Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.
Liulevicius, Vejas Gabriel (2009). The German Myth of the East. 1800 to the Present. Oxford-New York: Oxford University Press, 292 p.
Агляд падрыхтаваны Аляксандрам Пагарэлым.
Чарговая манаграфія амерыканскага гісторыка Веяса Габрыэля Люлевічюса з універсітэта Тэнэсі (Мэмфіс, ЗША), прысвечана нямецкаму ўспрыманню таго, што ён называе “еўрапейскім Усходам”. Апошні аўтар расплывіста вызначае як землі, якія цягнуцца “ад Волгі да Балтыкі і Балканаў”. Задача гісторыка вельмі амбітная: прасачыць як змяняліся нямецкія міты пра “Усход” пачынаючы прыкладна з 1800 г. і да нашых дзён. Тэма заяўленая амерыканскім гісторыкам далёка не новая і гэта не першая спроба падобнага даследавання. Тым не менш перавагай і цікавым бокам гэтай кнігі з’яўляецца імкненне паказаць як самыя розныя дыскурсы і вопыт непасрэднага кантакту нараджалі рознапланавую ментальную мапу, своеасаблівы погляд немцаў на “Усход”.
Люлевічюс не чужы падыходам культурнай гісторыі (якую не след блытаць з гісторыяй культуры) і соцыя-культурнай антрапалогіі. Канвой праз кнігу праходзіць тэма ўспрымання “Усходу” немцамі праз апазіцыю “культурнасць—адсутнасць культуры” (kultur—unkultur). Гісторык з Тэнэсі выкарыстоўвае таксама канцэпцыю брытанскага антраполага Мэры Дуглас (Mary Douglas ) (Дуглас, 2000) пра чысціню і бруд. Адчуваецца і ўплыў поглядаў нарвежскага антраполага і спецыяліста па міжнародных адносінах Івэра Ноймана (Iver Neumann) (Нойманн, 2004). Даследчык падкрэслівае важную для сваёй кнігі ролю “Арыенталізму” Эдварда Саіда (Edward Said) (Саид, 2006), а таксама Лары Вульфа (Larry Wolff) (Вульф, 2003). Гісторык выкарыстоўвае вызначэнне міту Алена Турэна (Alain Touraine) “як гісторыі, якую ведаюць усе”, якое прыводзіў яшчэ ў сваёй папярэдняй кнізе пра Першую Сусветную вайну (Liulevicius, 2000).
У даследаванні Люлевічюс высоўвае тры асноўныя тэзы: 1) адносіны немцаў да “Усходу” ніколі не зводзіліся да аднаго стэрэатыпу, але былі рознапланавымі і спалучалі як негатыўныя, так і пазітыўныя аспекты; 2) “Усход” адыгрываў крытычна важную ролю ў фарміраванні ўласна германскіх ідэнтычнасцяў; 3) трэцяя тэза падкрэслівае ўстойлівасць нямецкага вобразу “Усходу” цягам вельмі доўгага перыяду. Паводле аўтара, менавіта другая тэза з’яўляецца ключавой у кнізе.
Кніга складаецца з 9 раздзелаў уключна з уводзінамі. Самы цікавы, насычаны аналізам і вялікі паводле аб’ёму раздзел, што нядзіўна, аўтар прысвяціў Першай Сусветнай вайне і яе наступствам. Ён ахоплівае перыяд з 1914 г. па 1933 г. Досвед папярэдніх кантактаў немцаў з “Усходам” (да 1800 г.) выяўляецца другарадным у параўнанні са зменами погляду на яго больш позняга часу.
Удзел Прусіі і Аўстрыі ў падзеле Рэчы Паспалітай стаў зваротным пунктам у фарміраванні нямецкіх мітаў. Дзевятнаццатае стагоддзе, у якім Асветніцтва змяняецца Рамантызмам, выяўляе ўспрыманне “Усходу” далёка не толькі як тэрыторыі Polnische wirtschaft (польскай безгаспадарлівасці).
Калі Георг Форстэр (Georg Forster), немец які працаваў у Адукацыйнай камісіі у Вільні ў 1780-я гг., спачуваў мясцовым жыхарам і аплакваў жахлівыя і нязносныя ўмовы, у якіх, паводле яго, яны жылі (у той час моцна праяўляўўся ўплыў творчасці Гердэра і яго сімпатыі да славянскіх народаў), то на пачатку рамантычнай эпохі жыхары гістарычнай Польшчы сталі ўспрымацца адукаванымі немцамі як браты, якія падаюць прыклад у барацьбе за нацыянальную еднасць.
Перафармуляванне міту “Усходу” імкліва адбываецца ў перыяд Германскай імперыі. Але, як адзначае Веяс Люлевічюс, новыя вобразы з’яўляюцца значна раней. Дыскурсіўная трансфармацыя спарадычных сярэднявечных каланізацый і заваёваў у нейкі адзіны і асэнсаваны працэс пачынаецца з другой чвэрці 19 ст. Пераасэнсоўваецца спадчына Тэўтонскага ордэна і месца Грунвальдскай бітвы, пачынаецца аднаўленне крыжацкіх замкаў. Менавіта адсюль бярэ адлік самы жыццяздольны міт пра “Усход”: Drang Nach Osten.
Новыя міты натхнялі прадстаўнікоў вельмі розных ідэалагічных плыняў. У перыяд рэвалюцыяў сярэдзіны стагоддзя Маркс, а ўслед за ім і нямецкая сацыял-дэмакратыя, сталі ўспрымаць Расію як пагрозу для заходняй культуры, увасабленне адсталай і кансерватыўнай “усходняй” ці “азіяцкай” імперыі. Набываюць вагу і погляды Маркса пра “негістарычнасць” народаў сучаснай Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
У эпоху імперыяў пагрозлівыя навацыі толькі пачынаюцца: першыя дэпартацыі яўрэяў “без належных дакументаў”, барацьба з палякамі за зямлю і каланізацыю ў рамках kulturkampf, адчуваюцца першыя імпульсы у бок астзейскіх зямель. Даследчык прапанаваў цікавы аналіз папулярызацыі каланіяльных ініцыятыў і магчымасцяў новых патэнцыяльных калоніяў праз прызму літаратуры разлічанай на масавага чытача. Люлевічюс прыводзіць прыклад Карла Мая (Karl May) і ролю яго папулярных прыгодніцкіх кніжак пра амерыканскі “дзікі Захад” і азіяцкі “Блізкі Усход”.
У кнізе выкарыстаны самыя разнастайныя крыніцы: дзённікі падарожнікаў, філасофскія трактаты эпохі Асветніцтва ды Рамантызму, матэрыялы нямецкіх вайсковых і цывільных архіваў, лісты нямецкіх салдатаў з франтоў сусветных войнаў і літаратурныя творы.
Першая Сусветная вайна прывяла ў рух усе папярэднія тэмы. Менавіта гэтая вайна аказала вялізарны ўплыў на пазнейшыя погляды і ўяўленні немцаў аб “усходнім іншым”. Вайсковыя дзеянні і акупацыя сутыкнулі вялікую колькасць немцаў з сапраўдным “Усходам”. У акупацыйным друку для салдат суіснавалі станоўчыя і негатыўныя вобразы жыхароў заваяваных тэрыторыяў. Беларусы былі загадкай для адных немцаў, а для іншых — пазбаўленай культуры шэрай масай. Адначасова немцы шмат казалі і рабілі ў рамках сваёй “культурнай місіі” і будавалі інфраструктуру, што прыводзіла мясцовае насельніцтва ў захапленне.
Салдацкія лісты, як і іншыя крыніцы, выяўляюць схільнасць немцаў успрымаць сябе як носьбітаў парадку, культуры і чысціні, а акупаваны “Усход” — як месца звязанае з беспарадкам, некультурнасцю і брудам. Люлевічюс нагадвае, што германская акупацыйная палітыка “культуры” (адкрыццё школаў на роднай мове, арганізацыя музеяў і г. д. ) часцяком супярэчыла іншым крокам, якія праводзіліся паралельна: “палітыцы руху” (татальны кантроль над любымі перамяшчэннямі насельніцтва, увядзенне асабістых дакументаў) і “палітыцы новых тэрыторыяў”, якая прадугледжвала нямецкую каланізацыю занятых тэрыторыяў.
Яшчэ адным прыкладам нестандартнага падыходу амерыканскага навукоўца да крыніцаў з’яўляецца аналіз ваеннай графаманіі і фантазіяў пра “Усход” удзельнікаў Першай Сусветнай вайны. Такія творы адпавядалі рэваншысцка-катастрафічнаму настрою германскай аўдыторыі пасля паразы 1918 г. Фантастычныя раманы для масавага чытання пачатку 1920-х гг. прадказвалі падзел Польшчы паміж Расіяй і Германіяй, вяртанне Літвы і Польшчы ў склад Расіі. Пасля паразы ў вайне сімпатыя да апошняй у Германіі была далёка не адзінкавай з’явай.
Напрыклад, Эдвін Эрых Двінгер (Edwin Erich Dwinger), які сам меў расійска-нямецкае (астзейскае) паходжанне, заклікаў у адным са сваіх твораў да “сінтэзу” ідэалагічна палярных поглядаў правага кансерватыўнага нацыяналізму і камунізму. Прыйшоўшыя да ўлады нацысты да заключэння пакту Молатава-Рыбентропа 1939 г. не ўводзілі забароны на яго творы, дзе “святая Русь” як адна з дзяржаўных (ці, дакладней, гістарычных) нацыяў уяўлялася роўным партнёрам Германіі ў адрозненні ад іншых народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Двінгер адмаўляў Захад як заняпалую цывілізацыю, а ў нацысцкай Германіі яго раманы адкрыта ўслаўлялі Расію, нягледзячы на афіцыйны нізкі расавы статус славянаў у ідэалогіі нацыянал-сацыялізму.
Расчараваны камуніст Эрнст Нікіш (Ernst Niekisch) бачыў нават патрэбу стварэння саюзу ў выглядзе “паўночнаазіяцкай і паўночнаеўрапейскай сусветнай імперыі”, адмаўляў Захад як “атручаную” цывілізацыю. У светапоглядзе Нікіша, Двінгера, і блізкіх да іх пісьменнікаў ды публіцыстаў, дзяржавы Усходне-Цэнтральнай Еўропы пагардліва называюцца “сезоннымі” ці “міні” нацыямі.
Люлевічюс даводзіць, што глебу для нацысцкіх уяўленняў пра “Усход” трэба шукаць у нямецкім досведзе часоў Першай Сусветнай вайны. Падмуркі плану “Ост”, які ніколі не быў ажыццёўлены, можна знайсці ў нерэалізаванай “палітыцы новых тэрыторыяў”. Калі ў гады Першай Cусветнай мэтай немцаў было адарваць ад Расіі залежныя народы, то падчас Другой Cусветнай вайны палітыку прадугледжвалася скіраваць на культурнае раздрабненне ўжо існуючых этнічных групаў і нацыяў. Вайна супраць СССР была для нацыстаў менавіта вайной на “дзікім Усходзе”, выражэннем чаго сталі Халакост, генацыд і вынішчэнне ваеннапалонных.
Вайсковая катастрофа нацыстаў і экспансія “Усходу” паказана ў манаграфіі досыць схематычна, як і балансаванне і палітыка нейтралітэту (у выпадку Аўстрыі) паміж дзвюма блокамі часоў “халоднай вайны” і пошук шляхоў прымірэння ды ўз’яднання ГДР і ФРГ.
Аўтар адзначае, што з канцом “халоднай вайны” эканамічная перавага і супрацоўніцтва з “Усходам” выявіліся больш эфектыўнымі інструментамі, чым ваенныя спробы двух сусветных войнаў. У гэтым жа можна ўгледзець і прагматызм нямецкіх эканамічных элітаў. На ўстойлівасць культурных тропаў “Усходу” Люлевічюс звяртае ўвагу аналізуючы прамовы германскіх лідэраў канца 1980-х пачатку 1990-х гадоў.
Трэба звярнуць увагу на некаторыя хібы даследавання Люлевічюса (часткова аўтар іх сам прызнае, спасылаючыся на пазіцыю выдаўцоў). Храналагічны прынцып пабудовы манаграфіі хутчэй можна аднесці да недахопаў.
Што тычыцца міту Drang Nach Osten, то ён стаў жыць уласным жыццём па-за межамі Германіі як мінімум з канца 19 ст. і стаў важным інструментам у фармаванні ідэнтычнасці нацый Сярэдняй і Усходняй Еўропы. У гэтым, між іншым, і хаваецца адна з прычынаў яго ўстойлівасці.
Аўтар абмінуў увагай ўяўленні пра “Усход”, якія фарміраваліся на перыферыі нямецкамоўнага свету (у астзейскіх землях, для прыкладу). У інтэрпрэтацыі Люлевічюса яны былі падпарадкаваны пэўным стандартам, якія існавалі ў “карэнных” землях Германіі. Адносіны паміж германскім “цэнтрам” і “перыферыямі” даследчык абышоў.
Веяс Люлевічюс паспрабаваў справіцца з вельмі маштабнай тэмай. Ён выкарыстаў цікавыя даследчыя прыёмы і метады, абапіраючыся на разнастайныя і цікавыя крыніцы. Тым не менш, на жаль, калі б у рэцэнзаванні існавала сістэма “зорачак”, то гэтая кніга атрымала б толькі тры з магчымых пяці. Вынік даследавання Люлевічюса можна назваць хутчэй здавальняючым, хаця ён вельмі выразна прадэманстраваў, якімі шляхамі павінны ісці іншыя навукоўцы пры даследаванні адносін паміж нямецкамоўнай Еўропай і краінамі культурна шматстайнага і моўна гетэрагеннага “Усходу”.
Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе
- Мэри Дуглас (2000). Чистота и опасность. Анализ представлений об осквернении и табу. Москва: КАНОН-Пресс-Ц, Кучково поле.
- Ивэр Нойманн (2004). Использование «Другого». Образы Востока в формировании европейских идентичностей. Москва: Новое издательство.
- Эдвард Саид (2006). Ориентализм. Москва: «Русский миръ».
- Ларри Вульф (2003). Изобретая Восточную Европу: карта цивилизации в сознании эпохи Просвещения. Москва: Новое Литературное Обозрение.
- Liulevicius, Vejas Gabriel (2000). War Land on the Eastern Front. Culture, National Identity and German Occupation in World War I. Cambridge: Cambridge University Press.