Алігархія ці вертыкаль? Рэгіянальныя эліты ў Беларусі: эвалюцыя ў 1999-2014 гадах на прыкладзе абласных Саветаў.


23 сакавіка 2014 года ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Цягам апошняга дваццацігоддзя яны прайшлі эвалюцыю ад органаў, куды дэпутаты абіраліся на канкурэнтных выбарах, да закрытых устойлівых структураў, якія маюць свае нефармальныя правілы. Аналіз іх складу дазваляе адсочваць важныя палітычныя тэндэнцыі на рэгіянальным узроўні. Пакуль вынікі выбараў невядомыя, ёсць нагода падсумаваць тэндэнцыі, якая склаліся за апошнія 15 год.

Поўны тэкст даследавання (pdf)

 

 Асноўныя вывады

1. Да абласных Саветаў не варта ставіцца як да выключна дэкаратыўных структур прынамсі з-за іх складу: паводле пасадаў, у абласных Саветах дамінуюць важныя на рэгіянальным узроўні людзі. Саветы, відавочна, выконваюць ролю камунікацыі ўнутры рэгіянальных эліт і камунікацыі гэтых эліт з насельніцтвам.

2. Склад Саветаў мае алігархічны характар: практычна поўнасцю дамінуюць кіраўнікі прадпрыемстваў ці арганізацыяў (75-90%), намеснікі кіраўнікоў ці кіраўнікі структурных падраздзяленняў складаюць 8-18%, а “звычайныя” супрацоўнікі, як правіла, прадстаўленыя толькі 1-2 асобамі на Савет. Таксама сярод дэпутатаў дамінуюць жыхары абласных цэнтраў, у той час як рэгіёны апынаюцца недапрадстаўленымі.

3. Пры абсалютным дамінаванні дзяржаўнага сектару (75-90%), назіраецца паступовы рост прадстаўніцтва прыватнага бізнесу (каля 5%), што можа сведчыць пра зрухі ў размеркаванні ўлады на рэгіянальным ўзроўні.

4. За апошні час у абласных Саветах скарацілася прадстаўніцтва інстытутаў дзяржаўнага кіравання, але вырасла значэнне вытворчага сектару. Пры гэтым адбылося крытычнае падзенне прадстаўніцтва ад сельскай гаспадаркі.  Гэта таксама можа сведчыць пра істотныя палітычныя змены на карысць “бізнесу” (як дзяржаўнага, так і прыватнага) на рэгіянальным узроўні.

5. Асобныя параметры сведчыць, што склад абласных Саветаў фармуецца на ўзроўні абласнога цэнтру, і ў гэтым мясцовае кіраўніцтва мае значную аўтаномію.

 

Даследаванне праведзенае Інстытутам палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” ў 2012-2013 гадах. Аўтары: Андрэй Казакевіч, Вадзім Смок.

Check Also

Стыпендыі для беларускіх навукоўцаў (дэдлайн да 27.09.2024)

У межах праграмы Еўрапейскай камісіі для падтрымкі беларускіх навукоўцаў абвешчаны чарговы этап вылучэння стыпендый для ...