Польскі вопыт анатоміі імперыяў

НовакАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Nowak, Andrzej (2008). History and Geopolitics. A Contest for Eastern Europe. Warsaw: PISM, 363 pp.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы.

Прафесар Анджэй Новак добра вядомы ў Польшчы і па-за яе межамі гісторык кансерватыўнага накірунку, кіраўнік Лабараторыі гісторыі Расіі і СССР пры Інстытуце гісторыі імя Тадэвуша Мантойфля Польскай акадэміі навук (Варшава), а таксама рэдактар кракаўскага двумесячніка “Аrcana”, выкладчык універсітэтаў у Кракаве, Гарвардзе і Токіё. Прадстаўлены ўвазе чытачоў зборнік эсэяў, а ўсяго іх 13, гэта пераважна артыкулы, раздзелы ў кнігах, прэзентацыі і канферэнцыйныя выступы 2003-2007 гг. ўпершыню сабраныя пад адной вокладкай. Выдаў яго Польскі Інстытут Міжнародных Адносінаў у перакладзе на ангельскую мову з францускай і польскай.

Некаторыя часткі кнігі перагукаюцца з працай Новака “Гісторыі палітычных традыцый: Пілсудскі, Пуцін і іншыя” (Nowak, 2007). Пры тым, што эсэі прысвечаны розным тэмам іх аб’ядноўвае рэфлекія над тым, чаму гісторыя застаецца ў цэнтры ўвагі палітыкаў і інтэлектуалаў, іх ужыванне і злоўжыванне гісторыі з мэтай апраўдання той ці іншай ідэалагічнай парадыгмы ці знешнепалітычнай канцэпцыі. Менавіта гэтыя тэндэнцыі першага дзесяцігоддзя 21 ст. дарадца прэзідэнта Леха Качыньскага Марэк Ціхоцкі (Marek Cichocki) і назваў “гістарычнай палітыкай”.

Кантэкст гэтых рэфлексія­­­ ‒ гістарычны канфлікт, які з 15 стагоддзя ці з ранейшага часу, як сцвярджае аўтар, разгортваўся на прасторы Усходняй Еўропы з удзелам Расіі. Геаграфічнае становішча Усходняй Еўропы аўтар вызначае як “на  ўсход ад Захаду, г. зн. тэрыторыяў, заселеных немцамі…, на паўночным усходзе ад Поўдня (Балканы і тэрыторыі ісламскіх уплываў на Еўропейскім кантыненце), у паўднёва-усходнім баку ад Поўначы (Скандынавія)…”.

Геапалітычнае вымярэнне суперніцтва розных суб’ектаў за кантроль над гэтай часткай Еўропы на фоне павелічэння цікавасці да гэтага аспекту ў сучаснай гістарыяграфіі паспрыяў, як прызнаецца Анджэй Новак, да паўстання эсэяў кнігі.

Наўрад ці можна кваліфікаваць гэты вельмі цікавы зборнік як чарговы прыклад “суб’ектыўнага польскага погляду” на Расію і яе палітыку. Такая выснова памылковая. Эсэі, якія складаюць кнігу ніяк не будуюць вобразу Расіі як “адвечнай імперыі”, наадварот, яны задаюцца пытаннем як і чаму розныя ўдзельнікі суперніцтва за Усходнюю Еўропу лічылі ідэю імперыі прывабнай на розных этапах гісторыі.

Новак уважліва разглядае гістарычны і ідэалагічны кантэкст таго, чаму ў Расіі ў мінулым і ў сучаснасці ідэя імперыі знаходзіла шмат прыхільнікаў. Выразы ў кнізе кшталту “Брытанія мела імперыю, а Расія з’яўляецца імперыяй” трэба аднак разглядаць хутчэй як інтэлектуальную правакацыю, якая запрашае да дыскусіі. Метад Новака можна акрэсліць як свайго роду археалогію імперскага дыскурсу, хаця сам ён быў бы супраць такога вызначэння.

Катэгорыю дыскурсу Фуко у сваёй кнізе ён назваў не іначай як праявай “інтэлектуальнай эпідэміі”, як зрэшты крытычна адазваўся і аб іншых тэндэнцыях у сацыяльных навуках як “інтэлетуальных модах”. Свой метад сам польскі гісторык ахарактарызаваў як “анатомію”.

Незалежна ад таго ці даследуе ён праблему ўзнаўлення цікавасці да поглядаў Данілеўскага і рэцэпцыыі ў сувязі з гэтым тэорыі Хантынгтона у Расіі рубяжа 20 і 21 стст., альбо вывучае постсавецкую апалогію таталітарызму ці аналізуе змены стратэгіі Леніна ў польскім пытанні ў 1918-1920 гг., Анджэй Новак заўжды прытрымоўваецца ўзважанага падыходу да разглядаемага ім матэрыялу.

Спыняецца кракаўскі гісторык і на ўспомненым вышэй “суб’ектыўным польскім поглядзе на Расію”. Прыклад “саветолагаў” Лепольда Лабэндзя (Leopold Łabędź), Рычарда Пайпса (Richard Pipes) і Адама Улама (Adam Ulam), яўрэяў з сем’яў заможнага сярэдняга класу, чыя адукацыя і выхаванне прападалі на час міжваеннай польскай дзяржавы і якія на ўласным лёсе даведаліся што сабой ўяўляла сумеснае пашырэнне савецкай і нацысцкай імперыяў у 1939 г, ставіць гэты стэрэатып пад сумніў.

Аднымі з самых цікавых для беларускага чытачы будзе нарыс названы “Ці была Рэч Паспалітая імперыяй?”. Адказ на гэта пытанне безумоўна залежыць ад метадалагічных і ідэалагічных установак, таго, хто яго задае. Хутчэй, калі Рэч Паспалітая  і была імперыяй, то, аглядаючыся на яе гісторыю і гісторыю яе складовых частак,–неахвотнай, а часам і міжвольнай.

Магчымасць празмернага тэрытарыяльнага пашырэння Вялікага Княства Літоўскага і яго імаверныя ідэалагічныя і матэрыяльныя наступствы ў выпадку калізіі з Наўгародскай рэспублікі ў 1470-я гг. пры Казіміры Ягелончыку з’яўляецца ілюстрацыяў такога погляду на праблему. Міжваенную Польшчу Сталін акрэсліў у 1922 г. як адну з сучасных “імперыяў”, што безумоўна было адным са сродкаў дэманізацыі гэтай дзяржавы. Пры гэтыv аднак Новак не разглядае крытычныя погляды і ацэнкі міжваеннай польскай дзяржавы, якія можна знайсці ў працах несавецкіх украінскіх, беларускіх і літоўскіх гісторыкаў.

Варта звярнуць увагу таксама на супастаўленне Новакам канцэпцый патрыятызму напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай, а перш за ўсё рэспубліканскай і незалежніцкай яго мадэляў. Паводле польскага гісторыка, даследчая перспектыва адносна першай атрымала новы імпульс у сувязі з магчымасцямі, якія адкрыае пераацэнка традыцыяў рэспубліканства як альтэрнатывы і папярэдніцы лібералізму. Такая мадэль не ставіць дзяржаву і лаяльнасць да яе ў якасці імператыўных абавязкаў грамадзяніна. Улічваючы эксклюзіўны характар шляхецкай дэмакратыі новая мадэль патрыятызму‒незалежніцкая ці асветніцкая‒была больш звязана з ідэяй суверэнітэту і незалежнасці менавіта дзяржавы і была больш інклюзіўнай. Гэта ўвасобілася ў канстытуцыі 3 мая 1791 г. і дэбатах вакол яе падчас Чатырохгадовага сойму (1788-1792 гг.).

Навізна незалежніцкай асветніцкай мадэлі патрыятызму не павінна аднак схіляць нас да думкі, што рэспубліканская мадэль адназначна выракала Рэч Паспалітую на падзелы і таму не заслугоўвае ўвагі. Новак лічыць, што на гэтую мадэль у выпадку Рэчы Паспалітай варта глядзець з пункту гледжання супярэчнасці паміж правамі грамадзянаў і паўнамоцтвамі цэнтральнага ўраду. Без гэтага такі патрыятызм пазбаўлены сваёй легітымнасці. Аднак у часы падзелаў гэты аспект адышоў у цень і прыхільнікі рэспубліканства сталі здраднікамі ў вачах абаронцаў незалежніцкага патрыятызму, якія паступова набывалі ўсё больш уплыву на палітыку і грамадскую думку. Трэцяя ж мадэль польскага патрыятызму, звязаная з арганічнай працай, якую традыцыйна звязваюць з пазітывізмам 2-й паловы 19 ст., з’явілася яшчэ ў сярэдзіне 18 ст.

Ідэалагічны фон рыторыкі расійскай знешняй палітыкі пачатку 21 ст. кракаўскі гісторык характарызуе як спалучэнне “асветнага імперыялізму” са шмідтаўскім падыходам “сябра-вораг”. З ідэяй імперыі звязаны і месіянізм расійскай, а таксама, у больш шырокім ракурсе, постсавецкай інтэлігенцыі. Новак паўшчуваў польскую публіку за тое, што тая неадаацэньвае суб’ектыўнае пачуццё знявагі расійскай і постсавецкай інтэлігенцыі.

Дададзім, што комплекс “зраненых пачуццяў” характрэрны і для часткі польскіх інтэлектуалаў, выражэннем чаго з’яўляецца рэсэнтымент, на што ў розных кантэкстах звярнулі ўвагу ліберальны польскі гісторык Ежы Едліцкі (Jerzy Jedlicki) (Jedlicki, 1988) і Ліа Грынфелд (Liah Greenfeld) (Greenfeld, 1992).

Новак закранае і аспект прафесійнай этыкі гісторыкаў, якія ў эпоху пасля “халоднай вайны” удзельнічаюць у ідэалагічных баталіях. Прыклад навукоўцаў калібру Наталлі Нарочніцкай (апалагеткі сталінізму у сучаснай Расіі) дэманструе як гэта можа спрыяць падрыву аўтарытэту і даверу да гістарычнай прафесіі. Так адбываецца, калі гісторык робіць свядомы выбар і становіцца своеасаблівым салдатам гістарычнай палітыкі. Хаця, як заўважае Новак, у гэтай сітуацыі мае месца і своеасаблівая “сямейная традыцыя”: тата Нарочніцкай верна служыў Сталіну і пісаў для яго гістарычныя панегірыкі.

Выданню цяжка закінуць наяўнасць памылак. Тым не менш, паколькі перакладчыкамі тэкстаў выступала некалькі розных аўтараў, то яны ў выніку не заўжды ўзгаднялі паміж сабой пераклад асобных назваў. Так здарылася ў выпадку трактата “Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?” Юзэфа Паўлікоўскага (Józef Pawlikowski), які падалі ў некалькіх розных варыянтах у розных частках кнігі.

Пры вывучэнне сучаснай гісторыі і палітыкі Расіі, Польшчы і Усходняй Еўропы ўвогуле, а таксама гістарычнай палітыкі ў нашым рэгіёне ігнараванне гэтай кнігі як і іншых публікацыяў прафесара Анджэя Новака было б недаравальнай памылкай. Што да імперыяў, то ў бліжэйшай будучыні яны застануцца прадметам зацятых дыскусіяў у розных частках Усходняй Еўропы.

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

1. Andrzej Nowak (2007). Historie politycznych tradycji. Piłsudski, Putin i inni. Kraków:  “Arcana”.

2. Jerzy Jedlicki (1988). Jakiej cywilizacji Polacy potrzebują. Studia z dziejów idei i wyobraźni XIX wieku. Warszawa: PWN.

3. Liah Greenfeld (1992). Nationalism. Five Roads to Modernity. Cambridge, Mass.-London, England: Harvard University Press.

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика