15 верасня 2011 года завяршыўся прыём заявак на Міжнародную PhD праграму для Беларусі (http://palityka.org/2011/06/mizhnarodnaya-phd-pragrama-dlya-belarusi/).
Каардынатарам праграмы выступае Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.
_______________________________________________________________________________________
Конкурс выклікаў значную цікавасць – у выніку на 5 месцаў было пададзена 35 заявак. У дадзены момант дасланыя матэрыялы знаходзяцца на стадыі разгляду Савета праграмы і экспертаў.
Вынікі конкурсу будуць вядомы да канца кастрычніка 2011 года.
Міжнародная PhD праграма для Беларусі накіравана на вырашэнне надзённых праблем беларускай акадэмічнай і экспертнай супольнасці.
Працэдура абароны дысертацый у Беларусі становіцца ўсё больш бюракратызаванай і закрытай. Такая сітуацыя не дае магчымасці атрымаць навуковую ступень многім даследчыкам, якія па нейкіхпрычынах не маюць неабходных сувязяў – уплывовых кіраўнікоў, нефармальныя кантакты і г.д.
Акрамя гэтага, дастаткова шырокая група спецыялістаў не могуць атрымаць навуковую ступень з-за сваёй палітычнай ангажаванасці, грамадскай актыўнасці альбо з-за тэмы дысертацыі, калі яна з’яўляецца чуллівай з палітычнага пункту гледжання. Адсутнасць ступені часта прыводзіць да выхаду спецыялістаў поўнасцю ці часткова з акадэмічнага і даследчага поля, што негатыўна ўплывае на развіццё самой супольнасці.
Міжнародная PhD праграма прапануе механізм паступовага вырашэння пазначаных праблем.