Побыт, варты ўвагі

Бохан,Скеп'ян_1Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Бохан Ю., Скеп’ян А (2011). Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV – сярэдзіне XVII стст. Мінск: Беларусь, 271 с.

Агляд падрыхтаваны Аляксандрам Казаковым.

Нельга сказаць, што такі накірунак даследаванняў, як гісторыя паўсядзённасці, добра развіты ў Беларусі. Асабліва гэта датычыцца перыяду Сярэднявечча і Новага часу. Таму з’яўленне кожнай новай працы ў гэтай галіне гістарычнай навукі выклікае адмысловы інтарэс. Выхад кнігі Юрыя Бохана і Анастасіі Скеп’ян стаў пэўнай падзеяй: упершыню аўтары паспрабавалі стварыць агульную карціну паўсядзённага жыцця феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд, калі “адбывалася фарміраванне беларускай народнасці” і калі само Княства яшчэ не было “ўрынута ў бездань зацяжнога крызісу” (7).

Менавіта такое, на мой погляд, не бясспрэчнае, абгрунтаванне выбару храналагічных рамак прапануюць аўтары, хоць сам выбар выглядае ўдалым. XV – першая палова XVII ст.  – гэта час кансалідацыі набілітэту балцкага і русінскага паходжання ў межах дзяржавы, у пэўным сэнсе час культурнай ўніфікацыі пануючага саслоўя, вядома ж, з папраўкай на канфесійную розніцу. Па-за рамкамі працы рэзонна застаўся перыяд росквіту ідэалогіі сарматызму, што мела ўвасабленне і ў матэрыяльнай культуры, і эпоха асветніцтва, якая таксама прынесла новыя з’явы.

Аўтары адзначаюць, што паўсядзённасць у сучаснай навуцы трактуецца па-рознаму, аднак ухіляюцца ад уласнага вызначэння. Зрэшты, пра іх меркаванне наконт зместу гэтага паняцця сведчыць змест кнігі.

Акрамя ўводзінаў разам з аглядам крыніц і літаратуры, заканчэння, спасылак і скарачэнняў праца мае дзевяць раздзелаў (у выданні яны не пранумараваныя, але для зручнасці варта зрабіць гэта тут): 1 “Жыллё як прастора паўсядзённасці”, 2 “Замкі і гарадскія ўмацаванні”, 3 “Неўмацаванае жыллё”, 4 “Інтэр’еры парадных і жылых памяшканняў”, 5 “Традыцыі харчавання і прыёму ежы”, 6 “Вопратка”, 7 “Баўленне вольнага часу. Паляванне і ловы”, 8 “Турнірныя практыкаванні”, 9 “Гульні і забавы”.

Як відаць нават з назваў, раздзелы 1 і 3 “просяцца” пад адзін тытул, што пацвярджае і іх змест: у абодвух гаворка ідзе пра шляхецкія сядзібы, толькі ў розных аспектах. Прыкладна тое ж датычыцца назваў раздзелаў 7 і 9. Складваецца ўражанне, што аўтары не дастаткова ўзгаднілі падзел прадметнага поля. Паводле інсайдэрскай інфармацыі, ніхто з іх не бачыў канчатковай вёрсткі кнігі, і гэта недахоп менавіта выдання, а не ўласна працы двух добрых навукоўцаў.

Раздзел 2 крыху выбіваецца з агульнай задумы кнігі. Надта шмат увагі надаецца стамляльным падрабязнасцям кшталту даўжыні-вышыні-таўшчыні замкавых сценаў, што робіць гэты тэкст падобным хутчэй да нейкага даведніка па гісторыі фартыфікацыі. Чытаючы раздзел, міжволі забываеш, пра што кніга. Таксама паўстае пытанне, якое дачыненне маюць умацаванні дзяржаўных, а не прыватнаўласніцкіх гарадоў, да побыту шляхты? Ці дзеля чаго прыведзеная вялікая цытата з крыніцы пра абавязак магілёўскіх мяшчан мець зброю для абароны горада (66)?

Тое ж можна сказаць пра апісанне сядзібы менскага мешчаніна (75) і характарыстыку планіроўкі гарадоў і мястэчак, прычым, толькі беларускіх (76 – 81), тады як замкавае будаўніцтва, разглядаецца ў межах усяго Вялікага Княства. Такія пасажы неяк размываюць наратыў, пазбаўляюць яго цэласнасці, што ўплывае на агульнае ўражанне ад працы.

Раздзелы кнігі не аднолькавыя па ступені арыгінальнасці. Другі напісаны амаль цалкам на аснове прац іншых аўтараў; у меншай ступені гэта датычыцца і шостага раздзела. Але ўсе астатнія часткі кнігі прадстаўляюць сабой арыгінальныя даследаванні, выкананыя з прыцягненнем шматлікіх крыніц (варта заўважыць, аднак, што тэкст раздзела 8 цалкам запазычаны з іншага выдання Ю. Бохана) (Бохан, 2008). Вывучаць побыт, няхай і паноўнага саслоўя, у акрэслены перыяд – справа даволі няпростая. Аскепкі звестак, датычных праблемы, раскіданыя па шматлікіх крыніцах. Збор інфармацыі ў дастатковым для пэўных высноваў аб’ёме патрабуе шмат часу і карпатлівай працы.

Аўтарамі былі выкарыстаныя як апублікаваныя, так і неапублікаваныя матэрыялы з архіўных збораў Мінска, Варшавы, Кракава і Вільнюса. У выніку атрымаліся арыгінальныя нарысы, якія дазваляюць сфарміраваць у чытача ўяўленне пра тыя ці іншыя аспекты побыту нашых продкаў. На старонках працы можна знайсці вельмі цікавыя звесткі і падрабязнасці. Напрыклад, чытач можа даведацца, як раней называліся картачныя масці (241), альбо што распаўсюджанасць прыбіральняў у жытле заможных колаў насельніцтва адрознівала Вялікае Княства Літоўскае ад Заходняй Еўропы ў лепшы бок (129).

Хоць выданне заяўленае як навуковае і мае адпаведныя прыкметы (два рэцэнзенты, спасылкі на літаратуру і крыніцы), успрымаць яго хочацца як навукова-папулярнае. Каляровыя ілюстрацыі, якія, па прыблізнай ацэнцы, займаюць да паловы плошчы, добрая паліграфія і нетрывіальны дызайн робяць кнігу прывабнай для спажыўца. Як адзначылі аўтары, паўсядзённасць – гэта тое, што можа зацікавіць шырокае кола чытачоў. Але якасны змест, за выняткам адзначаных вышэй неістотных хібаў, робіць выданне запатрабаваным і сярод гісторыкаў.

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

1. Бохан, Ю (2008). Турнірныя традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім у XIV – XVI стагоддзях. Мінск, І.П. Логвінаў.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...