Польскае падполле versus НКУС

Motyka_Na bialych Polakow oblawa_вокладкаMotyka, Grzegorz (2014). Na Białych Polaków obława. Wojska NKWD w walce z polskim podziemiem 1944-1953. Kraków: Wydawnictwo Literackie, 516 s.

Агляд падрыхтаваў гісторык Ян Шумскі.

Гжэгаж Матыка з’яўляецца адным з найбольш вядомых даследчыкаў польска-украінскіх адносінаў і праблемаў польскага незалежніцкага падполля ў перыяд 2-й Сусветнай вайны і пасляваенны час, не толькі у Польчшы, але і па-за яе межамі, асабліва ва Украіне. Адно з даследванняў Г. Матыкі было пераведзена на расійскую мову і выдадзена ў 2014 годзе ў Маскве ассацыяцыяй «Российская политическая энциклопедия (РОССПЭН) (Мотыка, 2014). Ранейшыя даследванні сп. Матыкі былі сканцэтраваныя вакол праблематыкі польска-украінскіх узаемаадносінаў (Motyka, 1999) ды дзейнасці ўкраінскага падполля (Motyka, 2006).

Апошнія публікацыі гісторыка, яго прафесійная дзейнасць ў якасці чальца Рады Інстытута нацыянальнай памяці Польчшы (Instytut pamięci narodowej), сведчаць аб пашырэнню даследчыцкай зацікаўленнасці абшарам Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі ў шырокім кантэксце праблематыкі незалежніцкага руху і антысавецкага падполля. Таму найноўшая праца даследчыка, публічная прэзентацыя якой невыпадкова адбылася 17 верасня 2014 г., можа і павінна выклікаць зацікаўленасць у беларускага чытача.

Варта адзначыць, што праблематыка акаўскага і постакаўскага падполля на далучаных да СССР увосень 1939 г. паўночна-ўсходніх землях Рэчы Паспалітай (Заходней Беларусі), а асабліва ацэнкі дзейнасці польскіх вайсковых фарміраванняў, знаходзяцца у дыяметральна супрацьлеглых плоскасцях. У савецкія часы дзейнасць польскага антыкамуністычнага падполля разглядалася ў рэчышчы “борьбы с польским бандитизмом” згодна з наступнай умоўнай схемай: рэакцыйнае акаўскае падполле актыўна супрацоўнічала з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, а пасля 1944 г. займалася на беларускай тэрыторыі тэрорам і грабежніцтвам.

У сённяшняй Расіі тэматыка акаўскага і постакаўскага падполля з’яўляецца лакмусавай паперкай польска-расейскіх адносінаў і паказнікам градуса іх напружанасці, аб чым выдатна сведчаць палітычна матываваныя публікацыі рассакрэчаных праз Росархив  дакументаў, апублікаваныя ў лютым 2015 г. (Как польское вооруженное подполье…, 2015). Дарэчы, вельмі падобныя метадалагічныя і каштоўнасныя ацэнкі можна спаткаць у апошняй беларускай афіцыёзнай публікацыі дакументаў па гісторыі беларуска-польскіх адносінаў (Польша-Беларусь…, 2012).

У сваю чаргу, у Польчшы пытанні антыкамуністычнага руху, незалежніцкага падполля ў пасляваенны перыяд стаяць у першым шэрагу праблемаў не столькі навуковай супольнаці, колькі нацыянальнай ідэнтычнасці, дзе гісторыя барацьбы з камуністычнымі ўладамі, пакутніцкі лёс “выклятых жаўнераў” мае стаць адным з трывалых элементаў гістарычнай памяці, цэментуючым польскае грамадства. Без сумневу, гэты спрошчаны і ўмоўны пераказ не перадае сутнасці праблемы, але для збольшага абазнанага чытача павінна быць зразумелай глыбіня праблемы і тое, што яе палітызаванасць сягае зеніту.

Таму ў нашым аглядзе кнігі мы будзем перадусім звяртаць увагу на прафесійны бок публікацыі, ацэньваючы даследчыцкую працу аўтара, яго пошукавыя высілкі, выкарыстанне новых крыніц, увядзенне ў навуковы абарот новых дадзеных, а таксама верыфікацыю і актуалізацыю ужо даўно вядомых. Часавыя рамкі абраныя аўтарам працы – гэта 1944 г. а завяршае яе 1953 г., калі ў асноўным была завершана ліквідацыі апошніх фарміраванняў польскага падполля, хоць па некаторых дадзеных адзінкавыя акцыі працягваліся да 1956 г.

 Кніга складаецца з 18 раздзелаў разам з уступам і заключэннем, якія грунтоўна дакументаваныя і лагічна звязваюцца са зместам кожнага папярэдняга, ствараючы пазбаўленую выпадковасці канструкцыю. Улічваючы актуальны стан распрацаванасці праблемы, яе гістарыяграфію, аўтар імкнуўся даць пашыраны аналіз з выкарыстаннем шырокага кола першакрыніц. У першую чаргу былі выкарыстаны фонды цэнтральных маскоўскіх архіваў (Расійскага Дзяржаўнага архіва вайсковай гісторыі і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі), якія маюць фундаментальнае значэнне з пункта гледжання даследвання.

Шкада, што аўтар абмінуў увагай калекцыі архіўных фондаў іншага расійскага федэральнага архіва–Расійскага дзяржаўнага архіва грамадска-палітычнай гісторыі. Менавіта тут захоўваюцца дакументы апарата ЦК УКП(б) (пасля 1952 г.—КПСС) і яго структурных падраздзяленняў, фонды савецкіх дзяржаўных і партыйных дзеячоў. Сюды дасылаліся справаздачы (копіі) аб выкананні загадаў з франтоў Чырвонай Арміі, ад СМЕРШ, НКУС/НКДБ/МДБ/МУС, даведкі цэнтральных і лакальных партыйных камітэтаў, якія інфармавалі цэнтр аб сітуацыі на месцы.

Апрача гэтага Г. Матыка актыўна выкарыстоўвае фонды архіва Інстытута нацыянальнай памяці, як цэнтральных, так і рэгіянальных падраздзяленняў. Што тычыцца беларускіх і ўкраінскіх архіўных крыніц, то складваецца ўражанне, што аўтар значна лепей арыентуецца ва ўкраінскай, чым беларускай тэматыцы. Больш багата ў даследванні прадстаўлены ўкраінскія архіўныя крыніцы, перадусім цэнтральнага узроўня (Кіеў) і лакальнага (Львоў). Апрацаваныя і выкарыстаныя ў працы беларускія фонды (НАРБ) выглядаюць больш сціпла.

Цэнтральнай воссю даследвання з’яўляецца праблема барацьбы польскіх узброенных фарміраванняў з войскамі НКУС на тэрыторыі Польчшы ў межах перад пачаткам 2-й Сусветнай вайны. Тут варта падкрэсліць, што Г. Матыка паслядоўна стараецца пераканаць чытача, што польскі антыкамуністычны рух меў вельмі розныя аблічча, што няма знаку роўнасці паміж постакаўскай і «нацыянальнай” (narodowa) партызанкай. Нягледзячы на тое, што сімпатыі аўтара выразна знаходзяцца на баку польскага падполля, даследчык, не хаваючыся за словаблудзтва і моўную эквілібрыстыку, напрасткі піша аб ганебных учынках Нацыянальнага вайсковага аб’яднання (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe) і гвалтах у адносінах да нацыянальных меншасцяў, перадусім яўрэяў (с. 265).

Не пакідае ён без ўвагі сумнавядомую постаць капітана Рамуальда Райса “Бурага” (Romuald Rajs “Bury”), які праславіўся пацыфікацыяй вёсак з беларускімі праваслаўнымі жыхарамі на Беласточчыне, якая ад сярэдзіны 1944 г. уваходзіла ў склад Польчшы (с. 285). Аўтар імкнецца не выказваць свайго стаўлення да праблемы, і ў ацэнцы здарэнняў карыстаецца матэрыяламі следзтва ІНП Польчшы, дзе пазбаўленне жыцця 79 асобаў было акрэслена як злачынства, якое “мела прызнакі генацыда” (nosi znamiona ludobójstwa).

Шмат ўвагі аўтар прысвячае дзейнасці падполля на тэрыторыі заходніх абласцей Украінскай і Беларускай ССР, а таксама Літоўскай ССР, якія апынуліся ў складзе СССР. Для беларускага чытача найбольшую зацікаўленнасць несумненна выклікае апошні раздзел: “7. дывізія НКУС-МДБ у дзеянні: Заходняя Беларусь 1945-1953”. Дарэчы, сам аўтар ва ўступе да кнігі напісаў: “некаторыя аперацыі ачышчэння і сутычак з польскімі партызанамі я прадстаўляю больш падрабязна, чым іншыя. У першую чаргу гэта тычыцца пасляваеннага ўзброеннага супраціву ў Заходняй Беларусі, які дагэтуль разглядаўся вельмі павярхоўна. Я хачу, каб чытачы самыя маглі ацаніць характар дзеянняў, якія здзяйснялі фарміраванні НКУС” (с. 10-11). Таму з увагі на беларускага чытача мы трошкі затрымаемся на аналізе гэтай часткі кнігі.

На нашу думку, гэты раздзел пакідае ўражанне павярхоўнага аналіза. Гэтая заўвага асабліва тычыцца караценькай часткі ўводзінаў, дзе аўтар прадстаўляе сваё бачанне саветызацыі заходніх абласцей БССР, пачынаючы ад трошкі іранічнага па тоне закіда ў бок беларускіх камуністаў, якія ад восені 1945 г. стараліся вярнуць “старажытныя беларускія землі” (узята ў двукоссе), г. зн. Беласточчыну. Як падаецца, праблема гісторыі гэтага рэгіёна з’яўляецца больш глыбокім і складаным феноменам, які немагчыма апісаць адным ці дзвюма сказамі (с. 380).

Свае разважанні аб калектывізацыі ў Заходняй Беларусі аўтар грунтуе на матэрыялах некалькіх архіўных адзінак з 4 фонда НАРБ і працы польскай даследчыцы з Уроцлава Малгажаты Рухневіч (Ruchniewicz, 2010). Тут і у іншых месцах, на наш погляд, не хапае параўнальнага матэрыялу прац беларускіх аўтараў, як, напрыклад, выкарыстання фактаграфічнага матэрыялу манаграфіі Віктара Белазаровіча (Белозорович, 2004). Дэталёва апісваючы біяграфіі кіраўнікоў гродзенскага НКУС, між іншым палкоўніка Васіля Паліцікі, з указаннем номера партыйнага білета і г.д., і разважаючы на тэму прычын яго пераносу ў Гомель напрыканцы 1947 г. (с. 391),  аўтар абмінае рэспубліканскі кантэкст справы – маштабную праверку і ператрус гродзенскай партыйнай арганізацыі, у выніку якой паляцела шмат галоваў.

Дэталёва, крок за крокам, апісваючы ход баявых сутычак, дзейнасці польскага падполля і яго ліквідацыю ў заходніх абласцях БССР, што па сутнасці і з’яўлялася асноўнай тэмай працы, аўтар крыху згубіў беларускі кантэкст. Дарэчы, нацыянальны склад польскіх вайсковых фарміраванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Заходней Беларусі ў пасляваенны перыяд, не быў выключна польскім. Як сведчаць дакументы той эпохі, з якімі давялося працаваць аўтару гэтых словаў, удзел і падтрымка беларускага насельніцтва польскага руху быў у шэрагу раёнаў вельмі значным.

Падкрэслім, што нашыя крытычныя заўвагі да апошняга раздзела, прысвечанага тэматыцы Заходняй Беларусі, не уплываюць на агульную пазітыўную ацэнку працы і перадусім, даследчыцкага запала і пошукавых высілкаў аўтара. У папярэдніх частках працы аўтар імкнуўся даць пашыраны аналіз польскіх змаганняў за незалежнасць на прыкладзе буйных аперацый (т.зв. акцыя “Бура” ці “Вострая брама”), перасяленняў польскага насельніцтва ў рамках рэпатрыяцыі, на фоне дынамічнага развіцця міжнароднай сітуацыі, узгадаць пра “белыя плямы” (аўгустоўская аблава), якія па палітычных матывах яшчэ чакаюць на “лепшыя часы” і свайго даследчыка. Шырокі спектр закранутых польскім гісторыкам праблемаў можа стаць натхненнем для шматлікіх даследванняў у будучыні.

Вядома, што не ўсе сюжэты трапілі ў цэнтр увагі даследчыка. На наш погляд, найлепш аўтар валодае праблематыкай польска-ўкраінскіх адносінаў, тэматыкай украінскага незалежніцкага руху у гады сусветнай і пасляваенны перыяд. Але прадстаўлены ім маштабны спектр праблемаў дазваляе чытачу больш дакладна ацаніць іх у шырокай перспектыве.

Напрыканцы хацелася б звярнуць увагу на некаторыя аспекты, звязаныя з афармленнем і навуковай рэдакцыяй працы. На наш погляд рускія, беларускія і ўкраінскія назвы і імёны, якія падаюцца ў лацінскай транскрыпцыі, не заўсёды ўдалося добра транскрыбаваць. У Польчшы ўсё больш вітаецца ўжыванне арыгінальнага кірылічнага пісьма ў спасылках, паказніках, асабліва, калі даследванне маштабна выкарыстоўвае кірылічную літаратуру і крыніцы. Гэта датычыць таксама цытат ці рэплік на мове арыгінала, якія былі запісаныя ў лацінскай транскрыпцыі з недакладнай знаёмасцю мовы арыгіналу. Дадамо, што кожная частка працы мае асобныя спасылкі, якія знаходзяцца не ўнізе старонкі, але напрыканцы, што трошкі ўскладняе чытанне працы.  Гэтыя ўвагі датычаць хутчэй рэдактарскага афармлення, чым аўтарскіх хібаў.

У цэлым кнігу Г. Матыкі можна лічыць паспяховай аўтарскай спробай падсумавання стану даследванняў па праблематыцы польскага антыкамуністычнага руху, змаганняў з войскамі НКУС як на тэрыторыі заходніх рэспублік СССР, як і ўласна Польчшы у межах, акрэсленых падчас канферэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 г. Аўтар увёў у навуковы ўжытак і выкарыстаў багаты дакументальны матэрыял, у першую чаргу расійскіх федэральных архіваў. На старонках кнігі можна спаткаць шмат дыстанцыраваных і ўзважных высноваў, якія сведчаць не толькі аб валоданні фактаграфічным матэрыялам, але і аб асэнсаванні глыбіні праблемы, асабліва у кантэксце польска-украінскіх і польска-расійскіх адносінаў.

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

  1. Белозорович, Виктор (2004) Западнобелорусская деревня в 1939-1953 годах. Гродно: Гродненский университет им. Янки Купалы.
  2. Как польское вооруженное подполье “помогало” Красной Армии разгромить нацистскую Германию. 1944–1945 гг. URL (Доступ 08.07.2015) http://archives.ru/library/poland-1944-1945/foreword.shtml
  3. Мотыка, Гжегож (2014). От волынской резни до операции «Висла». Польско-украинский конфликт: 1943–1947. Москва: РЭССПЭН.
  4. Польша-Беларусь (1921-1953): сб. документов и материалов (2012) Сост. А. Н. Вабищевич. Минск: Беларус. Навука.
  5. Шумскі, Ян (2012). Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г. Беласток-Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства –Інстытут беларусістыкі.
  6. Motyka, Grzegorz (1999). Tak było w Bieszczadach. Walki polsko-ukraińskie 1943–1948. Warszawa: Oficyna Wydawnicza Volumen.
  7. Motyka, Grzegorz (2006). Ukraińska partyzantka 1942-1960. Działalność Organizacji Ukraińskich Nacjonalistów (OUN) i Ukraińskiej Powstańczej Armii (UPA). Warszawa: Instytut Studiów Politycznych PAN-Oficyna Wydawnicza RYTM.
  8. Ruchniewicz, Małgorzata (2010). Wieś zachodniobiałoruska 1944-1953. Wybrane aspekty. Wrocław: Wydawnictwo uniwersytetu wrocławskiego.
  9. Szumski, Jan (2010). Sowietyzacja Zachodniej Białorusi: 1944-1953: propoganda i edukacja w slużbie ideologii. Kraków: Arcana.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...