Кніга страчаных і нерэалізаваных магчымасцяў

Уілсан_1

Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Wilson, Andrew (2011). Belarus. The Last Dictatorship in Europe. New Haven and London: Yale University Press, XII+304 pp.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы.

Эндру Уілсана, напэўна, не трэба спецыяльна прадстаўляць чытачам. Трэба аднак сказаць, што папярэднія публікацыі аўтара уключна з манаграфіяй пра украінцаў (Wilson, 2002) нарадзілі чаканні, што адна з будучых кніг будзе прысвечана Беларусі. У новым даследванні шмат яўных і няяўных супастаўленняў з Украінай: у некалькіх месцах аўтар нават ужывае слова “нечаканы” (напрыклад, “нечаканая незалежнасць” Беларусі ў 1991 г.), якое ён выкарыстаў у назве сваёй кнігі пра Украіну. Але нечаканасці для беларусаў тут будуць зусім іншага парадку, чым, скажам, у выпадку украінцаў. Натуральна, справа не ў назвах кніг і нават не ў тым, хто сапраўды “валодае” дыскурсам ці правільна ім “распараджаецца”, а ў абставінах, якія развіваліся насуперак ці згодна з тым, што пісаў аўтар.

Манаграфія адкрываецца прысвячэннем пайшоўшаму з жыцця Віталю Сіліцкаму, тэксты якога часта цытуюцца брытанскім даследчыкам. Кніга складаецца з дзвюх частак (“Беларусь: гісторыя скрыжаванняў” і “Незалежная Беларусь”), кожная з якіх падзелена на шэсць раздзелаў. Можна пахваліць Уілсана за прапанаваную ім ідэю транслітэрацыі назваў з беларускай літарай “ў” выкарыстаўшы ангельскую літару “w” замест “ŭ”.

Гісторыю Беларусі даследчык лічыць “серыяй фальстатртаў”. Але азнаямленне са зместам манаграфіі прымушае зрабіць выснову, што сама кніга напоўнена страчанымі і не да канца рэалізаванымі магчымасцямі, хоць і спрабуе распавядаць гісторыю краіны “змарнаваных шанцаў”. Напрыклад, Уілсан падрабязна не спыняецца на тым, што ўяўляў сабой праект беларускай ідэнтычнасці часоў БССР. Ён толькі абмежаваўся фактам дыскрэдытацыі праз супрацоўніцтва шэрагу беларускіх палітыкаў і груп актывістаў з нацыстамі напрыканцы вайны, што, паводле аўтара, невыгадна адрознівала беларускую калабарацыю ад украінскай, нацыянальна-дэмакратычнай версіі беларускай ідэнтычнасці. Вынікам гэтага і стаў трыумф БССР.

Для практыкавання з метадам альтэрнатыўнай гісторыі брытанскі даследчык таксама абірае пасляваенную БССР. Прыём “што было б, калі…” вельмі цікава прадстаўлены: БССР са сталіцай у Вільні і выхадам да мора ў колішнім Караляўцы (Калінінградзе) выглядае вельмі прывабна. Аднак аўтар ніяк падрабязна не распрацоўвае гэты момант і ён фактычна застаецца страчанай магчымасцю, а не рэалізаваным сюжэтам. Вельмі інтрыгуючым выяўляецца параўнанне Аляксандра Лукашэнкі з заходнерускім дзеячом Лук’янам Саланевічам. Праўда, чарговае сцвярджэнне Уілсана, што ў Беларусі існуе “доўгая традыцыя галасавання за русафілаў-папулістаў” без далейшых экскурсаў і высвятлення дэталяў падаецца неабгрунтаваным (75).

Эндру Уілсан справядліва звяртае ўвагу на тое, што Беларусь не была ані тэрыторыяй, дзе рускія белагвардзейцы мелі значныя ўплывы, ані сур’ёзным стратэгічным плацдармам альбо першаснай мэтай у разліках “белага” камандавання. Параўнанне Булак-Балаховіча ў беларускім і Скарападскага ў украінскім выпадку выяўляе слабасць і вельмі абмежаваныя магчымасці для мабілізацыі падтрымкі прарасійскай арыентацыі ў Беларусі ў часы грамадзянскай вайны ў Расіі.

Іншыя ж яго тэзы з’яўляюцца вельмі дыскусійнымі. “Еўрапейскасць”, якая характарызавала беларускія землі ў часы Берасцейскай ўніі Уілсан называе “адноснай”, бо гэта толькі адасабляла іх ад Расіі, але зусім мала збліжала з Еўропай. Аднак так можна сказаць і пра іншыя народы і рэгіёны Усходне-Цэнтральнай Еўропы (Bibó, 1991: 13-86). Сярод цікавых параўнанняў аўтара трэба згадаць і супастаўленне сітуацыі беларуска-літоўскіх зямель у 1860-1870-я гг. з “рэканструкцыяй” амерыканскага Поўдня. Брытанскі навуковец хутчэй за ўсё запазычыў яго ў Чэслава Мілаша (Miłosz, 1958).

На некаторыя менш “цяжкія грахі” даследчыка таксама варта ўказаць. Так, замест летапісных дрыгавічоў у кнізе брытанскага даследчыка чамусці з’явіліся драўляне (derevliany) (14-15). Канстанцыя Скірмунт з нейкай прычыны стала “Канстанцай” (Kanstantsa) (78). Геграфічныя назвы, такія як Навазыбкаў (Novozybsk) (130) ці Невель (Nevelsk) (131) аўтар таксама вольна ці міжвольна сказіў. Імёны вялікіх князёў літоўскіх нязменна падаюцца ў сучасным літоўскім варыянце напісання. Усё гэта, на жаль, патэнцыяльна зніжае аўтарытэт гэтай манаграфіі ў вачах чытацкай аўдыторыі.

Беларускі рэжым і абставіны яго паўстання і функцыянавання хоць і займаюць больш адной траціны аб’ёму кнігі тым не менш дамінуюць ў другой яе частцы. Практычна ўся ўвага тут засяроджваецца на кіраўніку Беларусі. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што аўтар актыўна намагаецца ўбачыць якую-небудзь дынаміку і энергію “у цені” рэжыму, але гэта ўдаецца яму толькі часткова.

Залішняя засяроджанасць на сюжэтах пра рэжым прыводзіць да таго, што Уілсан губляе магчымасць разглядзець некаторыя важныя для яго ж наратыву з’явы. Кажучы пра важнасць цягам другога тэрміна Лукашэнкі дзяржаўнай ідэалогіі даследчык зусім забыў згадаць аб узмацненні кантролю за вышэйшай адукацыяй (скасаванне аўтаноміі БДУ, закрыццё ЕГУ і інш.).

Брытанскі даследчык не можа не закрануць уменне беларускага рэжыму балансаваць паміж геапалітычнымі цэнтрамі сілы. Але вывучэнне гэтага своеасаблівага мастацтва палітычнай эквілібрыстыкі мае збольшага апісальны характар. Наўпрост недарэчным і некарэктным з’яўляецца пужанне аўтарам чытачоў “імперскімі амбіцыямі”, якія, маўляў, ёсць у “беларускіх нацыяналістаў”. Калі ж працягваць параўнанне з манаграфіяй пра ўкраінцаў, то звяртае на сябе ўвагу тое, што Эндру Уілсан прысвяціў вельмі мала месца культуры.

Не варта чакаць ад кнігі і прароцтваў адносна будучыні Беларусі ці беларускага рэжыму. Трэба аднак пагадзіцца з аўтарам у яго заключных словах: “Беларусь заўжды будзе сюжэтам для навінаў” (260).

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

1. Andrew Wilson (2002). The Ukrainians. Unexpected Nation. New Haven and London: Yale University Press, 2nd edition.

2. István Bibó (1991). Democracy, Revolution, Self-Determination. Selected writings. New York: Columbia University Press.

3. Czesław Miłosz (1958). Rodzinna Europa. Paryż: Instytut Literacki.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...