Посткаланіяльная імперыя: Ab Imperio. 2011. #1.

13_ab_imperio Ab Imperio. 2011. #1.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, сацыёлагам, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.

______________________________________________________________________________________

Часопіс “Ab Imperio”, які выдаецца ў расійскай Казані – гэта своеасаблівы флагман новай імперскай гісторыі для вялізнай тэрыторыі, межы і змест якой цяжка вызначыць дакладна (ці то яна постімперская, ці то постсавецкая?), але пра нейкае пачуццё агульнасці лёсаў у жыхароў гэтых зямель усё ж можна (няхай са скепсісам) весці размову.

Часопіс выдаецца ў Казані, і такая аддаленасць ад “цэнтру” маўлення прыводзіць і да надзвычай нізкай канцэнтрацыі вялікадзяржаўнага пафасу і да паглыбленага інтарэсу да “ускраін”. Ды і “новая імперская гісторыя” тут разумеецца не як чарговае вяртанне да ўслаўлення імперскасці, а як прынцыповая зацікаўленасць у разнастайнасці і шматслойнасці імперскай прасторы. Гэтая прызма ўбірае ў сябе шмат з’яваў, якія звычайна лёгка адкідваюцца пры прачытанні гісторыі з пазіцый русацэнтрызму, дзе ўся гісторыя мае лагічны сэнс у аб’яднанні “адзінага рускага народу”, раз’яднанага выключна праз варожыя інтрыгі, і таму ўсе лакальныя адгалінаванні і адметнасці з’яўляюцца неістотнымі. Пры гэтым, прачытанне гісторыі выключна ў кантэксце нацыянальных гістарыяграфій таксама шмат у чым робіць гістарычны матэрыял простым і адналінейным, праз паслядоўнае ігнараванне падзеяў, якія ніяк нельга патлумачыць героікай змагання нацыянальных рухаў.

Часопіс “Ab Imperio” са свайго заснавання прапагандуе іншы падыход, скіраваны на аднаўленне шматмернасці і шматслойнасці мінулага. Гэта стала і галоўнай тэмай першага нумару за 2011 год – “Шматстайнасць Іншасці (Инаковости): вывучэнне Другога свету і новыя гістарычныя парадыгмы”.

Для тых, хто да гэтага часу не сутыкаўся з новай імперскай гісторыяй вельмі добрымі ўводзінамі ў стан справаў у гэтым даследчым накірунку стануць два артыкулы брытанскага гісторыка Стывена Хоў, з якіх і пачынаецца нумар. У першым артыкуле праз грунтоўны агляд найбольш дыскусійных момантаў разглядаецца стан і праблемы новай імперскай гісторыі на класічным матэрыяле (найперш Брытанскай імперыі), у другім жа мова ідзе пра тыя змены, якія адбываюцца з гэтым падыходам пры перанясенні на глебу Расійскай імперыі і Савецкага Саюза.

Але галоўнай асаблівасцю нумару стала крытычная адаптацыя посткаланіяльнай тэорыі, дзе змешваюцца як адмаўленне, так і перайманне гэтай досыць супярэчлівай інтэлектуальнай з’явы. Калі ўзгадаць, то у Беларусі на посткаланіяльную перспектыву ўскладалася шмат надзеяў у другой палове 1990-х, што ў першую чаргу адлюстравана ў спадчыне такіх часопісаў як “Фрагмэнты” і «Перекрёстки», таксама тэкстах такіх аўтараў як Ігар Бабкоў і Уладзімір Абушэнка. Таму цяжка назваць прымяненне посткаланіяльнай тэорыі да Ўсходняй Еўропы арыгінальным, але таксама нельга сказаць, што ён быў цалкам адпрацаваным у той час.

Расійскі адказ на падставовую працу Эдварда Саіда “Арыянталізм” прапануе Аляксандр Эткінд, які звяртаецца да падобных крыніцаў – знакамітых твораў брытанскіх пісьменнікаў (Дэфо, Кіплінг, Конрад) – і аналізуе, як там адлюстроўваецца вобраз не заморскіх калоній, а Расіі. З гэтых апісанняў не вымалёўваецца тая ж інтэлектуальная стратэгія панавання, якую так прыгожа дэканструяваў Саід, хутчэй, абгрунтоўваецца немагчымасць бесклапотнай эксплуатацыі напрацаванага інструментарыю пры звароце да “Другога Свету”. Для зацікаўленых жа аўтарскім падыходам Аляксандра Эткінда цікавым будзе і гутарка з гэтым вучоным, дзе пераважна абгаворваецца распрацаваная ім канцэпцыя ўнутранай каланізацыі, якая павінна патлумачыць асаблівасць працэсу мадэрнізацыі ў Расійскай імперыі.

Скептычна ставіцца да прымянення посткаланіяльнай тэорыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і польскі даследчык Ян Кеневіч. У сваім артыкуле пра становішча польскіх інтэлігентаў у імперскай сітуацыі і пошукі імі шляхоў супраціву (у тым ліку і праз блізкую апошнім часам для беларусаў тратэгію “маўчання”) ён абапіраецца на альтэрнатыўны падыход, які засноўваецца не на ідэі каланіяльнай палітыкі, але цывілізацыйнага ціску з боку Расіі.

Значна больш прыхільны да гэтай тэорыі ў сваім артыкуле “Каланіяльнасць, посткаланіяльнасць і “гістарычная палітыка” у сучасным Казахстане” расійскі гісторык Анатоль Рамнёў. Хоць сама назва можа крыху ўвесці і ў зман чытача, паколькі шмат месца надаецца высвятленню сапраўднага месца казахскіх зямель ў Імперыі, праз апісанне гібрыдных практыкаў, якія таксама не дужа добра ўпісваюцца ў вядомую формулу падпарадкавання каланізатарам.

Безумоўна, для беларускага чытача цэнтральным тэкстам нумару будзе артыкул Сяргея Ушакіна, які разглядае працэс адчужэння (остранения) сацыялістычнага мінулага ў Беларусі праз аналіз двух вядомых “месцаў памяці” (Хатынь і Курапаты). Зноў жа, у якасці тэарэтычнай і метадалагічнай падставы абіраецца посткаланіяльны падыход, толькі ў якасці адрозненняў паміж “класічным” паўднёваазіяцкім выпадкам і беларускай сітуацыяй пазначаецца іншая інтэлектуальная традыцыя – для мясцовых інтэлектуалаў падставай для супраціўлення сталі не працы Грамшы ці Фуко, а ўсяго толькі рамантычны нацыяналізм. Сам артыкул пакідае вельмі дзіўнае ўражанне, паколькі разуменне часу Другой сусветнай вайны як перыяду акупацыі, як на маю думку, хутчэй сыходзіць з рэабілітацыі штодзённага досведу беларусаў, якія ўласна перажылі гэтую вайну, і зусім нацягнутым тут выглядае прыпісванне такому разуменню “стратэгічнага імаралізму”. І зноў жа дыскусія пра Курапаты па версіі Ушакіна інтэрпрэтуецца як пазбаўленне “суб’ектнасці” ў дачыненні да савецкага часу, прызнанне і замацаванне сваёй падпарадкаванасці. Пры гэтым убаку пакідаецца афіцыйная стратэгія прапрацоўкі савецкага мінулага, якая папросту ўключае і падпарадкоўвае савецкі досвед задачам дзяржаўнага будаўніцтва (і дзе адчужэнне ідзе па радыкальна іншых траекторыях). Дый ніяк цяжка пагадзіцца з агульным скепсісам аўтара да пошуку іншых формаў суб’ектнасці па-за нядаўнім мінулым.

Пасля гэтага артыкулу ідзе форум з абмеркаваннем апошняй кнігі усё таго ж Сяргея Ушакіна пра патрыятызм адчаю і супольнасці страты, заснаванай на антрапалагічных даследаваннях у Барнауле. І нарэшце заканчваецца асноўная частка Ab Imperio #1/2011 артыкулам Заўра Гасімава пра літаратурныя вобразы Баку.

Таксама ў часопісе маецца досыць салідны блок рэцэнзій, з якіх зноў жа найбольш інтарэс для нашых чытачоў можа ўяўляць водгук Аляксандра Пяршая на кнігу Алега Латышонка “Нацыянальнасць – беларус”. Хоць і тут цяжка пагадзіцца з асноўнай лініяй крытыкі, дзе мова ідзе пераважна пра неадпаведнасць выкарыстоўваемай аўтарам канцэпцыі “ідэйнай нацыі” (з акцэнтам на сімвалічную пераемнасць) пастулатам сацыяльна-канструктывісцкага падыходу, які больш акцэнтуе ўвагу на дыскурсіўных разрывах і актах вынаходніцтва традыцый. Але ж радыкальная мадэрнісцкая версія – толькі адна з тэорый нацыяналізму, няхай сабе зараз самая папулярная і ўплывовая, таму пошукі Латышонка каранёў Беларусі глыбей XIX стагоддзя маюць сваю поўную рацыю з іншай оптыкі.

Часопіс Ab Imperio навогул скіраваны на развіццё дыялогу і абмену ідэямі паміж вучонымі Першага-Другога-Трэццяга свету і дэманструе досыць прывабную мадэль стварэння навуковай веды, якая можа быць карыснай і для айчынных гісторыкаў, публікацыя якіх у выданні пакуль можна сустрэць толькі спарадычна.

Check Also

Новае даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі

Інстытут «Палітычная сфера» прадстаўляе даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі, прысвечанае помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным ...

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *