Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільнюс)
Лятучы Універсітэт (Мінск)
Цэнтр міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў (Мінск)
Інстытут “Палітычная сфера” (Мінск-Вільнюс)
абвяшчаюць прыём заявак на міжнародную навуковую канферэнцыю
Логас і патас: Гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны
Мінск, 28-29 кастрычніка 2017 г.
“Неабвешчаная вайна” ва Украіне, якая разгарнулася як у рэальным, так і ў віртуальным (медыйным) вымярэннях, прывяла да надзвычайнага нагнятання рыторыкі вайны ва ўсім ўсходнееўрапейскім рэгіёне. У ацэнцы і аналізе таго, што адбываецца, намецілася сымптаматычныя тэндэнцыя: паўсюдна (не толькі ў выступах палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, але таксама і ў публікацыях гуманітарыяў) першасным пытаннем усё часцей становіцца абмеркаванне розных сцэнарыяў новай магчымай вайны і/або акупацыі. Грамадская думка нібы рухаецца па коле: ад вайны сапраўднай – да вайны ўяўнай – і ў адваротны бок; вырабляючы ў гэтай мілітарысцкай «гонцы» не толькі неабходныя (квазі) рацыянальныя абгрунтаванні, але і адпаведныя ім афекты ў духу a “la guerre comme a la guerre”. У гэтым кантэксце непазбежна становіцца ўсё меней выразнай і, разам з тым, усё больш запатрабаванай інтэлектуальная перспектыва іншага роду – перспектыва, здольная разгарнуцца па-за азначанага колазвароту ваеннай рыторыкі і паставіць пад пытанне вайну як idée fixe нашай сучаснасці.
Мяркуецца, што гуманітарныя навукі валодаюць значным метадалагічным рэсурсам і аналітычным досведам для рэалізацыі названай вышэй задачы. У гэтай сувязі заяўленая канферэнцыя накіравана на стварэнне пляцоўкі (форуму) для гуманітарнага асэнсавання актуальнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і на ўзмацненне сацыяльнага значэння (рэзанансу) гуманітарнай рэфлексіі ва ўмовах нашага ваеннага часу. Адным з найбольш вострых пытанняў, з якім сутыкаецца сёння гуманітарная думка, з’яўляецца яе ўласны патас, які сведчыць аб афектыўных счэпках з рэальнасцю вайны і тым самым – аб немагчымасці «безуважнага» мыслення. У гэтых адносінах мэтай канферэнцыі з’яўляецца высвятленне эмацыйных дыспазыцый інтэлектуальнай працы, здольнай пракладваць свой шлях па-за рамкамі/логікай ідэалагічнага супрацьстаяння і фармаваць дзейсную альтэрнатыву прапагандзе.
На канферэнцыі плануецца абмеркаваць наступныя пытанні:
– гуманітарныя даследаванні ў сітуацыі «антрапалагічнага шоку»;
– публіцыстыка ва ўмовах гібрыднай/інфармацыйнай вайны;
– дыскурсы вайны і ўмовы іх вытворчасці і ўзнаўлення;
– антыпрапагандыскі патэнцыял гуманітарыстыкі;
– культурныя/мастацкія практыкі як дэканструкцыя вайны;
– межпакаленніцкія разломы пост-савецкага ваеннага часу;
– кроскультурная камунікацыя як рэсурс палітычнага абнаўлення ва ўсходнееўрапейскіх краінах;
– палітычныя эмоцыі;
– канструяванне выяваў ворага і рыторыка нянавісці ў СМІ і сацыяльных медыя.
Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі могуць быць двух відаў:
(1) заяўка на выступ з дакладам,
(2) заяўка на арганізацыю дыскусіі.
Заяўка павінна ўключаць наступную інфармацыю:
імя / прозвішча, навуковая ступень, інстытуцыялізацыя (калі ёсць), сяброўства ў МАГ (калі мае месца), е-мэйлы, назву і анатацыю дакладу (300-400 слоў) або назву і апісанне дыскусіі (200-300 слоў).
Пры падачы заяўкі на арганізацыю дыскусіі неабходна ўказаць адпаведныя дадзеныя, як мінімум, 3 удзельнікаў (уключаючы заяўніка).
Для падачы заяўкі неабходна запоўніць электронную форму па спасылках: Paper (даклад) / Discussion (дыскусія).
Заяўкі прымаюцца да 10 жніўня 2017 г.
Пра вынікі адбору заявак будзе паведамлена не пазней за 1 верасня 2017 г.
Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, украінская.
Арганізатары забяспечваюць пражыванне іншагароднім ўдзельнікам, чые выступы ўключаны ў праграму канферэнцыі.
Аргкамітэт канферэнцыі:
Таццяна Вадалажская (Мінск), Георгій Касьянаў (Кіеў), Аляксандр Міхайлоўскі (Масква), Андрэй Казакевіч (Мінск), Таццяна Чуліцкая (Вільнюс/Мінск), Таццяна Шчытцова (Вільнюс/Мінск).
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па адрасе [email protected]