Пасля выбараў, напярэдадні крызісу – аналітыка і прагнозы ад “Беларускага штогодніка – 2010”

yearbook2010Белорусский ежегодник. Сборник обзорных и аналитических материалов по развитию ситуации в Республике Беларусь. – Минск, 2010. – 438 с. / сост. и ред. А. Паньковский, В. Костюгова.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Таццянай Чыжовай

_______________________________________________________________________________________

Сёлета выйшаў трэці штогадовы зборнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) і сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение» – Белорусский ежегодник-2010. У 30 артыкулах прадстаўлены вынікі аналізу палітычных, сацыяльных, культурных і эканамічных працэсаў у Беларусі за 2010 год, акрэслены асноўныя тэндэнцыі развіцця сітуацыі ўнутры краіны, яе пазіцыі на знешнім палітычным і эканамічным полі.

Як і ў двух папярэдніх зборніках (за 2008 і 2009 гг.), артыкулы дадзенага выдання згрупаваныя па такіх базавых раздзелах, як “Дзяржава”, “Знешняя палітыка”, “Грамадства”, “Эканоміка”. Акрамя гэтага, у выданні 2010 года дадаткова быў уведзены раздзел “Выбары”. Зрэшты, ён змяшчае толькі два артыкулы, але сама тэма прэзідэнцкіх выбараў (асабліва – падзей 19 снежня 2010 года) і іх палітычных і эканамічных наступстваў выступае адной са скразных і так ці інакш закранаецца ў бальшыні тэкстаў. Сярод іншых вядучых скразных тэм можна вылучыць такія, як: працэсы лібералізацыі, эканамічныя праблемы Беларусі і стратэгіі ўлады па іх вырашэнні, чыннік знешніх стасункаў ва ўнутранай палітыцы і адваротны чыннік – пацяплення альбо “замарожвання” знешніх стасункаў у залежнасці ад дзеянняў беларускіх улад на нацыянальным узроўні.

У раздзеле “Дзяржава”, закранаюцца такія аспекты ўнутранай палітыкі як праца сілавых ведамстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета міністраў, асаблівасці функцыянавання заканадаўчай і мясцовай уладаў, падымаецца праблема мадэрнізацыі вайсковых ўзбраенняў. Збольшага канстатуюцца тэндэнцыі, якія даўно сталі звычайнымі для беларускай улады – яе цэнтраімклівая накіраванасць, канцэнтрацыя большасці рычагоў беларускай палітыкі вакол Адміністрацыі Прэзідэнта пры ўсё большым дэкаратыўным характары парламента, памяньшэнне ролі  прэм’ера і Саўміна ў кіраванні эканомікай, улад і г.д. Прытым, нягледзячы на гэткую цэнтралізацыю ўлады, адначасова паўстае супрацьлеглая тэндэнцыя – адсутнасць узгодненасці ў дзеяннях дзяржструктур, што, на думку ўкладальнікаў зборніка, сведчыць аб крызісе кіравання ў Беларусі (с.7).

У двух артыкулах зборніка з раздзела “Выбары” разглядаюцца тактыкі ўлады і апазіцыі ў перадвыбарчы перыяд і ў дзень выбараў (с.61-73), а таксама даецца ацэнка настроям і палітычным прыхільнасцям электарата, канстатуецца прызнанне расколу ў беларускім грамадстве на афіцыйным узроўні (с. 74-82). У ацэнках прайшоўшых прэзідэнцкіх выбараў дамінуе адсутнасць здзіўлення хадой і вынікам электаральнага працэсу, але сцэнар дзеянняў улады падчас масавай акцыі 19 снежня 2010 года прызнаецца цалкам неспадзяваным і нематываваным. Як адзначалася вышэй, большасць аўтараў зборніка так ці інакш закранулі сітуацыю вакол падзей у Менску ў дзень выбараў і выказаліся на тэму іх негатыўных наступстваў.

Аналіз міжнародных стасункаў Беларусі, які прадстаўлены ў раздзеле “Знешняя палітыка”, радуе сваёй “шматвектарнасцю”. У асобных артыкулах закранаюцца ці не ўсе напрамкі ўзаемаадносін Беларусі. На першым месцы стаіць пытанне эканамічных стасункаў і практычных выгод для Беларусі ў ад тых ці іншых хаўруснікаў, на другім – імідж нашай краіны ў вачах заходніх суседзяў, яго залежнасць ад стасункаў улады і апазіцыі, а таксама і звязаныя з гэтым іміджам канкрэтныя матэрыяльныя набыткі і страты беларускай эканомікі напярэдадні крызісу. Асобнымі цікавымі тэмамі з’яўляюцца рэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і краін Усходняй Еўропы (у тым ліку – у звязку з праграмай Усходняга партнёрства).

Раздзел “Грамадства” – самы вялікі па аб’ёме (больш за 200 старонак) і найбольш разнародны па змесце. Сярод вядучых тэм раздзела:

1) беларускія НПО – еўрапейскае супрацоўніцтва, роля грамадзянскіх ініцыятыў падчас выбарчай кампаніі (мабілізацыйная кампанія, інтэрнэт-актыўнасць, акты салідарнасці з палітвязнямі), рэлігійныя аб’яднанні ў Беларусі;

2) палітычныя партыі Беларусі – прававыя умовы, тактычныя рашэнні падчас выбараў, ступень удзелу ў выбарах і праявы актыўнасці пасля іх;

3) беларускія СМІ і сацыяльныя медыя;

4) культурная і адукацыйная палітыка беларускай дзяржавы (адукацыя, навука, культура, спорт).

Канстатуецца далейшая эскалацыя канфлікту паміж дзяржавай і нефармальным грамадскім сектарам, звязаная як з пагаршэннем прававых умоў для іх існавання, так і з узмацненнем  рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да грамадскіх актывістаў і журналістаў, з узрастаннем дзяржаўнага кантролю над усімі бакамі грамадскага жыцця і яго цалкам верагоднай экспансіі ў прыватны свет (праз адсочванне інтэрнэт-актыўнасці). Роля дзяржавы ў культурна-адукацыйнай палітыцы ацэньваецца збольшага як негатыўная (бюракратызацыя, узмацненне кантролю пры адсутнасці наспелых зменаў).

Раздзел “Эканоміка” таксама адрозніваецца тэматычнай разнастайнасцю. У ім ахопліваюцца такія тэмы, як: беларускія макраэканамічныя паказнікі (канстатуецца “надзмуванне” ВУП у 2010 пасля крызіснага 2009 года), аналізуецца стан айчыннай прамысловасці, ацэньваецца узровень дабрабыту насельніцтва, закранаецца праблема знешняга гандлю (звыклае адмоўнае сальда гандлёвага балансу), разглядаецца фінансавая палітыка, праводзіцца аналіз валютнага рынку і банкаўскага сектару краіны і г.д.

Апошні “Беларускі штогоднік” атрымаўся крыху большым па аб’ёме за аналагічны зборнік 2009 года дзякуючы надрукаванаму напрыканцы кнігі дадаткуBISS Trends” – штоквартальнага аналізу, прысвечанага “ацэнцы найістотных палітычных, эканамічных, сацыяльных, знешнепалітычных і культурных тэндэнцый сучаснай Беларусі” (с.366). У зборніку 2010 года прадстаўленыя 5 адпаведных выпускаў.

Сярод апошніх значных трэндаў называюцца наступныя: кропкавая прыватызацыя прадпрыемстваў на фоне заяў аб “эканамічнай лібералізацыі”, спробы наладзіць стасункі з ЕС, супрацоўніцтва з МВФ, па-ранейшаму супярэчлівыя адносіны з Расіяй, пошук шляхоў “прымірэння” з грамадзянскай супольнасцю шляхам зніжэння ўзроўню рэпрэсій (але пры гэтым цалкам верагоднай бачыцца “ліквідацыя непажаданых для ўлад НДА і палітычных партый, стварэння перашкодаў для іх дзейнасці” – с. 426), “зачыстка” ландшафту нефармальнай беларускай культуры пры дэманстратыўнай кропкавай беларусізацыі. Як бачна, прадказанні атрымаліся даволі асцярожныя (а ў асобных выпадках – супярэчлівыя). Спраўдзіліся некаторыя з іх (акрамя прагнозаў адносна знешнепалітычных адносін, супрацы з МВФ і “прымірэння” з грамадзянскай супольнасцю).

У цэлым “Беларускі штогоднік” за 2010 г. можна ахарактарызаваць як інфарматыўны, шматстайны – прэтэндуючы на усеахопны аналіз беларускай рэчаіснасці. Тэксты, змешчаныя ў ім, збольшага вытрымліваюць пэўную планку якасці, хаця адрозненні ў глыбіні прадстаўленай аналітыкі непазбежныя. У прыватнасці, хапае артыкулаў, дзе прыводзяцца шмат цікавых фактаў, на падставе якіх будуюцца аўтарскія высновы, але пры гэтым выказаныя сцверджанні зусім не падмацоўваюцца крыніцамі інфармацыі. Такім чынам, частка тэкстаў набывае характар хутчэй публіцыстычны, чым экспертна-аналітычны – іх цікава чытаць, але наўрад ці на іх мэтазгодна спасылацца.

Агульным месцам шмат якіх артыкулаў зборніка выступае выказванне пра неабходнасць “рэформ” (найперш эканамічных рэформ), але пры гэтым застаецца незразумелым, што стаіць за дадзеным словам для кожнага аўтара. Такое абстрактнае стаўленне да рэформаў, у прынцыпе, уласціва ці не ўсёй беларускай незалежнай журналістыцы, але выглядае непажаданым у навукова-аналітычных тэкстах. Выданне можа быць карысным для даследчыкаў сучаснай Беларусі, журналістаў, грамадскіх і палітычных актывістаў, замежнікаў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай, а таксама для навучэнцаў ВНУ ў галіне сацыяльных навук.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...