Каліноўскі: аднаўленне сэнсаў

Кастусь  КалiноускiАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі. Матэрыялы VII міжнароднай навуковай канферэнцыі Беларускага Гістарычнага Таварыства, Менск, 25 верасня 2009 г., Менск: Беларускае Гістарычнае Таварыства, Польскі Інстытут у Менску, 2011, 222 с., іл.

Агляд падрыхтаваны гісторыкам Андрэем Ціхаміравым.

Абмеркаванне постаці Кастуся Каліноўскага ў бягучым годзе–з’ява натуральная. 150-годдзе паўстання 1863-1864 гг., якое адзначаецца дастаткова шырока ў Польшчы і Літве (і дастаткова сціпла ў Беларусі) стварае добрую нагоду падсумаваць веды пра гэты час і ягоную ролю ў нашых уяўленнях пра мінуўшчыну. Аднак абмеркаванне паўстання на Беларусі пачалося на некалькі год раней за 2013 год, і адным з вынікаў такой даследчыцкай працы з’яўляецца выдадзены ў Мінску ў 2011 годзе зборнік артыкулаў і матэрыялаў.

Запатрабаванасць ў “аднаўленні сэнсаў” у айчыннай гістарыяграфіі, моцныя метадалагічныя змены і выразныя тэндэнцыі да татальнай “дэканструкцыі” “нацыянальнага наратыву” (ці, хутчэй, аднаўленне спецыфічнай формы “нэазаходнерускай” нарацыі ці розных варыяцый савецкай гістарычнай школы) выклікаюць шэраг даследванняў, якія імкнуцца паказаць беларускую гісторыю як працяглую з’яву, а не выпадковы набор падзеяў і тэндэнцый.

Аўтары разглядаемага зборніка засяродзілі ўвагу не толькі на падзеях паўстання 1863-1864 гг., але таксама на далейшых лёсах вобразу гэтай падзеі і яе правадыра на беларускіх і літоўскіх землях. Менавіта значэнню Кастуся Каліноўскага ў беларускай нацыянальнай і культурнай традыцыі прысвечана значная частка тэкстаў зборніка.

20 артыкулаў даследчыкаў з Беларусі, Расіі і Польшчы падзелены на тры часткі. Дадаткова апублікаваны пераклад на беларускую мову ўспамінаў аднага з паўстанцаў Фелікса Ражанскага. Першая частка кнігі–“Кастусь Каліноўскі і яго эпоха” складаецца з дзевяці артыкулаў. Артыкул Алеся Смаленчука вылучаецца пастаноўкай праблемных пытанняў у вывучэнні постаці Каліноўскага. А. Смаленчук падкрэслівае адсутнасць ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі цэльнага вобразу кіраўніка Студзеньскага паўстання. Сяргей Токць прааналізаваў розныя дыскурсіўныя практыкі ў “Мужыцкай праўдзе” і “Рассказах на белорусском наречии”, Андрэй Кіштымаў звярнуў увагу на бацьку Каліноўскага–Сімана (Шымана) і паказаў магчымасці да далейшых даследванняў у гэтым накірунку. Артыкулы Алеся Радзюка, Аляксандра Ільіна і Алены Ігнацік, Ірыны Нікулінай, Віктара Кахновіча прысвечаны розным аспектам паўстання–ад рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў да лёсаў сасланых паўстанцаў і эканамічных наступстваў. Варта звярнуць увагу на два крыніцазнаўчыя артыкулы Вольгі Гарбачовай і Алены Фірыновіч: ў першым з іх разглядаюцца фатаздымкі ўдзельнікаў паўстання як амаль невыкарыстаная беларускімі вучонымі крыніца (В. Гарбачова набліжаецца тут да гісторыяпісання ў рэчышчы новай культурнай гісторыі), а ў другім–крыніцы гродзенскага Нацыянальнага гістарычнага архіва.

У другой частцы зборніка –“Асоба Кастуся Каліноўскага ў нацыянальным дыскурсе” змешчаныя тэксты, прысвечаныя эвалюцыі поглядаў беларускіх гуманітарыяў на постаць Каліноўскага ў ХХ ст. і аналізу сучасных спосабаў “разбурэння міфа пра Каліноўскага”, якія маюць выразны палітычны аспект. Варта зазначыць, што паняцце “міф”, якое прыйшло ў постсавецкую навуку з заходняй гуманітарнай традыцыі сталася найбольш цяжкім да ўспрыняцця. Абмеркаванне “міфалагічнасці” канкрэтнай асобы і ягонага вобразу заканчваецца ў шматлікіх выпадках заклікам да “разбурэння міфу”, які ўспрымаецца як “няпраўда”. Тэкст Андрэя Вашкевіча з’яўляецца часткова палемікай з публіцыстычным артыкулам Аляксандра Гронскага, апублікаваным у 2008 г. і аналізам дыскусій вакол Каліноўскага ў беларускай гуманістыцы ХХ стагоддзя. Андрэй Унучак разглядае шэраг пытанняў інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны Каліноўскага, сярод якіх не толькі ўласна спрэчкі вакол нацыянальнага характару тэкстаў Каліноўскага, але і звяртанне ўвагі на вельмі ўскосны характар сувязей паўстанцаў 1863-1864 гг. з расійскімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі. Гэтая сувязь была адным з галоўных пунктаў савецкай інтэрпрэтацыі паўстання і легітымацыі Каліноўскага як нацыянальнага героя ў беларускім савецкім наратыве. Артыкулы Юрыя Бачышчы і Аляксандра Пагарэлага прысвечаныя адносінам да Каліноўскага і паўстання ў спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў (перадусім ксяндза Адама Станкевіча) у міжваенны час. Заходнебеларускія дзеячы выразна прапагандавалі постаць Каліноўскага як нацыянальнага героя, асабліва ў 1930-я гады, нават больш, чым Францішка Скарыну. Кароткі тэкст Яна Ежы Мілеўскага (Jan Jerzy Milewski) паказвае вельмі сціплы характар ушанавання Каліноўскага ў сучаснай Польшчы. Аўтарка апошняга артыкула гэтай часткі–Валянціна Яноўская–апісвае даследванні акадэміка Уладзіміра Перцава і змену адносінаў савецкай навукі да постаці Каліноўскага ў 40-я гады ХХ ст.

Трэцяя частка кнігі–“Кастусь Каліноўскі ў беларускай культурніцкай традыцыі” паказвае асобу кіраўніка паўстання ў “беларускай палітыцы памяці” ХХ стагоддзя. Артыкул Івана Сацукевіча пра мемарыялізацыю Каліноўскага ў гарадскіх назвах паказвае залежнасць ушанавання памяці ад канкрэтных палітычных умоваў і ідэйных дыскусіяў у грамадстве. Тэкст Настассі Жарскай прысвечаны вобразу Каліноўскага ў беларускай мастацкай літаратуры, а артыкул Андрэя Шулаева–аналізу вексілалагічнай спадчыны паўстання. Артыкул Аляксандра Ільіна пра даследванне Янам Пазняком удзелу праваслаўнага духавенства ў паўстанні размешчаны тут хутчэй павінен быць ў другой частцы зборніка (ён выразна дапаўняе артыкулы А. Пагарэлага і Ю. Бачышчы). Апошні з артыкулаў–“Тадэвуш Касцюшка ў беларускім паэтычным слове канца 18-19 ст.” Анатоля Трафімчыка паказвае “канструяванне” героя ў беларускім фальклоры, але аднак не вельмі моцна звязаны з галоўнай тэматыкай зборніка.

Нагадванне постаці Кастуся Каліноўскага мае вялікае значэнне для беларускай нацыянальнай тоеснасці. Навуковыя даследванні паўстання 1863-1864 гг. не гледзячы на тое, што ад таго часу прайшло ўжо 150 год застаюцца актуальнымі. Нават можна сказаць, што такі прамежак часу дазваляе на больш узважаны характар навуковых дыскусій, аднак да сёння выклікае не толькі навуковыя эмоцыі.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...