Гістарычная палітыка ў ХХІ ст.

------, ------Миллер, А, Липман, М (2012). Историческая политика в ХХІ веке. Москва: «Новое литературное обозрение», 648 с.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы.

 

Гісторыя гэта спрэчка аб мінулым. Мінулае ж застаецца прадметам, які не хочуць пакінуць выключнай прэрагатывай гісторыкаў. Гістарычныя падзеі і наратыва, часткай якіх яны з’яўляюцца, выступаюць не толькі ў якасці поля працы даследчыкаў, але, часта, з удзелам тых жа самых даследчыкаў, ператвараюцца ў прастору для палітычных маніпуляцый і канфліктаў. Пераадоленню такіх канфліктаў павінен спрыяць грамадскі дыялог пра мінулае, пра знакавыя гістарычныя падзеі, якія на моцы свайго месца і патэнцыялу эмацыйнасці маюць для грамадства вялікае значэнне.

Адсутнасць такога дыялогу можа прыводзіць да завастрэння канфліктаў і разбурэння даверу ў грамадстве. Падзеі і наратывы мінулага, як і іх інтрэпрэтацыі ўвесь час з’яўляюцца аб’ектам барацьбы за значэнне (Verdery, 1991: 27-29). Калі ж яны ўспрымаюцца як падстава для палітычнай легітымнасці, то такая барацьба набывае дастаткова вострыя формы, можа пагражаць грамадству расколам.

Сёння спробы ўмяшання ў інтэрпэтацыю мінулага і рэгулявання яго з боку дзяржаўных інстытутаў і іншых актараў канцэптуалізуецца як “гістарычная палітыка”. Менавіта гэтае паняцце вынесена ў назву зборніка пад рэдакцыяй расійскага гісторыка Аляксея Мілера, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках Расійскай акадэміі навук і запрошанага прафесара Цэнтральна-Еўрапейскага універсітэта ў Будапешце, і эксперта  маскоўскага Цэнтра Карнегі Марыі Ліпман.

У зборнік ўвайшлі дзевятнаццаць тэкстаў, некаторыя з якіх выходзілі пачынаючы з 2008 г. на старонках часопіса “Pro et Contra”. Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, прысвечаныя адной тэме: спробам на дзяржаўным узроўні, а нават і заканадаўча вызначаць прыярытэты ў наданні тым або іншым інтэрпрэтацыям гістарычных падзей і наратывам з імі звязаным абавязковага характару, намаганням “замарозіць” тую ці іншую інтэрпрэтацыю мінулага, зрабіць яе зброяй для звяздзення палітычных рахункаў з апанентамі ўнутры краіны ці ў міждзяржаўных адносінах.

Укладальнікі паспрабавалі даць вызначэнне з’яве гістарычнай палітыкі і акрэсліць яе рысы. Паводле Мілера, такія рысы не абавязкова выступаюць адначасова ва ўсіх прадстаўленых у зборніку выпадках. Аднак, на яго думку, менавіта унікальнасць спалучэння формаў, у якіх гістарычная палітыка, якую ён яшчэ называе “палітызацыяй гісторыі”, характарызуе рэгіён, абазначаны як “Усходняя Еўропа” (с. 7-8). Трэба прызнаць цікавым і карысным памяшчэнне краін, аднесеных да гэтага рэгіёна, у параўнаўчую перспектыву  (с. 27).

Вельмі важным з’ўляецца пытанне суб’ектаў гістарычнай палітыкі. Аляксей Мілер слушна адзначае, што апрача дзяржаўных структур сюды трэба ўключыць яшчэ грамадскія арганізацыі, медыі і інш. Ён звяртае ўвагу на тое, што менавіта следванне элементарным дэмакратычным каштоўнасцям і нейкая ступень плюралізму ў грамадстве і робяць магчымай гістарычную палітыку (с. 9). Але нават адсутнасць нармальна функцыянуючых дэмакратычных інстытутаў хоць і не кампенсуецца, але істотна дапаўняецца інтэрнетам і сацыяльнымі сеткамі, якія  становяцца важнымі праваднікамі дыскусіяў аб мінулым.

Аляксей Мілер, вельмі правільна ўказвае на ролю новых медыяў і новых форм публічнасці ў кантэксце гістарычнай палітыкі. Пры гэтым у яго неяк выпадае з поля зроку прыклад самой Расіі, дзе існуе практычна поўны кантроль Крамля над электроннымі сродкамі масавай інфаомацыі, што ў сваю чаргу робіць праблематычным і значна больш маніпулятыўнымі пытанні звязаныя з гістарычнай палітыкай. Там, дзе больш магчымасцяў для нармальнага функцыянавання публічнай сферы, шанцы на маналагічнае навязванне з боку дзяржавы пэўнай версіі мінулага меншыя.

Менавіта ў рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы, дзе ёсць як тыя краіны, якія далучыліся да ЕС, так і тыя, што не далучыліся, у першае дзесяцігоддзе новага стагоддзя гістарычная палітыка набыла найбольш выразныя формы і адбылася, на думку Мілера, яе эскалацыя. Яна выйшла на ўзровень міждзяржаўных адносінаў. Таксама яе адметнасцю, паводле расійскага украініста, было запазычванне вопыту ў выбудоўванні дыскурсу аб мінулым у суседзяў, супраць якіх яна магла быць скіравана.

Тут хацелася б спыніцца на характары ўжываемай у зборніку тэрміналогіі, а перш за ўсё тэрміна “Усходняя Еўропа”. Такі палітыка-геаграфічны прыём абумоўлены, напэўна, нежаданнем укладальнікаў, а ў першую чаргу А. Мілера, ужываць іншы трэмін, дэканструкцыі якога ён прысвяціў немала месца: Усходне-Цэнтральная Еўропа (Миллер, 2001). Асаблівы пратэст з боку расійскага гісторыка выклікала тое, што было сфармулявана такое бачанне гэтага рэгіёна, якое выключала з яго Расію. Пры гэтым Мілер амаль не закранае каштоўнасна-нарматыўнага аспект такога выключэння і “іншавання”, а таксама ніяк не каментуе факт свайго выкладання ва універсітэце, які мае менавіта такую назву: Цэнтральна-Еўрапейскі.

Зборнік не прапануе нейкага адзінага бачання гістарычнай палітыкі. Апошняе, паводле фармулёўкі расійскага ўкраініста Мілера, гэта спроба ўмяшання і рэгулявання інтрэпрэтацый мінулага з дапамогай дзяржаўных інстытутаў з мэтай дасягнення палітычных вынікаў. Гістарычную палітыку характарызуюць метады, з дапамогай якіх яна ажыццяўляецца.

Да апошніх можна аднесці стварэнне ўстаноў, якія выкарыстоўваюцца для насаджэння пэўнай трактоўкі гісторыі выгаднай той ці іншай палітычнай сіле (“камісіі па супрацьдзеянню фальсіфікацыі гісторыі”, інстытуты нацыянальнай памяці і інш.); палітычнае ўмяшальніцтва ў дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі; маніпуляцыю архівамі (праз захаванне рэжыму сакрэтнасці там, дзе яна павінна быць знятая, выбарачную публікацыю дакументаў і г. д.); распрацоўку і выкарыстанне новых прыёмаў кантролю за дзейнасцю гісторыкаў; умяшальніцтва ў змест падручнікаў і праграм выкладання ўключна з прамымі парушэннямі дзеючага на гэты прадмет заканадаўства (с. 17-19, 341).

Аднак гэта далёка не адзіная трактоўка гістарычнай палітыкі, якая прапануецца ў зборніку. Больш нейтральнае і нюансаванае вызначэнне ў адносінах да заходнееўрапейскага, а перш за ўсё германскага вопыту прапанавана ў тэксце Юты Шэрэр (Jutta Scherer).

Гістарычная палітыка, паводле яе, скіравана на фармаванне грамадскі значных гістарычных вобразаў мінулага і вобразаў ідэнтычнасці. Гістарычная палітыка не з’яўляецца маналагічнай, у дэмакратычным і плюралістычным грамадстве, у яе апрача палітыкаў уцягнуты іншыя прафесійныя і сацыяльныя групы, якія дадаюць свае сэнсы і разуменне ў грамадскі значныя гістарычныя падзеі. Такая гістарычная палітыка мае плюралістычны характар адпаведна да грамадства, якое яе рэалізуе. Гэта ўключае і перадачу памяці і вопыту, а таксама тэматыку гістарычных даследванняў па вострых пытаннях (с. 475-476).

Для Еўропы ўцэлым германскі вопыт з’яўляецца прыкладам таго, як трэба ставіцца да цяжкіх праблем мінулага. Само з’яўленне тэрміналогіі і  паняцця “гістарычная палітыка”, фармаванне своеасаблівага дыскурса для вырашэння гэтых пытанняў адбывалася менавіта ў кантэксце нямецкіх спрэчак аб “пераадоленні мінулага”. Два тэксты зборніка закранаюць унутрыгерманскія дыскусіі аб спадчыне нацызму і камуністычным досведзе ГДР, а таксама міждзяржаўныя франка-германскія адносіны ў гэтым кантэксце. Па змаўчанні, гэты вопыт з’ўляецца нарматыўным для краін Усходне-Цэнтральнай Еўропы.

Менавіта на злоўжыванні нямецкім вопытам робіць акцэнт Аляксей Мілер (с. 27). Рэцэпцыя нямецкай канцэптуалізацыі здаровага дыялогу аб мінулым у краінах рэгіёна набыла іншы характар. Менавіта са спасылкай на германскі вопыт грамадскі дарадца прэзідэнта Леха Качыньскага (Lech Kaczyński) філосаф і палітолаг Марэк Ціхоцкі (Marek Cichocki) абвясціў аб неабходнасці ўласнай “гістарычнай палітыкі” з тым, каб супрацьстаяць “перагляду” гістарычных падзей з боку суседзяў Польшчы, а ў першую чаргу—той жа Германіі і Расіі.

Якраз польскія і украінскія сюжэты найбольш прадстаўлены ў зборніку. Польская ці польска-расійская праблематыка прадстаўлена ў чатырох тэкстах, а украінская—у трох. Гэта тлумачыцца асаблівай вастрынёй, якую набылі міждзяржаўныя адносіны Расіі з гэтымі краінамі ў першае дзесяцігоддзе ХХІ ст.

Зборнік уцэлым паказвае матывы, якія ствараюць глебу для гістарычнай палітыкі і ўплываюць не толькі на яе, але і на агульнапалітычны кантэкст. Такім матывам выступае дэфіцыт легітымнасці. Пры гэтым гісторыя з’яўляецц не адзінай крыніцай легітымнасці для постсавецкіх краін. Аднак калі постсавецкія дзяржавы адчуваюць такі дэфіцыт мінулае якраз з’язляецца тым рэсурсам, на які абапіраюцца эліты гэтых краін (с. 388).  У выпадку дзяржаў былога СССР, як тых, што не з’яўляюцца часткай ЕС, і тых, што сталі яго часткай, можна казаць яшчэ і пра “анталагічную заклапочанасць”, якая становіцца рухавіком гістарычнай палітыкі як, напрыклад, у выпадку Эстоніі (с. 189).

Некаторыя прыёмы гістарычнай палітыкі агульныя для постсавецкай прасторы. Беларускі чытач можа параўнаць досвед іншых постсавецкіх краін з уласнай. Напрыклад, у перыяд кіравання камуністаў у Малдове была ажыццёўлена спроба ўкараніць зліты курс нацыянальнай і сусветнай гісторыі ў 2002 гг. у сярэдніх школах аналагічна таму, што ўжо пэўны час рэалізуецца ў Беларусі (с. 270-271).

Таксама паралелі з Беларуссю можна прасачыць на прыкладзе той жа Малдовы і ў тым, як камуністычныя ўлады і звязаныя з ёю навукоўцы і чыноўнікі трактавалі прарумынскіх гісторыкаў у акадэмічных структурах. Іх дзейнасць яны характарызавалі як “антымалдаўскую” і “антыдзяржаўную”. У адносінах да гэтых гісторыкаў, паводле міністра-гісторыка ў камуністычным урадзе Малдовы Віктара Сцепанюка, вялася “ідэалагічная барацьба”.

Вопыт Беларусі ў сэнсе інтэрпрэтацыі сталінізму як курсу на мадэрнізацыю быў запатрабаваны аўтарамі расійскіх падручнікаў, якія імкнуліся дагадзіць замове з боку дзяржавы. Гаворка ідзе пра Якава Трашчанка і яго дапаможнік. Т.ч., абмен вопытам у рамках гістарычнай палітыкі неабавязкова мае нейкія фіксаваныя і сталыя “цэнтры” і “перыферыі” (с. 335). Мілер між тым паддае крытыцы інструментальнае выкарыстанне парадыгмы мадэрнізацыі, каб прыменшыць маштаб сталінскіх рэпрэсій у расійскіх школьных падручніках (с. 356).

Зборнік таксама закранае такую вельмі істотную праблему як захаванне па сутнасці савецкіх практык у постсавецкіх гуманітарных навуках. Гэта праяўляецца як у характары інстытуалізацыі некаторых дысцыплін, так і на ўзроўні наратываў, калі значная іх чатка запазычваецца фактычна з часоў камунізму толькі з пэўнымі агаворкамі і зменамі акцэнтаў (с. 223, 265). Не ўлічваць гэтай спецыфікі пры аналізе гістарычнай палітыкі ў постсавецкіх краінах нельга.

Яшчэ аднім сюжэтам, які заслугоўвае ўвагі і раскрыццё якога дае ўяўленне пра асаблівасці гістарычнай палітыкі, з’яўляецца інструменталізацыя Халакоста. Яна адбываецца ў краінах Усходне-Цэнтральнай Еўропы ў самых розных палітычных кантэкстах і практыкуецца самымі рознымі паводле сваёй ідэалогіі сіламі. У плюралістычных і дэмакратычных грамадствах спробы інструменталізацыі Халакоста выклікаюць энергічную рэакцыю, як было ў выпадку “Адозвы з Блуа” гісторыка П’ера Нора (Pierre Nora), які рэзка асудзіў ў 2008 г. магчымасць прыняцця закона, што даваў бы паўнамоцтвы судовым органам вырашаць характр той ці іншай трактоўкі гістарычнага мінулага няхай нават і ў выглядзе пераследу за адмаўленне любых форм злачынства супраць чалавечнасці (с. 501-502).

У кантэксце інструменталізацыі Халакосту варта звярнуць увагу і на пытанне генацыду. Апрапрыяцыя паняцця генацыд адбываецца ў тым ліку з аглядкай на парадыгматычнасць Халакосту. Тэрмін “генацыд” набыў ў кантэксце гістарычнай палітыкі і міжнародных адносінаў востра канфліктны характар. У зборніку адзначана магчымасць вяртання сюжэтаў звязаных з генацыдам на арэну ўнутры- і знешнепалітычных спрэчак на постсавецкай прасторы і ў краінах Усходне-Цэнтральнай Еўропы (с. 319-320). Трэба пагадзіцца з тым. што выкарыстанне ў палітычных мэтах генацыду спрыяе інфляцыі і рэлятывізацыі гэтага паняцця, а таксама не столькі вырашае, колькі ўскладняе знешнепалітычныя адносіны, а таксама і ўнутраную палітыку.

Асабісты лёс навукоўцаў у сувязі з гістарычнай палітыкай і даследваннем Халакосту з’яўляецца бясспрэчна неабходым элементам у высвятленні наступстваў палітызацыі гісторыі самымі рознымі суб’ектамі. На прыкладзе канадскага даследчыка гісторыі Украіны Джона-Пола Хімкі (John-Paul Himka) і фактычнага байкоту, абвешчанага яму з боку акадэмічнай украінскай дыяспары ў Паўночнай Амерыцы і самой Украіне, прыпісвання яму супрацоўніцтва з расійскімі спецслужбамі з прычыны яго даследвання ролі Арганізацыі украінскіх нацыяналістаў (ОУН) у яўрэйскіх пагромах і Халакосце можна пераканацца, як пэўная “некарэктная” тэма можа негатыўна адбіцца на лёсе гісторыка.

Кампаратыўная перспектыва зборніка дазваляе звярнуць увагу на недастатковае раскрыццё некаторых тэмаў у ім. У кантэксце Кітая асвятляецца роля кінематографа як і ўвогуле масавай культуры і сферы спажывання ў палітызацыі мінулага. Гэта вымушае паставіць пытанне аб ролі гэтых сфер ў гістарычнай палітыцы і ва Усходне-Цэнтральнай Еўропе. Хоць Мілер і згадвае ролю стужкі Анджэя Вайды (Andrzej Wajda) “Катынь” у змяншэнні напружання ў польска-расійскіх адносінах і запавольванне інтэнсіўнасці гістарычнай палітыкі пасля катастрофы борта польскага прэзідэнта ў Смаленску ў красавіку 2010 г., зусім адсутнічае кантэкст расійскай тэле- і кінапрадукцыі, якая калі адкрыта не гларыфікуе супярэчлівую імперскую спадчыну, сталінізм і савецкія практыкі масавага гвалту, то спрыяе іх апраўданню (Condee, 2009).

У сваім уласным артыкуле Мілер разабраў толькі адзін узровень гістарычнай палітыкі ў Расіі і зусім праігнараваў цэлы масіў афіцыйных публікацый, дзе гістарычныя падзеі прадстаўлены ў скрайне палітызаванай версіі. Таксама ён не ўключыў  ў свой разгляд пэўныя сектары расійскай публічнай сферы. Там існуюць значна больш выразныя тэндэнцыі імперскага рэвізіянізму і скрайняга нацыяналізму. Яго нарыс гістарычнай палітыкі ў Расіі фактычна ігнаруе нарастанне сталінісцкіх тэндэнцый у грамадскай прасторы, хоць расійскі украініст і канстатуе неактыўнасць у часы перабудовы прыхільнікаў Сталіна ў публічнай сферы.

Пры прызнанні Мілерам наяўнасці праблем у сэнсе адсутнасці “прапрацоўкі мінулага” у Расіі далей за канстатацыю таго, што няма недвухсэнсоўнай юрыдычнай ацэнкі злачынстваў сталінізму ён не ідзе. Але нельга сказаць, каб зборнік быў у гэтым плане зусім аднабаковы. У ім ёсць матэрыял, аўтар якога, гісторык і супрацоўнік арганізацыі “Мемарыял” Мікіта Пятроў, адназначна сцвярджае, што Сталін як паводле сучаснага расійскаа, так і тагачаснага савецкага заканадаўства можа лічыцца злачынцам.

Трэба яшчэ раз вярнуцца да ўжывання Мілерам тэрміну “Усходняя Еўропа”. Мілер шматзначна маўчыць аб неабходнасці дэканструкцыі расійскіх імперскіх мітаў і дыстанцыявання сучаснай Расіі ад іх. Гэта ж закранае праблемы іншга парадку, якія, калі б яны знайшлі належнае асвятленне з боку расійскага ўкраініста, зусім у іншым святле трактавалі б разуменне прыроды рэакцыі суседніх з Расіяй краін на яе дзеянні ў сваёй унутранай і знешняй палітыцы. Такая дэканструкцыя і яе абмеркаванне ў публічнай прасторы з’яўляецца абавязковай перадумовай для аздараўлення двух- і шматбаковых адносінаў Расіі з суседнімі дзяржавамі.

Для справядлівасці трэба заўважыць, што ў іншым месцы ён паказвае, што у народаў Усходне-Цэнтральнай Еўропы ёсць свае прычыны для ўспрымання Расіі як пагрозы. Пры гэтым ён цытуе вядомы твор венгра Іштвана Біба, праўда прыводзіць яго назву дадаючы дастаткова зневажальны эпітэт (“нікчэмнасць”). У вачах Мілера гэты твор яскрава сведчыць, што ў Расіі не можа быць той экзістэнцыяльнай ці анталагічнай няпэўнасці, якая існуе сярод нацый гэтага рэгіён, што можа пакінуць амбівалентнае ўражанне ў чытачоў адтуль (Миллер, 2006: 10-11).

Своеасаблівы працяг гэтай тэмы можна знайсці ў рэцэнзуемым зборніку. Расійскі украініст фактычна суміраваў характар узаемаадносін паміж краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Расіяй, калі паказаў два ўзроўні дыскурса (якія можна назваць умоўна “афіцыйным” і “грубым”) у двухбаковых кантактах Расіі з краінамі рэгіёна, працытаваўшы пісьменніка Віктара Пялевіна (с. 31).

Увагу Мілера ўжо звярталі да аднабаковасць яго падыходу да дэканструкцыі ім і гісторыкамі, якія спасылаюцца на яго, нацыянальных наратываў постсавецкіх краінаў, пры адначасовым “забыванні” аб дэканструкцыі імперскага наратыву. Гэтым карыстаюцца тыя гісторыкі ў Расіі, якія практыкуюць асаблівую форму аднаўлення імперскага дыскурса (Портнов, 2007а: 12, 14-15).

У такім кантэксце імперскае вымярэнне гісторыі і яго спадчына ў адносінах Расіі з постсавецкімі краінамі набывае характар неаспрэчнай “рэчаіснасці”, а вось нацыянальныя наратывы становяцца  ў параўнанні з імі толькі “канструктамі”. Рэвізіянісцкія гісторыкі карыстаюцца даробкам даследчыкаў, што працуюць у рэчышчы канструктывісцкай і крытычнай парадыгмы (Портнов, 2007b: 30), самі ж часта такіх тэарэтычных установак не падзяляюць і адносяць іх да таго, што называюць “чужародным постмадэрнізмам”. Т.ч., утвараецца своеасаблівы падзел працы паміж крытычнымі гісторыкамі і імперскімі рэвізіяністамі. Такія з’явы можна назіраць як у Расіі, так у іншых постсавецкіх краінах, дзе ёсць інтэлектуальныя і палітычныя прыхільнікі гэтага рэвізіянізму.

Магчыма, такія адносіны расійскага даследчыка да дэканструкцыі імперскага наратыву можна часткова растлумачыць тым, як ён пазіцыянуе сябе адносна сучаснага яму палітычнага спектру сваёй краіны. У Мілера сфера “ліберальнага” сканструявана так, што ён фактычна паказвае гэтую частку палітычнага і грамадскага сектара Расіі як  маргінальную. Ён, натуральна, сябе да ліберальнай сферы не адносіць (с. 357, 366).

Хоць зборнік пакідае ўцэлым неадназначнае ўражанне, гэта зусім не кажа на карысць таго, што ён не варты ўвагі гісторыкаў, палітолагаў і спецыялістаў з галіны міжнародных адносінаў. Ён падымае вельмі важныя пытанні аб адносінах грамадства са сваім мінулым, якое не заўжды можа быць зручным. Здольнасць пераадолець спадчыну гэтага мінулага можа сведчыць аб спеласці дадзенага грамадства, яго гатовасці супраціўляцца  спробам інструменталізаваць гісторыю, цвяроза адносіцца да яе.

 

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

 

  1. Миллер, Алексей (2001). “Тема Центральной Европы: история, современные дискурсы и место в них России”, Новое литературное обозрение, № 52.
  2. Миллер, Алексей (2006). Империя Романовых и национализм. Эссе по методологии исторического исследования. Москва: Новое литературное обозрение.
  3. Портнов, Андрій (2007a). “Вісті з хорошої імперії”, Критика, Число 9: 10-15.
  4. Портнов, Андрій (2007b). “Ударимо дезертирством по добровольцях”, Критика, Число 10: 30-31.
  5. Condee, Nancy (2009). The Imperial Trace. Recent Russian Cinema. Oxford-New York: Oxford University Press.
  6. Verdery, Katherine (1991). National Ideology Under Socialism. Identity and Cultural Politics in Ceauşescu Romania. Berkeley-Los Angeles-Oxford: University of California Press.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...