Жарсці па нацыяналізме

2011_Strasti_za_natsionalizmom

Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Ярослав Грицак. Страсті за націоналізмом. – Київ: Критика, 2011. 352 с.

 Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута “Палітычная сфера” Аляксеем Ластоўскім

 Я доўга думаў пра тое, якім чынам можна напісаць агляд гэтай кнігі. Стандартны падыход, з кароткім пераказам зместу і асноўных ідэяў, неяк тут не вельмі пасаваў. Так, гэта зборнік эсэ па праблематыцы гістарычнай памяці, фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці і развіцця нацыяналізму ва Украіне. Гэта ўжо другое выданне “Страсті за націоналізмом” і яно істотна адрозніваецца ад першай версіі, паколькі старыя эсэ складаюць толькі трэцюю частку кнігі, да таго ж, многія з іх былі падрэдавагаваныя і змененыя. Дарэчы, беларускі чытач ужо меў магчымасць прачытаць некаторыя з гэтых эсэ ў перакладзе на беларускую мову (“Жарсьці па Львове”  (Грыцак, 2003) і “Гульні з качаргою: усур’ёз і па-ўкраінску” (Грыцак, 2004)). Але такая сухая вытрымка не дае жывога ўсведамлення таго пафасу і аўтарскіх інтэнцыяў, якія закладваліся ў гэтую кнігу.

І ў якасці ключыка якраз і ўзнікла ідэя апісаць яе праз тую ролю, функцыю, прызначэнне, якія дадзеная кніга мусіць выканаць ва ўкраінскім грамадстве. Гэта зусім не зборнік навуковых тэкстаў, якія павінны аб’ектыўна і дэталёва раскрыць нейкую праблематыку. Зусім не. Мы маем у руках кнігу, якая скіравана на шэраговага чытача, і павінна паўздзейнічаць прадвызначаным чынам як на мясцовую эліту, так і на грамадскую думку. Прынамсі, такое ўражанне ўзнікае пры чытанні, і наўрад ці сам аўтар стаў бы яго аспрэчваць.

Калі ж звярнуцца да той тэрміналогіі, якую ўжывае Яраслаў Грыцак, то можна сцвярджаць, што гэтай кнігай ён сябе замацоўвае ў якасці публічнага інтэлектуала. У эсэ “Што засталося пасля Памаранчавай рэвалюцыі?” аўтар наўпрост залічвае сябе не толькі да прафесійнай супольнасці гісторыкаў, але да больш абагуленай катэгорыі “інтэлектуальнай эліты”, перад якою ставіцца надзвычай адказная місія “змяніць спосаб мыслення пра тое, чым з’яўляецца Ўкраіна і якое яе месца ў сучасным і дужа зменлівым свеце” (с. 319).

Я ж паспрабую адказаць на прыкладзе ўласна гэтай кнігі на тры пытанні: 1) адкуль паўстае і на чым засноўваецца пазіцыя публічнага інтэлектуала (ці прадстаўніка інтэлектуальнай эліты); 2) якія ідэі закладаюцца ў пасланне іншым інтэлектуалам (і, апасродкавана, грамадству); 3) што мы маем ў выніку, у якасці ўяўнага эфекту гэтых высілкаў.

Будуецца аўтарытэт інтэлектуала Грыцаком праз выкарыстанне розных прафесійных кампетэнцый, што дазваляюць яму рабіць выказванні на балючыя тэмы, якія датычаць усёй краіны. Зразумела ж, у яго кампетэнцыі як гісторыка ніхто не будзе сумнявацца, і падставай для гэтага не толькі бліскучыя манаграфіі – найперш, “Пророк у своїй вітчизні: Іван Франко і його спільнота” (Грицак, 2006) – але ўласна і вельмі абярэжнае і глыбокае абыходжанне з гістарычным матэрыялам, якое можна сустрэць на старонках гэтай кнігі. Найбольш гэта характэрна для славутага эсэ “Тэзісы да дыскусіі пра УПА”, дзе вельмі балючае і вострае пытанне разглядаецца ў шматмернай перспектыве, у якой цяжка знайсці простыя адказы, але можна як мага больш глыбака зразумець матывацыі людзей, што дзейнічалі і змагаліся ў вельмі няпростыя гістарычныя часы.

Але ж толькі прафесійных ведаў яўна недастаткова, каб перабрацца ў прывілеяваны стан публічных інтэлектуалаў, і таму Яраслаў Грыцак яшчэ актыўна праяўляе сябе і ў якасці сацыёлага і палітолага. І вось тут заканамерным чынам паўстаюць пытанні да яго працы з дадзенымі і метадаў абагульненняў, і калі ўсё-такі сацыялагічнымі дадзенымі ён карыстаецца досыць асцярожна і акуратна (сам аўтар тлумачыць, што прайшоў адмысловы трэнінг у міжнародным даследчым праекце), то ў пазіцыі палітолага ён выступае хутчэй як ідэаліст-гуманітарый. Аднак, тое напэўна мусіць быць з кожным інтэлектуалам, які выходзіць з абмежаванага поля сваіх даследаванняў і прамаўляе штосьці сацыяльна значнае.

Яшчэ варта адзначыць бліскучы аўтарскі стыль, які сапраўды дазваляе прачытаць досыць тоўстую кніжку на адным подыху. Яраслаў Грыцак вельмі актыўна выкарыстоўвае дасягненні заходняй гуманітарнай навукі, толькі не займаецца яе банальнай рэтрансляцыяй, што стала распаўсюджанай бядой, але вельмі эфектыўна апрабуе канцэптуальныя схемы і дзеянні. Да таго ж, ён надзвычай ўдала ўплятае ў канву свайго аповяду розныя цытаты і цікавыя думкі, якія таксама упрыгожваюць тэкст. Трэба прызнаць, што Грыцак – адзін з найлепшых рэцэнзентаў, з тых, што пападаліся аўтару гэтых радкоў: ён коратка, бліскуча і цікава распавядае пра розныя кнігі, і тут ён відавочна па-за канкурэнцыяй.

Але што ж можна вылучыць у якасці асноўных рэцэптаў, якія прапануюцца Яраславам Грыцаком для Ўкраіны? Усё-такі можна западозрыць у ім рэтранслятара тых каштоўнасцей і праектаў, якія сфармаваліся ў заходніх інтэлектуальных асяродках. І пэўная доля праўды ў такіх абвінавачваннях будзе. Сапраўды, тое, што прапануецца аўтарам у якасці парадаў для гісторыкаў, палітыкаў ды простых украінцаў вельмі нагадвае тыя ж рэчы, якія ў Еўропе замацаваліся ў якасці публічнага кансенсусу ў апошнія дзесяцігоддзі.

Найперш гэта датычыць памкнення прыйсці да гармоніі разнастайнасцей без ліквідацыі адрозненняў (што, зразумела, вельмі актуальна для Украіны, як надзвычай гетэрагеннай краіны), напрыклад, “украінскім гісторыкам варта навучыцца паслядоўна ўжываць множнасць замест адзінак” (с. 278). Па-другое, гэта ўвядзенне прынцыпу адказнасці, які зразумела ж, датычыць наўпрост украінскіх палітыкаў, але для Грыцака таксама мае прынцыповае значэнне прызнанне сучаснай Украінай (ці, дакладней, украінскай элітай) адказнасці за саўдзел украінцаў у Халакосце – і гэты крок ён лічыць абавязковым для перспектываў еўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны. І, нарэшце, Грыцак у сваіх тэкстах паслядоўна выступае за прынцыпы талерантнасці, карэктнасці, спачування, дыялогу і паразумення. Усё цалкам слушна і правільна, пад такім наборам каштоўнасцей і рэкамендацыямі гатовыя падпісацца ўсе адукаваныя і сумленныя людзі. Але пры чытанні гэтых прыгожых і цалкам правільных радкоў пакрысе падае свой голас і шкадлівы чарвячок, які руйнуе ўсю прыгажосць адным выпадам – а можа гэта ўсё банальна?

Аўтар кнігі з аднаго боку знаходзіцца ў выгоднай пазіцыі, паколькі ў сваіх зваротах да Ўкраіны можа абапірацца на ўсё багацце еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі, з шэрагамі аўтарытэтаў, светлых галоваў, плённымі дыскусіямі і выпрацаванымі канвенцыямі. І трэба адзначыць, што гэтыя рэсурсы Яраслаў Грыцак выкарыстоўвае напоўніцу, таму і сапраўды яго голас можа гучаць пераканаўча. Але не заўсёды. Калі ўжо гатовыя рэцэпты кантынентальнай бюракратыі пераносяцца на нейкую лакальную глебу, то ад іх пачынае патыхаць холадам стальных канструкцый, пазбаўленых жыцця і шчасця. Асабіста мне ў “павучальнай” частцы не хапае арыгінальнасці, іроніі (якую ў іншых плашчынях аўтар удала праяўляе) і “ўкраінскага паходжання”. Мова не ідзе пра тое, што трэба ўсім знаходзіць асобныя нацыянальныя веласіпеды, але, мяркую, што багацце і разнастайнасць чалавечых культур, якое мае сваё ўвасабленне ў мностве нацыянальных дзяржаў, павінна нейкім чынам весці і да нараджэння сваіх, мясцовых адказаў на глабальныя пытанні.

На шчасце, “Страсті за націоналізмом” не абмяжоўваюцца рэцэптамі ў стылі “Как нам обустроить Украину”. У гэтай кнізе шмат выдатных эсэ (дарэчы, перакладзеныя на беларускую мову я лічу найлепшымі ў гэтым зборніку), мноства трапных назіранняў і свежых думак. Апроч таго, прысутнічае падборка выдатных рэцэнзій. Гэта багатая скарбніца, у якой шмат пярлінак, так што раю ў яе зазірнуць.

Спіс літаратуры, якая згадваецца ў аглядзе

Грицак, Ярослав (2006). Пророк у своїй вітчизні. Франко та його спільнота (1856-1886). Київ: Критика.

Грыцак, Яраслаў (2003). “Жарсьці па Львове”, ARCHE, №2, URL (доступ 16.03.2013): http://arche.bymedia.net/2003-2/hryc203.html.

Грыцак, Яраслаў (2004). “Гульні з качаргою: усур’ёз і па-ўкраінску”, ARCHE, №1, URL (доступ 16.03.2013): http://arche.bymedia.net/2004-1/hrycak104.htm.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика