Бунт тутэйшых супраць нацыі

lastouski_01Юлия Чернявская. Белорусы. От тутэйшых – к нации.  – Мн.: ФУАинформ, 2010. – 512 с.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.

_______________________________________________________________________________________

Кніга вядомага беларускага культуролага Юліі Чарняўскай прысвечана тэме беларускай нацыі, шляху яе гістарычнага развіцця і асаблівасцям нацыянальнага менталітэту. Праблематыка гэтая зараз гарачая і жывая, яна адразу гарантуе сталы чытацкі інтарэс, таму і кніга “Беларусы. Ад “тутэйшых” да нацыі” значна прашумела ў айчыннай інфармацыйнай прасторы, пакінуўшы за сабою шлейф інтэрв’ю і рэцэнзій. Падвышанай увазе паспрыяла і тое, што кніга выйшла ў досыць папулярнай серыі “Невядомая гісторыя”, якой займаецца ўсім вядомы Анатоль Тарас, нястомны папуліразатар рэвізіянісцкай версіі беларускай гісторыі. З іншага боку, атрымаўся ў выніку досыць гібрыдны прадукт, калі першапачатковы варыянт кнігі быў перароблены для масавага чытача. Цяжка сказаць, ці паспрыяла гэта даступнасці тэксту, але для разумення логікі кнігі гэта аказалася няўдалым крокам – змяшчэнне тэарэтычных уводзін напрыканцы кнігі аніяк не спрыяе яе нармальнаму чытанню (прынамсці, для падрыхтаванага чытача).

З іншага боку, нават першапачатковую “навуковасць” дадзенай кнігі можна паставіць пад сумнеў, але ж напэўна, тлумачыцца гэта ня столькі нейкімі недапрацоўкамі Юліі Чарняўскай, колькі спецыфікай культуралогіі як даследчага накірунку. Навогул, азнаямленне з тэкстам кнігі пакідае вельмі шмат сумневаў метадалагічнага характару, якія ў дадзенай рэцэнзіі мы звядзем да двух асноўных тэзаў.

Па-першае, цалкам кампілятыўны характар працы з гістарычным матэрыялам, які найбольш відавочны пра азнаямленні з “Уводзінамі”, дзе прэзентуецца ў скарочаным выглядзе гісторыя станаўлення беларускай нацыі. Пры гэтым кампілятыўная праца ў дадзеным выпадку не патрабуе захавання той строгасці з фактамі, якая звычайна патрабуецца ад прафесійнага гісторыка. Напрыклад, ужо на самым пачатку “Уводзінаў” (ст. 10) мы сустракаемся з тым, што заснавальніка беларускай гістарыяграфіі завуць Міхаіл Доўнар-Запольскі. Далей (ст.12) апошні перапіс у СССР датуецца не 1989 але 1985 г.; апошні на дадзены момант у Беларусі 2008 г., а не 2009; і гэтак далей па тэксту. Сінтэтычную версію фармавання беларускай нацыі наогул немагчыма напісаць як беспраблемную, паколькі многія прынцыповыя моманты жвава дыскутуюцца ў беларускай гістарыяграфіі, у той час як Юлія Чарняўская многія такія балючыя кропкі перадае як нешта маналітнае і канчаткова вырашанае. Тым не менш, аўтар спрабуе падсумаваць напрацоўкі, якія ўжо зробленыя ў навуцы і робіць гэта ў мяккай сацыяльна-канструктывісцкай форме, што збольшага адпавядае сучасным акадэмічным тэндэнцыям.

Але галоўная вартасць гэтай кнігі, безумоўна, заключаецца ў аўтарскіх распрацоўках Юліі Чарняўскай, якая даследуе менталітэт беларусаў на трох асноўных стадыях:

1) менталітэт беларускіх сялян XIX ст.;

2) менталітэт беларускай савецкай інтэлігенцыі;

3) менталітэт сучасных беларусаў.

Мы бачым тры розныя гістарычныя перыяды, погляды розных сацыяльных слаёў і прынцыпова розныя крыніцы для аналізу менталітэту (казкі, лісты, блогі).

Найлепшая, найбольш цікавая і распрацаваная частка кнігі прысвечаная аналізу беларускіх казак. Гэта і нядзіўна, паколькі яна базуецца на кандыдацкай дысертацыі Юліі Чарняўскай і на ўжо апублікаванай манаграфіі “Беларус: штрыхі да партрэту”. Аналіз вялікага фальклорнага масіву дае даволі падрабязную карціну ўяўленняў беларускіх сялян XIX ст. пра сябе, навакольны свет, “сваіх” і “чужых”. З казак вымалёўваецца як ідэальны вобраз беларуса (у якім вылучаюцца досыць супярэчлівая характарыстыкі – працавітасць, хітрасць, святасць), так і досыць крытычны, дзе паддаюцца асуджэнню тыповыя недахопы (п’янства, лянота, канфармізм).

Але і гэта частка мае сур’ёзныя праблемы метадалагічнага плану. Гэта праблема рэпрэзентатыўнасці абраных прыкладаў, асабліва калі вывучэнне ментальнасці кладзецца на сетку этнічных катэгорый. Юлія Чарняўская спрабуе прадставіць эвалюцыю і развіццё менавіта беларускага менталітэту, вылучыць базавыя характарыстыкі светагляду беларусаў – і адразу ж паўстае заканамернае пытанне, а ці выяўленыя асаблівасці вылучаюць беларусаў як адметную нацыю? Калі аўтар даследуе светагляд беларускіх сялян, то цалкам незразумела, дзе там беларускае, а дзе сялянскае. Магчыма сяляне навакольных краін уяўлялі свет аналагічна? Прынамсі, невялікае знаёмства з гісторыяй ментальнасці дае шмат падставаў каб у гэта паверыць, у той час як кампаратыўная перспектыва ў кнізе “Беларусы. Ад “тутэйшых” да нацыі” цалкам адсутнічае.

Яшчэ больш сумненняў пра рэпрэзентатыўнасць ўзнікае пры азнаямленні з наступнымі раздзеламі кнігі – ці можна казаць пра ментальнасць савецкіх беларусаў па лістах аднаго інтэлігента, ці можна нешта катэгарычнае прамовіць пра сучасных беларусаў, адсочваючы дыскусіі ў livejournal? Відавочныя абмежаванні замоўчваюцца, альбо абыгрываюцца, але пры гэтым аніяк не здымаюцца. Амбітнасць пастаўленай задачы – прэзентаваць увесь шлях фармавання менталітэту беларусаў – прыводзіць да відавочнай фабрыкацыі аналізаванага матэрыялу.

Кніга Юліі Чарняўскай напісана сапраўды досыць лёгкай мовай, ахоплівае вялікі прамежак часу і змяшчае шмат трапных і вартых увагі назіранняў. Пры гэтым адвольнасць працы з крыніцамі, шматлікія вельмі дзіўныя і яўна нацягнутыя інтэрпрэтацыі (асабліва пры аналізе блогаў) ствараюць дзіўнае ўражанне паранавуковай публікацыі. Кніга як быццам апранутая ў сур’ёзнае адзенне – тут мы, быццам, маем тэарэтычны базіс, працу з першакрыніцамі, метадалагічныя падыходы – але навуковыя стандарты настолькі моцна прафаніруюцца, што да яе можна ставіцца як да яшчэ адной папулярнай кнігі пра беларусаў. Іх было шмат, напэўна, будзе яшчэ больш. 

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...

2 камэнтары

  1. Гледзячы па ўсім, аўтар рэцэнзіі мае вельмі прыблізнае ўяўленьне пра такі жанр, як манаграфічнае дасьледаваньне. Праца Томаса і Знанецкага «Польскі селянін ў Эўропе і Амэрыцы» збудаваная пераважна на лістах сялянаў, аўтабіяграфіях і г.д. У кнізе адсутнічала «кампаратыўная пэрспэктыва» – аўтары не параўноўвалі дакумэнты, якія характарызуюць польскіх сялян, з адпаведнымі дакумэнтамі сялян іншых нацыяў, таксама прысутнічала «праблема рэпрэзэнтатыўнасьці абраных прыкладаў».
    Аднак названая праца – клясіка сацыялёгіі.
    Можна было б адзначаць іншыя навуковыя хібы рэцэнзіі, але, здаецца, дастаткова зьвярнуць увагу на назву рэцэнзіі, каб зразумець, што чытач мае справу не з навуковай рэцэнзіяй наагул, а прыкладам палітычнага цкаваньня. Шаноўны аўтар рэцэнзіі, відаць, і зьяўляецца як раз увасабленьнем нацыі, якая падаўляе бунт «тутэйшай» Чарняўскай.
    Паводле яе дасьледаваньня беларускіх казак беларускім сялянам была ўласьцівая пагардлівая іронія да шляхецкай пыхі. Гэтая рэцэнзія на яе кнігу выклікае менавіта такое пачуцьцё.

  2. Праца Томаса і Знанецкага была піянерскай для развіцця якаснай метадалогіі ў сацыялогіі, і таму яна стала класічнай. Кніжка Чарняўскай выйшла зараз, калі ўжо маецца шмат сур’ёзных даследванняў на падобную тэматыку ў іншых краінах, і гэта ўжо зусім іншы кантэкст, які ставіць перад даследчыкам задачу ўліку кампаратыўнай перспектывы. Тым больш, што Томас і Знанецкі не ставілі такіх амбітных задачаў, каб вымаляваць увесь гістарычны лёс развіцця польскай нацыі па гэтых лістах – яны пісалі пра польскіх сялян у акрэслены перыяд. А для мяне ўсё роўна застаецца спрэчным, што па лістах аднаго інтэлігента можна аднаўляць менталітэт нацыі ў савецкі перыяд – праблема рэпрэзентатыўнасці проста крытычная. І тут не спрацоўвае адсылка на якасную метадалогію, паколькі тады яна павінна здымацца праз іншыя шляхі – максімальна магчымае пашырэнне базы крыніцаў, яснае ўсведамленне абмежаванасці вывадаў і г.д.
    І назва рэцэнзіі мае зусім іншае значэнне – пра тое, што беларуская тутэйшасць вельмі часта (і не толькі ў выпадку Чарняўскай) прымітывізуецца і спрашчаецца да штучных і зададзеных формаў, асабліва ў рамках канструкту “нацыі” (таму ў гэтай апазіцыі мне наадварот бліжэй полюс “тутэйшых”). У сэнсе, я нічога не маю супраць беларускай нацыі як такой, але маю шмат чаго супраць яе хібных канцэптуалізацый.