Эпізоды вялікага жыцця

Зоська Верас_ Я помню ўсё_1Верас, Зоська (2013). Я помню ўсё. Успаміны, лісты. Гародня-Wrocław: «Гарадзенская бібліятэка», 475 с.    

Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч.

 

Паэтка і грамадская дзяячка Людвіка Сівіцкая (1892-1991), больш вядомая як Зоська Верас, пакінула прыкметны след у гісторыі беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст. Пры чым менавіта «Адраджэння» бо першы беларускі агеньчык у Гродне быў запалены менавіта ёю і яе сябрамі-навучэнцамі гродзенскіх гімназій. Пачаўшы свой шлях у Гродзенскім гуртку беларускай моладзі Зоська Верас шмат дзесяцігоддзяў працавала ў беларускіх дабрачынных арганізацыях, займалася выдавецтвам і кааператыўнай дзейнасцю. Але, напэўна, самай важнай справай яе жыцця стала захаванне памяці пра сваіх паплечнікаў і перадача гэтай памяці наступным пакаленням. Менавіта гэтаму і прысвечаны выдадзены ў гонар 120-годдзя са дня яе нараджэння том у серыі «Гарадзенская бібліятэка».

Лясная хатка пад Вільняй, дзе рэшту свайго доўгага жыцця пражыла Зоська Верас, была сапраўднай Мекай для некалькіх пакаленняў беларускіх грамадскіх актывістаў, гісторыкаў, літарататуразнаўцаў, музейных супрацоўнікаў. Кожны мог напісаць пані Людвіцы і даведацца аб тым, што яго цікавіла. Некага цікавілі асобы Гальяша Леўчыка, Максіма Багдановіча або Сымона Рака-Міхайлоўскага, нехта хацеў атрымаць каштоўную кнігу, хтосьці збіраў мясцовыя зёлкі і хацеў пракансультавацца з ёю як добрым знаўцам. Для кожнага Зоська Верас, нават маючы ўжо дзевяноста пяць год, знаходзіла час і кожнаму адказвала.

Ва ўкладзеную Міхасём Скоблам лісты і ўспаміны Зоські Верас увайшло яе ліставанне (усяго 386 лістоў) з гродзенцамі Данутай Бічэль, Аляксеем Пяткевічам, Фёдарам Ігнатовічам, Алесем Госцевым, Міколай Тарандам, Алесем Белакозам, Ларысай Геніюш, Мікалаем Марцінчыкам а таксама аўтабіяграфія і змястоўныя ўспаміны. Успаміны раней друкаваліся толькі ўрыўкамі ў перыядычных выданнях і толькі цяпер цалкам апублікаваныя паводле ксеракопіі аўтографа, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Ахопліваюць успаміны перыяд ад пачатку ХХ ст. да Другой сусветнай вайны, г.зн. час, калі іх аўтарка актыўна працавала ў беларускіх грамадскіх, культурных, выдавецкіх і кааператыўных структурах – Гродзенскім гуртку беларускай моладзі (Гродна, 1909–1912 гг.), Таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны (Мінск, 1916–1918 гг.), рэдакцыі віленскіх беларускіх газет (Вільня, 1924–канец 1920-х гг.), рэдакцыі «Беларускай борці» і таварыства «Пчала» (Вільня, 1930-я гг.).

Ліставанне Зоські Верас цікавае не толькі для даследчыкаў беларускай літаратуры, хаця перапісвалася яна найперш з літаратарамі або літаратуразнаўцамі. Нельга забывацца, што паэтка прымала ўдзел у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік 1917 г.) і Першым Усебеларускім нацыянальным канкрэсе (снежань 1917 г.), а пасля працавала ў рэдакцыях заходнебеларускіх газет і часопісаў, сама выдавала некалькі з іх – дзіцячую «Заранку» і гаспадарчую «Беларускую борць».

Яна пакінула прыкметны след у гісторыі беларускай кааперацыі, стварыўшы таварыства «Пчала», якое падтрымлівала актыўныя кантакты з заходнеўкраінскімі кааператарамі. Між тым тэма беларускай кааперацыі ў міжваенны час–адна з найслабей даследаваных ва ўсёй гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Самыя цікавыя, на нашу думку, сюжэты, у ліставанні Зоські Верас тычацца яе працы ў рэдакцыях выданняў Беларускага пасольскага клуба і, пазней, Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Гэтую сферу сваёй дзейнасці Зоська Верас кранае досыць эпізадычна, але тым не менш, малюе вельмі яскравую карціну, як выглядаў працэс арганізацыі, друкавання і распаўсюду міжваенных беларускіх легальных газет, падкрэслівае значную ролю ў іх рэдагаванні Антона Луцкевіча.

Што асабліва цікава – яна канкрэтна кажа, што фінансаваліся выданні Беларускім пасольскім клубам (пасля, напэўна, клубам БСРГ), нават называе суму гэтай падтрымкі: Сымон Рак-Міхайлоўскі штомесяц перадаваў ёй на беларускае выдавецтва 4,5 тысячы злотых–велізарную па тых часах (сярэдзіна 1920-х гг.) суму.

Асобная цікавая тэма – развагі Зоські Верас аб лёсах беларусаў Сакольшчыны. Большасць сяброў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі паходзіла з каталіцкіх ваколіц сучаснай Сакулкі (Sokółka, па-беларуску Саколка), там жа гурткоўцы рабілі свае прадстаўленні і іншыя імпрэзы. Пасля Другой Сусветнай вайны каталіцкая Сакольшчына амаль выпала з беларускага жыцця Польшчы, якое перамясцілася ў праваслаўныя рэгіёны на поўдзень ад Беластока. Зоська Верас добра гэта бачыла, правільна сцвярджаючы, што пасляваенныя ўлады «людовай Польшчы» (Polska Republika Ludowa–PRL у скароце) супраціўляюцца стварэнню там беларускіх структур, разглядаючы беларускае насельніцтва Сакольшчыны ў якасці католікаў-палякаў.

Сакольшчына, таксама як і Гродна, заўсёды заставалася асаблівай любоўю і болем паэткі, там засталіся магілы яе сяброў, зямля продкаў, прайшлі лепшыя гады маладосці. Зоська Верас таксама надзвычайна адчувала гродзенскае жыццё, хаця апошні раз сама наведвала Гродна ў 1970 г. Адчуваючы своеасаблівае стаўленне мясцовых чыноўнікаў да беларускіх актывістаў горада, яшчэ ў 1982 г. у лісце да Дануты Бічэль-Загнетавай яна пісала: «Вельмі балючыя справы Гродна. Аж верыць ня хочацца, што там шмат горш, чым у другіх гарадах. Нават Маладзечна мае сваю беларускую газэту, а тут… Чаму гродзенскія беларусы ня зьвернуцца ў Менск, да вышэйшых уладаў? Ці гродзенскія царкі недатыкальныя?» (228). Мінула трыццаць год, але ў святле лёсу падручніка «Гродназнаўства» гэтыя словы і цяпер актуальныя.

Гаворачы аб безумоўным творчым дасягненні як укладальніка, так і выдаўцоў кнігі, нельга не звярнуць увагу на некаторыя хібы. Ёсць недакладнасці ў подпісах наагул цікавай і якаснай падборкі фотаздымкаў. Здымак з сям’ёй Людвікі Сівіцкай і самой будучай паэткай датаваны 1890 годам, хаця Людвіка Антонаўна нарадзілася толькі ў 1892 годзе. На суседнім фотаздымку, падпісаным «Ксёндз Францішак Грынкевіч», бачым досыць вядомую выяву зусім іншага беларускага святара – Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі). Некаторыя лісты датаваны ўкладальнікам (або адрасатамі паэткі) недакладна. Напрыклад, ліст на ст. 110 датаваны прыкладна 1970 г., хаця ў лісце Зоська Верас піша аб смерці свайго сына ў другой палове 1970-х гг.

Не зусім поўны і іменны ўказальнік, паколькі пададзены не ўсе старонкі, на якіх згадваюцца тыя, або іншыя асобы. Грунтоўны, больш чым на трыццаць старонак, каментар да лістоў, наогул іменным указальнікам амаль не закрануты, што стварае досыць дзіўную сітуацыю: чытач можа знайсці згадкі пра таго або іншага чалавека ў ліставанні Зоські Верас, але пасля няпроста дашукацца інфармацыі пра яго або яе ў каментарах.

Нягледзячы на ўсе заўвагі том ліставання Зоські Верас з’яўляецца каштоўным здабыткам беларускага кнігавыдавецтва і зойме пачэснае месца ў бібліятэках даследчыкаў беларускай літаратуры і нацыянальна-вызваленчага руху першай паловы ХХ ст.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...