Імёны лаўрэатаў прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі да апошняга моманту перад уручэннем застануцца таямніцай нават для арганізацыйнага камітэту.
Пра гэта Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі з Інстытута палітычных даследванняў “Палітычная сфера” – аднаго з арганізатараў Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі.
Нагадаем, што зусім нядаўна стаў вядомы шорт-ліст прэміі, якая будзе ўручацца па трох намінацыях: сацыяльныя навукі (палітычныя навукі, сацыялогія), гуманітарныя навукі (філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства) і гісторыя.
“Працэс адбору публікацый ажыццяўляўся ў цалкам адкрытым рэжыме, – заўважыў Аляксей Ластоўскі. – Любы чалавек мог вылучаць як свой уласны тэкст, так і рэкамендаваць на прэмію тых, каго палічыць вартым. Да тэкстаў былі мінімальныя тэхнічныя патрабаванні – гэта павінна была быць навуковая публікацыя”.
Збор працаў доўжыўся да сярэдзіны лютага гэтага году.
“Калі мы сабралі усе тэксты, то пераслалі іх экспертам. Былі створаныя тры экспертныя рады па адной на кожную намінацыю – “Гісторыя”, “Сацыяльна-палітычныя навукі” і “Гуманітарныя навукі”. І, дзякуючы падтрымцы “ЕўраБеларусі”, рады зраблi прафесійную ацэнку атрыманых працаў”, – патлумачыў прадстаўнік аргкамітэту прэміі.
Якім жа чынам праводзілася ацэнка?
У склад кожнай рады ўвайшлі каля 10 экспертаў, якія ацэньвалі усе публікацыі, якія прайшлі першасны тэхнічны адбор. Гэтыя эксперты склалі ўласныя рэйтынгі, вылучыўшы па 5 лепшых, на іхнюю думку, публікацый паводле двух крытэраў. Першы крытэр вызначае, які ўнёсак у навуку робіць тая ці іншая публікацыя. Другі крытэр – гэта выкарыстанне новых метадаў альбо ўзорная праца з агульнавядомымі метадамі.