Юлия Чернявская. Белорусы. От тутэйшых – к нации. – Мн.: ФУАинформ, 2010. – 512 с.
Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.
_______________________________________________________________________________________
Кніга вядомага беларускага культуролага Юліі Чарняўскай прысвечана тэме беларускай нацыі, шляху яе гістарычнага развіцця і асаблівасцям нацыянальнага менталітэту. Праблематыка гэтая зараз гарачая і жывая, яна адразу гарантуе сталы чытацкі інтарэс, таму і кніга “Беларусы. Ад “тутэйшых” да нацыі” значна прашумела ў айчыннай інфармацыйнай прасторы, пакінуўшы за сабою шлейф інтэрв’ю і рэцэнзій. Падвышанай увазе паспрыяла і тое, што кніга выйшла ў досыць папулярнай серыі “Невядомая гісторыя”, якой займаецца ўсім вядомы Анатоль Тарас, нястомны папуліразатар рэвізіянісцкай версіі беларускай гісторыі. З іншага боку, атрымаўся ў выніку досыць гібрыдны прадукт, калі першапачатковы варыянт кнігі быў перароблены для масавага чытача. Цяжка сказаць, ці паспрыяла гэта даступнасці тэксту, але для разумення логікі кнігі гэта аказалася няўдалым крокам – змяшчэнне тэарэтычных уводзін напрыканцы кнігі аніяк не спрыяе яе нармальнаму чытанню (прынамсці, для падрыхтаванага чытача).
З іншага боку, нават першапачатковую “навуковасць” дадзенай кнігі можна паставіць пад сумнеў, але ж напэўна, тлумачыцца гэта ня столькі нейкімі недапрацоўкамі Юліі Чарняўскай, колькі спецыфікай культуралогіі як даследчага накірунку. Навогул, азнаямленне з тэкстам кнігі пакідае вельмі шмат сумневаў метадалагічнага характару, якія ў дадзенай рэцэнзіі мы звядзем да двух асноўных тэзаў.
Па-першае, цалкам кампілятыўны характар працы з гістарычным матэрыялам, які найбольш відавочны пра азнаямленні з “Уводзінамі”, дзе прэзентуецца ў скарочаным выглядзе гісторыя станаўлення беларускай нацыі. Пры гэтым кампілятыўная праца ў дадзеным выпадку не патрабуе захавання той строгасці з фактамі, якая звычайна патрабуецца ад прафесійнага гісторыка. Напрыклад, ужо на самым пачатку “Уводзінаў” (ст. 10) мы сустракаемся з тым, што заснавальніка беларускай гістарыяграфіі завуць Міхаіл Доўнар-Запольскі. Далей (ст.12) апошні перапіс у СССР датуецца не 1989 але 1985 г.; апошні на дадзены момант у Беларусі 2008 г., а не 2009; і гэтак далей па тэксту. Сінтэтычную версію фармавання беларускай нацыі наогул немагчыма напісаць як беспраблемную, паколькі многія прынцыповыя моманты жвава дыскутуюцца ў беларускай гістарыяграфіі, у той час як Юлія Чарняўская многія такія балючыя кропкі перадае як нешта маналітнае і канчаткова вырашанае. Тым не менш, аўтар спрабуе падсумаваць напрацоўкі, якія ўжо зробленыя ў навуцы і робіць гэта ў мяккай сацыяльна-канструктывісцкай форме, што збольшага адпавядае сучасным акадэмічным тэндэнцыям.
Але галоўная вартасць гэтай кнігі, безумоўна, заключаецца ў аўтарскіх распрацоўках Юліі Чарняўскай, якая даследуе менталітэт беларусаў на трох асноўных стадыях:
1) менталітэт беларускіх сялян XIX ст.;
2) менталітэт беларускай савецкай інтэлігенцыі;
3) менталітэт сучасных беларусаў.
Мы бачым тры розныя гістарычныя перыяды, погляды розных сацыяльных слаёў і прынцыпова розныя крыніцы для аналізу менталітэту (казкі, лісты, блогі).
Найлепшая, найбольш цікавая і распрацаваная частка кнігі прысвечаная аналізу беларускіх казак. Гэта і нядзіўна, паколькі яна базуецца на кандыдацкай дысертацыі Юліі Чарняўскай і на ўжо апублікаванай манаграфіі “Беларус: штрыхі да партрэту”. Аналіз вялікага фальклорнага масіву дае даволі падрабязную карціну ўяўленняў беларускіх сялян XIX ст. пра сябе, навакольны свет, “сваіх” і “чужых”. З казак вымалёўваецца як ідэальны вобраз беларуса (у якім вылучаюцца досыць супярэчлівая характарыстыкі – працавітасць, хітрасць, святасць), так і досыць крытычны, дзе паддаюцца асуджэнню тыповыя недахопы (п’янства, лянота, канфармізм).
Але і гэта частка мае сур’ёзныя праблемы метадалагічнага плану. Гэта праблема рэпрэзентатыўнасці абраных прыкладаў, асабліва калі вывучэнне ментальнасці кладзецца на сетку этнічных катэгорый. Юлія Чарняўская спрабуе прадставіць эвалюцыю і развіццё менавіта беларускага менталітэту, вылучыць базавыя характарыстыкі светагляду беларусаў – і адразу ж паўстае заканамернае пытанне, а ці выяўленыя асаблівасці вылучаюць беларусаў як адметную нацыю? Калі аўтар даследуе светагляд беларускіх сялян, то цалкам незразумела, дзе там беларускае, а дзе сялянскае. Магчыма сяляне навакольных краін уяўлялі свет аналагічна? Прынамсі, невялікае знаёмства з гісторыяй ментальнасці дае шмат падставаў каб у гэта паверыць, у той час як кампаратыўная перспектыва ў кнізе “Беларусы. Ад “тутэйшых” да нацыі” цалкам адсутнічае.
Яшчэ больш сумненняў пра рэпрэзентатыўнасць ўзнікае пры азнаямленні з наступнымі раздзеламі кнігі – ці можна казаць пра ментальнасць савецкіх беларусаў па лістах аднаго інтэлігента, ці можна нешта катэгарычнае прамовіць пра сучасных беларусаў, адсочваючы дыскусіі ў livejournal? Відавочныя абмежаванні замоўчваюцца, альбо абыгрываюцца, але пры гэтым аніяк не здымаюцца. Амбітнасць пастаўленай задачы – прэзентаваць увесь шлях фармавання менталітэту беларусаў – прыводзіць да відавочнай фабрыкацыі аналізаванага матэрыялу.
Кніга Юліі Чарняўскай напісана сапраўды досыць лёгкай мовай, ахоплівае вялікі прамежак часу і змяшчае шмат трапных і вартых увагі назіранняў. Пры гэтым адвольнасць працы з крыніцамі, шматлікія вельмі дзіўныя і яўна нацягнутыя інтэрпрэтацыі (асабліва пры аналізе блогаў) ствараюць дзіўнае ўражанне паранавуковай публікацыі. Кніга як быццам апранутая ў сур’ёзнае адзенне – тут мы, быццам, маем тэарэтычны базіс, працу з першакрыніцамі, метадалагічныя падыходы – але навуковыя стандарты настолькі моцна прафаніруюцца, што да яе можна ставіцца як да яшчэ адной папулярнай кнігі пра беларусаў. Іх было шмат, напэўна, будзе яшчэ больш.