Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.
Лявон Юрэвіч. Жанры. Мінск: Кнігазбор, 2013. – 528 с.
Агляд падрыхтавала Ганна Кісліцына.
Новая кніга архівіста з ЗША Лявона Юрэвіча, прысвечаная беларускай літаратуры на эміграцыі, безумоўна, выклікае эмоцый значна больш, чым звычайна кнігі па гісторыі і тэорыі літаратуры.
Больш за тое, не будзе перабольшаннем сказаць, што Юрэвіч — гэта наогул адзін з нямногіх сучасных беларускамоўных літаратуразнаўцаў, чые тэксты чытаеш з той зацікаўленасцю, з якой часцей падыходзіш да мастацкай літаратуры.
Гэта ні ў якой меры не памяншае ўласна навукова-тэарэтычную вартасць кнігі, бо ўзровень, на якім даследчык распрацоўвае гісторыю такіх жанраў, як гісторыка-міфалагічная проза, мемуарыстыка, травелог, пераклад, эпісталярыум, некралог як пасмяротны ўспамін, фельетон, біяграфія, не можа не ўразіць.
Уражвае сур’ёзным грунтоўным падыходам да вывучэння матэрыялу, тым больш, што гаворка ідзе выключна пра terra incognita беларусістыкі: матэрыялы, на якіх Юрэвіч будуе свае даследаванні, часцяком не толькі не вывучаліся раней, але іншым разам нават не былі апісаныя ці хоць нейкім чынам зарэгістраваныя ў беларускім літаратуразнаўстве. Ці былі ідэнтыфікаваныя з такімі памылкамі, якія наогул маглі б быць прыведзеныя ў якасці спецыфічнага навуковага анекдоту (так, напрыклад, нарыс «На Святой Зямлі» Уладзіміра Сядуры быў ахарактарызаваны адным славутым даследчыкам як расповед пра падарожжа Ефрасінні Полацкай у Палестыну ў ХІІ ст.).
Вярнуць бляск жанрам, якія цяпер успрымаюцца як маргінальныя, і разам з тым удыхнуць – праз зварот да твораў гэтых жанраў – жыццё ў гістарычныя постаці, якія іншым разам вядомыя нашчадкам толькі па папяровых старонках дзённікаў, чужых далёкіх успамінах, лістах і пажаўцелых фотаздымках, задача ў пэўнай меры ўтапічная, але ўхвальная ўжо ў сілу сваёй высакароднасці.
І, што варта адзначыць, аўтару ўдаецца не збіцца на пафас, не ўдарыцца ў сентыментальнасць, не пайсці па шляху дадумвання і дапісвання даволі хаатычных дакументаў і сведчанняў, а заставацца на рацыянальным шляху навукоўца.
У той час, калі калегі на радзіме робяць першыя, даволі няўпэўненыя крокі да вывучэння некаторых маладаследаваных жанраў, Л. Юрэвіч разбіраецца ў такіх тонкасцях праблемы, як каноны біяграфіі беларускіх дзеячаў («Мікрагісторыя і макрагісторыя біяграфіі»). Але што цікава – калі даследчык з ЗША дэманструе добрае знаёмства з працамі сваіх беларускіх калег, якія працуюць у гэтай жа галіне літаратуразнаўства (іх імёны ёсць і ў агляднай літаратуры, і перыядычна цытуюцца ў навуковых тэкстах), то да сораму трэба прызнацца, што імя самога Лявона Юрэвіча па сутнасці адсутнічае ў беларускіх літаратуразнаўчых тэкстах, акрамя хіба тых, малалікіх, прысвечаных гісторыі эміграцыі. Між тым, апошняя кніга сведчыць пра тое, што аўтар не толькі выдатны архівіст, гісторык, але і мае выключныя аналітычныя здольнасці, якія былі напоўніцу зрэалізаваныя ў тэкстах, прысвечаных жанрам літаратуры.
Кніга «Жанры», якая займае 528 старонак, уяўляе сабой зборнік навуковых тэкстаў, аб’яднаных адной скразной тэмай. Калі б яе аўтар жыў у Беларусі, то, хутчэй за ўсё, выдаў бы некалькі асобных манаграфій, матэрыялу ў кнізе мінімум на чатыры кнігі звыклага для сённяшняй беларускай гуманітарыстыкі аб’ёму. Сярод іх былі б даведачныя матэрыялы (напрыклад, «Слоўнік псеўданімаў і крыптанімаў эміграцыйных дзеячоў» і «Літаратуразнаўства, крытыка на старонках газет “Бацькаўшчына” і “Беларус”» ды інш.), тэксты, прысвечаныя літаратурным жанрам («Моваю травелога», «Танальнасць біяграфіі як энцыклапедычнага жанру», «Мікрагісторыя і макрагісторыя біяграфіі» ды інш. ), і кніга, дзе асвятлялася б дзейнасць выбітных постацяў беларускай культуры на эміграцыі («Літаратурны жаўнер Юрка Віцьбіч», «Жыццяпіс Сяргея Малевіча ў ліставанні эмігрантаў», «Вітаўт Тумаш як біёграф сучаснікаў», «Чалавек, які трымаў у руках месяц» ды інш.), і выданне, прысвечанае гумару і сатыры («Гумарыстычна-сатырычныя творы на старонках “Бацькаўшчыны” і “Беларус”», «Аўтапартрэт у стылі grotesque: Сатырычныя друкі і творы паваеннай эміграцыі ў Канадзе» ды інш.).
Відавочна, беларускія даследчыкі апошнім часам прызвычаіліся пры адносна невялікім працаўкладанні аб’яўляць пра максімальную колькасць навуковых івэнтаў…
Аднак дастаткова зірнуць на плён двух апошніх гадоў Юрэвіча, каб зразумець, як насамрэч ідуць справы: «Жанры», выдадзеныя ў 2013 годзе, налічваюць, як ужо заўважалася, больш за 500 старонак дробным шрыфтам, пры тым, што папярэдняя яго кніга «Шматгалосны эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні», якая выйшла ўсяго толькі ў мінулым годзе, мае больш за 600 старонак тэксту! Можна было б патлумачыць такую пладавітасць вялікай колькасцю цытаваных архіўных матэрыялаў і фотаздымкаў. Аднак відавочна, што нават улічваючы гэтую асаблівасць прац Юрэвіча, аб’ём і глыбіня аналізаванага матэрыялу ўсё роўна пераўзыходзяць хоць і дастаткова ўмоўныя, але ўяўленні пра тое, колькі можа зрабіць навуковец, апантаны любімай тэмай.
Адной з вялікіх перавагаў, якія маюць навуковыя тэксты гэтага архівіста і даследчыка, можна назваць нетаропкасць у падачы матэрыялу, калі аўтар, як добры следчы, не прапускае ніводнай дэталі, якая б магла паўплываць на разуменне той ці іншай літаратурнай з’явы або факта. Асабліва пераканаўча, дзякуючы такой дэтальнай прапрацоўцы, выглядае артыкул «Што хавае “Табакерка”». У ім не толькі сыходзяцца ўсе больш-менш вядомыя меркаванні айчынных і замежных (тых, што жылі на эміграцыі) вучоных пра жанр і змест гэтага загадкавага твору Змітрака Бядулі, але і робіцца даволі нечаканая выснова пра яго генезіс і філасофскі мэсідж. Сістэма аргументаў, прадстаўленых Юрэвічам, вымушае пагадзіцца з яго дастаткова незвычайнай – калі не сказаць парадаксальнай! – высновай пра тое, што ў «Срэбранай табакерцы» агучваюцца евангельскія ісціны.
«Гэта цвердзіць хрысціянства: смерць ёсць апошняе пераканаўчае сведчанне любові. Неўміручасць – пакаранне, што спазнаў на сабе Агасфер, Вечны Жыд, адмовіўшы Ісусу ў спагадзе. Вось у гэтым я бачу нутраны супраціў Бядулі ў СТ: не ў стварэнні алегорый на сталінскія рэпрэсіі, якія б імгненна вылічылі рэцэнзенты-цэнзары ды знішчылі – рукапіс казкі ці жыццё аўтара, а ў сцверджанні евангельскай ісціны: баяцца Бога, а не злога, ды не ісці супраць свайго сумлення. “І не бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць не могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене” (Мацв., 10, 28). Мо і невялікая знаходка ў табакерцы, але ж добрую табаку трэба браць ашчадна – на адзін нюх» (с. 404), – падагульняе Юрэвіч і, у пэўнай ступені, дэманструе не толькі сваё разуменне бядулеўскага твору, але і сваё навуковае credo.
Даследчык аддае перавагу не выбудове абстрактных прыгожых канцэпцый, а ўважліваму пакрокаваму паслядоўнаму чытанню тэксту, дэтальная прапрацоўка якога кладзецца ў падмурак тэарэтычных заўваг.
Гэты прынцып, дарэчы, таксама моцна вылучае яго на тле беларускіх навукоўцаў, якія апошнім часам імкнуцца «нацягнуць» чужую прыгожую тэорыю на свой мясцовы матэрыял, не моцна пераймаючыся тым, што іншаземная «апранаха» часам трашчыць па швах.
Аднак ці не самай заўважнай асаблівасцю кнігі «Жанры» ёсць яе гуманізм – з’ява даволі рэдкая для сённяшняй гуманітарыстыкі. Узнікае пачуццё, што праца з архівамі – матэрыяльнымі сведчаннямі пра людзей, якіх у большасці ўжо няма на свеце, прымусіла Юрэвіча адчуваць нейкую персанальную адказнасць як носьбіта і захавальніка інфармацыі пра іх. Таму, нават пішучы пра такую «сухую костку» літаратуры як жанр, даследчык застаецца апавядальнікам, які спрабуе данесці да патэнцыйнага чытача акалічнасці біяграфіі тых ці іншых асобаў, вызначыць ключавыя моманты іх жыцця, падкрэсліць трагізм тых ці іншых абставінаў. Гэта выглядала б неверагодным, калі б справа ішла пра нейкія іншыя жанры, але, нагадаем, у кнізе разглядаюцца якраз тыя, што даюць падставу для такога біяцэнтрычнага разгляду: мемуарыстыка, травелог, эпісталярыум, некралог, фельетон, біяграфія ды інш.
У гэтым плане варта адзначыць матэрыял пра этнаграфічную кнігу Станфарда Нэйла Герберта («Russkoe celo, альбо Падарожжа амерыканца ў мінулым стагоддзі да загадкавых людзей, пераказанае на нашу мову ларнікам вучоным у стагоддзі цяперашнім»). Цікава, што пачынаючы тэкст цалкам у духу і традыцыі навуковых прац – з разгляду думак калегі-папярэдніка і закідаў-заўваг да самога Герберта – Юрэвіч паступова пераходзіць на мову больш прыдатную для мастацкай літаратуры. Сама манера аповеду неяк няўлоўна нагадвае пушкінскую «Гісторыю сяла Гарухіна», прычым сам загадкавы Герберт здаецца ледзьве не прыдуманым «Белкіным». І каб не спасылка на Вітаўта Кіпеля, можна было б запытаць сябе – ці не містыфікацыя гэта? Аднак, відавочна, рэч не ў жаданні даследчыка стварыць інтрыгу, а ў міфалагічным характары разгляданага ім матэрыялу. Кніга Герберта ўражвае Юрэвіча не столькі этнаграфічнымі звесткамі пра беларусаў (якія пасяліліся камунай у ЗША з 1911 года), колькі міжвольна засведчаным маральна-этычным парадоксам: у канцы кнігі «Russkoe celo» яе аўтар апісвае канфлікт паміж першымі пасяленцамі-беларусамі і беларусамі-DP (Displaced Persons), якія трапілі на амерыканскую зямлю пры канцы 1940-х гадоў.
Тут Юрэвіч выступае не столькі як даследчык-архівіст і публікатар, колькі як публіцыст, які выкарыстоўвае гербертаўскую «этнаграфію руска-амерыканскай супольнасці», каб звярнуць увагу сучаснікаў на некаторыя аспекты жыцця, характэрныя не толькі для беларусаў-эмігрантаў. Прапісваючы больш падрабязна, чым іншыя акалічнасці, канфлікт паміж «старымі» і «новымі» беларусамі, аўтар завастрае тэму: «На жаль, Герберт на гэтым сюжэт скончвае, а праз колькі старонак – і ўсю кнігу.
У пошуках таямнічага і нязнанага ён прамінуў сапраўды істотнае: як эмігранты з Беларусі пачатку стагоддзя абжываліся сярод чужых ім народаў і як не прынялі сваіх землякоў – паваенную эміграцыю.
Або: як чужыя зрабіліся сваімі, і як свае сталіся чужымі» (с. 67).
Несумненна, кніга Лявона Юрэвіча «Жанры» моцна вылучаецца сярод сённяшняй гісторыка-літаратурнай навуковай прадукцыі. Акрамя ўжо названых якасцяў – антропацэнтрычнасці, увагі да мікрадэталяў – варта назваць і павагу да чужой думкі (што, праўда, не выключае і крытычнага да яе стаўлення). Аўтар актыўна карыстаецца сучаснымі навуковымі ведамі, якія даволі марудна трапляюць у тэксты беларускіх даследчыкаў-гуманітарыяў, для якіх характэрна пэўная інэртнасць, на жаль, не толькі ў адносінах да матэрыялаў пра эмігрантаў.
Напэўна, некаму гэта можа здацца смешным і не вартым асобнай адзнакі, але ўсё ж хочацца згадаць і такі момант: аўтар ці не першы навуковец, які цытуе тэксты знакамітай Юліі Крысцевай па-англійску. Здавалася б – дробязь, але дробязь, якая паказвае трохі іншы ўзровень падачы матэрыялу, чым прызвычаіліся ў Беларусі.
Кніга «Жанры» – унікальная магчымасць параўнаць не толькі тое, як па-рознаму складваюцца лёсы беларусаў на эміграцыі і на радзіме, але і шыкоўны спосаб адчуць, наколькі адрозніваецца літаратуразнаўчая навука – у замежжы і ў Беларусі.