Каталіцкае духавенства: шлях да Беларусі

TracciakТрацяк. І. І (2013). Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі. Гродна: ГрДУ, 267 с.

Агляд падрыхтаваў айцец Андрэй Крот

Манаграфія кандыдата культуралогіі, дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Івана Іванавіча Трацяка “Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі” выйшла ў выдавецтве універсітэта ў 2013 годзе. Ва ўводзінах да манаграфіі аўтар адзначае, што перамены, якія адбыліся ў палітычным і дзяржаўным жыцці Беларусі пачынаючы з 1991 года, дазволілі рэлігіі заняць больш значнае месца ў жыцці грамадства. Як сцвярджае І. Трацяк, росту папулярнасці рэлігійных інстытутаў і хрысціянскіх канфесій спрыяла палітыка ўраду Рэспублікі Беларусь і Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, які стаў стымулятарам для вывучэння і асэнсавання гісторыі асобных канфесій (с.3).

Навуковец адзначае, што да гэтага часу па-за рамкамі фундаментальных навуковых даследванняў заставаліся рэлігійна-асветніцкія працэсы і культурна-нацыянальная дзейнасць духавенства, а такая з’ява як беларускае духавенства і працэсы беларусізацыі (як у Каталіцкай, так і ў Праваслаўнай Царкве) цалкам ігнараваліся. Запоўніць дадзены прабел павінна манаграфія І. І. Трацяка.

Аўтар вызначае мэту даследвання: “Даследаваць і асэнсаваць вытокі самапазнання, нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларускага каталіцкага кліру ў сацыякультурным працэсе перыяду фармавання нацыянальных ідэалогій Новага часу” (с. 4). У якасці храналагічных рамак даследчык вызначае ХІХ-першую чвэрць ХХ стагоддзяў, аднак свядома не канкрэтызуе іх. Размытасць рамак ён тлумачыць тым, што ўсе сацыякультурныя працэсы з’яўляюцца вынікам папярэдніх, і зразумець іх у адрыве адзін ад аднаго не магчыма.

Найбольшага ўдакладнення і тлумачэння, на думку І. Трацяка, патрабуе азначэнне “беларускае” ў дачыненні да паняцця “каталіцкае духавенства”. Аўтар адзначае, што духавенства на Беларусі, як праваслаўнае, так і каталіцкае, часта з’яўлялася правадніком чужых беларусам нацыянальных інтарэсаў (праваслаўнае духавенства ўкараняла сярод сваіх вернікаў рускую культуру, а каталіцкае – польскую). Такое сцверджанне, на нашу думку, супярэчыць навучанню Царквы, бо і каталіцтва, і праваслаўе, павінны мець па-над нацыянальны характар. Такім чынам, тэарэтычна, немагчыма гаварыць і пра беларускае каталіцтва.

Аднак аўтар пагаджаецца з вядомым дзеячам беларускага нацыянальнага адраджэння першай паловы ХХ стагоддзя ксяндзом Адамам Станкевічам, які нагадваў, што ў кожным народзе каталіцтва (застаючыся адзіным па сутнасці), прымае сваю адметную форму. Што да беларускага каталіцкага духавенства, то навуковец заўважае: “Яно ўяўляла сабой арганізаваную канфесійную іерархічную структуру з шырокай сеткай рэлігійнай і культурна-нацыянальнай дзейнасці на чале з сваім біскупам, альбо біскупам, які быў прыхільны да патрэбаў беларускага духавенства і народа” (с. 14).

Манаграфія складаецца з чатырох раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны гістарыяграфіі і крыніцам даследвання. Аналізуючы гістарыяграфію пытання, І.Трацяк падзяляе яе паводле асяродкаў, у якіх былі напісаныя працы, і храналагічна. Ён вылучае савецкую гістарыяграфію, беларускую гістарыяграфію да ІІ сусветнай вайны, беларускую гістарыяграфію на эміграцыі, польскую гістарыяграфію, сучасную беларускую гістарыяграфію. Аўтар аналізуе працы найбольш значных аўтараў: ксяндза А. Станкевіча, Уладзіміра Конана, Алеся Смаленчука, Юрыя Туронка. Крыніцы даследвання навуковец падзяляе на тры групы: архіўныя матэрыялы, мемуарная літаратура і перыядычныя выданні.

Другі раздзел манаграфіі носіць назву “Рэлігійны і канфесійны фактары ў фармаванні нацыянальных культур”. Аўтар разважае над уплывам хрысціянства на фармаванне нацыянальных культур. Ён пераканаўча даказвае, што хрысціянства не толькі не супярэчыць нацыянальнай свядомасці народа, але, наадварот, спрыяе яе развіццю. У якасці доказаў свайго тэзіса аўтар прыводзіць цытаты з Бібліі–Старога і Новага Запаветаў, навучання царкоўных дзеячаў, тэолагаў, рэлігійных філосафаў. “Праўда, гаварыць пра развіццё чыста хрысціянскай духоўнасці па-за канфесійна-палітычным кантэкстам духавенства няпроста,” – заўважае навуковец. Таму ён робіць невялікі агляд уплыву розных канфесій на фармаванне нацыянальнай свядомасці і культуры асобных славянскіх народаў.

Аўтар слушна заўважае, што на фармаванне культурна-гістарычнай свядомасці беларускага народа паўплываў поліканфесійны фактар. У розныя перыяды гісторыі беларусы знаходзіліся пад уплывам праваслаўя, каталіцтва, пратэстантызму, уніяцтва. І. Трацяк крытыкуе тых навукоўцаў, якія не жадаюць заўважаць гэтага відавочнага факту і даводзяць, што толькі адна з канфесій спрычынілася да фармавання беларускага народу. Так, напрыклад, Іван Чарота прынцыпова адкідае ўнёсак у беларускую культуру неправаслаўных дзеячаў. Такі падыход І. Трацяк лічыць неаб’ектыўным. “Увогуле ў аснову крытэрыя аб’ектыўнасці павінен быць пакладзены аксіялагічны фактар дзейнасці той ці іншай канфесіі, перш-наперш, на карысць рэлігійна-духоўнага ўдасканальвання народу,”–піша навуковец (с. 49).

Нажаль, як заўважае аўтар, у Беларусі не заўсёды канфесіі служылі духоўнаму ўдасканаленню народу, але рабіліся праваднікамі дзяржаўнай палітыкі суседніх дзяржаваў: каталіцтва–Польшчы, праваслаўе–Расіі. Гэта прыводзіла да таго, што беларусы часта толькі фармальна належылі да Царквы, і да нізкага ўзроўню рэлігійнасці сярод нашых продкаў.

Асаблівую ўвагу аўтар засяроджвае на ўплыве Каталіцкай Царквы на фармаванне беларускай культуры. Ён адзначае істотны ўплыў Грэка-Каталіцкай Царквы (гэты сучасны тэрмін І. Трацяк ужывае для Уніяцкай Царквы) на станаўленне беларускай нацыі, і для падцвярджэння гэтага тэзіса прыводзіць цэлы шэраг сведчанняў гістарычных крыніц і выказванняў гісторыкаў. Важны ўнёсак у фамаванне беларускага этнасу зрабілі езуіты і манахі іншых каталіцкіх ардэноў, якія ў сваёй місіянерскай і адукацыйнай дзейнасці карысталіся мовай простага народу.

Аўтар манаграфіі нагадвае, што многія пісьменнікі, якія стаялі ля вытокаў беларускага адраджэння ХІХ стагоддзя, былі вернікамі каталіцкай Царквы: Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Аляксандр Рыпінскі, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і многія іншыя. Навуковец адзначае таксама, што беларускае адраджэнне было б немагчымае і без праваслаўных беларусаў.

Наступны раздзел працы мае назву “Беларускае пытанне ў кантэксце канфесійнай і нацыянальнай палітыкі канца ХІХ ст.–1921 год”. У гэтым раздзеле аўтар разглядае асаблівасці канфесійнай і нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі ў Беларусі, паланізацыйны ўплыў Рыма-Каталіцкай Царквы на беларусаў, а таксама ўплыў рыма-каталіцкай ерархіі на беларускі нацыянальны рух.

Моўная палітыка царызму ў дачыненні да Каталіцкай Царквы, як заўважае аўтар, доўгі час рэгулявалася царскім загадам ад 15 чэрвеня 1848 года, паводле якога праводзіць набажэнствы каталікам на рускай мове забаранялася, а дазвалялася толькі “ва ўсіх чужастранных мовах”. “Менавіта ад гэтага часу касцёл становіцца адзіным апірышчам польскасці ў Расійскай імперыі,” – піша навуковец (с. 89).

Аўтар прыводзіць наздвычай цікавы гістарычны факт, які тычыцца таго, што ў 60-я гады ХІХ стагоддзя ў расійскім грамадстве пачынаецца акцыя вядомая як “разъединение католицизма и польской национальности”, альбо “распалячванне каталіцызму”. У межах гэтай акцыі ў 1905 годзе гродзенскі генерал-губернатар звярнуўся да павятовых маршалкаў дваранства з просьбай прадаставіць звесткі пра патрэбу выкарыстання ў касцёлах беларускай мовы замест польскай (с. 94-98). Акрамя таго, І. Трацяк апісвае стаўленне каталіцкага духавенства да адукацыйнай палітыкі расійскіх уладаў, а таксама рэпрэсіі ўладаў імперыі да асобных прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, якія без суда караліся нават за дробныя правіны (напрыклад, за неправеранае цэнзурай казанне).

Ціск з боку расійскіх уладаў накіраваў Рыма-Каталіцкую Царкву ў Беларусі да іншай скрайнасці: яна стала фактарам развіцця сярод вернікаў-беларусаў польскага патрыятызму. Аўтар манаграфіі заўважае: “Нічога ня трэба шукаць крыклівага і ў тым, што мэты польскага духавенства і свецкіх уладаў супалі ў лёсавырашальны момант для Польшчы ў адраджэнні сваёй дзяржаўнасці”.

Аднак навуковец адзначае, што недапушчальным ёсць празмерна актыўны ўдзел Царквы ў палітычным жыцці і асляпленне некаторых каталіцкіх святароў і ерархаў польскай нацыянальнай ідэяй. На шчасце, не ўсе прадстаўнікі вышэйшай каталіцкай ерархіі замыкаліся ў вузкіх шавіністычных колах, шмат хто з іх, як піша І. Трацяк, “імкнуліся паспрыяць і дапамагчы беларускаму нацыянальнаму адраджэнню ўвогуле і беларускаму каталіцтву ў прыватнасці” (с. 128). Даследчык прыводзіць біяграфіі каталіцкіх біскупаў, якія прыхільна ставіліся да беларускага пытання: Стэфана Данісевіча, Эдварда фон Ропа, Францішка Карэвіча, блаславёнага Юрыя Матулевіча, а таксама тых, чыё стаўленне было неадназначным: Вінцэнта Ключынскага, Казіміра Міхалькевіча, Зыгмунта Лазінскага.

Апошні раздзел працы мае назву “Беларускае каталіцкае духавенства ў працэсе фармавання светапоглядных асноў”. У ім І. Трацяк разважае над прычынамі ўзнікнення беларускай свядомасці ў каталіцкага духавенства, выхаванага на стэрыятыпе “паляк-католік”. У нацыянальным самавызначэнні беларускіх каталіцкіх святароў навуковец вылучае чатыры перыяды. Першы ён называе перыядам самавызначэння, альбо “шапілаўскай парою”. Важнай асобай гэтага перыяду быў прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які аказаў значны ўплыў на пачынальнікаў беларускай каталіцкай справы: біскупа Стэфана Данісевіча, ксяндзоў Францішка Будзьку, Адама Лісоўскага, Генрыха Бэту. Гэтаму перыяду аўтар манаграфіі прысвячае шмат увагі, разглядаючы падрабязна лёсы асобных святароў, якія першымі назвалі сябе беларусамі (Б. Яроцкі, Я. Фарботка, П. Грыбоўскі).

Другі перыяд самавызначэння святароў аўтар называе перыядам культурна-асветніцкіх гурткоў, і акрэслівае яго храналагічныя межы з 1909 па 1917 год. Ён кароатка апісвае дзейнасць беларускіх гурткоў, у якія уваходзілі альбо якімі кіравалі беларускія каталіцкія святары альбо семінарысты (гурткі ў Пецярбурскай і Віленскай семінарыях, у Пецярбурскай рыма-каталіцкай акадэміі, гурток беларускай моладзі ў Гродне).

Трэці перыяд І.Трацяк называе “арганізацыйным перыядам (1917-1921)”. У адпаведным падраздзеле аўтар сцісла апісвае два з’езды беларускага каталіцкага духавенства (у 1917 і ў 1921 гадах), а таксама прыводзіць сціплыя звесткі пра дзейнасць “арганізацыі ксяндзоў-беларусаў”, пра якую ўзгадваюць некаторыя сучаснікі. Пры чацвёрты перыяд (перыяд змаганняў, альбо дзейнасці ва ўмовах польскай, савецкай і нямецкай акупацыяў) аўтар не ўзгадвае.

Другую частку апошняга раздзела навуковец прысвячае адукацыі і выкладчыцкай дзейнасці беларускіх каталіцкіх святароў, пералічвае беларусаў-выпускнікоў каталіцкіх вышэйшых навучальных устаноў Расійскай імперыі і замежжа, а таксама беларускіх святароў, якія выкладалі ў духоўных семінарыях.

Манаграфія І. Трацяка–надзвычай цікавае і грунтоўнае даследванне. Аўтар прыводзіць у ёй шмат цікавых гістарычных фактаў, якія датычаць жыцця Каталіцкай Царквы ў часы Расійскай імперыі, станаўлення беларускай свядомасці ў асяродку каталіцкага духавенства, рэпрэсій расійскіх уладаў супраць Каталіцкай Царквы. Даследчык не абмяжоўваецца толькі пералічваннем фактаў, а спрабуе філасофскі асэнсаваць працэсы ўсведамлення беларусамі-каталікамі сваёй нацыянальнай прыналежнасці, каштоўнасці беларускай культуры з пункту гледжання хрысціянства. Праўда, у сваіх разважаннях аўтар часамі адыходзіць ад асноўнай лініі манаграфіі. Але гэта бадай што адзіны невялікі недахоп працы, у якой плюсы безумоўна пераважаюць мінусы.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...