Грамадская думка Польшчы адносна Беларусі і беларусаў

У траўні 2026 года Інстытут «Палітычная сфера» у партнёрстве з SW Research (Польшча) правёў сацыялагічнае апытанне «Грамадская думка Польшчы адносна Беларусі і беларусаў». У ім прынялі ўдзел 1006 рэспандэнтаў.

Мэта апытання — зразумець, як у польскім грамадстве ўспрымаюць Беларусь, беларусаў і асноўныя пытанні, звязаныя з беларуска-польскімі адносінамі. У цэнтры ўвагі былі палітычныя ацэнкі, бяспека, міграцыя, эканоміка, культурная памяць і гістарычная спадчына.

Спачатку рэспандэнтаў пыталі пра іх палітычны выбар на апошніх парламенцкіх выбарах, а таксама пра ўяўленні адносна спадчыны Першай Рэчы Паспалітай. У гэтым жа блоку разглядалася стаўленне да магчымай змены дзяржаўнага герба Беларусі і пазнавальнасць беларускіх культурных і гістарычных дзеячаў.

Наступныя пытанні былі звязаныя з тым, як палякі бачаць беларусаў як народ і беларускую культурную традыцыю. Удзельнікаў прасілі выказацца, ці лічаць яны беларусаў самастойным народам, а таксама як ставяцца да таго, што Адам Міцкевіч і Тадэвуш Касцюшка ў сучаснай беларускай культуры і гістарыяграфіі часам прадстаўляюцца таксама як беларускія палітычныя і культурныя постаці.

Далей апытанне пераходзіла да непасрэднага стаўлення да беларусаў. Рэспандэнты ацэньвалі беларусаў, якія жывуць у Беларусі, і грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы. Таксама задавалася пытанне пра асабістыя кантакты з людзьмі з Беларусі за апошні год.

Наступны тэматычны блок закранаў міграцыю і бяспеку. Удзельнікі ацэньвалі рашэнне польскага ўрада прымаць людзей, вымушаных пакінуць Беларусь пасля падзей 2020 года, і адказвалі, ці бачаць у грамадзянах Беларусі, якія жывуць у Польшчы, пагрозу для нацыянальнай бяспекі. Тых, хто бачыў такую пагрозу, дадаткова пыталі, у чым яна заключаецца.

Пасля гэтага рэспандэнтаў прасілі ацаніць эканамічны ўнёсак беларусаў, якія жывуць у Польшчы, а таксама пагрозу з боку сучаснай беларускай дзяржавы. У гэтай частцы апытання таксама разглядаліся ацэнкі палітычнага рэжыму ў Беларусі і ступені самастойнасці Беларусі ў знешняй палітыцы.

Асобнае месца займалі пытанні пра беларускія ўлады і дэмакратычную апазіцыю. Рэспандэнты адказвалі, ці лічаць Аляксандра Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі, ці чулі пра Святлану Ціханоўскую, якую палітыку Польшча павінна праводзіць у дачыненні да Беларусі і як ёй варта выбудоўваць адносіны з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй.

У фінальнай частцы апытання ішла гаворка пра практычныя аспекты адносін з Беларуссю і беларусамі. Сярод іх — прычыны нежадання развіваць кантакты з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй і магчымыя падыходы Польшчы да працоўнай міграцыі з Беларусі.

Прэзентацыя даследавання адбудзецца 18 чэрвеня ў межах IV Беларуска-польскага экспертнага форуму імя Рамана Скірмунта. 

Check Also

Новае даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі

Інстытут «Палітычная сфера» прадстаўляе даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі, прысвечанае помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным ...