Адсутнасць сістэмнага рэцэнзавання навуковых і аналітычных выданняў неаднаразова адзначалася беларускімі інтэлектуаламі і аналітыкамі. Рэцэнзаванне ў дзяржаўных выданнях функцыянуе ў форме рытуалу. Гэту сітуацыю ў некаторай ступені выпраўляюць незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, тым не менш, большасць кніг і артыкулаў застаюцца нерэцэнзаванымі. Тое ж датычыць і прац пра Беларусь, што выходзяць за межамі краіны. Праблема застаецца і яна патрабуе свайго вырашэння – і менавіта супольнымі намаганнямі.
У сувязі з гэтым з 4 сакавіка Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» разам з Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў у Мінску запускае праект «Кніжны агляд».
Праект будзе новым этапам дзейнасці па рэцэнзаванні, якая праводзілася Інстытутам палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» ў 2011–2012 гадах у межах «Агляду даследчых і аналітычных публікацый». Праект «Кніжны агляд» будзе ажыццяўляцца ў форме публікацыі на сайтах www.palityka.org, http://eurocenter.by і http://n-europe.eu кароткіх крытычных рэцэнзій з пазначэннем асноўных перавагаў і недахопаў выдання. Для найбольш значных выданняў будуць рыхтавацца разгорнутыя рэцэнзіі ў часопісе «Палітычная сфера».
Асноўная ўвага пры рэцэнзаванні будзе надавацца беларускім выданням (даследчыя, аналітычныя, інтэлектуальныя), а таксама выданням пра Беларусь і рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы незалежна ад мовы і краіны выхаду. Тэматычныя прыярытэты: палітыка, культура, гісторыя, грамадства. Як правіла, рэцэнзуюцца выданні, не старэйшыя за два гады.
Выхад рэцэнзій будзе адбывацца з перыядычнасцю не радзей як адзін раз на тыдзень у сераду.
З павагай, калектыў Інстытута “Палітычная сфера” і Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў