Call for papers: Часопіс палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” – Аднаўленне Гісторыі # 21 (2) 2013. Тэрмін падачы – 20 жніўня 2013

logo_palitykat

Часопіс палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”

Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”

Цэнтр Мілаша Універсітэта Вітаўта Вялікага

  Серыя: гісторыя ідэй    

 Аднаўленне Гісторыі  # 21 (2) 2013

Тэрмін падання матэрыялаў:

20 жніўня 2013 года

Планаваны час выхаду: канец 2013 года

 “Палітычная сфера” – вядучае спецыялізаванае выданне па палітычных і сацыяльных навуках у Беларусі. Часопіс друкуе вынікі навуковых даследаванняў з розных галін палітычнай навукі і сумежных дысцыплін. Усе артыкулы часопіса праходзяць ананімнае акадэмічнае рэцэнзаванне. Адпаведнасць навуковым стандартам, а таксама эмпірычны ці тэарэтычны ўнёсак у разуменне палітыкі з’яўляюцца крытэрыямі для публікацыі. Выданне ўключанае ў шэраг міжнародных баз навуковых публікацый, у прыватнасці Central and Eastern European Online Library, а таксама рэферуецца ў International Political Science Association (IPSA) Abstracts.

Часопіс выдаецца з  2001 года. 

 

Асноўная тэма нумару –  стратэгіі рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы, спецыфічныя і агульныя рысы працы з мінулым, узаемасувязь палітыкі памяці з шырэйшым кантэкстам палітычных і культурных трансфармацый посткамуністычных краін.

Плануецца, што аснову тэматычнага нумару “Палітычнай сферы” складуць матэрыялы канферэнцыі “Аднаўленне Гісторыі: памяць і грамадства ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе”, якая адбылася ў Мінску 3-4 траўня 2013 г. Таксама мы запрашаем да публікацыі аўтараў, якія не бралі ўдзел у канферэнцыі, але гатовыя прадставіць артыкулы па палітыцы памяці.

Як павінна выглядаць нацыянальная дзяржава? Як фармаваць крытэры прыналежнасці да нацыі? Што сабою павінна ўяўляць культурная памяць? Як выбудоўваць адносіны з меншасцямі? І што ляжыць у аснове адносін з суседзямі – гістарычныя традыцыі сумеснага палітычнага жыцця, эканоміка, этнічная блізкасць?

Гэтыя пытанні не знаходзяць адназначнага адказу, спараджаючы мноства інтэлектуальных праектаў, генеруючы багацце дыскусій і сутыкненняў. Больш за тое, пытанні памяці і ідэнтычнасці ўсё больш актыўна выкарыстоўваюцца палітыкамі ў сваіх інтарэсах, што зусім не спрыяе паразуменню ні ўнутры краін, ні паміж суседзямі.

Асноўная праблематыка нумару:

1. Агульнае мінулае ці аўтаномныя нацыянальныя гісторыі? Памяць пра ВКЛ і Рэч Паспалітую ў дзяржавах Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

2. Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863-1864 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый праз 150 гадоў.

3. Камуністычнае мінулае: паміж пераадоленнем і рэстаўрацыяй у посткамуністычных краінах.

 

Да друку прымаюцца матэрыялы на беларускай, рускай, англійскай, а таксама польскай і ўкраінскай мовах.

Артыкулы ў часопісе друкуюцца на беларускай і рускай мовах. Рэдакцыя самастойна ажыццяўляе пераклад.

Тэматыка матэрыялаў можа не супадаць з асноўнай тэмай нумару.

У рэдакцыю прадстаўляецца арыгінальны тэкст, які ніколі да таго не друкаваўся ні ў выглядзе асобнага артыкула, ні як частка манаграфіі.

Артыкулы, дасланыя ў рэдакцыю, праходзяць абавязковае ананімнае навуковае рэцэнзаванне.    

Больш падрабязна пра патрабаванні і правілы афармлення глядзіце, калі ласка, тут: Palitycnaja_Sfera_2013_rules_be

Матэрыялы для друку ў №21 прымаюцца да 20 жніўня 2013 года.

Кантактны адрас е-mail: [email protected]

In ENGLISH>>>

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...