Леанід Цімашэнка Спрэчныя праблемы Берасцейскай уніі ў гісторыі народаў Рэчы Паспалітай: лекцыя і дыскусія 28 траўня

цімашэнка1 512

Лятучы ўніверсітэт запрашае

28 траўня, 18.30, кавярня “Ложки” (Камсамольская, 34)

 У канцы ХVI ст. на тэрыторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (актуальныя землі  Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны), адбылася знакавая гістарычная падзея, праявы і вынікі якой да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага, палітычнага, культурнага жыцця рэгіёну. Не дзівіць, што Берасцейская царкоўная ўнія 1596 г., гісторыя уніяцкай царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур сталі аднымі з ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіях. І больш за тое – пытанне Берасцейскай ўніі дагэтуль з’яўляецца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій.

Ці была Берасцейская ўнія інспіраваная знешнімі сіламі, ці стала вынікам трансфармацый самой Царквы? Ці працягвала грэка-каталіцкая царква ўсходне-хрысціянскую традыцыю? Як сучасная гістарычная навука пазначае тое, што сталася ў выніку сутыкнення двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходнехрысціянскага? Якія падставы ёсць для такіх інтэрпрэтацый?

 28 траўня Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю і дыскусію з удзелам украінскага гісторыка, прафесара Драгобыцкага ўніверсітэта імя Івана Франка (Львоўская вобласць) Леаніда Цімашэнкі. Вядомы спецыяліст па гісторыі царквы XVI—XVIII стст. разважае на тэму “Спрэчныя праблемы Берасцейскай уніі ў гісторыі народаў Рэчы Паспалітай”. Пасля лекцыйнай часткі адбудзецца дыскусія, на якую запрошаныя беларускія эксперты. Вядоўца сустрэчы – кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч (Інстытут гісторыі НАН Беларусі).

Лекцыя прафесара Леаніда Цімашэнкі пачнецца 28 траўня а 18.30 у кавярні “Ложки” (Камсамольская, 34). Уваход вольны!

 Свае пытанні арганізатарам Вы можаце пакінуць на сайце: http://fly-uni.org/

ЛУ_ЕураБ-ПСф

 

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...