Набор на аддзяленне “Найноўшая гісторыя” Беларускага Калегіюма. Падача заявак да 25 верасня.

Cold_War_Map_1959Беларускі Калегіюм абвяшчае новы набор 2013 г. на навучанне па трох спецыялізацыях: найноўшая гісторыя, журналістыка і філасофія/літаратура. Заяўкі прымаюцца па 25 верасня 2013 г.

Звяртаем вашу ўвагу на новую праграму аддзялення найноўшай гісторыі, якім з гэтага года кіруе кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута “Палітычная сфера” Аляксей Ластоўскі.

На накірунку найноўшай гісторыі ў Беларускім навучэнцы азнаёмяцца з існымі тэарэтычнымі і метадалагічнымі падыходамі да вывучэння гісторыі ХХ стагоддзя, з найлепшымі ўзорамі даследаванняў найноўшай гісторыі краіны без “забароненых зонаў”, без ідэалагічнага кантролю з боку дзяржавы. Прапануецца ўнікальны па вартасці навучальны курс, паколькі толькі ў гэтай адукацыйнай установе выкладанне гісторыі пабудаванае на падставе аўтарскіх курсаў ад лепшых беларускіх гісторыкаў. Тут прадстаўляецца магчымасць азнаёміцца з вынікамі працы найвыбітнейшых даследчыкаў, першымі даведацца пра новыя адкрыцці, паглыбіцца ў атмасферу рэканструкцыі гістарычных падзей.

Паколькі гістарычная веда набывае ўсё больш міждысцыплінарны характар, вялізная ўвага на накірунку наўнойшай гісторыі будзе надавацца сістэматычнаму выкладанню сучасных паліталагічных і сацыялагічных тэорый і метадаў, без азнаямлення з якімі цяжка здабыць якасныя веды пра сучаснае беларускае грамадства.

Прапануюцца наступныя тэматычныя блокі для навучання: “Гісторыя беларускага нацыянальнага руху”, “Гісторыя Савецкай Беларусі”, “Гісторыя штодзённасці беларускага грамадства”, “Другая Сусветная вайна: акупацыя, Халакост, калабарацыя, супраціў”, “Меншасці ў беларускай гісторыі ХХ ст.”, “Найшоўшая гісторыя Беларусі у фокусе палітычных і сацыяльных навук”. Сярод выкладчыкаў такія знакамітыя імёны як Алесь Смалянчук, Сяргей Харэўскі, Алег Дзярновіч, Ігар Кузняцоў і шмат іншых.

Таксама падчас навучання на аддзяленні найноўшай гісторыі можна будзе атрымаць тэарэтычныя і метадалагічныя кампетэнцыі, шмат увагі будзе надавацца практычным заняткам і ўласным даследаванням навучэнцаў. Будзе арганізаваная архіўная практыка, падрыхтоўка эсэяў і навуковых артыкулаў, удзел у экспедыцыях па вуснай гісторыі.

Прадугледжваецца, што навучэнцы аддзялення найноўшай гісторыі Беларускага калегіюма будуць прымаць актыўны ўдзел у міжнародных летніх школах, атрымоўваць веды ад лепшых замежных навукоўцаў, знаёміцца і ўсталёўваць кантакты з моладзю еўрапейскіх краін.

Паспяховыя выпускнікі Беларускага Калегіюма атрымаюць рэкамендацыі для паступлення на бясплатнае навучанне ці навучанне са стыпендыяй у магістратуру еўрапейскіх універсітэтаў.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...