Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. Том 2. Протарэнесанс і Адраджэнне. Мн., 2010. 840 с.
Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, сацыёлагам, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.
_______________________________________________________________________________________
Кожная нацыянальная дзяржава мае сваю гісторыю. Адмыслова напісаную, правераную і ўзгодненую. Ад стварэння кароткіх нарысаў у пачатку нацыянальнага адраджэння напісанне гісторыі набывае ўсё больш складаныя і манументальныя формы ў перыяд дзяржаўнага будаўніцтва. Так і “Гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” цяжка ўспрымаць выключна як нейкі акадэмічны праект, дзе філосафы ў самаізаляваным асяродку аб’ектыўна і спакойна разбіраюцца са сваімі вытокамі ды настаўнікамі. Гэты праект абумоўлены ўсім кантэкстам зацятых пошукаў ды даўняй рэфлексіі над тым, чым была, ёсць і будзе наша краіна. Фактычна гаворка ідзе пра вельмі важны камень ў падмурак інтэлектуальнага ўсведамлення Беларусі, дзе разам зводзяцца разрозненыя раней персаналіі, тэксты, тэорыі ды падыходы.
Шэсць запланаваных тамоў павінны стварыць комплексную і насычаную гісторыю мыслення нашага краю, і сама гэта ініцыятыва сведчыць пра высокую ступень апрычонасці супольнасці беларускіх філосафаў сваімі інтэлектуальнымі традыцыямі. Каб пісаць гісторыю думкі, трэба мець не толькі нейкі “матэрыял” ці фактуру для перапрацоўкі, а ўсведамленне сваёй місіі (навошта гэта шматтомная гісторыя?) ды высокую ступень адказнасці.
І тут прынцыповае значэнне мае тое, дзе лакалізавана мысленне – зямля, прастора, краіна, якая зараз называецца Рэспубліка Беларусь. Але такая назва хавае пад сабою палітычныя віхуры і радыкальныя змены сімвалічнай геаграфіі, якія спакойна можа ігнараваць толькі даследчык, які бачыць у сваёй працы пацверджанне гатовым схемам. І адпаведна паўстае надзвычай складаная задача ў вызначэнні тых людзей і ідэяў, якія можна спакойна маркіраваць як “беларускае”, займацца іх вывучэннем ды адбіваць нападкі суседзяў, каб яны не пазначалі гэта як “літоўскае”, “польскае”, “рускае” ці “украінскае”.
Аўтары “Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” пераважна прытрымліваюцца праверанага практыкай падыходу, дзе сучасная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь праектуецца на мінулае, і адпаведна сама гэта вызначаная тэрыторыя ўспрымаецца як локус нараджэння “беларускай думкі” ды й не толькі – усяго “беларускага”. Такі падыход даўно ўжо прадэманстраваў сваю прыдатнасць, таму і дамінуе ў нацыянальным гісторыяпісанні не толькі нашай краіны. Іншы падыход з выкарыстаннем этнічных прыкметаў (мова, ідэнтычнасць) яўна б пакінуў мала карыснага ды каштоўнага з мінуўшчыны.
З іншага боку, інтэлектуальная вытворчасць заўсёды мела шмат праблемаў з нацыянальнымі і дзяржаўнымі межамі. Гэта ж датычыць і перыяду, якому прысвечаны другі том “Гісторыі” – эпохі Протарэнесансу і Адраджэння. Вельмі паказальная ў гэтым плане біяграфія Францыска Скарыны – калі б мы пакінулі ад яе толькі тыя часткі, што прымеркаваныя да беларускай тэрыторыі, то што б ад яе засталося? І ў гэтым плане цалкам слушнымі падаюцца не толькі спробы ўпісаць творчасць асобных мысляроў у больш шырокі кантэкст культурных уплываў, трансфераў і ўзаемадзеянняў, але і зварот увагі на тыя постаці, якія яўна мелі іншае этнічнае паходжанне, але сваёй дзейнасцю непаўторна змянілі інтэлектуальны ландшафт гэтага краю (той жа Кіпрыян ці Філіп Калімах).
Укладальнікі шматтомніку прынцыпова настойваюць на метадалагічнай плюральнасці, разнастайнасці тэарэтычных падыходаў, шляхоў разумення ды сродкаў аналізу. І сапраўды, другі том складзены з тэкстаў, якія пісаліся ў розныя часы і з розных пазіцый, і толькі адна вокладка прымушае ўспрымаць гэта як нейкі ўзгоднены і аб’яднаны адною праграмаю інтэлектуальны прадукт. Чытачу даводзіцца даволі часта пераключаць рэгістр свайго ўспрыняцця, калі тэксты, створаныя ў 1980-я гг. плаўна перацякаюць у сучасныя, з адпаведнай лексікай “ідэнтычнасці” і “наратыву”.
І ўсё ж даводзіцца прызнаць, што касцяк другога тому складаюць працы, якія былі створаныя яшчэ ў часы БССР такімі класікамі гісторыі беларускай філасофіі як Сямён Падокшын і Уладзімір Конан. І справа тут не толькі ў рознасці лексікону (ну, не маглі ведаць яны ў тыя часы модныя зараз словы!), якая ніколі не мела прынцыповага значэння. Гэтыя тэксты вызначаюцца найперш вельмі ўстойлівымі і яркімі стылістычнымі рысамі.
Мова ідзе пра яўнае дамінаванне эвалюцыянісцкага разумення гісторыі філасофіі, дзе гісторыя думкі аналізуецца праз прызму тэлеалогіі прагрэсіўнага развіцця чалавецтва ад царства дзікунства да наступлення асветы і цывілізацыі. Напрыклад, той жа Францыск Скарына паўстае як мысляр, які нешта змяніў да лепшага, які ўсвядоміў нейкія прагрэсіўныя тэндэнцыі, які паўплываў на далейшае развіццё ды г.д. Мы бачым яго як ключавую персаналію на лесвіцы развіцця чалавецтва, як “тытана Адраджэння”. Але не бачым яго як жывога чалавека, які вучыўся, даказваў, спрачаўся, памыляўся ды напэўна ўсё ж хацеў ня толькі наступлення царства розуму і справядлівасці, але і нечага больш канкрэтнага і карыснага для сябе. Мы так і не разумеем, з кім і пра што размаўляў Скарына ў сваіх творах, але вельмі добра можам усвядоміць тытанічнасць яго постаці. Як ні дзіўна, тут відавочны ўплыў камуністычнай філасофіі гісторыі, якая ўступіла ў цікавае ўзаемадзеянне са спробамі нацыяналізацыі мінулага ў дазволеных на той час межах.
Можна сказаць, што з часоў БССР склалася цэлая традыцыя апалагетыкі дзеячаў беларускага Адраджэння, якая сцвярджае іх “беларускасць” ды інтэлектуальную значнасць. Зразумела, у тыя часы такія працы супрацьдзейнічалі дэструктыўным планам будаўніцтва “савецкага чалавека” без усялякіх каранёў ды спрыялі паступоваму самаўсведамленню беларускай нацыі, якая мае сваю гісторыю, вартую гонару. Гэтая руплівая і непрыкметная праца мела свае наступствы ў перыяд распаду Савецкага Саюза. Каб здабыць незалежнасць, яе трэба найперш памысліць.
Цікава, але такая апалагетыка цалкам аказалася рэлевантнай у далейшыя часы, што яскрава адчуваецца і ў тэкстах іншай генерацыі даследчыкаў, якія сфармаваліся ўжо ў 90-я гг.
З іншага боку, становіцца зразумелым, што і пра Скарыну, і пра Буднага, і наогул пра тыя часы можна пісаць інакш. Больш спакойна, узважана, без пачуцця пагрозы і місіі прапагандавання “беларушчыны”.
Вось толькі вобраз, разуменне і павучанне пра нашых “волатаў” створаныя, кадыфікаваныя і пакуль што рэвізіі не падлягаюць. Больш маладая генерацыя гісторыкаў філасофскай думкі, як без асаблівага напружання можна заўважыць па другому тому, альбо апіраецца на сфармаваную традыцыю іх інтэрпрэтацыі, альбо працуе на іншых, менш распрацаваных дзялянках (дзе ўжо можна выкарыстоўваць тэорыі сімвалічных палёў, вайны наратываў альбо шматкультурнасці).
Таму аб’ём 2-га тому “Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” – ажно 840 старонак – цалкам апраўданы. Ён ахоплівае не толькі актуальны стан прачытання і разумення твораў эпохі Адраджэння, але дае даволі добрае ўсведамленне, як складваўся і фармаваўся гэты сучасны стан, дзе адмысловае значэнне набывае тая праца, што была праведзеная яшчэ ў савецкія часы.
Трэба аддаць належнае складальнікам і аўтарам, якія здолелі стварыць прапрацаваную і насычаную інтэлектуальную карціну той эпохі. Але ж і гэты том, ды й напэўна, выхад усяго шматтомніку не здымае і не закрывае ўсе пытанні, звернутыя ў мінулае. На мой погляд, вартасць “Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” нават хутчэй у тым, што гэта праца даволі дакладна сігналізуе, якія пытанні нам трэба ставіць зараз. Сувязі з інтэлектуальнай традыцыяй маюць ня толькі гістарыяграфічнае значэнне, яны даюць нам пачуццё ўгрунтаванасці і прыналежнасці. “Кананізацыя” дзеячаў беларускага адраджэння стала адной з найбольш грунтоўных спробаў думаць Беларусь, але ж самаўсведамленне ў катэгорыях дзяржавы, краіны, нацыі альбо народу – гэта бясконцы працэс, які кідае выклік і нам. І яго немагчыма праігнараваць альбо абыйсці.
Аляксей Ластоўскі