Зборнік артыкулаў як паказчык стану рэгіянальнага акадэмічнага асяроддзя

Ціхаміраў_Narody, kultury i socialnye processy na pogranichye _вокладкаНароды, культуры и социальные процессы на пограничье: материалы Международной научно-практической конференции (Гродно, 22-23 февраля 2010 г.) (2010). Отв. ред Е. М. Бабосов [и др.]. Гродно: Гродненский государственный университет им. Я. Купалы,  417 с. 

Агляд падрыхтаваў Андрэй Ціхаміраў.

Асаблівасцю развіцця постсавецкай навукі ў беларускіх рэгіянальных універсітэтах з’яўляецца не толькі распрацоўка адпаведных навуковых тэмаў, але таксама правядзенне даволі шырокіх па сваім тэматычным абсягу навуковых канферэнцыяў. Як правіла, гэта мерапрыемствы з дастаткова вялікай лічбай удзельнікаў, якія арганізоўваюцца для прадстаўлення вынікаў навуковых даследванняў і магчымасці прафесійнага дыялогу.

Адначасна гэта таксама даволі рытуалізаваныя і імітацыйныя падзеі, дзе шырокі тэматычны абсяг не дазваляе паглыблена абмяркаваць акрэсленую праблему, а прадстаўленыя тэксты часам проста несумяшчальныя.

Вынікам такіх канферэнцый з’яўляюцца выдадзеныя зборнікі артыкулаў і тэзісаў (часцей за ўсё менавіта вельмі кароткіх па аб’ёме тэзісаў). Абмежаванасць сродкаў на выданне ўплывае на мізэрны наклад такіх зборнікаў, значныя скарачэнні ў тэксце (як правіла не расшыфроўваюцца скарачэнні назваў інстытуцыяў, ініцыялы аўтараў – часам немагчыма зразумець толькі по прозвішчы ці гэта аўтар ці аўтарка, вельмі абмежаваны спіс літаратуры і крыніцаў), не да канца прадуманую структуру выдання.

У выніку такія зборнікі дастаткова цяжкадаступныя для чытача нават у іншых рэгіёнах Беларусі (калі толькі нехта з аўтараў не прывязе яго дамоў у мясцовую бібліятэку), паказваюць агульны стан акадэмічнай культуры і прынамсі нейкія тэндэнцыі ў тэматыцы даследванняў. Што тычыцца распаўсюджання, то калі такія зборнікі размяшчаюцца ў вольным доступе ў электронным выглядзе на адпаведных універсітэцкіх рэсурсах, то ёсць шанец, што тэксты змогуць прачытаць і выкарыстаць даследчыкі з іншых краінаў.

Гродзенскі універсітэт дастаткова часта ладзіць вялікія канферэнцыі міждысцыплінарнага характару па гуманітарным навуках, асноўнай тэмай якіх становіцца Памежжа як гістарычны, культурны і сацыяльны феномен. Пэўная традыцыя такіх падзеяў пачалася ў 1990-я гады і з розным поспехам працягваецца да сёння. 22-23 лютага 2010 году адбылася канферэнцыя «Народы, культуры і сацыяльны працэсы на памежжы», у якой удзельнічалі даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны.

У выніковым зборніку апублікавана 124 тэксты (большасць з іх – тэзісы выступаў, толькі невялікая частка–паўнавартасныя артыкулы). Агульны ўзровень выдання вельмі няроўны: не гледзячы на падзел на дзевяць раздзелаў у кожным раздзеле змешчаныя вельмі розныя па тэматыцы тэксты, значная колькасць тэкстаў не мае адпаведных спасылак на крыніцы і літаратуру, што значна зніжае іх ўзровень і далейшае выкарыстанне для іншых даследванняў, частка тэкстаў вельмі тэарэтычнага характару, якія не падмацаваныя нейкімі эмпірычнымі дадзенымі. Тэксты зборніка ў большасці выпадкаў на рускай і беларускай мовах, невялікая частка па польску і толькі адзін на англійскай мове.

Аналізаваць усё 124 тэксты даволі складана, таму варта зрабіць гэта больш агульна – па раздзелах.

На пачатку апублікавана 7 пленарных выступаў, якія тычацца аналізу розных канцэпцыяў феномена Памежжа і адпаведна прыкладаў розных памежных тэрыторый Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Сярод аўтараў – Яўген Бабосаў, Ігар Катляроў, Русціс Камунтавічус, Яўген Мірановіч, Мікалай Беспамятных. Большасць тэкстаў з пленарнага паседжання – паўнавартасныя артыкулы з адпаведным навуковым апаратам (апрача тэкста Я. Бабосава).

Першы раздзел – «Сацыякультурныя працэсы ў сучасным свеце» змяшчае 14 тэкстаў. Значная частка з іх вогуле не мае ніякай бібліяграфіі, што выклікае прынамсі расчараванне. Некалькі тэкстаў змяшчаюць каштоўны эмпірычны матэрыял (перадусім сацыялагічных даследванняў), але таксама без адпаведных спасылак на крыніцы.

Большасць тэкстаў філасофскага характару мае спасылкі на расійскіх аўтараў, якія вельмі часта цытуюцца і бачна пэўная інтэлектуальная залежнасць ад іх. Паказальным можа быць тэкст М. Мельніка (с. 83-85), у якім спачатку разглядацца праблема «нацыянальнай ідэі» у Расіі і, толькі выходзячы з гэтага, ужо на прыкладзе Беларусі. Частка тэкстаў – гэта нейкі набор дастаткова абмежаваных сацыялагічных, паліталагічных і іншых гуманітарных тэрмінаў, якія разам не да канца адпавядаюць нават заяўленай назве.

У другім раздзеле «Гістарычныя і тэарэтыка-метадалагічныя праблемы вывучэння памежжа» – 16 тэкстаў, якія можна падзяліць на дзве часткі: метадалагічныя праблемы і гістарычныя прыклады функцыянавання памежных рэгіёнаў. Як падаецца, больш лагічным было б падзяліць гэта раздзел на два асобных.

Сярод тэкстаў варта вылучыць артыкул Эдуарда Мазько пра праблемы сацыялагічнага вывучэння памежжа (разам з прыкладамі апытальнікаў) (с. 110-116), Сяргея Данскіх пра сучасныя беларускія даследванні Памежжа (с. 102-105), Вольгі і Алега Брэскіх пра канцэпт Памежжа (с. 92-94).  У якасці іншага прыкладу можна прывесці тэкст Е. Ладыша (Jerzy Ładysz) пра сучаснае польска-нямецкае памежжа (с. 107-110).

Сярод тэкстаў на гістарычную тэматыку – артыкул Ірэны Матус (Irena Matus) пра далучэнне уніятаў да праваслаўя ў Беластоцкай вобласці ў 1836-1839 гг. (с. 136-143), Віталя Гарматнага пра сельскую гаспадарку міжваеннага Палескага ваяводства (с. 133-136) ці А. Саўкова пра канцэпцыю расійскага гісторыка пачатку ХХ ст. Мікалая Ражкова датычна беларускіх і літоўскіх земляў (с. 129-133).

Трэці раздзел «Спецыфіка сацыяльнага і эканамічнага развіцця памежных рэгіёнаў» змяшчае 17 тэкстаў, тэматыка якіх датычыць розных аспектаў эканамічнага жыцця ў асноўным заходніх рэгіёнаў Беларусі, але таксама, напрыклад, і Гомельшчыны. Сярод праблемаў – перспектывы трансгранічнага супрацоўніцтва, рэйдэрства, дробны бізнэс, лагістыка, рынак працы і нават перспектывы паломніцкага турызму (на прыкладзе захаванай спадчыны беларускіх яўрэяў).

Чацвёрты раздзел «Нацыянальная ідэнтычнасць і этнаканфесійныя працэсы на памежжы» складаецца з 14 артыкулаў. Асноўныя выкарыстаныя тэрміны, вакол якіх будуецца большасць даследванняў – «талерантнасць», «ідэнтычнасць», «глабалізацыя», «ментальнасць».

Сярод тэкстаў варта вылучыць цікавыя і змястоўныя артыкулы Сяргея Токця пра мікрагістарычныя даследванні рэгіёна Берштаўскай пушчы (с. 223-228) і Іны Соркінай пра структуру мястэчка ХІХ – пачатку ХХ ст. на прыкладзе Капыля  (с. 229-235). Артыкул А. Ганчара пра «атаясамленне» каталіцызму і польскасці на беларускіх землях у ХІХ ст. мае занадта шмат абагульненняў і дастаткова парадаксальныя высновы (с. 214-217). Два цікавыя і карысныя ў сувязі з апублікаванымі ў іх артыкулы датычацца ідэнтычнасці беларускіх палякаў, варта таксама ўзгадаць артыкул Л. Навуменкі пра этнічныя аўтастэрэатыпы сярод беларусаў (с. 243-245).

Пяты раздзел «Сацыякультурныя ўзаемадзеянні народаў памежжа» складаецца з 8 тэкстаў, якія маюць даволі шырокі храналагічны і праблематычны абсяг: малыя гарады як фактар беларуска-польскага супрацоўніцтва, штодзенная культура яўрэйскага насельніцтва, фальклёрныя вобразы іншаземцаў у беларускай культуры ці музычная культура Гродзеншчыны ў ХІХ ст.

Праблематыцы польска-нямецкага трансгранічнага супрацоўніцтва прысвечаны артыкул Якуба Каралеўскага (Jakub Koralewski) (с. 251-255), адаптацыі армянаў на Беларусі – тэкст Таццяны Богуш, у якім, на жаль адсутнасць спасылак і літаратуры змяншае вартасць гэтага тэкста (с. 260-264), польскай кнізе на беларускіх землях у ХІХ ст. – Вольгі Працэнкі (с. 256-260).

Шосты раздзел «Сацыялінгвістычныя і антрапалагічныя даследванні на памежжы» змяшчае 10 тэкстаў, большасць з іх фактычна – тэзісы аб мове/мовах на розных памежжах Беларусі (у тым ліку з Расіяй і Украінай). Уласна артыкулаў толькі два – Галіны Мазько пра лацінскую мову на беларускіх землях у XVI-XVII ст. (с. 286-290) і Вольгі Сабалеўскай пра мемуары яўрэйскіх жанчынаў другой паловы ХІХ ст. (с. 293-297). Тут таксама змешчаны адзіны тэкст на англійскай мове М. Лойкі пра методыку навучання англійскай мове (с. 285-286).

У сёмым раздзеле «Сацыяльна-дэмаграфічныя працэсы ў памежных рэгіёнах» (9 тэкстаў) апублікаваныя розныя па храналагічным абсягу тэксты – ад гістарычнай дэмаграфіі, напрыклад, тэкст Ірыны Чарнякевіч пра перспектывы палескай моладзі ў міжваенны час (с. 314-317) да сучасных сацыялагічных даследванняў, праблематыкі гендэрнага дысбалансу ў сучаснай Беларусі, ці зменаў дэмаграфіі Ніжняй Сілезіі пасля 1989 году (гэта другі тэкст Я. Ладыша ў гэтым зборніку) (с. 317-320). Варта вылучыць цэлы шэраг карысных тэкстаў з вынікамі сацыялагічных даследванняў: пра спецыфіку адаптацыі і аксіялагічныя прыярытэты моладзі, рэгіянальныя асаблівасці сацыяльнага самаадчування беларусаў.

Восьмы раздзел «Адукацыя і інавацыйная дзейнасць на памежжы: методыкі і тэхналогіі» (13 тэкстаў) змяшчае самыя розныя матэрыялы датычныя адукацыйнай дзейнасці, але таксама эканамічных трансфераў, спецыфікі адносінаў паміж урачом і пацыентам, станаўлення прадпрымальніцтва. Варта заўважыць, што частка тэкстаў «вандруе» з аднога ў іншы «гродзенскі зборнік» на працягу некалькіх год з невялікімі зменамі ў назве і змесце.

Дзевяты раздзел «Даследванні маладых навукоўцаў» (16 тэкстаў) хавае ў сабе вельмі розныя па тэматыцы матэрыялы. У большасці выпадкаў яны датычаць сацыяльных праблемаў сучаснасці, а таксама такіх тэарэтычных праблемаў як даследванні штодзеннасці, гендэра, нацыянальнай ідэнтычнасці, Border Studies, лакальнай гісторыі, турызму, сацыялагічных мадэляў лідэрства. Сярод тэкстаў гістарычнай праблематыкі варта звярнуць увагу на артыкул А. Носавай пра арганізацыю прыёма рэпатрыянтаў у БССР пасля Другой сусветнай вайны (с. 388-391).

Апрача ўжо пералічаных вышэй праблемных момантаў такога тыпу зборнікаў трэба звярнуць увагу на вялікі структурны недахоп. Рэдактары выдання падзялілі яго паводле тэматычнага прынцыпу, што дастаткова лагічна і зразумела, аднак, як здаецца, варта было б ўнутры саміх раздзелаў падзяліць тэксты па храналагічным прынцыпе. Умоўна падзеі да 1991 году адносіліся б да гістарычнай праблематыкі, пасля гэтага году – да шырока зразумелай сучаснасці. Гэта значна б спрасціла ўспрыманне чытачамі тэкстаў і мела б нейкае лагічнае падмацаванне выбранай структуры выдання.

У пэўнай ступені вялікія канферэнцыі з вельмі шырокім тэматычным абсягам (і адпаведна, зборнікі матэрыялаў) сталі адным з паказальных элементаў постсавецкай акадэмічнай прасторы, пэўным паказальнікам праблематыкі даследванняў, а таксама сістэмных хваробаў у т. л. і рэгіянальнага навуковага жыцця. Гродзенскі зборнік сярод іх не выключэнне.

 

 

 

 

 

 

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...