4 красавіка 2017 ВАШЫНГТОНСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА БЕЛАРУСІ

4 красавіка 2017 у Вашынгтоне (ЗША), пройдзе Першая Вашынгтонская канферэнцыя па Беларусі: “Перагляд стасункаў: спадчына і перспектывы амерыкана-беларускіх двухбаковых дачыненняў”. Інстытут “Палітычная сфера” выступае адным з партнёраў канферэнцыі.

З адкрыццём 25 гадоў таму беларускай амбасады ў Вашынгтоне і амбасады ЗША ў Мінску былі ўсталяваныя афіцыйныя дыпламатычныя стасункі паміж дзвюма краінамі. З тых часоў адносіны Беларусі  і ЗША не былі стабільнымі. Яны зазналі першапачатковы рост (1991-1994), спад (1994-1996), глыбокі крызіс (1996-2008), спробу нармалізацыі (2008-2010 гады), новы крызіс (2010-2014 гады) і яшчэ адну спробу нармалізацыі (пасля 2014). Ваганні былі абумоўлены як  падзеямі ў Беларусі, так і няпростай пазіцыяй, якую займала краіна паміж Усходам і Захадам.

Не ў апошнюю чаргу з-за пагаршэння стасункаў паміж Расіяй і Захадам з 2014 года адносіны паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі зведалі значнае паляпшэнне – абодва бакі шукаюць новы фармат супрацоўніцтва і, здаецца, гатовыя да кампрамісу па праблемных палітычных і геапалітычных пытаннях. У гэтай сітуацыі  істотна дакладна разумець палітычную спадчыну, сучасны стан і праблемы двухбаковых стасункаў.  Першая Вашынгтонская канферэнцыя па Беларусі, арганізаваная  Беларускім інстытутам Амерыкі (БІА) і Нямецкім фондам Маршала ЗША (НФМ), ставіць на мэце абмеркаванне магчымасцяў, перспектываў і напрамкаў супрацоўніцтва ЗША і Беларусі. Яна збярэ шырокае кола даследчыкаў і экспертаў, палітыкаў і службовых асоб, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і іншых бакоў, зацікаўленых у Беларусі і беларуска-амерыканскіх стасунках.

папярэдняя ПРАГРАМА

10.00-10.20. Прывітальныя прамовы. Кароткая прэзентацыя даследавання “ЗША-Беларусь: контуры палітычных і эканамічных стасункаў, 1992-2017” (БІА, НФМ).

10.20-11.50. Панэль 1. Спадчына: Спадзевы, страчаныя магчымасці, сутыкненні і прагрэс ў стасунках ЗША і Беларусі.

11.50-12.20. Кава-паўза.

12.20-14.00. Панэль 2. Перспектывы: цяперашні стан, выклікі, узаемныя інтарэсы і адрозненні ў стасунках ЗША і Беларусі.

Па ўсіх пытаннях адносна мерапрыемства, калі ласка, звяртайцеся на электронную пошту: info@belarusianinstitute.org.

Сачыце за навінамі на belarusianinstitute.org

 АРГАНІЗАТАРЫ

 Беларускі інстытут Амерыкі (БІА, BIA) – некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2015 годзе для развіцця і падтрымкі навукова-даследчых, аналітычных і грамадскіх ініцыятыў, а таксама пашырэння ведаў пра Беларусь у Злучаных Штатах і за мяжой. Беларускі інстытут Амерыкі дзейнічае ў кірунку фармавання і падтрымкі акадэмічнай і экспертнай супольнасці па беларускіх пытаннях у ЗША і за мяжой, а таксама стварэння стабільнай платформы для пашырэння магчымасцяў супрацы, камунікацыі і інтэлектуальнага абмену паміж навукоўцамі і спецыялістамі абедзвюх краін.

Нямецкі фонд Маршала, ЗША (GMF) умацоўвае трансатлантычнае супрацоўніцтва па рэгіянальных, нацыянальных і глабальных выкліках і магчымасцях ў духу плана Маршала. Заснаваная ў 1972 годзе як бестароняя некамерцыйная арганізацыя GMF уносіць свой уклад у даследаванні, аналіз і аб’яднанне лідараў па трансатлантычных пытаннях, якія маюць дачыненне да палітыкі. GMF прапануе рост магчымасцяў для лідараў у развіцці сваіх навыкаў і кантактаў праз трансатлантычны абмен, а таксама аказвае падтрымку грамадзянскай супольнасці на Балканах і рэгіёне Чорнага мора шляхам садзейнічання дэмакратычным ініцыятывам, вяршэнству закона і рэгіянальнаму супрацоўніцтву.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...