Сузор’е палітызаваных імён

karnilovich

Корнилович, Э. А. (2009). Беларусь: созвездие политических имён. Минск: ФУАинформ. 408 с.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэем Асадчым.

Кніга кандыдата гістарычных навук Эдуарда Карніловіча, рэцэнзентамі якой выступілі доктар гістарычных навук Эдуард Забродскі і доктар гістарычных навук Мікалай Кузняцоў, выйшла ў свет у 2009 г. Дадзенае выданне – гісторыка-біяграфічны даведнік, у які патрапілі, як лічыць аўтар, “найбольш яркія ўраджэнцы” Беларусі, сярод якіх беларускія рэвалюцыянеры, паліткатаржане і палітычныя эмігранты, ваенна-палітычныя і дзяржаўныя дзеячы БССР і СССР, дыпламаты, палітыкі, навукоўцы і інш. Даведнік складаецца з 18 тэматычных раздзелаў, змешчаных у храналагічным парадку, у рамках якіх прадстаўлена інфармацыя пра 639 асоб. Кніга пабудавана па энцыклапедычнаму прынцыпу, артыкулы змяшчаюць асабістыя дадзеныя: інфармацыю пра паходжанне, сацыяльны статус, сферу дзейнасці і г. д.

Як адзначаецца ў даведніку “кніга прызначана для сучасных і будучых палітыкаў рэспублікі, гісторыкаў, краязнаўцаў, настаўнікаў, для школьнікаў і студэнтаў, якія вывучаюць гісторыю і паліталогію, для ўсіх, хто пазнае “гісторыю ў асобах”, чалавека ў палітыцы, каму важныя таленавітыя людзі, гатовыя весці грамадства да росквіту і годнага жыцця і сацыяльна-палітычнаму прагрэсу”.

Змест даведніка выглядае наступным чынам.

У раздзеле “Кіраўнікі і асветнікі эпохі царызму” прадстаўлены біяграфіі дзеячоў XVIII – XIX стст. Чым кіраваўся аўтар, фармуючы прадстаўлены спіс, невядома. У раздзеле можна азнаёміцца з біяграфіямі шэрагу расійскіх дзяржаўных і ваенных дзеячоў, навукоўцаў, выкладчыкаў і інш., большая частка жыцця і прафесійнай дзейнасці амаль паловы якіх прайшла па-за межамі Беларусі. Трэба адзначыць відавочны “ўсходні” нахіл аўтара. Многія выбітныя асобы, ураджэнцы Беларусі, у раздзел не патрапілі. Сярод дзеячаў навукі адсутнічаюць такія вядомы даследчыкі як Міхал Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Іосіф Ярашэвіч, Іван Лабойка, Тэадор Нарбут, Адам Кіркор і іншыя. Пачынальнікі ўласна беларускай культурнай традыцыі таксама засталіся па-за ўвагай аўтара дадзенага выдання.

У раздзел “Прысуджаныя да смяротнага пакарання” аўтар змясціў біяграфічную інфармацыю пра рэвалюцыянераў другой паловы XIX ст. Спіс рэвалюцыянераў у асноўным  прадстаўлены народавольцамі з арганізацыі “Зямля і воля”. Прысуджаныя да смяротнага пакарання паўстанцы 1863 г. увагі аўтара не атрымалі, нават К. Каліноўскі не патрапіў у спіс.

Наступныя раздзелы кнігі – “Прафесійныя рэвалюцыянеры”, “Палітычныя ссыльныя і паліткатаржане”, “Палітэмігранты. Беларусы ў Амерыцы” – будуць цікавымі хіба што даследчыкам рэвалюцыйнага руху і гісторыі РСДРП. У дадзеных раздзелах можна азнаёміцца з біяграфічнай інфармацыяй малавядомых дзеячоў гэтай арганізацыі. Увогуле не зразумела, якім чынам прадстаўленыя асобы патрапілі ў шэрагі яскравых ураджэнцаў Беларусі. Пра іх дасягненні аўтар маўчыць, як маўчыць і пра дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, якія ў раздзел не патрапілі ўвогуле. Шосты раздзел даведніка прысвечаны дэпутатам першай Дзяржаўнай думы Расіі – выхадцам з Беларусі, сёмы – жанчынам ў палітыцы. Прынцып фарміравання апошняга застаецца таямніцай.

Пра відавочную тэндэнцыйнасць аўтара яскрава сведчыць раздзел “Палітычныя лідэры БССР”, у які патрапілі “будаўнікі квітнеючай Беларусі”, якіх, як адзначае аўтар, “палітычныя прыстасаванцы” называюць слугамі “вялікай таталітарнай сістэмы”, што па меркаванню Карніловіча “антынавукова і амаральна” (с. 213). Затое вельмі паказальным і “навуковым” з’яўляецца той факт, што ў спіс, дзе прадстаўлены М. Дземянцей, З. Жылуновіч, К. Мазураў, А. Малафееў, П. Машэраў, С. Прытыцкі, П. Панамарэнка, А. Чарвякоў і інш. патрапіў А. Лукашэнка, які як трэба меркаваць, вядомы палітычны лідэр БССР.

Раздзеле “Народныя камісары 20-30-х гг.” сапраўды можа быць цікавым для даследчыкаў гісторыі Беларусі савецкага перыяду. Але асобна трэба адзначыць падачу матэрыялу ў раздзеле. Ідэалагічная заангажаванасць аўтара, напрыклад, яскрава праяўляецца ў вельмі “арыгінальным” выкладанні біяграфія У. Ігнатоўскага – сярод вартых увагі фактаў жыцця адзначаецца: “вёў працу супраць белапольскіх акупантаў”, “удзельнічаў у пахаванні Леніна” і інш.

Партыйна-дзяржаўным дзеячам СССР прысвечаны аднайменны адзінаццаты раздзел. Гэта, як адзначае аўтар – “наш гонар і слава” (с. 275). У раздзеле “Ваенна-палітычныя дзеячы” можна азнаёміцца з біяграфіямі мала вядомых шырокай публіцы функцыянераў рэпрэсіўнай сістэмы ВЧК-ГПУ/НКВД і ЧА. Яны, трэба думаць, таксама наш “гонар і слава”. Такое ўзвышэнне выканаўцаў масавых забойстваў на тэрыторыі Беларусі і, у больш шырокім кантэксце, СССР дазваляе па новаму паглядзець на дэклараваныя аўтарам прынцыпы навуковасці і маральнасці.

Асобны раздзел кнігі прысвечаны “палітыкам і вучоным”, дзе ў адным шэрагу з Ж. Алфёравым прадстаўлены М. Мясніковіч, С. Сідорскі, А. Радзькоў, якіх назваць навукоўцамі даволі складана.

Адзначаючы, што “у палітыка і пісьменніка агульныя мэты – прадбачыць ход гісторыі, спрыяць развіццю чалавека, стварэнне матэрыяльных і маральных каштоўнасцяў” (с. 355), Карніловіч вылучае раздзел “Палітыкі і пісьменнікі”. у якім у асноўным прадстаўлены біяграфіі класікаў беларускай літаратуры. Чым матываваўся аўтар вылучаючы асобна дадзены раздзел даведніка незразумела, як і цалкам незразумела вылучэнне наступных трох – шаснаццаты раздзел прысвечаны палітыкам адной сям’і (прадстаўлены дзве сям’і – Ключко і Прышчэпчык), сямнаццаты – палітыкам адной вёсцы (прадстаўлены чатыры дзеяча), апошні – палітыкам з горада Копыль.

Упершыню пабачыўшы “Беларусь: сузор’е палітычных імёнаў”, з’явіўся спадзеў, што нарэшце з’явілася выданне, у якім можна азнаёміцца з біяграфіяй усіх найбольш значных палітычных дзеячаў Беларусі. Але паступовае знаёмства з кнігай паказала, што мы маем справу з шараговай спробай пабудаваць свой “канон”, які б арганічна ўкладаўся ў рамкі сённяшняй дзяржаўнай ідэалогіі. Нягледзячы на тое, што, як адзначыў сам аўтар,: “мы змясцілі пад адной вокладкай біяграфіі дзеячаў з рознымі ідэалагічнымі адценнямі, імкнучыся ўзнавіць цэласную карціну палітычнай гісторыі дадзенага перыяду”, шмат значных постацяў у кнізе не прадстаўлена, але прысутнічаюць зусім невядомыя асобы. Відавочна ідэалагічная пазіцыя аўтара ў ігнараванні цэлых пластоў беларускай гісторыі – прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху прадстаўлены ўвогуле.

Да сказанага варта адзначыць, што ідэалагічная ангажаванасць праяўляецца і ў падачы біяграфічных дадзеных, часам пафас тэксту нагадвае лепшыя камуністычныя часы. Гісторыка-біяграфічны даведнік найбольш выбітных палітычных дзеячоў Беларусі яшчэ чакае свайго выдання.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...