Беларускі слоўнік плагіяту

14_slounik2Шынкароў, В. В., Раманава, С. П. (2011). Беларускі палітычны слоўнік. Мінск: Адукацыя і выхаванне. 576 с.

Агляд падрыхтаваны палітолагам, дырэктарам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэем Казакевічам.

______________________________________________________________________________________

Складанне тэрміналагічнага слоўніка задача няпростая, але дастаткова важная. Удала складзены слоўнік не толькі сістэматызуе веды ў асобнай галіне ці дысцыпліне, але дазваляе стабілізаваць тэрміналогію, удакладніць значэнне, удакладніць ужыванне словаў і ажыццявіць іншую працу над сэнсамі і інтэпрэтацыямі.

У гэтых адносінах выхад Беларускага палітычнага слоўніка ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” прыцягвае да сябе ўвагу. У пэўнай ступені гэта адна з першых спробаў такога выдання на беларускай мове, што можа быць значным і карысным, прынамсі як спроба, нават калі аўтарам не ўдалося рэалізаваць пастаўленую задачу цалкам.

Выхад слоўніка ў свет быў падрыхтаваны Васілём Шынкаровым (доктарам гістарычных навук, прафесарам кафедры паліталогіі і права Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэту імя Максіма Танка), а таксама Святланай Раманавай (кандыдатам сацыялагічным навук, дацэнтам кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэту). Рэцэнзентамі выступілі дастаткова вядомыя ў беларускім акадэмічных істэблішменце асобы – дактары палітычных навук У. Мельнік і Л. Землякоў (абодва адначасова і значныя “ідэолагі беларускай дзяржавы”), а таксама кандыдат гістарычных навук А. Касовіч.

Ужо першае знаёмства са слоўнікам пакінула значную колькасць пытанняў. Гэта і падбор артыкулаў, і інтэрпрэтацыя асобных тэрмінаў, і факталагічныя памылкі… Але асобныя артыкулы прымусілі звярнуць на сябе асаблівую ўвагу – пераважна сваімі ненатуральнымі фармулёўкамі. З гэтага сталі ўзнікаць некаторыя сумневы, якія прымусілі праверыць слоўнік на плагіят.

Знайсці адпаведныя фразы (у перакладзе на расійскую мову) аказалася вельмі проста. У межах гэтага агляду мы не прэтэндуем на дакладныя лічбы, але адшукаць некалькі дзесяткаў скрадзеных артыкулаў заняла ўсяго пара гадзін. І гэта без уліку “запазычанняў” з нарматыўных актаў і тлумачальных слоўнікаў. Ніводнай спасылкі на першакрыніцы выданне не ўтрымлівае, адсутнічае нават бібліяграфічная інфармацыя ў стылі “пры падрыхтоўцы былі скарыстаныя…”.

Увогуле, плагіят дастаткова пашыраная з’ява ў беларускай акадэмічнай супольнасці, многія нават не лічаць гэта праблемай ці чымсьці заганным. Але гэта не пытанне асабістых густаў, а пытанне гонару ўсёй акадэмічнай супольнасці, таму такія выпадкі патрабуюць публічнасці.

Сітуацыя слоўніка ўскладняецца тым, што прынамсі значная частка значэнняў была “запазычана” з даступных праз інтэрнэт крыніц. Пры чым такія “запазычанні” вельмі часта выпадковыя і няўдалыя, выкарыстоўваюцца не самыя якасныя выданні, цьмяныя фармулёўкі, памылкі, штампы, што яшчэ больш выклікае разгубленасць і адчуванне абсурднасці сітуацыі. Сказанае не азначае, што ў слоўніку цалкам адсутнічае аўтарскі пласт, але яго долю ацаніць складана, і ,падаецца, яна невялікая.

У прынцыпе наяўнасць плагіяту само па сабе ставіць выданне за межы нармальнай навуковай і навучальнай прадукцыі. Але ў слоўніку шмат і іншых праблем, якія не дазваляюць яго выкарыстанне нават тым, каго з большага не хвалююць пытанні ўласнасці і прафесійнага сумлення.

Cлоўнік перапоўнены рознымі абсалютна непатрэбнымі тэрмінамі і значэннямі. Для чаго напрыклад артыкул “пагарэлец” – чалавек які пацярпеў у выніку пажару, у ранейшыя часы такія людзі раз’язджалі па вёскай з надзеяй атрымаць што-небудзь на пагарэлае (называліся пажарнікамі) (с. 289). Якая можа быць эўрыстычная карысць ад вызначэнняў кшталту: Княства: 1) феадальная дзяржава на чале з князем 2) назва некаторых сучасных дзяржаў (с. 211). Пры гэтым артыкула “князь” у слоўніку няма.

Выданне перапоўнена “запазычаннямі” з тлумачальных слоўнікаў, навошта гэта рабіць у спецыялізаваным тэрміналагічным выданні застаецца загадкай. Часам падаюцца тэрміны з беларускіх, расійскіх, савецкіх нарматыўных актаў. Усё гэта робіцца, як ўжо адзначалася, без аніякай спасылкі.

Вялікая колькасць значэнняў увогуле можа ўвесці ў зман. Напрыклад, “дыскурс” гэта – “камунікатыўная з’ява, від масавае камунікацыі, арыентаванай на абмеркаванне, абгрунтаванне любых значных аспектаў дзеяння, думак і выказванняў яе ўдзельнікаў” (с. 127). Мякка кажучы бессэнсоўнае азначэнне, якое абсалютна не дапаможа зразумець яго выкарыстанне ў сучасных сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах.

“Новыя правыя”: “1) рух заходнееўрапейскай інтэлігенцыі за адраджэнне еўрапейскай культуры. 2) ідэалагічны рух, у аснову якога пакладзены сінтэз ідэй рынкавага індывідуалізму і сацыяльнага аўтарытарызму” (с. 281). Што ёсць абсалютна неадэкватным.

Вызначэнне “маркетынгу” падаецца з Вялікай савецкай энцыклапедыі, што абсалютна не адпавядае сучаснаму значэнню гэтага тэрміну.

Шэдэўрам тут можна лічыць вызначэнне “тэлуракратыі” – “улада з дапамогай зямлі” (с. 431). І гэта ўсё вызначэнне!!! Як гэта? Пра што?

Абсалютна недарэчна падаюцца азначэнні “дзяржавы-ранцье”, “традыцыяналізм”, “нагляд”, “ультра”… спіс можна працягваць, падаецца, да бясконцасці.

Вось яшчэ прыклад грубай сэнсавай памылкі. У артыкуле “эканамічныя правы” (меры магчымых паводзінаў) падаецца вызначэнне эканамічнага права (сукупнасць нормаў). У артыкуле “асабістая ўласнасць” падаецца вызначэнне ўласнасці прыватнай. Такая блытаніна назіраецца ва ўсім падобных артыкулах.

Яшчэ больш паказальным выглядае вызначэнне “дзяржаўнага права”. Пасля невялікай фармулёўкі пададзена прыпіска “у літаратуры шэрагу замежных краін выкарыстоўваецца тэрмін “канстытуцыйнае права” (!!!). Гэта пры тым, што менавіта тэрмін “канстытуцыйнае права” ўжо дваццаць год выкарыстоўваецца ў Беларусі, а “дзяржаўнае права” з’яўляецца савецкім архаізмам.

Як не дзіўна, але праблемы маюць аўтары і з беларускай гісторыяй. Напрыклад, БНР ў выданні расшыфроўваецца як Беларуская народнага рада (???), ужо апусцім што яна вызначацца як “марыянетачнае псеўдадзяржаўнае ўтварэнне, якое было абвешчана 25 сакавіка 1918 г. ўмеранымі беларускімі сацыялістамі ва ўмовах нямецкай акупацыі (с. 55). Як вядома 25 сакавіка была абвешчана не БНР, а яе незалежнасць. Такія грубыя памылкі, пры тым, што сярод аўтараў доктар, а сярод рэцэнзентаў кандыдат гістарычны навук.

Не лепш выглядае і старажытны перыяд. Напрыклад, пра Вітаўта можна даведацца, што гэта “вялікі князь Літвы, тройчы нападаў на Маскоўскае княства (1406-1408), захапіў Смаленск, адзін з арганізатараў разгрому нямецкіх рыцараў у Грундвальдскай бітве 1410 г. (с. 78). І ўсе. У выніку Вітаўт для беларускага чытача мусіць быць вядомы за свае войны з Расіяй і немцамі. Цікава, што ў артыкуле пра Грундвальскую бітву гэты “арганізатар разгрому” нават не згадваецца.

Маюць аўтары праблемы і пры перакладзе чужых артыкулаў з расійскай на беларускую мову. Напрыклад, расійская “общность” перакладаецца як “агульнасць”, а не “супольнасць” (гл. Племя). Можна сустрэць у слоўніку “грамадзянскае грамадства”, замест “грамадзянскай супольнасці” і г. д.

Залежнасць ад расійскага “цэнтру” праяўляецца і ў тым, што транслітарацыя на ангельскую ўсіх беларускіх імёнаў і геаграфічных назваў падаецца выключна з расейскай – М. Багдановіч, натуральна, будзе Bogdanovich. Гэта правіла перакладаць “с нормального языка” закранула нават імёны з устойлівай традыцыяй падачы на лацінке. Напрыклад, Баршчэўскі (Barszczewski) – падаецца як Borshevskiy і г. д. Хаця гэта, на тле іншага, выглядае дробяззю.

Іншых “дробных” факталагічных і сэнсоўных памылак у слоўніку шмат.

На жаль, падсумоўваючы, можна настойліва не рэкамендаваць Беларускі палітычны слоўнік для выкарыстання ў навуковым працэсе (не кажучы ўжо пра прафесійную дзейнасць). Пытанне нават не ў плагіяце, якім шчыльна напоўнена гэта выданне, але і ў шматлікіх памылках, бессэнсоўных азначэннях і выпадковых інтэрпрэтацыях, якія не толькі не дапамогуць зразумець асноўны катэгорыі палітычнай навукі, але здольны істотна заблытаць чытача.

_______________________________________________________________________________________

Пяць характэрных прыкладаў з розных частак слоўніка:

1) У слоўніку: Крызіс валютны – абвастрэнне супярчэснасцей у валютнай сферы, якое праяўляецца ў рэзкім хістанні валютных курсаў, плацежнай незбалансаванасці, перамяшчэннях пазыковага капіталу. Валютны крызіс суправаджаецца ўзмацненнем дзяржаўнага ўмяшання ў форме дэвальвацыі і рэвальвацыі, увядзеннем валютных абмежаванняў, правядзеннем мерапрыемстваў агульнаэканамічнага характару

Крыніца: ВАЛЮТНЫЙ КРИЗИС – обострение противоречий в валютной сфере, проявляющееся в резких колебаниях валютных курсов, несбалансированности платежных балансов, перемещениях ссудного капитала. Валютный кризис сопровождается усилением государственного вмешательства в форме девальваций и ревальваций, введением валютных ограничений, проведением мероприятий общеэкономического характера. Большой Энциклопедический словарь. 2000.

Спасылка

2) У слоўніку: Маргінальнасць палітычнаясацыяльная якасць сумлення і паводзін асобы, пласта, субгрупы; адрыў ад першапачатковага сацыяльнага субстрату, заканчэнне грамадскіх сувязяў, якія вызначаюць сутнасць асобы і групы, а таксама прынцыповую немагчымасць узнаўлення такіх інтэграцыйных сувязей. Маргінальная асоба– прамежкавы, памежны чалавек, якія адчувае сваё месца ў свеце толькі тады, калі належыць да якой-небудзь псеўдамасавага, ініцыяванага патэстарнымі органамі руху.

Крыніца: Маргинальность Политическая

(от лат. margo – край) – термин, употребляемый для обозначения социального качества сознания и поведения личности, слоя, субгруппы. М. означает отрыв от первоначального социального субстрата, прекращение общественных связей, определяющих сущность личности и группы, а также принципиальную невозможность возобновления подобных интеграционных связей. Маргинальная личность – промежуточный, пограничный человек, который ощущает свое место в мире, лишь принадлежа к какому-либо псевдомассовому, инициированному потестарными органами, движению. Мир словарей

Спасылка

3) У слоўніку: Рэгіяналізм – падыход да разгляду і рашэння эканамічных, палітычных і іншых праблем з пункту гледжання інтарэсаў і патрэб таго ці іншага рэгіёну.

Крыніца: РЕГИОНАЛИЗМ. подход к рассмотрению и решению экономических, социальных, политических и других проблем под углом зрения интересов потребителей того или иного региона. Райзберг Б.А., Лозовский Л.Ш., Стародубцева Е.Б.. Современный экономический словарь. — 2-е изд., испр. М.: ИНФРА-М, 1999. 479 с.. 1999.

Спасылка

4) У слоўніку: Рэгіяналізацыя – развіццё, умацаванне эканамічных, палітычных і іншых сувязяў паміж абласцямі і дзяржавамі, што ўваходзяць у адзін рэгіён, узнікненне рэгіянальных аб’яднанняў дзяржаў

Крыніца: РЕГИОНАЛИЗАЦИЯ развитие, укрепление экономических, политических и иных связей между областями или государствами, входящими в один регион; возникновение региональных объединений государств. Райзберг Б.А., Лозовский Л.Ш., Стародубцева Е.Б.. Современный экономический словарь. — 2-е изд., испр. М.: ИНФРА-М, 1999. 479 с.. 1999.

Спасылка

5) У слоўніку: “Татальная вайна” – канцэпцыя падрыхтоўкі і вядзення агрэсіўная вайны з прымяненнем любых сродкаў і спосабаў масавага знішчэння ўзброенай сілы і мірнага насельніцтва супрацьлеглага боку. Канцэпцыя “татальная вайны” упершыню была вылучана нямецкім генералам Э. Людэндорфам у 1935 г. лягла ў аснову фашысцкай ваеннай дактрны.

Крыніца: ТОТАЛЬНАЯ ВОЙНА. концепция подготовки и ведения агрессивной войны с применением любых средств и способов массового уничтожения вооруженных сил и мирного населения противника. Концепция «тотальной войны» впервые выдвинута немецким генералом Э. Людендорфом в 1935, легла в основу фашистской военной доктрины. Политическая наука: Словарь-справочник. сост. проф пол наук Санжаревский И.И.. 2010.

Спасылка


Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...

2 камэнтары

  1. Згодны са сп. аўтарам – плягіат зрабіўся нормай… Мне 2 тыдні таму было вельмі цікава знайсьці ў прэзэнтацыі аднаго майго знаёмага на канфэрэнцыі ў Маскве слайды, проста перанесеныя з маёй прэзентацыі на іншым мерапрыемстве… Асабліва ўразіла выкарыстаньне майго асабістага рэйтынгу дурасьцяў у эканамічнай навуцы, які ёсьць вынікам майго вывучэньня гэтай навукі 30 апошніх гадоў:)

  2. Віталь

    Да увагі аўтара агляда трэба дадаць, што ў навуковай суполцы ёсць агульнаўжываемыя тэрміны, патрабаваць указаць аўтарства на якія немагчыма. «Малекула складаецца з атамаў» (С) цяжка сфармуляваць на новаму. :) Большая частка таких “аксиём” вандруе са слоўніка ў слоўнік. У “Большой Энциклопедический” (які так спадабаецца аўтару агляда) з “Вялікай Савецкай”, туды з “Брокгаўза і Эфрона” ці Южакова, а туды ж з “Britannica”. Адшукаць альма-матэр кожнага тэрміна немагчма, мэта слоўніка звесці ўсі гэты агульнаўжываемыя тэрміны разам і добавіць аўтарскія пра тое, чаго няма. А уж пры перекладзе на родную мову ўсякае заімства здымаецца. Нельга абвінавачваць у крадзяжы таго, чаго не існавала. Наадварот. Калі б аўтары замест переклада распаўсюджаных трактовак спрабавалі б увесці унікальныя, гэта было б памылкай і залішняй ганарлівасцю.

    Для першага слоўніка рэакцыя складаная і залішне крытычная.