалкам выключанай.
Чытачы і даследчыкі могуць паразважаць як бы склалася магчымая кар’ера генерала ў палітыцы мяркуючы па тэксце ўспамінаў Ліс-Блонскага. Як сцвярджаў Макс Вэбер, харызма заўжды пераўзыходзіць інстытуты, а з увагі на тэкст ўспамінаў Ліс-Блонскага і іншыя крыніцы, генерал меў надзвычай моцную харызму. Сцэнар ў беларускай гісторыі, калі такая харызма перамагла, рэалізаваўся, праўда, значна пазней, у 1994 г.
З’яўленне гэтай вельмі важнай крыніцы ў распараджэнні даследчыкаў і чытачоў надзвычай цешыць. Публікацыя успамінаў дазваляе ўявіць гістарычную постаць генерала Станіслава Булак-Балаховіча ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці. Нягледзячы на нязначныя памылкі выданне заслугоўвае самай высокай ацэнкі.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі
1. Sunderland, Willard (2005). Baron Ungern, Toxic Cosmopolitan, Ab Imperio, No. 3, 285-298.
2. Borzęcki, Jerzy (2008). The Soviet-Polish Peace of 1921 and the Creation of Interwar Europe. New Haven and London: Yale University Press.
3. Liulevicius, Vejas Gabriel (2000). War Land on the Eastern Front. Culture, National Identity and German Occupation in World War I. Cambridge: Cambridge University Press.
4. Boruta, Mirosław (2002). Wolni z wolnymi, równi z równymi: Polska i Polacy w walkach o niepodległości wschodnich sąsiadów Rzeczypospolitej. Kraków: «Arcana».