Кніга пра гісторыю, якой “не было”

Шумскі_1Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску

Шумскі Ян (2012). Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944 – 1953 гг.). Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі. Беласток-Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства –Інстытут беларусістыкі, 326 с. 

Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч.

“Ленін, Сталін круцяць вусы – дайце хлеба беларусы!”

 

“У калхоз дарожка проста,

а з калхозу касяком,

у калхоз ішоў абуты

а вярнуўся басяком.” 

Заходнебеларускі пасляваенны фальклор

Тэма пасляваеннага “вялікага пералому” ў жыцці Заходняй Беларусі пакуль не дачакалася грунтоўнага асвятлення ані ў мастацкай літаратуры, ані ў навуковых даследаваннях. Усё што прыходзіць у галаву пасля кароткага роздуму – цікавая аповесць Г. Далідовіча “Заходнікі”, раман А. Карпюка “Карані” і асабліва ягонае ж “Развітанне з ілюзіямі” (Карпюк, 2008), а таксама некалькі ўніверсітэцкіх манаграфій і артыкулаў, прысвечаных пасляваеннаму антысавецкаму супраціву, “рэпатрыяцыі” ў Польшчу (Вялікі, 2005) ці гаспадарчаму будаўніцтву, найперш суцэльнай калектывізацыі 1949 – 1951 гг (Куркоў, 2001).

Таму смела можна сказаць, што даследаванне Яна Шумскага – наватарскае і вельмі значнае. Аўтар па сутнасці ўпершыю ў беларускай і польскай гістарычнай навуцы ўзняў тэму пераўтварэння заходнебеларускага рэгіёну ў частку СССР не толькі ў тэрытарыяльна-адміністрацыйным і гаспадарчым сэнсе, але і ў прастору, населеную прадстаўнікамі так званага савецкага народа.

Цягам усіх трох раздзелаў кнігі аўтар па пунктах, на аснове багатага фактычнага матэрыялу, найперш з фондаў савецкіх архіваў, падрабязна характэрызуе ўзаемаадносіны ўлады і грамадства ў Заходняй Беларусі першых пасляваенных гадоў. Рэлігійная палітыка, калектывізацыя, сацыяльныя пераўтварэнні, рэпрэсіі, выезды на “вялікія будоўлі камунізму”, прэса, метады і практыка савецкай агітацыі – усё гэта знайшло адлюстраванне на старонках кнігі Яна Шумскага і прывяло аўтара да вельмі лагічнай і абгрунтаванай высновы, што “прычыны сённяшняга нацыянальнага, культурнага, прававога і гістарычнага нігілізму беларускага народа ў многім сягаюць мэтанакіраванай савецкай палітыкі і прапаганды”.

Гэта па праву навуковае выданне напісанне вельмі добрай мовай, якое чытаецца як трагічная хроніка, занатаваная амаль што навочным сведкам падзей (у пэўнай ступені так і ёсць, бо Я. Шумскі нарадзіўся на Гродзенчшыне, дзе гісторыі з 1939 – 1953 гадоў у савецкі час пераказваліся з пакалення ў пакалення як апокрыфы).

Нягледзячы на тое, што праца пісалася як дактарская (савецкі і постсавецкі адпаведнік тут—кандыдацкая ступень) дысертацыя ў Польшчы і ўпершыню была надрукавана на польскай мове, аўтар не хоча паказваць тых самых акаўцаў толькі як ахвяр і прыводзіць даволі шматлікія прыклады забойстваў імі не толькі савецкіх актывістаў, але і людзей, якія толькі ўскосным чынам мелі дачыненне да савецкай улады і членаў іх сем’яў. Наогул аўтар вельмі ўзважана падыходзіць да сваіх высноваў: напрыклад, не катэгарызуе суцэльна ўсё рыма-католіцкае насельніцтва Заходняй Беларусі як палякаў, што часта робіць большасць польскіх гісторыкаў, але таксама адмяўляецца адназначна прызнаваць іх беларусамі.

Найбольш цікавы радзел кнігі, як на маю думку, апошні – “Ідэалогія, асвета і прапаганда”. Ускрываючы механізмы савецкай прапаганды і культурнай палітыкі Ян Шумскі падкрэслівае важныя іх асаблівасці ў Заходняй Беларусі. Напрыклад, распавядае пра імклівае закрыццё польскіх школ, якія не дажылі нават да канца 1940-х, або пра тое, што ў раёнах з насельніцтвам, якое лічыла сябе палякамі, на месцы польскіх школ ствараліся не беларускія, а адразу рускія школы, гэта значыць беларусізацыя ўспрымалася як ужо непатрэбны этап пабудовы адзінага сацыялістычнага грамадства (Connor, 1984).

Ужо напачатку 1950-х гг. амаль цалкам была русіфікавана адукацыя ў абласных гарадах і раённых цэнтрах, і гэта таксама дадатковае сведчанне таму, што ў Заходняй Беларусі ўлады эксперыментальна будавалі чыста савецкае грамадства, нават не “нацыянальнае па форме”, як было прынята тады гаварыць. Цікавы, але слаба закрануты эпізод у манаграфіі – рэпрэсіі супраць “трацкістаў”, “шпіёнаў” і іншых ворагаў у Гродзенскім педагагічным інстытуце і іншых заходнебеларускіх ВНУ.

Даследаванне Яна Шумскага базуецца галоўным чынам на беларускіх, польскіх і расійскіх архівах. Асноўная маса матэрыялу – з адкрытых фондаў упраўленняў адукацыі, друку, упаўнаважаных па справах рэлігій. У такіх матэрыялах цяжка знайсці сенсацыі, але менавіта на аснове іх можна стварыць рэальную карціну становішча Заходняй Беларусі, даць магчымасць чытачам адчуць дух часу. Тое самае можна сказаць і пра газеты-раёнкі сталінскай эпохі, якімі, безумоўна, можна было скарыстацца нават шырэй.

Выкарыстаныя аўтарам матэрыялы далёка не вычэрпваюць усёй базы крыніц па тэме. Асабліва хочацца звярнуць увагу на магчымасць правесці шырокія даследаванні ў галіне вуснай гісторыі па праблемах саветызацыі Заходняй Беларусі. Яшчэ жывыя сведкі і масавага закалгашвання і ахвяры палітычных рэпрэсій і тыя, чые сваякі сталі ахвярамі неабвешчанай грамадзянскай вайны канца 1940-х гг. На жаль сістэматычнай даследчай праграмы ў гэтым накірунку ніхто не рэалізуе.

Аўтар таксама некалькі разоў спасылаецца на дакументы, якія, напэўна, захоўваюцца ў прыватных архівах. Такіх дакументаў  (працоўных кніжак калгасніка, заяваў аб уступленні ў калгасы, працэнтовак па “цвёрдых заданнях” для адзінаасобнікаў, даведак аб вызваленні з лагераў ці нават копій прыгавораў), як ведаю са свайго досведу, у людзей на захадзе Беларусі засталося яшчэ досыць многа.

Кніга Яна Шумскага – выдатнае грунтоўнае даследаванне, якое варта ацаніць як адну з найлепшых кніг па гісторыі на беларускую тэматыку, выдадзеных у 2012 годзе. Гэта кніга аб падзеях, якія, як ужо здавалася шмат каму, застануцца толькі ва ўспамінах старажылаў і за якія ніколі не возьмецца ніхто з гісторыкаў.

 

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

1. Аляксей Карпюк (2008). Развітанне з ілюзіямі. Эсэ, апавяданні, дзённікі. Гародня-Wrocław: ”Гарадзенская бібліятэка”.

2. Анатоль Вялікі (2005). На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.). Мінск: БДПУ імя М. Танка ‒ НА РБ.

3. Ілья Куркоў (2001). Людзі на зямлі. Нарыс гісторыі аграрных пераўтварэньняў ў Вялейска-Маладэчанскай вобласьці (1939-1950-ыя гг.), ARCHE, № 2, 194-239.

4. Walker Connor (1984). The National Question in Marxist-Leninist Theory and Strategy. Princeton, NJ: Princeton University Press.

Check Also

Стыпендыі для беларускіх навукоўцаў (дэдлайн да 27.09.2024)

У межах праграмы Еўрапейскай камісіі для падтрымкі беларускіх навукоўцаў абвешчаны чарговы этап вылучэння стыпендый для ...